Пантыфік заклікаў пазбаўляцца няправільных вобразаў Бога |
Слова Папы |
07.09.2016 14:24 |
«Бог не паслаў свайго Сына ў свет, каб пакараць грэшнікаў і знішчыць дрэнных, але каб яны ўбачылі знакі Божай дабрыні і змаглі знайсці шлях да навяртання», — адзначыў Папа Францішак 7 верасня падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. У сваёй катэхезе Пантыфік нагадаў вернікам аб важнасці пазбягання памылковых уяўленняў пра Бога. Папа спаслаўся на евангельскае апавяданне (Мц 11, 2-6), у якім Ян Хрысціцель, прабываючы ў вязніцы, скіраваў вучняў спытаць у Езуса, ці з’яўляецца Ён абяцаным Месіяй. Бог — суддзя «Хрысціцель з трывогай чакаў Збаўцу і, прапаведуючы, апісваў Яго “моцнымі фарбамі, як суддзю, які нарэшце ўстановіць Валадарства Божае і ачысціць свой народ, узнагароджваючы добрых і караючы злых”», — заўважыў Папа. «Езус жа пачаў сваю публічную місію ў “іншым стылі”: прадстаўляючы сябе “канкрэтнай прыладай міласэрнасці Айца, якая ідзе насустрач усім, несучы суцяшэнне і збаўленне”, вяртаючы годнасць і здароўе сляпым, кульгавым, пракажоным, глухім, уваскрасаючы памерлых і абвяшчаючы Добрую Навіну ўбогім», — падкрэсліў Пантыфік. Па словах Святога Айца, пасланне, якое Касцёл атрымлівае з гэтага апавядання пра жыццё Хрыста, вельмі яснае. «Бог не паслаў свайго Сына ў свет, каб пакараць грэшнікаў ці знішчыць дрэнных. Наадварот, яны запрашаюцца да навяртання, каб, убачыўшы знакі Божай дабрыні, маглі знайсці дарогу назад», — сказаў Папа. Па словах Пантыфіка, справядлівасць, якую Ян Хрысціцель ставіў на першае месца у сваёй пропаведзі, у Езусе выяўляецца як міласэрнасць. «Езус папярэджвае аб асаблівай небяспецы: калі веры кагосьці перашкаджаюць перш за ўсё Яго міласэрныя дзеянні, гэта значыць, што ён мае памылковае ўяўленне аб Месіі. Шчаслівыя, аднак, тыя, хто перад жэстамі і словамі Езуса ўзносіць хвалу Богу, які ёсць у небе», — адзначыў Папа. Святы Айцец падкрэсліў, што «папярэджанне Езуса актуальнае заўсёды: таксама і сёння чалавек будуе вобразы Бога, якія перашкаджаюць адчуць смак Яго сапраўднай прысутнасці». Бог, які ўсё дазваляе «Некаторыя ўяўляюць сабе веру накшталт “зрабі сам”, якая зводзіць Бога да абмежаванай прасторы ўласных жаданняў і перакананняў. Але гэтая вера не з’яўляецца навяртаннем да Пана, які адкрываецца, а наадварот, перашкаджае Яму станавіцца заклікам да нашага жыцця і нашага сумлення», — заўважыў Папа Францішак. Бог-ідал Па словах Папы, памылковым з’яўляецца таксама звядзенне «Бога да ўзроўню фальшывага ідала»; выкарыстанне Яго святога імя «для апраўдання ўласных мэтаў або нават нянавісці і насілля». Бог толькі для сябе «Яшчэ для іншых Бог з’яўляецца толькі псіхалагічным прытулкам, у якім можна знайсці ўпэўненасць у цяжкія моманты. Гаворка ідзе пра веру, засяроджаную на самой сабе, непрабіўную для сілы міласэрнай любові Езуса, якая падштурхоўвае ісці насустрач братам. Яшчэ іншыя лічаць Езуса толькі добрым настаўнікам этычных настаўленняў, адным з многіх у гісторыі. Нарэшце, ёсць тыя, хто сціскае веру да выключна ўнутраных адносін з Езусам, выкрэсліваючы яе місійны імпульс, здольны змяняць свет і гісторыю. Мы, хрысціяне, верым у Бога Езуса Хрыста, і нашым заданнем з’яўляецца ўзрастанне ў жывым пазнанні Яго таямніцы любові», — падкрэсліў Святы Айцец. Напрыканцы катэхезы Папа Францішак заклікаў вернікаў працаваць над тым, каб не ствараць ніякіх перашкодаў для міласэрнай дзейнасці Бога, і прасіць аб дары моцнай веры, каб станавіцца знакамі і прыладамі міласэрнасці. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (MV) |