Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі буйную міжрэлігійную дэлегацыю |
Слова Папы |
03.11.2016 17:00 |
Папа адзначыў, што сутнасць гэтай падзеі ў тым, каб святкаваць таямніцу Божай міласэрнасці не на словах, але галоўным чынам праз справы — «з па-сапраўднаму міласэрным ладам жыцця», які заключаецца ў «бескарыслівай любові, братэрскім служэнні, шчырым дзяленні». «Гэта стыль, які Касцёл найбольш жадае засвоіць», — падкрэсліў Святы Айцец. Папа Францішак перакананы, што да такога міласэрнага «стылю» пакліканы ўсе рэлігіі, трэба быць пасланніцамі міру і будаваць адзінства, каб абвяшчаць, што зараз час братэрства, а не супрацьстаяння, падзелаў і закрытасці. На думку Пантыфіка, важнымі з’яўляюцца сустрэчы паміж прадстаўнікамі рэлігій. Яны дапамагаюць дыялогу і лепшаму знаёмству, пазбаўляюць закрытасці і пагарды, бароняць ад розных форм насілля і дыскрымінацыі. Менавіта гэта падабаецца Богу і адпавядае духу рэлігій, якім з’яўляецца любоў, адзначыў Святы Айцец. Сёння яна патрэбна. як кісларод, лічыць Папа. Міласэрнасць павінна знаходзіць свой выраз у прабачэнні, «якое, без сумненняў, з’яўляецца самым вялікім дарам для іншых», сказаў Папа Францішак і нагадаў пра важнасць міласэрнага стаўлення да навакольнага асяроддзя. Па словах Пантыфіка, трэба вучыць сціпласці і павазе, простаму і ўпарадкаванаму жыццю, у якім з мудрасцю і разважлівасцю выкарыстоўваюцца прыродныя рэсурсы, думаючы пра ўсё чалавецтва і будучыя пакаленні, а не толькі пра інтарэсы ўласнай групы ці кароткатэрміновую выгаду. Святы Айцец нагадаў пра канфлікты і тэрарызм, забойствы і разбурэнні, які пануюць у свеце. «Жудасна, што для апраўдання гэтых варварскіх учынкаў нярэдка выкарыстоўваецца імя рэлігіі ці самога Бога. Гэтыя злачынныя дзеянні павінны падвергнуцца яснаму асуджэнню; яны абражаюць імя Бога і перашкаджаюць рэлігійным шуканням чалавека», — сказаў Папа. Пантыфік пажадаў, каб рэлігіі былі «ўлоннем жыцця, што нясе міласэрную пяшчоту Бога параненаму і патрабуючаму чалавецтву, каб былі брамамі надзеі, якія дапамагаюць перайсці праз муры, узведзеныя пыхай і страхам». Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё |