Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: «Бог не засяроджваецца на нашых грахах, але пераадольвае іх любоўю»
Слова Папы
30.10.2016 23:10

Глядзець на чалавека вачыма Бога заклікаў Папа Францішак у сваім разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра 30 кастрычніка.

«Сённяшняе Евангелле расказвае нам пра падзею, якая адбылася ў Ерыхоне, калі Езус прыйшоў у горад і Яго прывіталі натоўпы народу (Лк 19, 1-10). У Ерыхоне жыў Закхей, кіраўнік “мытнікаў”, гэта значыць зборшчыкаў падаткаў. Закхей быў багатым чалавекам і супрацоўнікам ненавісных рымскіх акупантаў, эксплуататарам свайго народа. Таксама і ён, з цікавасці, хацеў убачыць Езуса, але яго стан публічнага грэшніка не дазваляў яму наблізіцца да Настаўніка. Больш за тое, ён быў малога росту і таму залез на дрэва, смакоўніцу пры дарозе, па якой павінен быў праходзіць Езус.

Калі Езус наблізіўся да гэтага дрэва, глянуў уверх і сказаў яму: “Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння Мне трэба быць у тваім доме” (Лк 19, 5). Мы можам сабе ўявіць здзіўленне Закхея! Але чаму Езус кажа: “сёння Мне трэба быць у тваім доме”? Пра які абавязак тут ідзе гаворка? Мы ведаем, што найвышэйшым абавязкам Хрыста з'яўляецца ажыццяўленне плану Айца адносна ўсяго чалавецтва, што выконваецца ў Ерузалеме, са смяротным прысудам на Яго, калі быў укрыжаваны і на трэці дзень уваскрос. Гэта план збаўлення, міласэрнасці Айца. І ў гэтым плане знаходзіцца і збаўленне Закхея, чалавека несумленнага і пагарджанага ўсімі, які меў патрэбу ў навяртанні. Евангелле кажа, што калі яго Езус клікаў, усе “пачалі наракаць” і казалі, што “Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека” (Лк 19, 7). Народ бачыў у ім эксплуататара, які стаў багатым дзеля выкарыстоўвання іншых. Але калі б Езус сказаў: “Спускайся, ты злачынца, здраднік народа, і прыйдзі пагаварыць са Мной, каб разлічыцца!” — тады, напэўна, народ апладзіраваў бы Яму. Але тут яны пачынаюць наракаць: “Езус ідзе ў яго дом, грэшніка, эксплуататара”.

Але Езус, кіраваны міласэрнасцю, шукаў менавіта яго. І калі ўвайшоў у дом Закхея, кажа: “Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула” (Лк 19, 9-10). Зрок Езуса перавышае ўсе грахі і апярэджанні. Гэта вельмі важна. Мы павінны гэтаму навучыцца. Зрок Езуса выходзіць за грахі і апярэджанні. Ён бачыць чалавека вачыма Бога, і Яго позірк не затрымліваецца на зле, зробленым у мінулым, але бачыць будучае дабро. Ён не замкнуты, але заўсёды дае новыя прасторы жыцця. Ён глядзіць не на знешні выгляд, але на сэрца. Тут Ён глянуў на параненае сэрца гэтага чалавека, параненае грахом прагнасці, шматлікімі дрэннымі рэчамі, якія зрабіў Закхей. І Ён глядзіць на гэтае параненае сэрца і ідзе да яго.  

Часам мы імкнемся выправіць і навярнуць грэшніка, лаячы яго, папракаючы яго за памылкі і несправядлівыя паводзіны. Стаўленне Езуса да Закхея паказвае нам іншы шлях, каб паказаць таму, хто памыляецца, каштоўнасць яго дарогі, тую каштоўнасць, якую Бог пастаянна бачыць, нягледзячы на ўсё, нягледзячы на ўсе яго памылкі. Гэта можа зрабіць станоўчую нечаканасць, якая змякчае сэрца і штурхае чалавека паказаць дабро, якое мае ў сабе. Праява даверу да людзей робіць тое, што яны ўзрастаюць і змяняюцца. Так Бог паводзіць сябе з усімі намі: Ён не засяроджваецца на нашых грахах, але іх пераадольвае любоўю і дае нам адчуць тугу па добраму. Мы ўсе адчулі гэтую тугу па добраму пасля памылкі. І так робіць наш Бог-Айцец, так робіць Езус. Няма ні аднаго чалавека, які не меў бы ў сабе штосьці добрае. І на гэта глядзіць Бог, каб выцягнуць чалавека са зла.

Няхай Панна Марыя дапаможа нам бачыць дабро, прысутнае ў людзях, якіх мы сустракаем кожны дзень, каб усе былі закліканы паказаць звонку вобраз Божы, які ўпісаны ў іх сэрцах. І такім чынам мы можам радавацца нечаканасцям Божай міласэрнасці! Наш Бог, які ёсць Богам нечаканасцяў», — сказаў Папа.

Пасля малітвы «Анёл Панскі» Пантыфік нагадаў, што 29 кастрычніка ў Мадрыдзе была беатыфікавана група бэнэдыктынскіх манахаў, забітых з нянавісці да веры падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Гаворка ідзе пра чатырох святароў: а. Хасэ Антона Гомэса, а. Анталіна Пабласа, а. Хуана Рафаэля Марыяна Алькасэра Марцінэса і а. Луіса Эўлогіа Відаўрадзага Гомэса. «Будзем славіць Пана, і даверым Яго заступніцтву нашых братоў і сясцёр, якія, на жаль, нават і сёння ў розных частках свету пераследуюцца за веру ў Хрыста», — сказаў Папа Францішак.

Святы Айцец таксама нагадаў, што на працягу наступных двух дзён здзейсніць апостальскае падарожжа ў Швецыю з нагоды юбілею Рэфармацыі. Папа выказаў надзею, каб гэтае падарожжа стала новым этапам братняй пілігрымкі да поўнага адзінства сярод хрысціян.

На заканчэнне Пантыфік заклікаў вернікаў маліцца за яго і ўдзяліў сабраным на ватыканскай плошчы сваё благаслаўленне.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.