Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: хрысціяне павінны першымі вызваліцца ад разбуральнай хваробы ўплываў гэтага свету
Слова Папы
06.02.2017 11:59

«Місія хрысціянаў у грамадстве заключаецца ў тым, каб ... заглушыць шкоднае насенне эгаізму, зайздрасці і абмоваў. Гэтае насенне разбурае тканку нашых супольнасцяў», — адзначыў папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра ў нядзелю 5 лютага.

Дарагія браты і сёстры, дзень добры!

У апошнія нядзелі літургія слова прапануе нам так званае Нагорнае казанне з Евангелля паводле Мацвея. Пасля таго, як у мінулую нядзелю гаворка ішла пра благаслаўленні, сёння ў цэнтры нашай увагі словы Езуса, якія кажуць пра місію Ягоных вучняў у свеце (пар. Мц 5, 13–16). Ён выкарыстоўвае ў іх вобразы солі і святла, а Ягоныя словы скіраваны да вучняў усіх часоў, гэта значыць, таксама і да нас.

Езус запрашае нас стаць адлюстраваннем Ягонага святла дзякуючы сведчанню добрых справаў. Ён кажа: «Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах» (Мц 5, 16). Гэтыя словы падкрэсліваюць, што ў нас пазнаюць сапраўдных вучняў Таго, хто з’яўляецца святлом свету, не па словах, але па нашых справах. Сапраўды, перш за ўсё менавіта нашыя ўчынкі — як добрыя, так і дрэнныя, — пакідаюць знак у іншых людзях.


Такім чынам, мы маем заданне і адказнасць за атрыманы дар — святло веры, які мы маем у сабе праз Хрыста і праз дзеянне Святога Духа, а таму не можам ставіцца да яго як да сваёй уласнасці. Больш за тое, мы пакліканыя да таго, каб яно заззяла ў свеце, каб дзяліцца ім з іншымі ў добрых справах. Як жа патрэбна свету святло Евангелля, якое перамяняе, аздараўляе і запэўнівае збаўленне тым, хто яго прымае! Мы павінны несці гэтае святло нашымі добрымі ўчынкамі.

Святло нашай веры, калі мы ім дзелімся, не згасае, але становіцца ярчэй. Яно, наадварот, можа прыцьміцца, калі мы не будзем сілкаваць яго любоўю і ўчынкамі міласэрнасці. Такім чынам, вобраз святла сустракаецца з вобразам солі. Сапраўды, Евангелле кажа нам, што мы як вучні Хрыста з’яўляемся «соллю зямлі» (пар. Мц 5, 13). Соль — гэта рэчыва, якое надае смак і захоўвае ежу ад раскладу і псавання: у часы Езуса яшчэ не было лядоўняў!

Таму місія хрысціянаў у грамадстве заключаецца ў тым, каб надаць «смак» жыццю дзякуючы веры і любові, якую даў нам Хрыстус, і ў той жа час каб заглушыць шкоднае насенне эгаізму, зайздрасці, абмоваў і так далей. Гэтае насенне разбурае тканку нашых супольнасцяў, якія між тым павінны ззяць як месцы добразычлівасці, салідарнасці, паяднання. Для выканання гэтай місіі неабходна, каб мы першымі вызваліліся ад разбуральнай хваробы ўплываў гэтага свету, якія супярэчаць Хрысту і Ягонаму Евангеллю; гэтае ачышчэнне ніколі не сканчваецца, яно заўсёды працягваецца, яно адбываецца кожны дзень!

Кожны з нас пакліканы быць святлом і соллю ў сваім асяроддзі штодзённага жыцця, трывала выконваючы заданне аднаўлення чалавечай рэчаіснасці ў духу Евангелля і ў перспектыве Божага Валадарства. Няхай нам заўжды ў гэтым дапамагае абарона Найсвяцейшай Панны Марыі, першай Вучаніцы Хрыста і ўзору для вернікаў, якія кожны дзень у гісторыі жывуць сваім пакліканнем і місіяй. Няхай нашая Маці дапаможа нам дазволіць Пану ачысціць і асвяціць нас, каб і мы ў сваю чаргу маглі стаць «соллю зямлі» і «святлом свету».

Дк. Мікола Гракаў
Дубляж і агучванне — кс.Аляксандр Улас для «Радыё Марыя»

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.