Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: сёння мучанікаў больш, чым было ў першыя стагоддзі (+відэа)
Слова Папы
27.12.2016 09:32

«Першамучанік Стэфан, напоўнены Святым Духам, быў укаменаваны за тое, што вызнаў сваю веру ў Езуса Хрыста, Сына Божага. Адзінародны Сын, прыходзячы ў свет, запрашае кожнага верніка выбраць шлях святла і жыцця. У гэтым сэнс Яго прыйсця да нас. Любячы Пана і слухаючыся Ягонага голасу, дыякан Стэфан выбраў Хрыста, Жыццё і Святло для кожнага чалавека», — заўважыў папа Францішак 26 снежня ў Ватыкане ў сваіх разважаннях перад малітвай «Анёл Панскі».

фДарагія браты і сёстры, дзень добры!

Радасць Божага Нараджэння таксама і сёння напаўняе нашыя сэрцы, тады як у літургіі святкуецца мучаніцтва святога Стэфана, першага мучаніка, што заклікае нас прыняць сведчанне, якое ён сваёю ахвяраю нам пакінуў. Гэта хвалебнае сведчанне, уласцівае хрысціянскаму мучаніцтву, перанесенаму з любові да Езуса Хрыста; мучаніцтву, якое заўсёды прысутнічае ў гісторыі Касцёла, пачынаючы са Стэфана і да нашых дзён.

Пра гэтае сведчанне нам кажа сённяшняе Евангелле (пар. Мц 10, 17–22). Езус прадказвае вучням непрыманне і пераслед, з якімі яны сутыкнуцца: «І ўсе будуць ненавідзець вас за імя Маё» (Мц 10, 22). Але чаму свет пераследуе хрысціянаў? Свет ненавідзіць хрысціянаў з-за таго ж самага, за што ненавідзеў і Хрыста, паколькі Ён прынес Божае святло, а свет больш узлюбіў цемру, якая скрывае яго дрэнныя ўчынкі. Узгадаем, што Езус сам падчас Апошняй вячэры маліўся да Айца, каб Ён захаваў нас ад злога духа гэтага свету. Евангельскае мысленне супрацьпастаўляецца мысленню гэтага свету. Ісці за Езусам азначае ісці за Ягоным святлом, якое заззяла ў начы Бэтлеема, і пакінуць змрок гэтага свету.


Першамучанік Стэфан, напоўнены Святым Духам, быў укаменаваны за тое, што вызнаў сваю веру ў Езуса Хрыста, Сына Божага. Адзінародны Сын, прыходзячы ў свет, запрашае кожнага верніка выбраць шлях святла і жыцця. У гэтым сэнс Яго прыйсця да нас. Любячы Пана і слухаючыся Ягонага голасу, дыякан Стэфан выбраў Хрыста, Жыццё і Святло для кожнага чалавека. Выбраўшы праўду, ён у той жа час стаў ахвяраю таямніцы зла, якое прысутнічае ў свеце. Але ў Хрысце Стэфан перамог!

Таксама і сёння Касцёл дзеля таго, каб сведчыць пра святло і праўду, у розных месцах церпіць цяжкі пераслед аж да найвышэйшага выпрабавання мучаніцтва. Колькі нашых братоў і сясцёр у веры зносяць уціск, насілле і нянавісць з-за Хрыста! Я скажу вам адну рэч: сёння мучанікаў больш, чым было ў першыя стагоддзі. Калі мы знаёмімся з гісторыяй першых стагоддзяў тут, у Рыме, мы чытаем пра шматлікія здзекі над хрысціянамі; а я вам кажу, што такія ж здзекі ёсць і сёння, і іх нават больш у адносінах да хрысціянаў. Сёння мы жадаем падумаць пра тых, хто церпіць пераслед, і быць побач з імі у нашых пачуццях, у нашых малітвах, а таксама ў нашым плачы. Учора, у дзень Божага Нараджэння, хрысціяне, якіх пераследуюць у Іраку, адсвяткавалі Каляды ў сваёй разбуранай катэдры: гэта прыклад вернасці Евангеллю. Нягледзячы на выпрабаванні і небяспеку, яны мужна сведчаць пра сваю прыналежнасць Хрысту і жывуць Евангеллем, выступаючы ў абарону найбольш нікчэмных, найбольш занядбаных, робячы дабро ўсім без адрознення; такім чынам яны даюць сведчанне любові ў праўдзе.

Рыхтуючы месца ў сваіх сэрцах Божаму Сыну, які дае нам сябе падчас Калядаў, адновім радаснае і мужнае жаданне верна ісці за Ім як за адзіным Правадыром, паслядоўна жывучы ў адпаведнасці з евангельскім мысленнем і адкідаючы мысленне паноў гэтага свету.

Да Дзевы Марыі, Маці Божай і Каралевы мучанікаў, узнясём нашую малітву, каб яна вяла нас і заўсёды нас падтрымлівала на нашым шляху наследавання Хрыста, якога мы сузіраем у яслях у пячоры і які з’яўляецца верным Сведкам Бога Айца.


Пасля малітвы «Анёл Панскі»:

Я выказваю шчырыя спачуванні ў сувязі з сумнаю навіною пра расійскі самалёт, які ўпаў у Чорнае мора. Няхай Пан Бог суцешыць дарагі расійскі народ і родных пасажыраў, якія былі на борце: журналістаў, экіпаж і выдатны хор і аркестр узброеных сілаў. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя дапаможа ў правядзенні аперацыі па пошуку, якая праходзіць у гэты час. У 2004 годзе гэты хор выступіў у Ватыкане з нагоды 26-й гадавіны пантыфікату святога Яна Паўла ІІ: памолімся за іх.

Дарагія браты і сёстры,
у атмасферы хрысціянскай радасці, якая сыходзіць ад Божага Нараджэння, я вітаю вас і дзякую вам за вашую прысутнасць.

Усім вам, якія прыбылі з Італіі і з розных краінаў, я зноў жадаю міру і супакою: няхай гэтыя дні будуць для вас і для вашых родных днямі радасці і братэрства. Вітаю і віншую ўсіх тых, каго зваць Стэфан або Стэфанія.

У гэтыя тыдні я атрымаў вельмі шмат віншаванняў з усяго свету. Паколькі я не маю магчымасці адказаць кожнаму, сёння я выказваю ўсім маю шчырую падзяку, асабліва за дар малітвы. Дзякуй ад усяго сэрца! Няхай Пан Бог шчодра вас узнагародзіць!

Вясёлых святаў! Калі ласка, не забывайцеся маліцца за мяне. Смачнага абеду і да пабачэння! 

Дк. Мікола Гракаў
Дубляж і агучванне — кс. Аляксандр Улас для «Радыё Марыя»
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.