Папа Францішак пра «блізкасць» Касцёла да новых пакаленняў сужэнцаў |
Слова Папы |
28.10.2016 13:07 |
Папа назваў феномены, якія ўплываюць на крызіс сучаснай сям’і: нарцыстычны індывідуалізм; рост абыякавасці да супольнага дабра; ідэалогіі, накіраваныя супраць сям’і; павелічэнне беднасці; развіццё новых тэхналогій, супярэчных з сапраўднай годнасцю чалавечага жыцця. Сёння, па словах Пантыфіка, «я» ўсё больш узвышаецца над «мы», індывідуум над грамадствам, і гэта супярэчыць задуме Бога, які даверыў свет і гісторыю саюзу мужчыны і жанчыны. Святы Айцец падкрэсліў, што нельга адмаўляць укладу сучаснай культуры ў адкрыццё годнасці, якая асноўваецца на адметнасцях паміж мужчынам і жанчынай. Таму, дадаў Пантыфік, вельмі здзіўляе, што зараз існуе імкненне перакрэсліць гэтыя адметнасці, замест таго, каб знайсці прычыны, якія іх падаўляюць. «Калі ўсё ў парадку паміж мужчынам і жанчынай, таксама і свет, і гісторыя развіваюцца добра. У адваротным выпадку свет становіцца негасцінным і гісторыя спыняецца», — лічыць Папа.
Пантыфік заўважыў, што сёння самай актуальнай з’яўляецца тэма «блізкасці» Касцёла: блізкасці да новых пакаленняў сужэнцаў, блізкасці да сітуацый чалавечай слабасці, каб ласка магла іх вызваліць, вярнуць да жыцця і аздаравіць. «Неад’емная сувязь Касцёла з яго дзецьмі — гэта самы празрысты знак вернай і міласэрнай любові Бога», — сказаў Святы Айцец. Папа Францішак пажадаў, каб тэалогія і душпастырства сем’яў ішлі разам. «Тэалагічная дактрына, якая не кіруецца і не фарміруецца евангелізацыйнымі мэтамі і душпастырскім клопатам Касцёла, з’яўляецца такой жа няўяўнай, як і душпастырства Касцёла, няздольнае ацаніць скарб Аб’яўлення і Традыцыі для лепшага пазнання і перадачы веры», — падкрэсліў Пантыфік. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё |