Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак да ААН: ліквідацыя ядзернай зброі — маральны імператыў
Слова Папы
28.03.2017 15:28

Міжнародная раўнавага, заснаваная на прынцыпе ядзернага стрымлівання, не з’яўляецца ўстойлівай, бо павялічвае страх і пагражае даверлівым адносінам паміж народамі, заўважыў Святы Айцец у пасланні да ўдзельнікаў Міжурадавых перамоваў па распрацоўцы тэкста канвенцыі аб забароне і поўнай ліквідацыі ядзернай зброі, якія праходзяць 27–31 сакавіка на Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

У сваім звароце Пантыфік нагадаў, што згодна са статутам ААН, міжнародным фундаментам з’яўляецца мір, мірнае вырашэнне супярэчнасцей і развіццё сяброўскіх адносін паміж народамі. «Этыка і права, заснаваныя на пагрозе ўзаемнага знішчэння — і патэнцыйна ўсяго чалавецтва — супярэчаць самому духу Арганізацыі Аб’яднаных Нацый», — падкрэсліў Папа.

Ядзерная зброя, паводле Пантыфіка, з’яўляецца бескарыснай перад абліччам галоўных выклікаў сучаснасці: тэрарызму, асіметрычных канфліктаў, пагрозаў кібербяспецы, праблем навакольнага асяроддзя, беднасці. Наступствы яе выкарыстання з’яўляюцца катастрафічнымі для людзей і экалогіі, а рэсурсы на яе вытворчасць можна было б накіраваць на больш значныя мэты — на спрыянне міру, цэласнае чалавечае развіццё, барацьбу з беднасцю і дасягненне мэтаў устойлівага развіцця, перакананы Пантыфік.

«Мір павінен будавацца на справядлівасці, цэласным чалавечым развіцці, павазе да фундаментальных правоў чалавека, ахове стварэння, удзеле ўсіх у публічным жыцці, даверы паміж народамі, прасоўванні мірных структур, доступе да адукацыі і сферы аховы здароўя, дыялогу і салідарнасці. У гэтай перспектыве мы павінны ісці далей за ядзернае стрымліванне: міжнародная супольнасць паклікана прыняць дальнабачныя стратэгіі, каб садзейнічаць дасягенню міра і стабільнасці і пазбягаць блізарукіх падыходаў да праблем нацыянальнай і міжнароднай бяспецы», — напісаў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што ліквідацыя ядзернай зброі з’яўляецца выклікам, а таксама маральным і гуманітарным імператывам. У гэтым кантэсце неабходна разважаць пра этыку міру і сумесную шматбаковую бяспеку, якая будзе пераўзыходзіць «страх» і «ізаляцыянізм»; усведамляць, што «ўсё звязана», у святле інтэгральнай экалогіі; а таксама імкнуцца да дыялогу, будавання і кансалідацыі механізмаў даверу і супрацоўніцтва.

Папа заклікаў да дыялогу ўсіх: ядзерныя дзяржавы, краіны, якія не валодаюць гэтым відам зброі, вайсковы і прыватны сектар, рэлігійныя і грамадзянскія супольнасці, міжнародныя арганізацыі. «Чалавецтва здольнае працаваць разам дзеля будавання нашага супольнага дому; мы маем свабоду, розум, здольнасць кіраваць тэхналогіямі, а таксама абмяжоўваць нашу моц і ставіць яе на службу іншага роду прагрэсу: больш чалавечага, больш сацыяльнага і больш цэласнага», — выказаў перакананасць Святы Айцец.

Пасланне Францішка на перамовах у Генеральнай Асамблеі ААН было зачытана 28 сакавіка кіраўніком ватыканскай дэлегацыі на форуме кс. Антуанам Камільеры, намеснікам сакратара па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.