Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апублікавана пасланне Папы на Сусветны дзень хворага
Слова Папы
16.12.2016 13:07

Папа Францішак скіраваў пасланне на Сусветны дзень хворага, які традыцыйна адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 11 лютага, ва ўспамін Маці Божай Лурдскай. Папскі дакумент быў абнародаваны 15 снежня ў Ватыкане.

Святы Айцец выказаў сваю блізкасць усім, хто жыве ў стане пакут, членам іх сем’яў і асобам, якія аказваюць рознабаковую дапамогу хворым. Усіх адрасатаў свайго паслання Папа заклікаў сузіраць жыццё Панны Марыі — «гаранта Божай пяшчоты для кожнага чалавека і прыкладу адмаўлення ад уласнай волі», а таксама «заўсёды знаходзіць у веры, умацаванай Словам і сакрамэнтамі, сілу, каб любіць Бога і братоў нават у стане хваробы».

Перад абліччам актуальных выклікаў у медыцынскай і тэхналагічнай сферах Пантыфік нагадаў аб неад’емнай годнасці кожнага хворага, які заўсёды мае пэўную місію ў жыцці і ніколі не становіцца проста аб’ектам, нават калі пазначаны цяжкімі відамі абмежаваных магчымасцяў.

Папа пажадаў, каб у свеце будавалася культура паважлівых адносін да жыцця, здароўя і навакольнага асяроддзя, каб быў дадзены новы імпульс барацьбе за павагу да інтэгральнасці і годнасці людзей, у тым ліку праз належнае вырашэнне біяэтычных пытанняў, абарону самых слабых і наваколля.

Напрыканцы паслання Святы Айцец заклікаў быць радаснымі знакамі прысутнасці Божай любові, наследуючы прыклад мноства сяброў Бога, сярод якіх узгадаў св. Яна Божага і св. Каміла дэ Леліса — апекуноў шпіталяў і медыцынскіх работнікаў, а таксама св. Маці Тэрэзу з Калькуты — місіянерку Божай пяшчоты.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.