Святы Айцец: я наведваю краіны, якім магу крыху дапамагчы |
Слова Папы |
10.01.2017 12:16 |
Пра гэта Святы Айцец распавёў у інтэрв’ю, якое было змешчана ў новай кнізе італьянскага ватыканіста Андрэа Тарніэлі «У падарожжы». Выданне, прысвечанае падарожжам Пантыфіка, з’явілася ў кнігарнях Італіі 10 студзеня. «Я аддаю перавагу тым краінам, якім магу крыху дапамагчы, падбадзёрыць тых, хто, нягледзячы на цяжкасці і канфлікты, працуе на карысць міру і адзінства; краінам, якія знаходзяцца або знаходзіліся ў глыбокіх цяжкасцях», — прызнаўся Пантыфік. Паводле слоў Папы, яму ніколі не падабалася шмат падарожнічаць. «Калі я быў біскупам іншай дыяцэзіі, Буэнас-Айрэса, прыязджаў у Рым толькі калі было неабходна. Калі мог не прыязджаць, я не прыязджаў. Для мяне заўсёды было цяжка знаходзіцца далёка ад маёй дыяцэзіі, якая для нас, біскупаў, з’яўляецца “нявестай”», — прызнаўся Пантыфік. Папа Францішак перакананы, што для добрага адпачынку яму не абавязкова трэба «змяняць асяроддзе». Галоўнае — мець больш часу для чытання і малітвы. Пасля абрання на Святы Пасад папа Францішак пачаў з візіту на італьянскі востраў Лампедуза — першы прыстанак для тысяч бежанцаў, якія спрабуюць патрапіць у Еўропу праз Міжземнае мора. «Я ўбачыў кадры ратавання выжыўшых, атрымаў сведчанні пра шчодрасць і гасціннасць жыхароў Лампедузы. Таму, дзякуючы маім супрацоўнікам, быў арганізаваны гэты спантанны візіт. Было важна паехаць туды», — заўважыў Пантыфік. Святы Айцец перакананы, што падчас сваіх пілігрымак ён пакліканы несці людзям Езуса, сведчыць аб Езусе і Яго блізкасці да ўсіх людзей, асабліва самых пакутуючых. Папа прызнаўся, што захоўвае ў сэрцы асобаў, якіх сустракае, і моліцца аб вырашэнні складаных і балючых сітуацый, сведкам якіх ён становіцца. Папа Францішак распавёў, што не карыстаецца браніраванымі аўтамабілямі або папа-мабілямі з куленепрабівальным шклом, бо лічыць, што біскуп — гэта пастыр, айцец і паміж ім і людзьмі не павінна існаваць шмат бар’ераў. Пастаянна існуе рызыка «непрадказальных дзеянняў з боку якога-небудзь вар’ята, але Пан заўсёды побач», — дадаў Святы Айцец. Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё |