Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа перасцярог бізнесменаў ад культу грошай: «Гэта ідалапаклонства»
Слова Папы
07.02.2017 09:19

«Прадпрымальнік, які ўвасабляе сабой Добрага самараніна, выконвае палову сваёй місіі: клапоціцца пра сённяшніх ахвяр, аднак не змяншае колькасці тых, якія будуць заўтра».

Пра гэта сказаў Папа Францішак падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў праекту «Эканоміка адзінства», ініцыяванага 25 гадоў назад членамі руху Факаляраў. 

Сустрэча адбылася 4 лютага ў Ватыкане.

«Эканоміка еднасці — гэта, у тым ліку, і еднасць прыбытку, праява жыццёвай еднасці», — адзначыў Святы Айцец. «Грошы маюць важнасць, асабліва, калі іх няма, а ад іх залежыць харчаванне, школа, будучыня дзяцей. Аднак яны становяцца ідалам, калі ператвараюцца ў канчатковую мэту», — сказаў Пантыфік.

Папа Францішак перасцярог, што «сквапнасць, якая невыпадкова з’яўляецца смяротнай заганай, — гэта грэх ідалапаклонства, бо накапленне грошай для сябе становіцца мэтай уласнай дзейнасці». Гэты культ ён назваў «сурагатам жыцця вечнага». На думку Папы, найлепшы спосаб пазбегнуць панавання грошай — падзяліцца імі з іншымі.

Паводле слоў Папы, вялікую занепакоенасць выклікае няздольнасць сучаснага грамадства бачыць побач з сабой бедных, «якіх спачатку адкідаюць, а потым хаваюць». Менавіта таму «наследаваць евангельскага Добрага самараніна недастаткова».

Папа заклікаў прадпрымальнікаў вучыцца аддаваць не толькі свой прыбытак, але і саміх сябе. «Сучасная эканоміка патрабуе вашай душы, узаемнага і пакорлівага братэрства, вашага жадання жыць, і толькі потым — вашых грошай», — сказаў ён.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (IL)



 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.