Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак нагадаў студэнтам пра маральную адказнасць за сённяшні дзень
Слова Папы
02.12.2016 15:03

Папа Францішак 1 снежня сустрэўся з удзельнікамі IV Сусветнага кангрэса душпастырства для замежных студэнтаў. Святы Айцец спаслаўся на тэматыку сёлетняга форуму, звязаную з маральнымі выклікамі, якія стаяць перад моладдзю.

Важна, каб маладое пакаленне адчувала адказнасць за сённяшні дзень і было архітэктарамі будучыні, лічыць Пантыфік. «Давайце паглядзім на свет з іншага пункту гледжання і адкрыемся без страху на іншага і адрознага ад нас», — заклікаў Папа і запрасіў студэнтаў быць талерантнымі і гасціннымі.

Папа Францішак звярнуў сваю ўвагу і на ролю выкладчыкаў і студэнцкіх душпастыраў, каб яны «выхоўвалі ў моладзі любоў да Евангелля».

«Важна, каб час, праведзены за мяжой, стаў магчымасцю для асобаснага і інтэлектуальнага росту студэнтаў, быў адпраўным пунктам для іх вяртання ў краіну паходжання, каб там прапанаваць свой кваліфікаваны ўнёсак», — сказаў Святы Айцец.
Са свайго боку, кампаніі і фірмы закліканы прапанаваць новым пакаленням жыццяздольныя магчымасці ў галіне занятасці, пазбягаючы так званай «уцечкі мазгоў».

Па словах Папы, балюча, калі маладыя спецыялісты пакідаюць сваю краіну, таму што не маюць дастатковых магчымасцяў прафесійнай рэалізацыі. З’яўленне ўсё большай і большай колькасці замежных студэнтаў Пантыфік звязаў з феноменам глабалізацыі, што можа даць станоўчыя вынікі і зрабіць свет больш чалавечным, а таксама паспрыяць з’яўленню «новых евангелізатараў», гатовых радасна сведчыць пра Хрыста.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (IL)


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.