Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: амаральнасць — гэта форма блюзнерства
Слова Папы
25.11.2016 08:30

Імперыя пыхі і высакамернасці падзе, сцвердзіў Папа Францішак 24 лістапада падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Пантыфік заўважыў, што на працягу апошняга тыдня літургічнага года Касцёл заклікае вернікаў да разважання пра канец свету і ўласнага жыцця на зямлі.

У сваёй гаміліі Святы Айцец спаслаўся на літургічнае чытанне з Апакаліпсіса св. Яна, у якім гаворка ідзе пра тры галасы. Першым з’яўляецца ўскліканне анёла: «Упаў, упаў вялікі Бабілён і стаў жыллём дэманаў і прыстанішчам усякага нячыстага духа, прыстанішчам усякай нячыстай птушкі і прыстанішчам усякага нячыстага звера, што абуджае агіду» (Ап 18, 2).

Паводле Папы, сапсутасць і амаральнасць, якія сталі прычынамі такога падзення, — гэта блюзнерскі лад жыцця, дзе няма месца Богу; яно аддаецца бажкам грошай, дабрабыту, эксплуатацыі. Але ўся гэтая марнасць падзе, адзначыў Пантыфік. «Імперыя пыхі, высакамернасці — падзе, як паў сатана», — дадаў Святы Айцец.

Іншы голас — гэта голас людзей, якія праслаўляюць Пана. «Гэта моцны голас праслаўлення, адарацыі Божага народу, які збаўляецца, а таксама народу пілігрымуючага, які яшчэ на зямлі: Божага народу грэшнага, але не сапсутага, грэшнага, але здольнага прасіць аб прабачэнні, грэшнага, але які шукае збаўлення Езуса Хрыста», — заўважыў Святы Айцец.

Апошні голас, пра які сказаў Папа, — гэта шэпт анёла, які кажа аўтару біблійнага тэксту напісаць: «Шчаслівыя пакліканыя на вясельную вячэру Баранка» (Ап 19, 9). Пантыфік параўнаў гэты ласкавы голас да голасу Бога, які з лагоднасцю запрашае вернікаў на сваю вячэру. «Няхай Пан дасць нам ласку чакання гэтага голасу, падрыхтоўкі да таго, каб пачуць словы: "Прыходзь, верны слуга, грэшны, але верны. Прыходзь на вячэру свайго Пана"», — сказаў Пантыфік на заканчэнне сваёй гаміліі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.