Папа пра малітоўную інтэнцыю на люты: заключаем буйныя здзелкі з нерухомасцю, а частку людзей пакідаем на ўзбочыне |
Слова Папы |
03.02.2017 08:12 |
У лютым папа Францішак заклікае маліцца за ўсіх, хто перажывае выпрабаванні, асабліва за бедных, бежанцаў і маргіналізаваных. Ватыканскі тэлецэнтр распаўсюдзіў 2 лютага праз свой канал у YouTube відэаролік з адмысловым зваротам Святога Айца, у якім ён асабіста агучвае і тлумачыць сваю малітоўную інтэнцыю на бягучы месяц.
Відэа прадстаўляе людзей, якія, праходзячы па гандлёвай вуліцы еўрапейскага горада, адрываюцца ад спраў, каб аказаць дапамогу бяздомнаму і замерзламу юнаку, што сядзіць на тратуары. «Мы жывём у гарадах, якія будуюць хмарачосы і гандлёвыя цэнтры, заключаюць буйныя здзелкі з нерухомасцю, але пакідаюць частку людзей на ўзбочыне, на перыферыі. Як наступства гэтай сітуацыі, вялікая колькасць насельніцтва аказваецца адчужанай і маргіналізаванай: без працы, без гарызонтаў, без выйсця. Не пакінем жа іх!» — заклікаў Папа. «Маліцеся разам са мной за ўсіх, хто перажывае выпрабаванні, асабліва за бедных, бежанцаў і маргіналізаваных, каб знайшлі гасціннасць і суцяшэнне ў нашых супольнасцях», — агучыў сваю малітоўную інтэнцыю Пантыфік. З 2017 года на кожны месяц прызначаецца толькі адна папская інтэнцыя — па чарзе або евангелізацыйная, або агульная, у той час як раней на кожны месяц іх было дзве. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё |