Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: весці двайное жыццё — рыса «згубленай авечкі»
Слова Папы
06.12.2016 16:57

Хто не ведае Божай пяшчоты, той не ведае хрысціянскага вучэння, падкрэсліў Папа Францішак 6 снежня падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Спасылаючыся на евангельскую прыпавесць пра згубленую авечку (Мц 18, 12-14), Пантыфік заўважыў, што «Бог ніколі не перастае нас шукаць».

«Ён прыходзіць як суддзя, але суддзя, які робіць лагодныя жэсты, суддзя, поўны пяшчотнасці. Ён робіць усё, каб збавіць нас», — адзначыў Папа Рымскі.

Паводле Святога Айца, «авечка згубілася не таму, што не мела компас у руках; яна добра ведала дарогу», але таму, што «мела хворае сэрца» і імкнулася аддаліцца ад Пана, «каб насыціць тую ўнутраную цемру, якая прывяла яе да двайнога жыцця»: знаходжання ў статку і ўцёкаў у цемру.

Папа Францішак падкрэсліў, што дасканалым прыкладам такой згубленай авечкі з’яўляецца Юда Іскарыёт: чалавек, які заўсёды меў горыч у сэрцы, які заўсёды ведаў, за што пакрытыкаваць іншых, заўсёды быў незадаволены і таму аддаляўся ад статку.

Паводле слоў Пантыфіка, такое жыццё вядуць многія хрысціяне, у тым ліку біскупы і святары, а «ўнутраную хваробу» гэтых людзей выкарыстоўвае д’ябал.

Святы Айцец падкрэсліў, што да акту адчаю, які ўчыніў Юда, калі ўбачыў, колькі зла пасеяў вакол сябе, Бог працаваў з яго душой, шукаў яго, як згубленую авечку. Важна адгукнуцца на Божую любоў і змяніць сэрца, шукаць суцяшэння ў Пана, а не ўцякаць ад рэчаіснасці і ўнутраных згрызотаў, заклікаў Пантыфік.

Напрыканцы сваёй катэхезы Папа Францішак заўважыў, што Бог ніколі не папракае тых, хто вяртаецца да Яго, нават калі яны ўчынілі вялікае зло. Папа пажадаў, каб у перыяд падрыхтоўкі да Божага Нараджэння вернікі шчыра вызналі свае грахі і чакалі прыйсця Пана, які нясе суцяшэнне і пяшчоту.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.