Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец у Швецыі да католікаў і лютэран: разам дапамагаць патрабуючым
Слова Папы
01.11.2016 09:07

Паміж католікамі і лютэранамі існуе больш таго, што аб’ядноўвае, чым таго, што раздзяляе, сказаў Папа Францішак падчас экуменічнай падзеі з нагоды 500-годдзя Рэфармацыі. Яна прайшла вечарам 31 кастрычніка на тэрыторыі спартыўнага комплекса ў горадзе Мальмё.

Пантыфік падкрэсліў, што адным з плёнаў дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Сусветнай лютэранскай федэрацыяй стала супрацоўніцтва ў розных галінах сацыяльнай і гуманітарнай дзейнасці.

Спасылаючыся на сведчанні, якія прагучалі падчас сустрэчы, Папа з удзячнасцю заўважыў, што ў кантэксце шматлікіх выклікаў існуюць людзі, якія прысвячаюць сябе будаванню свету, які адпаведае Божай задуме.

У першую чаргу Святы Айцец адзначыў важнасць супольнай дзейнасці ў сферы аховы навакольнага асяроддзя. «Мы ўсе адказныя за ахову стварэння, асабліва хрысціяне. Наш лад жыцця, нашы паводзіны павінны адпавядаць нашай веры. Мы пакліканы развіваць гармонію з самімі сабой і іншымі, а таксама з Богам і плёнам Яго рук», — дадаў Папа.

Каментуючы сведчанне аб супольнай сацыяльнай працы католікаў і лютэран у Калумбіі, Пантыфік папрасіў аб асаблівай малітве за мір у гэтай краіне, які з’яўляецца «вельмі жаданым і неабходным для годнага чалавечага жыцця».

Падчас мерапрыемства прагучалі сведчанні бежанцаў з Бурундзі і Паўднёвага Судана, якія знайшлі ў сябе сілы дапамагаць людзям, што знаходзяцца ў яшчэ горшых сітуацыях. «Для нас, хрысціян, прыярытэтам з’яўляецца выйсце насустрач адкінутым і маргіналізаваным нашага свету і заданне рабіць датыкальнай пяшчоту і міласэрную любоў Бога, які не адкідае нікога, але прымае ўсіх», — сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў удзельнікаў каталіцка-лютэранскай сустрэчы не дазволіць варожасці ўзяць верх над сабой і працаваць у еднасці. «Калі вернемся дамоў, возьмем на сябе абавязак штодзённа рабіць адзін жэст супакою і прымірэння, каб быць адважнымі і вернымі сведкамі хрысціянскай надзеі», —сказаў Пантыфік.

На заканчэнне экуменічнай падзеі на «Мальмё-Арэне» прадстаўнікамі каталіцкай дабрачыннай арганізацыі «Caritas Internationalis» і Сусветнага служэння Сусветнай лютэранскай федэрацыі было падпісана пагадненне аб сумеснай працы ў спрыянні развіццю культуры супрацоўніцтва на карысць чалавечай годнасці і сацыяльнай справядлівасці.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.