Святы Айцец: экалагічныя праблемы ад чалавечай дэградацыі |
Слова Папы |
16.11.2016 08:43 |
Пантыфік скіраваў сваё пасланне да ўдзельнікаў 22-й сесіі Канферэнцыі дзяржаў-удзельніц Канвенцыі ААН аб змяненні клімату. Яна праходзіць у Маракешы 7-18 лістапада. Папа Францішак лічыць, што «бягучая сітуацыя пагаршэння стану навакольнага асяроддзя цесна звязана з дэградацыяй чалавечай, сацыяльнай і этычнай», і на гэтыя выклікі трэба даць «калектыўны адказ». Чалавецтву, па словах Папы, патрэбны «іншы від прагрэсу, больш здаровы, больш гуманны, больш сацыяльны і больш інтэгральны», здольны паставіць эканоміку на службу чалавечай асобы, пабудаваць мір і справядлівасць, захаваць навакольнае асяроддзе. Пантыфік у пазітыўным ключы ўзгадаў Парыжскае пагадненне і заўважыў, што яго палажэнні закранаюць усё чалавецтва, асабліва самых бедных і будучыя пакаленні, заклікаюць да сур’ёзнай этычнай і маральнай адказнасці, неадкладных дзеянняў. Святы Айцец пажадаў удзельнікам форуму знайсці і распрацаваць больш канкрэтныя правілы, інстытуцыйныя механізмы і элементы, неабходныя для належнага і эфектыўнага ажыццяўлення Пагаднення. Тут, як дадаў Пантыфік, патрэбны не толькі тэхнічны дыялог, але і палітычная воля. Папа заклікаў да салідарнасці ў адносінах да найбольш неабароненых груп насельніцтва, паколькі барацьба са змяненнем клімату і беднасцю цесна звязана з намаганнямі на карысць трывалых сувязяў. Нельга, адзначыў Святы Айцец, абмяжоўвацца выключна эканамічнымі і тэхналагічнымі аспектамі, патрэбна адукацыя і пашырэнне ладу жыцця, накіраваныя на падтрымку ўстойлівых мадэляў вытворчасці і спажывання. Стыль жыцця, заснаваны на «культуры адчужэння», з’яўляецца непрымальным і не павінен мець месца ў мадэлях развіцця і адукацыі, указаў у сваім пасланні Папа Францішак. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё |