Папа Францішак: помста — выраз нянавісці і насілля |
Слова Папы |
20.02.2017 08:12 |
«Тое, чаму Хрыстус жадае навучыць нас, гэта дакладна адрозніваць справядлівасць ад помсты», — адзначыў папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра ў нядзелю 19 лютага. Дарагія браты і сёстры, дзень добры! У Евангеллі сённяшняй нядзелі (Мц 5, 38–48) — адным з тых тэкстаў, якія найлепш адлюстроўваюць хрысціянскую «рэвалюцыю», — Езус паказвае шлях сапраўднай праведнасці з дапамогаю закону любові, які вышэй за закон адплаты, што патрабуе «вока за вока і зуб за зуб». Гэтае старажытнае правіла наказвала накладаць на вінаватых пакаранне, адпаведнае нанесенай імі шкодзе: смерць таму, хто забіў; калецтва таму, хто кагосьці скалечыў і гэтак далей. Езус не патрабуе ад сваіх вучняў зносіць зло; больш за тое, Ён патрабуе рэагаваць на яго, але не злом у адказ, а дабром. Толькі такім чынам разрываецца ланцуг зла: адно зло цягне за сабою другое, тое — яшчэ наступнае… Калі разрываецца гэты ланцуг, усё сапраўды змяняецца. Насамрэч зло — гэта «пустка», адсутнасць дабра, а ніякую пустку немагчыма запоўніць з дапамогаю іншай пусткі, але толькі з дапамогаю «паўнаты», гэта значыць дабра. Карныя меры ніколі не вядуць да вырашэння канфліктаў. «Ты мне зрабіў гэта, і я табе зраблю тое ж»: такім чынам ніколі не вырашыць канфлікту, гэта таксама не па-хрысціянску. Для Езуса адмаўленне ад насілля можа быць звязана нават з адмаўленнем ад законных правоў; Ён прыводзіць некалькі такіх прыкладаў: падставіць другую шчаку, аддаць свой плашч або ўласныя грошы, пайсці на іншыя ахвяры (пар. Мц 5, 39–42). Але гэтае адмаўленне не азначае, што патрабаванні справядлівасці можна не прызнаваць або аспрэчваць; не, наадварот, хрысціянская любоў, якая асаблівым чынам праяўляецца ў міласэрнасці, уяўляе сабою найвышэйшую форму здзяйснення справядлівасці. Тое, чаму Хрыстус жадае навучыць нас, гэта дакладна адрозніваць справядлівасць ад помсты. Адрозніваць справядлівасць ад помсты. Помста ніколі не бывае справядлівай. Мы маем права дамагацца справядлівасці; мы маем абавязак паступаць справядліва. Але нам забаронена помсціць або нейкім чынам заклікаць да помсты, што з’яўляецца выразам нянавісці і насілля. Езус не мае намеру прапанаваць новы грамадзянскі лад, але, хутчэй, запаведзь любові да бліжняга, што ўключае ў сябе таксама любоў да ворагаў: «Любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас» (Мц 5, 44). А гэта няпроста. Гэтыя словы нельга ўспрымаць як згоду на зло, учыненае ворагам, але як прапанову да вышэйшага погляду, да велікадушнага погляду, падобнага да погляду Нябеснага Айца, які, як кажа Езус, «загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі» (Мц 5, 45). Сапраўды, нават вораг — гэта таксама чалавечая асоба, створаная як такая паводле Божага вобразу, нават калі ў дадзены момант гэты вобраз скажоны нягоднымі паводзінамі. Калі мы гаворым пра «ворагаў», мы не павінны думаць пра кагосьці невядомага, адрознага і далёкага ад нас; мы гаворым таксама пра нас саміх, бо і мы можам увайсці ў канфлікт з нашым бліжнім, часам з нашымі роднымі. Як шмат варожасці ў сем’ях, як шмат! Задумаемся над гэтым. Ворагі — гэта таксама тыя, хто дрэнна кажа пра нас, хто на нас паклёпнічае і нас крыўдзіць. Гэта няпроста знесці. Усім ім мы пакліканыя адказваць дабром, якое таксама мае свае стратэгіі, натхнёныя любоўю. Няхай Панна Марыя дапаможа нам наследаваць Хрыста на гэтым патрабавальным шляху, які сапраўды ўзвышае чалавечую годнасць і патрабуе ад нас жыць так, як павінны гэта рабіць дзеці нашага Нябеснага Айца. Няхай Яна дапаможа нам быць цярплівымі, весці дыялог, прабачаць і такім чынам ствараць еднасць, ствараць братэрства ў нашым штодзённым жыцці, перадусім у нашай сям’і. Дк. Мікола Гракаў |