Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец скіраваў ліст да ўдзельнікаў сустрэчы Тэзэ ў Рызе
Слова Папы
28.12.2016 11:16

Папа Францішак скіраваў пасланне да моладзі, якая будзе ўдзельнічаць у традыцыйнай сустрэчы, арганізаванай рухам Тэзэ на завяршэнне года. Пяцідзённы малітоўны форум распачаўся 28 снежня ў Рызе.

Пантыфік нагадаў, што ў латвійскай сталіцы сабраліся маладыя людзі з кожнай часткі Еўропы, а таксама з шэрагу іншых кантынентаў. Ужо 39-я па ліку сустрэча Тэзэ чарговы раз становіцца месцам рэфлексіі і малітвы. У пасланні гучыць заклік да моладзі не дазволіць нікому скрасці ў сябе надзею.

Святы Айцец падзякаваў удзельнікам форуму за тое, што мелі мужнасць пакінуць свае зручныя дамы, каб адказаць пілігрымкай даверу на заклік Духа Божага. Маладыя праваслаўныя, пратэстанты і католікі зрабілі гэта, каб пражыць святочны час у рэальным братэрстве, прадэманстраваць сваё жаданне быць галоўнымі дзеючымі асобамі гісторыі, самім вырашаць сваю будучыню. Папа заклікаў цвёрда стаяць у надзеі, дазваляючы Пану жыць у сэрцы і ў паўсядзённым жыцці.

Сёння многія людзі збянтэжаныя і шакаваныя насіллем, несправядлівасцю, пакутамі і падзеламі ў свеце. У іх ёсць уражанне, што зло мацнейшае за ўсё. І Святы Айцец запрасіў моладзь паказаць жыццём і справамі, што зло не мае апошняга слова ў нашай гісторыі. У гэты час ласкі для ўсіх і кожнага ніхто не можа думаць, што ён ці яна адчужаны ад блізкасці Бога і сілы Яго пяшчотнай любові, гаворыцца ў папскім пасланні.
Папа Францішак спадзяецца, што гэтыя дні, праведзеныя моладдзю разам у латвійскай сталіцы, дазволяць кожнаму не баяцца абмежаванняў і расці ў даверы да Езуса Хрыста, які верыць у чалавека. Пантыфік спаслаўся на прыклад брата Ражэ, заснавальніка супольнасці ў Тэзэ, і заклікаў маладых людзей быць сведкамі, будаваць масты сяброўства і рэалізаваць любоў, з якой Бог падыходзіць да нас. Святы Айцец удзяліў сваё благаслаўленне ўсім удзельнікам сустрэчы.

Кожны год напярэдадні Новага года хрысціянская супольнасць з Тэзэ ў Францыі праводзіць Міжнародныя сустрэчы хрысціянскай моладзі ў адным з еўрапейскіх гарадоў. На такія форумы збіраюцца ад 30 да 60 тыс. маладых людзей з усіх краін Еўропы, каб у малітве сустрэць надыходзячы год.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.