Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Марыя і Юзаф — асобы, якія найбольш дакрануліся да таямніцы Божай любові (+відэа)
Слова Папы
21.12.2016 09:07

«Марыя і Юзаф, якія першымі прынялі Езуса праз веру, уводзяць нас у таямніцу Божага Нараджэння. Марыя дапамагае нам падрыхтаваць сябе да таго, каб быць гатовымі прыняць Божага Сына ў нашым канкрэтным жыцці, у нашым целе. Юзаф заахвочвае нас заўсёды шукаць Божай волі», — адзначыў Святы Айцец падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра 18 снежня.

Дарагія браты і сёстры, дзень добры!

«Літургія сённяшняга дня — чацвёртай і апошняй нядзелі Адвэнту — прасякнута тэмай блізкасці: блізкасці Бога да чалавецтва. Урывак з Евангелля (пар. Мц 1, 18–24) паказвае нам дзвюх асобаў; дзвюх асобаў, якія больш за ўсіх іншых людзей мелі дачыненне з гэтай таямніцай любові: Панну Марыю і Яе абранніка святога Юзафа. Таямніца любові, таямніца блізкасці Бога да чалавецтва.

Марыя паказаная ў святле прароцтва, якое кажа: «Вось Дзева зачне і народзіць Сына» (Мц 1, 23). Евангеліст Мацвей сцвярджае, што гэта здзейснілася ў Марыі, якая зачала Езуса моцаю Святога Духа (пар. Мц 1, 18). Сын Божы «ўваходзіць» у Яе ўлонне, каб стацца чалавекам, і Яна Яго прымае. Такім унікальным чынам Бог наблізіўся да чалавечай істоты, прымаючы цела ад звычайнай жанчыны: Бог наблізіўся да нас і прыняў цела ад жанчыны. Таксама да нас, хоць і па-іншаму, Бог набліжаецца са сваёю ласкаю, каб увайсці ў нашае жыццё і каб даць нам у дар свайго Сына. А што робім мы? Мы Яго прымаем, дазваляем Яму наблізіцца, або наадварот, адкідаем Яго, гонім Яго прэч? Як Марыя, дабравольна аддаючы сябе ў распараджэнне Пану гісторыі, дазволіла Яму змяніць лёсы чалавецтва, таксама і мы, прымаючы Хрыста і імкнучыся кожны дзень ісці за Ім, можам супрацоўнічаць у здзяйсненні Ягонага плану збаўлення нас саміх і ўсяго свету. Таму Марыя паўстае перад намі як узор, на які належыць глядзець, і як падтрымка, на якую варта разлічваць у нашым пошуку Бога, у нашай блізкасці з Богам, каб дазволіць Богу наблізіцца да нас у нашых намаганнях дзеля пабудовы цывілізацыі любові.

Другі галоўны герой сённяшняга Евангелля гэта святы Юзаф. Евангеліст апісвае, як Юзаф не ў стане сам сабе растлумачыць з’явы, якая адбываецца на ягоных вачах, а менавіта цяжарнасці Марыі. Менавіта цяпер, у гэты момант сумнення, нават занепакоенасці, Бог становіцца з ім побач — таксама з ім — праз свайго пасланца, што пралівае яму святло на сутнасць гэтага мацярынства: «Зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога» (Мц 1, 20). Такім чынам, сутыкнуўшыся з надзвычайнай падзеяй, якая, зразумела, нарадзіла ў ягоным сэрцы шмат пытанняў, ён цалкам давяраецца Богу, які да яго набліжаецца, і, прыняўшы Яго прапанову, не аддаляе сваю Нарачоную, але прымае Яе да сябе і бярэ Марыю замуж. Прымаючы Марыю, Юзаф свядома і з любоўю прымае таго, хто ў Ёй быў зачаты цудоўнаю моцаю Бога, для якога няма нічога немагчымага. Юзаф, чалавек пакорны і справядлівы (пар. Мц 1, 19), вучыць нас заўсёды давяраць Богу, які набліжаецца да нас: калі Бог набліжаецца, мы павінны даверыцца Яму. Юзаф вучыць нас дазволіць Яму павесці нас за сабою і дабравольна падпарадкавацца.

Дзве гэтыя асобы, Марыя і Юзаф, якія першымі прынялі Езуса праз веру, уводзяць нас у таямніцу Божага Нараджэння. Марыя дапамагае нам падрыхтаваць сябе да таго, каб быць гатовымі прыняць Божага Сына ў нашым канкрэтным жыцці, у нашым целе. Юзаф заахвочвае нас заўсёды шукаць Божай волі і ісці за ёй з поўным даверам. Яны абодва дазволілі Богу наблізіцца да сябе.

«Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае „з намі Бог“» (Мц 1, 23). Так кажа Анёл: «Дзіцятка будзе названае Эммануэль, што азначае „з намі Бог“», што Бог побач з намі. Ці я адчыняю дзверы Богу, які набліжаецца, Пану, калі адчуваю ўнутранае натхненне, калі чую, што Ён просіць мяне зрабіць штосьці большае для іншых людзей, калі заклікае мяне да малітвы? Бог з намі, Бог, які побач. Няхай гэтая вестка надзеі, якая здзяйсняецца на Божае Нараджэнне, зробіць плённым чаканне Бога таксама ў кожным з нас, ва ўсім Касцёле і ў шматлікіх маленькіх людзях, якімі свет пагарджае, але якіх любіць Бог і да якіх Бог набліжаецца.


Пасля малітвы «Анёл Панскі»:

Дарагія браты і сёстры,
я вітаю вас усіх, вернікаў Рыма і пілігрымаў, якія прыбылі з розных краінаў, сем’і, парафіяльныя групы, рухі.

Прашу ўсіх вас маліцца за тое, каб дыялог у Дэмакратычнай рэспубліцы Конга працягваўся ў духу паразумення, каб пазбегчы любога насілля і дзеля дабра ўсёй гэтай краіны.

Асаблівым чынам вітаю шматлікую групу прадстаўнікоў Італьянскага нацыянальнага саюзу дастаўкі хворых у Люрд: якую ж цудоўную працу вы робіце, вялікі вам дзякуй! Дзякуючы ім з’явілася жывая батлейка з удзелам людзей з інваліднасцю. Вітаю таксама студэнтаў Калабрыйскага інстытута міжнароднай палітыкі.

Я хацеў бы падзякаваць усім людзям і арганізацыям, якія ўчора мяне павіншавалі. Вялікі дзякуй!

Усім жадаю добрай нядзялі: цяпер цудоўнае надвор’е.

У наступную нядзелю будуць Каляды. На гэтым тыдні, вельмі вас прашу, давайце пастараемся знайсці нейкі час на тое, каб спыніцца, крыху пабыць у цішыні, каб падумаць пра Дзеву Марыю і Юзафа, якія ідуць у Бэтлеем. Каб уявіць сабе, як яны ідуць: іхні шлях, стомленасць, але і радасць, узрушанасць, а потым клопат у пошуках месца, занепакоенасць… і гэтак далей. У гэтым вельмі дапамагае батлейка. Пастараемся ўвайсці ў сапраўднае Божае Нараджэнне, Нараджэнне Езуса, які набліжаецца да нас — Бога з намі, блізкага да нас, — каб прыняць ласку гэтага свята, ласку блізкасці, любові, пакоры і лагоднасці.

І ў гэты час не забывайцеся таксама маліцца за мяне. Смачнага абеду і да пабачэння!

Дк. Мікола Гракаў
Дубляж і агучванне — кс. Аляксандр Улас для «Радыё Марыя»

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.