Папа Францішак: святло Хрыстовае пачало распаўсюджвацца з «Галілеі язычнікаў» |
Слова Папы |
23.01.2017 10:37 |
«З Галілеі, безумоўна, ніхто не чакаў вялікіх рэчаў для гісторыі збаўлення. Аднак менавіта адсюль распаўсюджваецца гэтае “святло”, пра якое мы разважалі ў мінулыя нядзелі: святло Хрыстова. Яно распаўсюджваецца менавіта з ускраіны», — сцвердзіў папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра 22 студзеня. Дарагія браты і сёстры, дзень добры! Сённяшні ўрывак Евангелля (пар. Мц 4, 12–23) апавядае пра пачатак прапаведвання Езуса ў Галілеі. Ён пакінуў Назарэт, мястэчка ў гарах, і пасяліўся ў Кафарнаўме, важным цэнтры на беразе возера, населеным пераважна язычнікамі, на скрыжаванні шляхоў паміж Сяродземнамор’ем і ўнутранай Месапатаміяй. Гэты выбар сведчыць пра тое, што Яго прапаведванне было скіравана не толькі да Ягоных землякоў, але і да ўсіх тых, хто прыставаў да берагу шматнацыянальнай «Галілеі язычнікаў» (пар. Мц 4, 15; пар. таксама Іс 8, 23), як яе называлі. Са сталіцы, Ерузалема, гэтая зямля выглядала ўскраінай па сваім геаграфічным становішчы і нячыстай з рэлігійнага пункту гледжання, таму што там было поўна язычнікаў, перамяшаўшыся з якімі мясцовыя жыхары ўжо не ўспрымаліся як народ Ізраэля. З Галілеі, безумоўна, ніхто не чакаў вялікіх рэчаў для гісторыі збаўлення. Аднак менавіта адсюль распаўсюджваецца гэтае «святло», пра якое мы разважалі ў мінулыя нядзелі: святло Хрыстова. Яно распаўсюджваецца менавіта з ускраіны. Пасланне Езуса паўтарае пасланне Яна Хрысціцеля і абвяшчае «Валадарства Нябеснае» (пар. Мц 4, 17). Гэтае Валадарства не імкнецца да ўсталявання новага палітычнага парадку, але да спаўнення саюзу-запавету паміж Богам і Яго народам, з чаго распачнецца час міру і справядлівасці. Каб заключыць гэты саюз-запавет з Богам, кожны чалавек пакліканы да навяртання, каб перамяніць уласны спосаб жыцця, а таксама спосаб мыслення. Гэта перамена мыслення. Трэба змяніць не адзенне, а звычаі! Ад Яна Хрысціцеля Езуса адрознівае стыль і метад. Езус выбірае шлях вандроўнага прарока. Ён не застаецца на адным месцы, чакаючы людзей, але сам ідзе да іх. Езус заўсёды ў дарозе! Ягоныя першыя місійныя падарожжы праходзяць па ўзбярэжжы Галілейскага возера, у зносінах з натоўпам, пераважна з рыбакамі. Тут Езус не толькі прадвяшчае надыход Валадарства Божага, але і шукае паплечнікаў, каб далучыць іх да сваёй місіі збаўлення. У гэтым самым месцы Ён сустракае дзве пары братоў: Сымона і Андрэя, Якуба і Яна; Ён кліча іх са словамі: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей» (Мц 4, 19). Гэты заклік заспеў іх сярод іхніх штодзённых заняткаў: Пан аб’яўляецца нам не нейкім надзвычайным або яскравым чынам, але ў нашым штодзённым жыцці. У ім мы павінны знайсці Пана; у ім Ён аб’яўляецца, дае адчуць сваю любоў у нашых сэрцах; і тут, у дыялогу з Ім у штодзённым жыцці, перамяняецца нашае сэрца. Адказ чатырох рыбакоў неадкладны і хуткі: «Яны ж адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім» (пар. Мц 4, 20). Сапраўды, мы ведаем, што яны былі вучнямі Хрысціцеля і дзякуючы яго сведчанню ўжо пачалі верыць у Езуса як у Месію (пар. Ян 1, 35–42). Мы, сённяшнія хрысціяне, маем радасць абвяшчэння і сведчання пра нашую веру дзякуючы таму першаму абвяшчэнню, таму што былі гэтыя пакорныя і мужныя людзі, якія далі шчодры адказ на заклік Езуса. На ўзбярэжжы возера, на неверагоднай зямлі, нарадзілася першая супольнасць вучняў Хрыста. Няхай памяць пра гэтыя пачаткі ўзбудзіць у нас жаданне несці слова, любоў і лагоднасць Езуса ва ўсіх сітуацыях, нават найбольш непераадольных і непадатлівых. Занесці слова на ўсе ўскраіны! Уся прастора чалавечага жыцця — гэта ралля для засявання на ёй насення Евангелля, каб яна прынесла плён збаўлення. Няхай Панна Марыя дапаможа нам сваім Матчыным заступніцтвам з радасцю адказаць на заклік Езуса, стаць на служэнне Божаму Валадарству.
Дарагія браты і сёстры, мы перажываем Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў. У гэтым годзе яго тэмай сталі словы святога Паўла, які паказвае нам шлях, па якім мы павінны ісці. Яна гучыць так: «Любоў Хрыста прыспешвае нас да паяднання» (пар. 2 Кар 5, 14). У гэтую сераду мы завершым гэты Тыдзень малітваў цэлебрацыяй Нешпараў у базыліцы Святога Паўла за Мурамі, у якім возьмуць удзел браты і сёстры з іншых хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў, прысутных у Рыме. Я заклікаю вас да трывалай малітвы, каб здзейснілася жаданне Езуса: «Каб усе былі адно» (пар. Ян 17, 21). У мінулыя дні землятрус і моцныя снегапады зноў сталі сур’ёзным выпрабаваннем для многіх нашых братоў і сясцёр у Цэнтральнай Італіі, асабліва ў Абруццо, Маркэ і Лацыё. Я ў сваіх малітвах і пачуццях разам з сем’ямі, чые блізкія сталі ахвярамі. Я падтрымліваю ўсіх тых, хто самааддана ўдзельнічае ў справе дапамогі; а таксама мясцовыя Касцёлы, якія намагаюцца пераадолець пакуты і цяжкасці. Дзякуй вялікі за гэтую блізкасць, за вашую працу і канкрэтную дапамогу, якую вы аказваеце. Дзякуй! Я запрашаю вас да супольнай малітвы да Багародзіцы за ахвяры, а таксама за тых, хто самаахвярна ўдзельнічае ў справе дапамогі. На Далёкім Усходзе і ў розных краінах свету міліёны мужчынаў і жанчын рыхтуюцца сустрэць Новы год па месяцавым календары 28 лютага. Я скіроўваю маё шчырае прывітанне ўсім гэтым сем’ям з пажаданнем таго, каб яны ўсё больш станавіліся школаю павагі да іншых, падтрымання адносінаў і бескарыслівага клопату адны пра другіх. Няхай радасць любові ўзрастае ў вашых сем’ях і з іх ззяе на ўсё грамадства. Я вітаю ўсіх вас, вернікаў Рыма і пілігрымаў з розных краінаў, асаблівым чынам групу дзяўчат з Панамы і студэнтаў з інстытута Дыега Санчэса з Талавэра-ла-Рэаль, Іспанія. Я вітаю членаў Саюзу каталіцкіх выкладчыкаў, кіраўнікоў, выхавацеляў і фарматараў, якія завяршылі свой 25–ы нацыянальны кангрэс, і жадаю ім плённай выхаваўчай працы ў супрацоўніцтве з сем’ямі. Заўжды ў супрацоўніцтве з сем’ямі! Усім жадаю добрай нядзелі. І, калі ласка, не забывайцеся маліцца за мяне. Смачнага абеду і да пабачэння! Дк. Мікола Гракаў |