Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апублікавана пасланне Папы Францішка на Сусветны дзень міру
Слова Папы
13.12.2016 08:31

Любоў да ворага з’яўляецца ядром хрысціянскай рэвалюцыі, падкрэсліў Святы Айцец у пасланні на Сусветны дзень міру, які будзе адзначацца 1 студзеня 2017 г. «Ненасілле: стыль палітыкі для міру» — так гучыць яго сёлетняя тэма. Папскі дакумент быў апублікаваны і прадстаўлены 12 снежня ў Ватыкане.

Пантыфік пажадаў, каб любоў і ненасілле кіравалі не толькі міжасабовымі адносінамі, але таксама сацыяльнымі і міжнароднымі. Са сваім пасланнем Папа звярнуўся да ўсіх людзей добрай волі і падкрэсліў, што ненасілле — гэта лад жыцця, які павінен характарызаваць усе рашэнні ў сферы сямейных стасункаў і адносін паміж краінамі.

Пантыфік з жалем нагадаў пра «фрагментарную сусветную вайну», якая трывае ў свеце і выклікае жудасныя пакуты людзей. Святы Айцец асудзіў тэрарызм і непрадбачныя ўзброеныя напады, злоўжыванні адносна мігрантаў, знішчэнне навакольнага асяроддзя і велізарныя выдаткі на ваенныя мэты.

Таксама і Езус жыў у часы насілля, але нястомна прапаведаваў безумоўную Божую любоў. Па словах Пантыфіка, Хрыстус «вызначыў шлях ненасілля, якім прайшоў аж да канца, аж да крыжа, праз які рэалізаваў мір і знішчыў варожасць». «Быць сапраўднымі вучнямі Езуса сёння значыць пагаджацца з Яго прапановай ненасілля», бо «любоў да ворага складае ядро хрысціянскай рэвалюцыі», — дадаў Святы Айцец.

Папа Францішак паставіў у прыклад шматлікіх вялікіх гістарычных дзеячаў, якія менавіта дзякуючы ненасіллю змаглі дасягнуць важных вынікаў у жыцці грамадстваў. Сярод іх св. Маці Тэрэза з Калькуты, Марцін Лютэр Кінг, Махатма Гандзі і іншыя. Пантыфік узгадаў таксама св. Яна Паўла ІІ і барацьбу без насілля за справядлівасць шматлікіх дзеячаў з Усходняй Еўропы, якая прывяла да падзення камуністычных рэжымаў.

Пантыфік заўважыў, што Касцёл спрыяе развіццю стратэгій без насілля ў многіх краінах свету, нават заклікаючы найбольш гвалтоўныя элементы да будавання справядлівага і трывалага міру. У той жа час, ненасілле — гэта спадчына не толькі Каталіцкага Касцёла, а і многіх рэлігійных традыцый. Папа Францішак чарговы раз падкрэсліў, што апраўданне насілля рэлігіяй з’яўляецца абразай Бога. «Толькі мір святы, а не вайна», — дадаў Пантыфік.

У сваім пасланні Святы Айцец закрануў праблему насілля ў сям’і. Паводле яго слоў, існуе пільная патрэба, каб радасць любові выйшла з сямейных асяродкаў і распаўсюдзілася па ўсім свеце, заззяла ва ўсім грамадстве. Папа асудзіў насілле ў адносінах да жанчын і дзяцей і нагадаў пра заклік св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса будаваць мір праз штодзённыя жэсты.

У апошняй частцы дакумента Пантыфік назваў евангельскую прамову Хрыста аб благаслаўленнях «інструкцыяй» па будаванні міру. Яна з’яўляецца праграмай і выклікам для палітычных і рэлігійных лідараў, кіраўнікоў міжнародных арганізацый, лічыць Папа. «Актыўнае ненасілле — гэта магчымасць прадэманстраваць, што еднасць сапраўды больш моцная і плённая, чым канфлікты», — дадаў Святы Айцец.

Сусветны дзень міру быў устаноўлены Папам Паўлам VI у 1967 г. і будзе адзначацца ўжо ў пяцідзясяты раз. Пасланне Святога Айца рассылаецца ў канцылярыі кіраўнікоў дзяржаў ва ўсім свеце і вызначае дыпламатычную лінію Апостальскай Сталіцы на ўвесь год.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.