Папа Францішак выказаў спачуванні жыхарам Калумбіі, Конга, Венесуэлы і Парагваю |
Слова Папы |
03.04.2017 16:31 |
«Я глыбока засмучаны трагедыяй, якая здарылася ў Калумбіі, дзе моцны селевы паток, выкліканы праліўнымі дажджамі, абрынуўся на горад Макоа, у выніку чаго шмат людзей загінула і было паранена», — адзначыў папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» 2 красавіка ў ходзе візіту ў Карпі і Мірандалу. «Я малюся за ахвяраў і запэўніваю ў маёй і вашай блізкасці да тых, хто аплаквае страту сваіх родных, а таксама дзякую ўсім, хто працуе дзеля аказання дапамогі», — дадаў Святы Айцец. Пантыфік нагадаў таксама, што «не перастаюць прыходзіць звесткі пра кровапралітныя ўзброеныя сутычкі ў рэгіёне Касаі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга; сутычкі, у выніку якіх людзі становяцца ахвярамі і вымушаны пакідаць свае дамы, што закранаюць таксама персанал і маёмасць Касцёла: святыні, шпіталі, школы…» «Запэўніваю ў сваёй блізкасці да гэтага народа і заклікаю ўсіх маліцца за мір, каб сэрцы тых, хто вінаваты ў гэтых шматлікіх злачынствах, не заставаліся ў няволі нянавісці і насілля, таму што нянавісць і насілле заўсёды разбуральныя», — заклікаў Папа. Пантыфік таксама паведаміў, што сочыць за падзеямі ў Венесуэле і Парагваі. «Малюся за гэтыя вельмі дарагія для мяне народы і запрашаю ўсіх нястомна і настойліва, пазбягаючы ўсялякага насілля, шукаць палітычных рашэнняў», — заклікаў Святы Айцец. (MG), (VGr) |