Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік на экуменічнай малітве ў Швецыі: як Хрыстус з’яднаны з Айцом, так і мы павінны быць паяднанымі
Слова Папы
01.11.2016 08:29

Як Хрыстус з’яднаны з Айцом, так і мы павінны быць паяднанымі паміж сабой, калі жадаем прыносіць плёны, сказаў Папа Францішак падчас каталіцка-лютэранскай экуменічнай малітвы з нагоды 500-годдзя пачатку Рэфармацыі ў межах свайго візіту ў Швецыю.

Малітва прайшла 31 кастрычніка ў катэдральным саборы Лунда.

Пантыфік падкрэсліў, што супольная малітва сведчыць аб жаданні заставацца ў еднасці з Богам, а таксама з’яўляецца нагодай для падзякі за дзейнасць шматлікіх людзей, якія «не апусцілі рукі перад абліччам падзелу, але падтрымлівалі жывой надзею на прымірэнне паміж усімі, хто верыць у адзінага Пана».

Святы Айцец нагадаў пра плённае развіццё дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Сусветнай лютэранскай федэрацыяй. Папа заклікаў не мірыцца з сітуацыяй падзелу і аддаленасці, а таксама пераадолець супярэчнасці і непаразуменні паміж канфесіямі, працуючы на карысць адзінства, якога жадае сам Бог.

На думку Пантыфіка, трэба сумленна паглядзець на мінулае, прызнаць памылкі і прасіць прабачэння за тое, што адбывалася. Адначасова Святы Айцец заўважыў, што стварэнне дыстанцыі паміж католікамі і лютэранамі на працягу гісторыі ўмацоўвалі галоўным чынам моцныя гэтага свету, а не самі вернікі.

Папа спаслаўся на шчырае жаданне бакоў «вызнаваць і бараніць сапраўдную веру», а таксама заклікаў прызнаць існаванне закрытасці «ў саміх сабе з-за страху ці забабонаў адносна веры, якую іншыя вызнаюць з адрознымі акцэнтамі і праявамі», і пераадолець яе.

Папа падкрэсліў, што Рэфармацыя паспрыяла таму, каб Святое Пісанне заняло цэнтральнае месца ў жыцці Касцёла. Важныя крокі ў каталіцка-лютэранскім дыялогу былі зроблены менавіта «праз супольнае слуханне Божага Слова ў Святым Пісанні», сказаў Пантыфік і заклікаў разам прасіць Бога, каб Яго слова захоўвала вызнаўцаў абедзвюх канфесій у адзінстве. «Без Яго натхнення мы не можам рабіць нічога», — дадаў Папа.

Па словах Святога Айца, сам досвед Марціна Лютэра і яго вечнае пытанне: «Як магу мець міласэрнага Бога?» кажа пра важнасць глыбокіх адносін з Панам, а паняцце «толькі дзякуючы Божай ласцы» нагадвае, што Бог заўсёды мае ініцыятыву і апярэджвае любы чалавечы адказ.

Папа адзначыў, што свет чакае ад хрысціян адзінства і пераканаўчага сведчання міласэрнасці. «Разам мы можам абвяшчаць і канкрэтным чынам з радасцю дэманстраваць міласэрнасць Бога, баронячы і служачы годнасці кожнага чалавека. Без гэтага служэння свету і ў свеце хрысціянская вера – няпоўная», — падкрэсліў Пантыфік.

Пасля заканчэння экуменічнай малітвы ў лютэранскім катэдральным саборы Лунда Папа Францішак развітаўся з членамі шведскай каралеўскай сям’і і накіраваўся ў Мальмё. Адлегласць паміж гэтымі гарадамі складае каля 30 км. Пантыфік пераадолеў іх на аўтобусе разам са старшынёй Сусветнай лютэранскай федэрацыі і іншымі членамі афіцыйных дэлегацыі Цэркваў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.