Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак хоча стварыць катэхуменат для маладых пар і сужэнстваў
Слова Папы
27.01.2017 16:23

Папа Францішак выказаў жаданне, каб для маладых пар быў створаны спецыяльны катэхуменат, — і падчас заручын, і ўжо пасля заключэння сакрамэнту сужэнства. Супрацьстаяць з’яве нетрывалых і несапраўдных сужэнстваў Пантыфік заклікаў 21 студзеня падчас сустрэчы з суддзямі і адвакатамі Трыбуналу Рымскай Роты. 

Папа ўсведамляе, што «культура часовасці і нетрываласці» апаноўвае свет усё больш, пакідаючы свой адбітак таксама і на сужэнскіх саюзах католікаў. Таму маладым людзям, якія плануюць ажаніцца, Пантыфік прапануе магчымасць чыннага ўдзелу ў катэхуменаце, які працягваўся б і ў сужэнскі перыяд.

З аднаго боку, будучае сужэнства магло б адпаведна падрыхтавацца да сакрамэнту, які павінен іх з’яднасць. А з іншага — яны б атрымалі магчымасць мець сталую душпастырскую падтрымку, такую важную падчас пераадольвання жыццёвага шляху. Таксама гэта гарантуе іх нашчадкам больш поўнае выхаванне ў духу хрысціянскіх прынцыпаў.


Катэхуменат сужэнстваў — цудоўная нагода для евангелізацыі

Некаторыя з тых, хто мае намер заключыць сакрамэнт сужэнства, прымаюць актыўны ўдзел у парафіяльным жыцці, а некаторыя прыходзяць у касцёл толькі перад вяселлем, запланаваным на бліжэйшы час.

«У гэтым кантэксце няцяжка заўважыць, што добрая падрыхтоўка будучых мужа і жонкі да жыцця ў запланаваным імі сакрамэнтальным саюзе стварае часам цудоўную нагоду для рэалізацыі справы плённай евангелізацыі гэтых людзей, робіць магчымым стварэнне больш глыбокіх адносін з вераю, якую яны вызнаюць, і адначасова дазваляе нанова адкрыць каштоўнасць сям’і, быцця мужам і жонкай, якімі яны былі задуманы ў Божым плане», — патлумачыў Святы Айцец.

У чэрвені 2016 года папа Францішак паставіў крытычны дыягназ сужэнскім саюзам, якія засноўваюцца сёння ў Каталіцкім Касцёле. Асабліва баліць, як падкрэсліў тады Пантыфік, нетрываласць многіх з іх, а таксама наяўнасць мноства сужэнстваў, якія ўрэшце прызнаюцца несапраўднымі. Прычына гэтых дыягназаў — у трывалым стане эмацыйнай, псіхалагічнай і духоўнай нясталасці.

Як удакладніў Пантыфік, несапраўднасць многіх саюзаў выплывае з таго, што будучыя муж і жонка прамаўляюць сакрамэнтальнае «так», не ведаючы насамрэч, што яны кажуць.

Нетрываласць жа сужэнстваў выплывае з таго, што людзі, маючы добрую волю, адначасова не ўсведамляюць значэння сакрамэнту, які прымаюць.


Захаванне катэхуменату пасля шлюбу — абавязковае

Папа Францішак пры кожнай нагодзе нагадвае, што падрыхтоўка да сакрамэнту сужэнства патрабуе часу. Падобна, зрэшты, як і падрыхтоўка да святарства ці да манаства.

Падрыхтоўка да сакрамэнту сужэнства таксама патрабуе «паступовага ўваходу ў жыццё касцёльнай супольнасці».

На думку Святога Айца, у свеце, які ахоплены «культурай часовасці і нетрываласці», у сужэнскі саюз гатовы ўступаць толькі адважныя маладыя людзі. Таму перад абліччам сённяшняга крызісу сужэнства Папа прапанаваў увесці два дапаможныя сродкі.

Першы — зрабіць магчымым удзел маладых людзей у плённай падрыхтоўцы да будучага сужэнства і сямейнага жыцця. Пры гэтым не толькі з пункту гледжання «развіцця чалавечай асобы», але таксама «дзеля таго, каб прывесці да ўмацавання веры кожнага з членаў сужэнства». Другі дапаможны сродак — стварэнне «новага катэхуменату, які мае на мэце падтрымліваць моцную сувязь сужэнства з Касцёлам пасля шлюбу».

Пры гэтым Святы Айцец выказаў шчыры неспакой за шматлікіх людзей, якія «застаюцца сам-насам пасля шлюбу», якія часта «больш не паказваюцца ў парафіі», асабліва «пасля нараджэння дзяцей». А гэта менавіта той час, калі людзі патрабуюць «канкрэтнай духоўнай падтрымкі».

Таму, на думку Пантыфіка, абавязковым з’яўляецца стварэнне «гуртоў дапамогі», якія б спрыялі інтэграцыі маладых сужэнстваў у парафіяльную супольнасць па месцы пражывання.


Зрабіць усё, каб любоў магла выстаяць

Святы Айцец выказаў надзею, што, навучыўшы маладых людзей, як можна «ўзнесціся вышэй за тое, што часовае», і «застацца трывала і надоўга ўцягнутым у пераадоленне супольна абранага шляху», можна будзе мэтанакіравана пазбегнуць «усё больш частай з’явы заснавання нетрывалых саюзаў, якія пазней прызнаюцца несапраўднымі».

Папа Францішак заклікаў таксама будаваць любоў на праўдзе. Бо толькі на такім фундаменце любоў можа выстаяць. Па словах Пантыфіка, з якімі ён звярнуўся да 25 тысяч нарачоных на пл. Святога Пятра ў Рыме 14 лютага 2014 г., «аднаго факту трывання сужэнства як такога яшчэ замала, каб можна было яго прызнаць удалым». «Найважнейшае — гэта якасць сувязі. Таму што для хрысціянскага сужэнства выклікам з’яўляецца не толькі быць разам, але таксама ведаць, што яны паяднаныя сужэнскаю любоўю назаўсёды. Таму што любоў — гэта адносіны, рэчаіснасць, якая развіваецца і разрастаецца, нібы дом будуецца», — дадаў тады Пантыфік.

Усе гэтыя пытанні былі таксама дэтальна разгледжаны ў Апостальскай адгартацыі Amoris laetitia. Гэты дакумент прысвечаны любові ў сужэнстве і сям’і. У ім звяртаецца ўвага на сутнасць сужэнскага саюзу і паказваюцца кірункі «новай евангелізацыі сужэнстваў».

Паводле credo-ua.org
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.