Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа: «Не дазволім скрасці ў нас надзею на жыццё з Богам»
Слова Папы
14.09.2016 14:53

«Пастыры Касцёла павінны не аддаляцца ад народа, а наследаваць прыклад Хрыста, які знаходзіўся сярод бедных, каб дарыць ім Божае збаўленне», — адзначыў Папа Францішак 14 верасня падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра.

У сваёй катэхезе Папа нагадаў, што Хрыстус стаў блізкім усім, асабліва самым бедным. «Ён быў пастырам, які знаходзіўся сярод людзей, сярод бедных. Ён кожны дзень працаваў з імі. Езус не быў князем. Дрэнна, калі ў Касцёле пастыры становяцца як князі, аддаленымі ад людзей, аддаленымі ад самых бедных: гэта не дух Езуса. Такіх пастыраў Езус папракаў і пра такіх пастыраў Езус казаў людзям: “Рабіце тое, што яны кажуць, але не тое, што яны робяць”», — адзначыў Святы Айцец.

Каментуючы евангельскі ўрывак, у якім Езус кліча ісці за сабой простых і абцяжараных складаным жыццём людзей, абяцаючы, што ў Ім знойдуць спакой і адпачынак, Пантыфік заўважыў, што гэты заклік скіраваны ў імператыўнай форме: «прыйдзіце да Мяне», «вазьміце ярмо Маё» і «навучыцеся ад Мяне» (пар. Мц 11, 28-30).

Стомленыя і абцяжараныя, да якіх звяртаецца Езус, паводле разважання Папы, «не могуць разлічваць на ўласныя сродкі, на важныя сяброўствы», а могуць пакладаць надзею толькі на Бога. Яны ўсведамляюць «свой сціплы і мізэрны стан», умеюць «залежаць ад міласэрнасці Пана», чакаючы ад Яго «адзінай магчымай дапамогі», і так становяцца Ягонымі вучнямі, атрымліваючы абяцанне знасці спакой на ўсё сваё жыццё.

Гэтае абяцанне, як заўважыў Святы Айцец, напрыканцы Евангелля пашыраецца на «ўсе народы» і з'яўляецца асабліва актуальным у кантэксце Святога Года, калі «ва ўсіх катэдрах, санктуарыях, у многіх касцёлах, шпіталях, турмах свету» пілігрымы праходзяць праз Брамы Міласэрнасці з адной дакладнай мэтай:

«Каб знайсці Езуса, каб знайсці сяброўства з Ім, каб знайсці спакой, які толькі Езус дае. Гэты шлях выяўляе навяртанне кожнага вучня, які пачынае ісці за Езусам. А навяртанне заўсёды заключаецца ў адкрыцці міласэрнасці Пана. Гэта міласэрнасць: бясконцая і невычэрпная. Гэта вялікая міласэрнасць Пана», — сказаў Папа.

Узяўшы на сябе «ярмо Езуса», дадаў Пантыфік, кожны вучань уваходзіць у адзінства з Ім, бо «Хрыстус – цэнтр іх адносін з Богам».

«Езус накладае на сваіх вучняў ярмо, у якім Закон знаходзіць сваё спаўненне. Ён хоча навучыць іх, што пазнаюць Божую волю праз Яго асобу: праз Езуса, а не праз халодныя законы і прадпісанні, якія сам Езус асуджаў», — падкрэсліў Святы Айцец.

Папа Францішак адзначыў, што Хрыстус не быў «настаўнікам, які са строгасцю накладаў на іншых цяжары, якія сам не насіў»: Ён звяртаўся да пакорных, малых, бедных, патрабуючых, бо сам – на сваім шляху збаўлення чалавецтва – стаў «бедным і спазнаў пакуты», узяўшы на сябе «боль і грахі ўсяго чалавецтва».

«Таксама і ў нас здараюцца моманты стомленасці і расчаравання. Таму будзем памятаць гэтыя словы Пана, якія даюць нам вялікае суцяшэнне і дапамагаюць зразумець, ці накіроўваем свае сілы на службу дабру. Сапраўды, часам наша стомленасць выклікана даверам да рэчаў неістотных, аддаленнем ад таго, што па-сапраўднаму важнае для жыцця. Пан вучыць нас не баяцца ісці за Ім, бо надзея, якую пакладаем на Яго, не расчаруе. Мы пакліканы навучыцца ад Яго, што значыць жыць міласэрнасцю, каб быць прыладамі міласэрнасці», — сказаў Пантыфік.

Напрыканцы сваёй катэхезы Папа заклікаў вернікаў не дазваляць пазбавіць сябе радасці быць вучнямі Пана, не дазваляць скрасці надзеі на тое, каб пражыць гэтае жыццё разам з Ім і сілай Яго суцяшэння.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.