Папа Францішак нагадаў пра прыярытэтную ўвагу Касцёла да бедных, якая падштурхоўвае дзейнічаць супраць адчужэння самых слабых членаў грамадства. Аб гэтым Пантыфік казаў падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Caritas Internationalis, якая прайшла 17 лістапада ў Клементыйскай зале Апостальскага палаца Ватыкана.
Папа Рымскі нагадаў, што Касцёл існуе для евангелізацыі, якая «патрабуе адаптацыі да розных сітуацый, беручы пад увагу сямейнае, сацыяльнае, міжнароднае жыццё, з асаблівай увагай да праблем міру, справядлівасці і развіцця».
«У нашых грамадствах насамрэч часта пануе культура адчужэння. Ім неабходна перамагчы абыякавасць і засяроджанасць на саміх сабе, каб навучыцца мастацтву салідарнасці», — падкрэсліў Пантыфік.
Святы Айцец нагадаў, што Caritas — гэта не проста дабрачынная арганізацыя, але «касцёльная структура, якая ўдзельнічае ў місіі Касцёла». Яна паклікана «праз прызму Евангелля і навучання Касцёла дапамагаць ззяць любові і справядлівасці ў свеце, заахвочваючы саміх бедных станавіцца героямі ўласнага развіцця». Па словах Папы Францішка, «беднасць, голад, хваробы, прыгнёт не з’яўляюцца фатальнай з’явай» і не павінны існаваць заўсёды.
«Давяраючы сіле Евангелля, мы можам па-сапраўднаму паспрыяць пераменам або прынамсі паляпшэнню спраў», — дадаў наступнік святога Пятра.
Пантыфік заклікаў кіраўніцтва каталіцкай дабрачыннай арганізацыі змагацца з усім, што прыніжае чалавека, а таксама працягваць рабіць малыя і вялікія жэсты гасціннасці і салідарнасці, якія маюць здольнасць несці святло ў жыццё дзяцей і старых, мігрантаў і бежанцаў, якія шукаюць міру.
«Будзьце будаўнікамі міру і паяднання паміж народамі, супольнасцямі, вернікамі. Задзейнічайце ўсе вашыя сілы, вашыя намаганні, каб працаваць у сугуччы з іншымі супольнасцямі веры, якія, як і вы, ставяць годнасць чалавека ў цэнтр сваёй увагі. Змагайцеся супраць беднасці і ў той жа час вучыцеся ў бедных», — заклікаў у сваёй прамове Святы Айцец.
Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
|