Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: «Сёння Езус становіцца голасам тых, хто яго пазбаўлены»
Слова Папы
28.08.2016 16:43

«Езус звяртаецца да кожнага з нас з заклікам адкрыць свае сэрцы і зрабіць нашымі пакуты і клопаты бедных, галодных, адкінутых, уцекачоў, якім не пашчасціла ў жыцці», — сказаў Папа Францішак перад малітвай «Анёл Панскі» ў Ватыкане 28 жніўня.

Таксама Святы Айцец выказаў удзячнасць добраахвотнікам, якія працуюць у сталоўках для самотных і бяздомных.

«Урывак з сённяшняга Евангелля расказвае нам пра Езуса, які прыйшоў у дом аднаго з кіраўнікоў фарысеяў, і назіраў, як госці, запрошаныя на абед, выбіралі першыя месцы. Гэта сцэна, якую мы бачылі шмат разоў: калі многія імкнуцца заняць лепшае месца, штурхаючыся локцямі. Бачачы гэтую сцэну, Ён расказвае дзве кароткія прыпавесці, з якімі прапануе два ўказанні: адно тычыцца месца за сталом, другое — узнагароды.

Першае параўнанне тычыцца вясельнага банкету. Езус кажа: “Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе, і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе, не падышоў і не сказаў табе: Саступі яму месца… А калі цябе запросяць, прыйдзі і сядай на апошняе месца” (Лк 14, 8-9). Гэтымі рэкамендацыямі Езус не намерваецца даваць правілы паводзінаў, але даць урок пра каштоўнасць пакоры. Гісторыя вучыць, што пыха, кар'ерызм, ганарыстасць, хвальба з'яўляюцца прычынай шматлікага зла. І Езус дае нам зразумець, што трэба выбіраць апошняе месца, быць сціплым і не паказвацца. Пакора. Калі мы станем перад Богам у гэтым вымярэнні пакоры, тады Бог нас узвышае, нахіляецца да нас, каб узняць нас да сябе; ”Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца” (Лк 14, 11).

Словы Езуса падкрэсліваюць паводзіны, зусім розныя і супрацьлеглыя: паводзіны тых, хто выбірае ўласнае месца, і паводзіны тых, хто пакідаюць яго вызначэнне Богу і чакаюць узнагароды ад Яго. Не забывайма пра гэта: Бог плаціць значна больш, чым людзі! Ён дае нам месца больш прыгожае, чым тое, што што даюць нам людзі! Месца, якое дае нам Бог, блізка да Яго сэрца, і Яго ўзнагарода — гэта вечнае жыццё. “І шчаслівы будзеш... бо адплаціцца табе ў дзень уваскрасення справядлівых” (Лк 14, 14).

У другой прыпавесці, у якой Езус паказвае на адсутнасць бескарыслівасці, характэрнай для гасціннасці, Ён кажа: “Калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калекаў, кульгавых, невідушчых, і шчаслівы будзеш, што яны не маюць як адплаціць табе” (Лк 14, 13-14). Справа ў тым, каб выбіраць неаплатную ўзнагароду, чым выгодныя для сябе рахункі, як тыя, што імкнуцца атрымаць узнагароду, яшчэ больш узбагаціцца.Сапраўды бедныя і простыя людзі, тыя, якіх прызнаюцца за нішто, ніколі не змогуць аднавіць запрашэнне на абед. Такім чынам, Езус паказвае сваю перавагу да бедных і адрынутых, якія з'яўляюцца прывілеяванымі Валадарства Божага, і перадае пасланне Евангелля, якое наказвае служыць бліжняму дзеля любові да Бога. Сёння Езус становіцца голасам тых, хто яго пазбаўлены, і звяртаецца да кожнага з нас з заклікам адкрыць свае сэрцы і зрабіць нашымі пакуты і клопаты бедных, галодных, адкінутых, уцекачоў, якім не пашчасціла ў жыцці, якія прайгралі сваё жыццё, тых, што адкінуты грамадствам і пыхай наймацнейшых. А гэтыя адкінутыя з’яўляюцца пераважнай большасцю насельніцтва.

У гэты момант я з удзячнасцю думаю пра сталоўкі, у якіх шматлікія добраахвотнікі выконваюць сваё служэнне, даючы ежу самотным, тым, якія жывуць у нястачы, беспрацоўным або бяздомным. Гэтыя сталовыя з’яўляюцца трэніровачнымі месцамі міласэрнасці. Яны распаўсюджваюць культуру гасціннасці, таму што тыя, хто працуе ў іх, сталі поўнымі любові да Бога і прасветленымі мудрасцю Евангелля. Такім чынам служэнне братам становіцца сведчаннем любові, якая робіць надзейнай і бачнай любоў Хрыста.

Папросім Панну Марыю, каб вяла нас кожны дзень па шляху пакоры, каб зрабіла нас здольнымі да бескарыслівага прыняцця і салідарнасці з адкінутымі асобамі, каб мы станавіліся годнымі боскай узнагароды», — сказаў Папа.

Пасля малітвы Пантыфік нагадаў, што 27 жніўня ў Сант’яга дэль Эстэро была ўзнесена да хвалы алтара Марыя Антонія-дэ-Сан-Хасэ. Папа пажадаў, каб «яе ўзорнае хрысціянскае сведчанне, асабліва яе апостальства ў арганізацыі рэкалекцый, выклікала імкненне да больш цеснай сувязі з Хрыстом і Евангеллем».

Святы Айцец таксама нагадаў, што 1 верасня будзе адзначацца Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння, разам з «нашымі праваслаўнымі братамі і членамі іншых рэлігійных супольнасцяў». «Гэта будзе нагода ўзмацніць агульную прыхільнасць да абароны жыцця, у павазе да навакольнага асяроддзя і прыроды», — сказаў Пантыфік.

На заканчэнне Папа заклікаў вернікаў маліцца за яго і ўдзяліў сабраным на ватыканскай плошчы благаслаўленне.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.