Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак у свята Хросту Пана: адкрыем дар і прыгажосць прыналежнасці да народа ахрышчаных
Слова Папы
09.01.2017 13:40

8 студзеня, у свята Хросту Пана, папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра ў Рыме нагадаў, што чалавецтва, будучы збаўленым ласкаю Хрыста, праз дзеянне Святога Духа мае ўдзел у сыноўскіх адносінах Езуса з Айцом, прынятае ва ўлонне Маці Царквы і здольнае да братэрства без межаў і перашкодаў.

Дарагія браты і сёстры, дзень добры!

Сёння, у свята Хросту Пана, Евангелле (Мц 3, 13–17) апісвае тое, што адбылося на беразе Ярдану: у натоўпе тых, хто з пакаяннем ішоў да Яна Хрысціцеля, каб прыняць хрост, быў таксама Езус. Ён стаяў у чарзе. Ян утрымліваў Яго, кажучы: «Гэта мне трэба прымаць хрост ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?» (Мц 3, 14). Ян Хрысціцель усведамляе сабе тую адлегласць, што пралягае паміж ім і Езусам. Але ж Езус і прыйшоў дзеля таго, каб пераадолець адлегласць паміж Богам і чалавекам: калі Ён цалкам з’яўляецца Богам, дык таксама цалкам з’яўляецца і Чалавекам, яднаючы ў сабе тое, што адрозніваецца. Таму Ён просіць Яна ахрысціць Яго, каб выканаць усё, што справядліва (пар. Мц 3, 15), каб здзейсніўся намер Айца, які ідзе шляхам паслухмянасці і салідарнасці са слабым і грэшным чалавекам, шляхам чалавечнасці і поўнай блізкасці Бога да сваіх дзяцей. Бо Бог вельмі блізкі да нас, вельмі!


У той момант, калі Езус, ахрышчаны Янам, выходзіў з водаў ракі Ярдана, з вышыняў прагучаў голас Бога Айца: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў» (пар. Мц 3, 17). У той жа час Святы Дух у выглядзе голуба сышоў на Езуса, усім абвяшчаючы Ягоную місію збаўлення; місію, якой уласцівы пэўны стыль — стыль пакорнага і лагоднага слугі, які мае толькі моц праўды, як пісаў пра гэта прарок Ісая: «Не будзе крычаць і  не будзе ўсклікаць, [...] не зломіць надломленай трысціны і не пагасіць тлеючага кноту; для праўды прынясе Ён Правасуддзе» (Іс 42, 2–3). Слуга пакорны і лагодны.

Вось які стыль Езуса, а таксама місіянерскі стыль вучняў Хрыста: абвяшчаць Евангелле з лагодаю і цвёрдасцю, без крыку, ні на каго не павышаючы голасу, але лагодна і цвёрда, без нахабства і навязвання. Сапраўдная місія — гэта ні ў якім выпадку не празелітызм, а захапленне Хрыстом. Якім чынам? Як захапіць Хрыстом? Уласным сведчаннем, пачынаючы з глыбокай еднасці з Ім у малітве, у адарацыі і ў канкрэтных учынках міласэрнасці, што з’яўляюцца служэннем Езусу, прысутнаму ў найменшых з братоў. Наследуючы Хрыста, добрага і міласэрнага Пастыра, ажыўленыя Ягонай ласкай, мы пакліканыя зрабіць сваё жыццё радасным сведчаннем, якое асвятляе шлях, нясе надзею і любоў.

Гэтае свята дазваляе нам адкрыць дар і прыгажосць прыналежнасці да народа ахрышчаных, маецца на ўвазе грэшнікаў — бо ўсе мы грэшныя, — грэшнікаў, збаўленых ласкаю Хрыста, якія насамрэч праз дзеянне Святога Духа маем удзел у сыноўскіх адносінах Езуса з Айцом, прынятыя ва ўлонне Маці Царквы, здольных да братэрства без межаў і перашкодаў.

Няхай Дзева Маці дапаможа ўсім нам, хрысціянам, захаваць заўсёды жывое і ўдзячнае ўсведамленне ўласнага хросту, а таксама верна прайсці шлях, распачаты гэтым сакрамэнтам нашага адраджэння. Заўжды з пакораю, лагодаю і цвёрдасцю.

Пасля малітвы «Анёл Панскі»:

Дарагія браты і сёстры!

З нагоды свята Хросту Пана я сёння раніцай ахрысціў цэлую групу нованароджаных: дваццаць восем дзяцей. Памолімся за іх і за іхнія сем’і. Таксама ўчора я ахрысціў маладога катэхумена. Хачу сёння ахапіць сваёю малітваю ўсіх бацькоў, якія ў гэты час рыхтуюцца да хросту свайго дзіцяці, або толькі што яго ахрысцілі. Я прашу дару Святога Духа для іх і для іхніх дзетак, каб гэты сакрамэнт, такі просты і ў той жа час такі важны, яны перажылі з вераю і радасцю.

Запрашаю таксама прыяднацца да Сусветнай сеткі малітвы Папы, якая распаўсюджвае, у тым ліку і з дапамогаю сацыяльных сетак, інтэнцыі малітвы, якія я штомесяц прапаную ўсяму Касцёлу. Такім чынам ідзе наперад апостальства малітвы і ўзрастае еднасць.

У гэтыя такія халодныя дні я думаю і ўсіх вас заклікаю падумаць пра тых, хто жыве на вуліцы, што пакутуюць ад холаду, а нярэдка і ад абыякавасці. На жаль, некаторыя з гэтым не справіліся. Памолімся за іх і папросім Пана сагрэць нашыя сэрцы, каб мы маглі ім дапамагчы.

Я вітаю вас усіх, вернікаў Рыма і пілігрымаў з Італіі і з усіх краінаў, а асаблівым чынам групу моладзі з Кальяры, якіх заахвочваю працягваць шлях, распачаты з прыняццем сакрамэнту канфірмацыі. Дзякую таксама ім за тое, што пры гэтай нагодзе магу падкрэсліць, што канфірмацыя, або бежмаванне, гэта не толькі «канчатковы сакрамэнт»: не! Не! — Гэта перадусім зыходны пункт хрысціянскага жыцця. Наперад, з радасцю Евангелля!

Усім я жадаю добрай нядзелі. Калі ласка, не забывайцеся маліцца за мяне. Смачнага абеду і да пабачэння!

Дк. Мікола Гракаў
Дубляж і агучванне — кс. Аляксандр Улас для «Радыё Марыя»

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.