Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік да катэхетаў: Абвяшчаць навіну аб любові Пана
Слова Папы
25.09.2016 22:53

Абвяшчаць уваскрасенне Хрыста з радасцю і любоўю, без нараканняў і плаксівага скептыцызму ў адносінах да грамадства і Касцёла, заклікаў Папа Францішак удзельнікаў Юбілею катэхетаў, у рамках якога 25 верасня цэлебраваў Эўхарыстыю ў Ватыкане.

У гаміліі Пантыфік заклікаў катэхетаў не забываць, што «цэнтрам веры», «пульсуючым сэрцам, якое дае жыццё ўсяму», з’яўляецца «пасхальнае пасланне» аб тым, што Езус уваскрос.

«У гэты Юбілей катэхетаў ад нас патрабуецца не стамляцца ставіць на першае месца галоўнае пасланне веры: Пан Езус уваскрос. Няма нічога больш важнага, грунтоўнага і актуальнага. Увесь змест веры становіцца прыгожым, калі застаецца злучаным з гэтым цэнтрам, калі прасякнуты пасхальным пасланнем. Калі ж ізалюецца ад яго – губляе сэнс і сілу. Мы пакліканы заўсёды жыць і абвяшчаць навіну аб любові Пана, кажучы: “Езус цябе любіць па-сапраўднаму, такім, які ты ёсць. Дай Яму месца: нягледзячы на жыццёвыя расчараванні і раны, дай Яму магчымасць любіць цябе. Ён цябе не расчаруе», – параіў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў катэхетаў абвяшчаць Хрыста згодна з евангельскай запаведдзю: «каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян 15, 12). «Менавіта любячы, абвяшчаецца Бог-Любоў: не сілай пераканання, не навязваючы праўды і нават не праз упартасць у нейкім рэлігійным або маральным абавязку. Бог абвяшчаецца, сустракаючы людзей з увагай да іх гісторыі і шляху, таму што Пан – гэта не ідэя, але жывая Асоба: Яго пасланне праходзіць праз простае і праўдзівае сведчанне, слуханне і адкрытасць, радасць, якая выпраменьваецца. Пра Езуса немагчыма добра распавядаць будучы сумнымі, і нельга перадаць Божую прыгажосць толькі праз цудоўныя казанні. Бог надзеі абвяшчаецца, жывучы Евангеллем любові ў сённяшнім кантэксце, без страху сведчыць аб Ім таксама і з дапамогай новых формаў абвяшчэння», – сказаў Папа.

Спасылаючы на евангельскае літургічнае чытанне пра багача і Лазара, якое «дапамагае зразумець, што значыць любіць», Пантыфік заўважыў, што Святое Пісанне называе па імені толькі бедняка, імя ж багатага чалавека застаецца забытым, «бо хто жыве для сябе, не робіць гісторыю». Святы Айцец папярэдзіў аб небяспецы празмернай засяроджанасці на ўласным свеце, якая нараджае «моцную слепату» да патрэбаў людзей, што знаходзяцца побач. Менавіта на яе, па словах Папы, быў хворы багаты чалавек з прыпавесці.

«У яго сэрца ўвайшла марнасць, якая анестэзіруе душу. Марнасць, як “чорная дзірка”, якая паглынае дабро, якая гасіць любоў, бо зацягвае ўсё ва ўласнае “я”. Такім чынам заўважаецца толькі ілюзорнае і не звяртаецца ўвага на іншых, бо ўзнікае абыякавасць да ўсяго. Хто пакутуе ад гэтай цяжкой слепаты, часта набывае “касавокія” паводзіны: з пашанай глядзіць на знакамітых людзей, людзей высокага рангу, якімі захапляецца свет, і адводзіць позірк ад шматлікіх сучасных Лазараў, ад бедных і пакутуючых, якія з’яўляюцца ўмілаванымі Пана», – падкрэсліў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што Лазар зносіў сваю беднасць з вялікай годнасцю: «з яго вуснаў не выходзілі нараканні, пратэсты або словы пагарды». Гэты прыклад каштоўны і для катэхетаў, дадаў Пантыфік.

«Як слугі слова Езуса мы пакліканы не рабіць усё напаказ і не шукаць хвалы; мы не можам таксама быць сумнымі і плаксівымі. Мы не з’яўляемся прарокамі няшчасця, якія знаходзяць задавальненне ў выкрыванні небяспекаў ці ўхіленняў; людзьмі, якія акопваюцца ва ўласных асяроддзях, пасылаючы горкія суджэнні аб грамадстве, Касцёле, аб усім і ўсіх, забруджваючы свет негатывам. Плаксівы скептыцызм не ўласцівы тым, хто мае блізкія адносіны з Божым Словам», – адзначыў Папа.

Святы Айцец дадаў, што той, хто абвяшчае надзею Езуса, з’яўляецца «носьбітам радасці і дальназоркім, бо здольны глядзець далей за зло і праблемы», а ў той жа час «умее бачыць блізка, таму што ўважлівы да таго, хто побач, і яго патрэбаў».

«Пан сёння аб гэтым нас просіць: перад абліччам шматлікіх Лазараў, якіх бачым, мы пакліканы патурбавацца аб пошуку шляхоў для сустрэчы з імі і дапамогі ім, не дэлегуючы гэтага заўсёды іншым або кажучы: “дапамагу цябе заўтра, сёння не маю часу”. Час для дапамогі іншым – гэта час, падораны Езусам, гэта любоў, якая застанецца: гэта наш нябесны скарб, аб якім мы клапоцімся тут, за зямлі», – сказаў Пантыфік.

Юбілей катэхетаў праходзіў у Рыме 23-25 верасня. У ім прынялі ўдзел каля 15 тыс. чалавек з розных краін свету. Акрамя літургіі з Папам, яны мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння ў «юбілейных базыліках» і прайсці праз Святыя Дзверы галоўнай ватыканскай святыні.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.