Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: вернікаў з падвойным жыццём Хрыстус «не пазнае» пасля смерці
Слова Папы
23.02.2017 14:51

Не спакушаць «малых» падвойным жыццём і не адкладваць навяртання на потым, заклікаў папа Францішак 23 лютага падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.

У сваёй гаміліі Пантыфік спаслаўся на словы Езуса з евангельскага літургічнага чытання: «Хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора» (Мк 9,42).

«Адсячы сабе руку», «вырві сабе вока», але не спакушай малых, гэта значыць справядлівых, якія давяраюць Пану і вераць у Яго проста, сказаў Папа. Святы Айцец заўважыў, што сапраўдным спакушэннем з’яўляецца разыходжанне паміж словамі і ўчынкамі.

Спакуса — гэта казаць адно, а рабіць іншае. Гэта, калі асоба прымае ўдзел у св. Імшы, удзельнічае ў жыцці каталіцкай асацыяцыі і адначасова вядзе нехрысціянскае жыццё, якое можа праяўляцца розным чынам: хтосьці не плаціць справядлівага заробку сваім падначаленым, хтосьці эксплуатуе людзей, вядзе «брудныя» справы, адмывае грошы, падкрэсліў Папа.

Па яго словах, сярод католікаў шмат тых, хто вядзе такое жыццё, і гэта спакушае іншых. Калі людзі бачаць такіх, яны кажуць: «Лепш быць атэістам, чым католікам, як гэты». Пантыфік падкрэсліў, што такіх вернікаў Хрыстус «не пазнае» пасля смерці, нават нягледзячы на іх вялікія ахвяраванні на патрэбы Касцёла, якія, насамрэч, з’яўляюцца грашыма, скрадзенымі ў бедных.

«Усім нам будзе карысна падумаць сёння, ці ёсць у нас штосьці ад падвойнага жыцця. Можа, мы жадаем толькі здавацца справядлівымі, добрымі вернікамі, добрымі католікамі, а насамрэч рабіць іншае?» — паставіў пытанне Папа і заклікаў не забываць, што Бог вельмі строгі да тых, хто вядзе падвойнае жыццё.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.