Касцёл у Лаосе абагаціўся новымі благаслаўлёнымі |
Слова Папы |
13.12.2016 06:27 |
11 снежня ў В’енцьяне, у Лаосе, абвешчаны благаслаўлёнымі Мáрыё Бардзага, святар з супольнасці Місіянераў аблатаў Марыі Беззаганнай, Павел Тхой Ксюой, свецкі вернік, катэхет, і 14 іх паплечнікаў, забітых з-за нянавісці да веры. «Іх гераічная вернасць Хрысту няхай будзе заахвочваннем і прыкладам для місіянераў, а асабліва для катэхетаў, якія на місійных тэрыторыях вядуць каштоўную і незаменную апостальскую дзейнасць, за якую ім удзячны ўвесь Касцёл», — адзначыў Папа Францішак 11 снежня падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы святога Пятра. «Узгадаем і пра нашых катэхетаў: яны робяць так шмат працы, такой прыгожай працы! Гэта цудоўна — быць катэхетам: гэта значыць несці пасланне Пана, каб Ён узрастаў у нас», — дадаў Пантыфік. Дк. Мікола Гракаў |