Святы Айцец да «Радыё Марыя»: праз Марыю вы робіце прысутным Езуса |
Слова Папы |
09.11.2016 13:50 |
«”Радыё Марыя” ў пэўны спосаб чыніць так, што Езус становіцца прысутным праз пасрэдніцтва Маці», — адзначыў папа Францішак у відэапасланні з нагоды 20-годдзя аргентынскай версіі «Радыё Марыя», абнародаваным 9 лістапада. «”Радыё Марыя” па сваёй сутнасці плоднае, бо з’яўляецца выніковым сродкам камунікацыі. На гэта ўказвае ўжо сама яго назва: Марыя — тая, якая нарадзіла Езуса. Гэта радыё, якое ў пэўны спосаб чыніць так, што Езус становіцца прысутным праз Маці. Наш Бог хацеў мець Маці. Калі нейкі хрысціянін не хоча мець Маці, то становіцца сіратой: ён хрысціянін, але такім не з’яўляецца», — падкрэсліў Святы Айцец. Папа Францішак заўважыў, што вельмі сур’ёзнай пагрозай сёння з’яўляецца экзістэнцыяльны наміналізм. У такой паставе Езус асуджаў фарысеяў. «Нехта можа казаць вельмі шмат, але не пабуджаць гэтым да дзеяння. Калі хтосьці толькі кажа, а пры гэтым не пабуджае слухача да дзеяння, то прамаўляе наміналістычным чынам. Той не сее, проста кажа. А мас-медыя павінны сеяць, і не толькі каталіцкія СМІ, але ўсе. Сеяць праўду, дабро і прыгажосць. А калі нейкі сродак масавай інфармацыі не сее праўды, то сее паўпраўды, дэзінфармуе, бо кажа толькі частку, а не ўсю праўду. Гэта дрэннае інфармаванне, якое нясе вялікую шкоду. Калі нейкае СМІ не сее дабрыні, то нішчыць, ачарняе, знеслаўляе і не дазваляе ўзрастаць добраму зерню. А калі мас-медыя не сее прыгажосці, то бяжыць да вульгарнасці, гратэску, каб іх слухалі», — адзначыў Святы Айцец. КАІ, (VGr) |