Папа: мафіёзная культура — несумяшчальная з верай |
Слова Папы |
24.01.2017 09:04 |
«Грамадства мае патрэбу ў тым, каб быць аздароўленым ад карупцыі, вымаганняў, гандлю наркотыкамі, зброяй, людзьмі, у тым ліку дзецьмі, якія прымушаюцца да рабства», — адзначыў папа Францішак 23 студзеня падчас аўдыенцыі для супрацоўнікаў італьянскага Нацыянальнага ўпраўлення па барацьбе з мафіяй і тэрарызмам. Святы Айцец падкрэсліў, што «мафіёзная культура» і тэрарызм цалкам супрацьлеглыя веры і Евангеллю і з’яўляюцца праявамі «культуры смерці». Барацьба з імі складаная і рызыкоўная, але ў той жа час, як ніколі неабходная. Як адзначыў Пантыфік, існуе вялікая патрэба ў тым, каб вызваліцца ад улады злачынных арганізацый, заплямленых чалавечай крывёй, якія нясуць адказнасць за насілле і прыгнёт. Карупцыя, вымаганні, гандль наркотыкамі і зброяй, гандль людзьмі — гэта сапраўдныя «сацыяльныя раны, а ў той жа час, глабальныя выклікі, на якія міжнародная супольнасць паклікана з рашучасцю адказаць», — сказаў Папа і пажадаў, каб барацьбе з гэтымі з’явамі спадарожнічала блізкае супрацоўніцтва паміж краінамі. Асаблівым чынам Святы Айцец заклікаў супрацьстаяць гандлю людзьмі і кантрабандзе мігрантаў. «Гэта вельмі цяжкія злачынствы, якія ўдараюць па самым слабым са слабых», — сказаў Францішак. Ён падкрэсліў, што людзі, якія ўцякаюць ад войнаў, насілля і пераследу, «маюць права атрымаць належную гасціннасць і абарону ў краінах, які называюць сябе цывілізаванымі». Паводле папы Францішка, акрамя барацьбы са злачынанню, асаблівая ўвага павінна надавацца выхаваўчай дзейнасці сярод моладзі. Да яе пакліканы сем’і, школы, хрысціянскія супольнасці, спартыўныя і культурныя аб’яднанні. Важна «пачынаць ад выхавання сумленняў» скіроўваючы людзей да сумленнасці, міралюбівасці і салідарнасці, сказаў Папа. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё |