Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да семінарыстаў: «Змагайцеся з нарцысізмам і не бойцеся заснуць на адарацыі»
Слова Папы
14.12.2016 08:26

Папа Рымскі прыняў 10 снежня ў клементыйскай зале Ватыкана супольнасць Папскай рэгіянальнай семінарыі імя Пія XI з Апуліі ў паўднёвай Італіі. У сустрэчы прынялі ўдзел 300 навучэнцаў семінарыі. Прыводзім некаторыя вытрымкі са звароту Пантыфіка да італьянскіх семінарыстаў.

Папа звярнуў увагу на тое, што самі словы «прыналежнасць да супольнасці» нясуць з сабою адчуванне сябе часткай аднаго цэлага. «Толькі тады, калі адчуваем, што з’яўляемся часткай Хрыста, Касцёла і Валадарства, можам добра перажываць семінарыйныя гады», — падкрэсліў Папа Рымскі.

«Каб зразумець усё гэта, трэба ўзнесці позірк і перастаць думаць, што я — найважнейшы ў жыцці».

Як зазначыў Святы Айцец, першай перашкодай, якую трэба пераадолець, з’яўляецца нарцысізм.

«Гэта найбольш небяспечная спакуса. Не ўсё пачынаецца і заканчваецца на табе, ты можаш і павінен глядзець і вакол сябе, пакуль не заўважыш хараства і глыбіні таямніцы, якая цябе акружае, жыцця, якое цябе пераўзыходзіць; веры ў Бога, якая падтрымлівае кожную рэч і кожнага чалавека, а таксама цябе самога», — заўважыў Папа Францішак.

Пантыфік дадаў, што «прыналежнасць» — гэта таксама ўменне «ўсталяваць адносіны паміж людзьмі», што з'яўляецца першаснай мэтай выхавання ў семінарыі, чаму трэба вучыцца.

«Не адчувайце сябе іншымі, чым вашы калегі, не лічыце сябе лепшымі за іншую моладзь, вучыцеся быць з усімі, не бойцеся забрудзіць рук, — перасцярог Святы Айцец італьянскіх семінарыстаў. — Заўтра вы станеце святарамі, а сёння вы павінны вучыцца ў кожнага, каго сустрэнеце на сваім шляху, з пакораю і мудрасцю».

Папа Францішак таксама зазначыў, што фундаментам усіх адносін з’яўляюцца адносіны з Езусам, якія выспяваюць на малітве, а яе найлепшым плёнам заўсёды з’яўляецца любоў.

У апошняй частцы паслання Пантыфік звярнуў увагу на праблему самаахвярнасці і ўменне дараваць.

«Прыналежнасць да Хрыста заклікае вас выйсці Яму насустрач і паставіць Яго ў цэнтр. Гэта дапаможа адчуваць сябе тым, хто належыць да супольнасці, — сказаў Святы Айцец. — Паступова, калі будзе прыходзіць усведамленне прыналежнасці да Касцёла і адчуванне прыгажосці братэрства, вы будзеце ў стане браць на сябе прабачэнне ў вялікіх і малых рэчах».

«Вы павінны быць бацькамі для вашых вернікаў», — адзначыў Пантыфік, а таксама перасцярог будучых святароў ад упадкаў і скандалаў, бо яны вельмі ўчэпістыя і прыносяць шмат зла. Найважнейшым з’яўляецца выхаванне ў семінарыстах духоўнага бацькоўства. Навучэнцы семінарыі павінны вучыцца гэтаму, кіруючыся шматлікімі прыкладамі іншых святароў, якія апярэджваюць іх на дарозе веры.

Пантыфік казаў таксама пра неабходнасць захавання блізкасці з людзьмі, поўнага прысвячэння ім, «спалення сябе» на службе Божаму народу, які, як прызнаўся, «здольны стаміць».

Сімвалам такой гатоўнасці з’яўляецца тэлефон на плябаніі, які звоніць таксама і ўначы, калі камусьці патрэбна апошняя паслуга.

«Не адкладай тэлефон, не кажы: мне трэба адпачыць — Пан і так усіх збавіць. Бо напрыканцы што табе застанецца? Радасць з таго, што служыш Пану», — казаў Папа Францішак.

Таксама Пантыфік заахвоціў семінарыстаў да трывалай малітвы перад табэрнакулюмам. «Не пакідайце там Пана аднаго, майце ў Ім патрэбу», — пераконваў Святы Айцец.

Звяртаючыся да тых, хто баіцца заснуць перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, Папа Рымскі зазначыў: «Заснуць перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам — гэта не грэх. У мяне таксама здараецца».

На заканчэнне Папа пажадаў семінарыстам, каб памяталі пра кожны слуп іх фармацыі: духоўнае жыццё, малітву, супольнасць і вучобу. «Мы павінны вучыцца, таму што Божы народ не прызнае ўпадкаў святара, які не можа з сэнсам гаварыць пра Божыя справы», — заключыў Папа Рымскі.

Паводле deon.pl і рускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.