Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: у сучасным Касцёле мноства святых, якія ўсё жыццё праводзяць у ананімным служэнні іншым
Слова Папы
25.01.2017 09:29

«Сярэднім класам святасці» назваў Францішак бацькоў, бабуль і дзядуль, якія штодзённа працуюць, дапамагаючы Касцёлу ісці наперад. Пра гэта Святы Айцец распавёў у інтэрв’ю іспанскай газеце El País.

Пантыфік заўважыў, што ў сучасным Касцёле ёсць мноства святых, якія «праводзяць усё сваё жыццё ў ананімным служэнні людзям».


Святыя «спальваюць сваё жыццё дзеля таго, каб Евангелле было канкрэтным» і з’яўляюцца «галоўнымі дзеючымі асобамі гісторыі Касцёла». Менавіта такія людзі, паводле Папы, здзяйсняюць сапраўдную рэвалюцыю ў свеце.

Людзі ў Касцёле павінны быць братамі

Святы Айцец нагадаў, што Касцёл павінен быць блізкім да людзей. Аддаленне, клерыкалізм, ухіленне ад рэальных праблем свету — гэта найгоршае, што можа здарыцца з ім сёння. У той жа час Касцёл не павінен ператварыцца ў «няўрадавую арганізацыю», члены якой збіраюцца разам, «каб піць гарбату і займацца дабрачыннасцю».

У Касцёле людзі павінны быць братамі, якія бачаць у бліжнім цела Хрыста, заўважыў Пантыфік.

Папа Францішак заклапочаны ростам эканамічнай няроўнасці ў свеце і канцэнтрацыяй 80 працэнтаў усіх багаццяў планеты ў руках маленькай групы людзей. Калі ў цэнтры эканомікі стаіць ідал грошай, такая «эканоміка забівае» і стварае «культуру адчужэння», лічыць Святы Айцец.

Папа Францішак з хваляваннем адносіцца да папулізму ў еўрапейскай палітыцы. Ён спаслаўся на сітуацыю ў міжваеннай Германіі, якая шукала лідара, здольнага вырашыць яе праблемы і вярнуць годнасць.

Так быў выбраны Гітлер, які потым і знішчыў нямецкі народ, нагадаў Святы Айцец і дадаў, што ў крызісныя перыяды народам уласціва шукаць «выратавальнікаў» і хавацца ад іншых народаў за мурамі і калючым дротам.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.