Малым гэтага свету, а не вучоным і разумным Бог раскрывае таямніцу збаўлення. Пра гэта сказаў Папа Францішак 29 лістапада падчас ранішняй святой Імшы ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік падкрэсліў важнасць Божай боязі, якая грунтуецца не на страху, а на пакоры.
Перш за ўсё Пантыфік адзначыў, што ўслаўленне Айца, якое робіць ва ўрыўку з Евангелля Езус (Лк 10, 21-24), вынікае з таго факту, што Пан адкрыў малым гэтага свету таямніцу збаўлення, таямніцу самога Хрыста. Іх сэрца па-сапраўднаму здольнае зразумець Боскія таямніцы.
Папа адзначыў, што да малых гэтага свету з вялікім сэрцам належаць і асобы, прысутныя ў месцы Божага Нараджэння. Бо на гэтым парастку спачне Дух Божы, Дух Святы, і гэты маленькі парастак будзе мець цноту малых, якой з’яўляецца Божая боязь, але не страх. Яна, па словах Папы, азначае жыццё паводле запаведзі, якую Бог даў Абрагаму: ідзі ў маёй прысутнасці і будзь беззаганным. Божая боязь — гэта пакора.
Пантыфік падкрэсліў, што толькі сціплы можа цалкам зразумець сэнс пакоры і сэнс Божай боязі, бо ідзе ўслед за Панам, адчувае, што Бог дае яму сілы ісці далей. «Жыць хрысціянскай пакорай — значыць мець гэту Божую боязь, якая з’яўляецца крочаннем ў Божай прысутнасці, імкнучыся быць бездакорным. Пакора — гэта цнота малых гэтага свету, сапраўдная пакора, а не тая тэатральная, пра якую некаторыя кажуць: я сціплы чалавек, і ганаруся тым, што такім з’яўляюся», — пракаментаваў Папа.
Пантыфік нагадаў пра пакору Марыі, якая не хвалілася іншым тым, што сказаў Ёй анёл.
«Гледзячы на Езуса, які ўзрадаваўся таму, што Бог адкрывае сваю таямніцу пакорлівым, мы можам папрасіць для ўсіх нас ласку пакоры, ласку Божай боязі, крочання ў Яго прысутнасці, імкнучыся быць бездакорнымі. Такім чынам, з гэтай пакорай мы можам быць пільнымі ў малітве, руплівымі ў братэрскай любові і радаснымі ў глыбокай пашане да Бога», — заключыў Святы Айцец.
Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
|