Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Urbi et Orbi: Мір – не на словах, але фактычны і канкрэтны (+відэа)
Слова Папы
27.12.2016 09:34

Пажаданне міру для пакутуючых ад насілля, войнаў і эканамічнай несправядлівасці ў розных частках свету скіраваў Францішак у пасланні перад благаслаўленнем Urbi et Orbi. Пантыфік звярнуўся з ім 25 снежня з нагоды ўрачыстасці Божага Нараджэння.

«Сёння Касцёл перажывае захапленне Панны Марыі, св. Юзафа і бэтлеемскіх пастухоў, сузіраючы Дзіця, якое нарадзілася і ляжыць у яслях: Езуса, Збаўцу, — падкрэсліў Святы Айцец. — У гэты поўны святла дзень зноў гучыць прароцкае абвяшчэнне: Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам; і ўлада спачыла на плячах Яго, і дадуць імя Яму: Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны, Спрадвечны Айцец, Князь Спакою».


Моц гэтага Дзіцяці, Сына Божага і Марыі, — гэта не моц гэтага свету, якая грунтуецца на сіле і багацці, гэта моц любові. Гэта моц, якая стварыла неба і зямлю, якая дае жыццё кожнаму стварэнню: мінералам, раслінам, жывёлам; гэта моц, якая прыцягвае мужчыну і жанчыну і робіць з іх адно цела, адну істоту; гэта моц, якая адраджае жыццё, прабачае правіны, прымірае ворагаў, перамяняе зло ў дабро. Гэта моц Бога. Гэтая моц любові прывяла Езуса Хрыста да таго, што Ён адмовіўся ад сваёй хвалы і стаў чалавекам; і прывядзе да аддання свайго жыцця на крыжы і ўваскрасення з памерлых. Гэта моц служэння, якая ўстанаўлівае ў свеце Валадарства Божае, Валадарства справядлівасці і міру.

Таму Нараджэнне Езуса суправаджаецца спевам анёлаў, якія абвяшчаюць: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі» (Лк 2,14). Сёння гэта абвяшчэнне праносіцца па ўсёй зямлі і жадае дасягнуць усіх народаў, асабліва параненых вайной і жорсткімі канфліктамі, якія наймацней адчуваюць жаданне міру.

Мір людзям спакутаванай Сірыі, дзе вельмі шмат крыві было праліта. Асабліва ў горадзе Алепа, які на працягу апошніх тыдняў стаў тэатрам адной з самых лютых бітваў, як ніколі тэрмінова патрэбна, паважаючы гуманітарнае права, забеспячэнне дапамогі і падтрымкі знясіленаму грамадзянскаму насельніцтву, якое ўсё яшчэ знаходзіцца ў адчайным становішчы і вялікіх пакутах і патрэбе. Гэта час для таго, каб зброя канчаткова змоўкла, а міжнародная супольнасць актыўна прыкладала намаганні на карысць дасягнення мірнага рашэння і аднаўлення грамадзянскага суіснавання ў краіне.

Мір жанчынам і мужчынам умілаванай Святой Зямлі, выбранай і любімай Богам. Ізраільцяне і палестынцы няхай маюць адвагу і рашучасць пісаць новую старонку гісторыі, на якой нянавісць і помста саступяць месца жаданню разам будаваць будучыню ўзаемнага разумення і гармоніі. Няхай змогуць адшукаць адзінства і згоду Ірак, Лівія, Емен, дзе насельніцтва пакутуе ад войнаў і бесчалавечных тэрарыстычных актаў.

Мір людзям у розных рэгіёнах Афрыкі, асабліва ў Нігерыі, дзе фундаменталісцкі тэрарызм выкарыстоўвае нават дзяцей, каб несці жах і смерць. Мір Паўднёваму Судану і Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, каб зажывіліся падзелы і ўсе людзі добрай волі прыкладалі намаганні, каб устаць на шлях развіцця і дзялення, аддаючы перавагу культуры дыялогу, а не логіцы сутыкнення.

Мір людзям, якія дагэтуль працягваюць пакутаваць ад наступстваў канфлікту ва ўсходняй Украіне, дзе тэрмінова патрэбна супольная воля ў нясенні палёгкі насельніцтву і спаўненні ўзятых абавязацельстваў.

Папросім аб згодзе для дарагога калумбійскага народа, які жадае ўстаць на новы і адважны шлях дыялогу і прымірэння. Няхай гэта адвага натхняе таксама ўмілаваную Венесуэлу ў здзяйсненні неабходных крокаў для спынення цяперашняй напружанасці і супольнага будавання будучыні надзеі для ўсяго народа.

Мір для ўсіх, хто ў розных частках свету пакутуе па прычыне пастаяннай небяспекі і безупыннай несправядлівасці. Няхай М’янма кансалідуе высілкі для спрыяння мірнаму суіснаванню, і з дапамогай міжнароднай супольнасці прадставіць неабходную абарону і гуманітарную дапамогу тым, хто мае ў ёй выключную і тэрміновую патрэбу. Няхай Карэйскі паўвостраў пераўзыйдзе існуючую напружанасць у абноўленым духу супрацоўніцтва.

Мір тым, хто быў паранены ці страціў блізкага чалавека з-за жахлівых актаў тэрарызму, што пасеялі страх і смерць у сэрцах так шматлікіх краін і гарадоў. Мір — не на словах, але фактычны і канкрэтны — нашым пакінутым і адчужаным братам і сёстрам, якія пакутуюць ад голаду або сталі ахвярамі насілля. Мір бежанцам, мігрантам і ўцекачам, тым, хто сёння з’яўляецца аб’ектам гандлю людзьмі. Мір народам, якія пакутуюць ад эканамічных амбіцый нямногіх і прагнасці бажка грошай, што вядзе да рабства. Мір пазначаным сацыяльнымі і эканамічнымі няшчасцямі і пакутуючым ад наступстваў землятрусаў і прыродных катаклізмаў.

Мір дзецям, у гэты асаблівы дзень, калі Бог стаў Дзіцяткам, асабліва пазбаўленым радасцяў дзяцінства па прычыне голаду, войнаў і эгаізму дарослых.

Мір на зямлі ўсім людзям добрай волі, якія штодня працуюць, са сціпласцю і цярплівасцю, у сям’і і грамадстве, будуючы больш чалавечы і больш справядлівы свет, падтрыманыя ўпэўненасцю, што толькі ў міры ёсць магчымасць для больш квітнеючай будучыні для ўсіх. Дарагія браты і сёстры, «Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам» — гэта «Князь Спакою. Прымем Яго!» — заклікаў Папа.

Пасля благаслаўлення Францішак прывітаў прысутныя на плошчы Св. Пятра групы вернікаў і тых, хто сачыў за трансляцыяй, дзякуючы сродкам масавай камунікацыі.

«У гэты радасны дзень мы ўсе пакліканы сузіраць Дзіцятка Езус, які сведчыць надзею кожнаму чалавеку на зямлі. З Яго ласкай дадзім голас і цела гэтай надзеі праз сведчанне аб салідарнасці і міры. Шчаслівага Божага Нараджэння ўсім!» — пажадаў Пантыфік.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
Дубляж і агучванне — кс. Аляксандр Улас для «Радыё Марыя»

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.