Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак у пасланні «Гораду і міру»: няхай Уваскрослы прынясе мір у нашыя дні
Слова Папы
17.04.2017 10:37

Сярод розных формаў зла і насілля, Пан не стамляецца шукаць нас у пустынях свету, — адзначыў Францішак у пасланні перад благаслаўленнем Urbi et Orbi, атрымаць якое на плошчы Св. Пятра сабралася 16 красавіка каля 60 тысяч вернікаў.

«На працягу гісторыі ўваскрослы Пастыр нястомна шукае нас, сваіх братоў, згубленых у пустыні свету. І знакамі Мукі — ранамі Яго міласэрнай любові — прываблівае нас на свой шлях, шлях жыцця. Таксама і сёння Ён бярэ на свае плечы нашых шматлікіх братоў і сясцёр, прыгнечаных злом ў яго розных формах.

Уваскрослы Пастыр ідзе шукаць тых, хто згубіўся ў лабірынтах самотнасці і маргіналізацыі; ідзе ім насустрач праз братоў і сясцёр, здольных набліжацца з павагай і пяшчотнасцю і рабіць так, каб гэтыя асобы пачулі Яго голас, голас, які ніколі немагчыма забыць, які заклікае іх да сяброўства з Богам.

Ён бярэ на сябе клопат пра тых, хто стаў ахвярай старых і новых форм рабства: нечалавечай працы, незаконнага гандлю людзьмі, эксплуатацыі і дыскрымінацыі, цяжкіх залежнасцяў. Ён бярэ на сябе клопат пра дзяцей і падлеткаў, бестурботнасць якіх выкарыстоўваецца, каб эксплуатаваць іх; і пра тых, чыё сэрца паранена насіллем, спазнаным у сценах уласнага дома.

Уваскрослы Пастыр становіцца спадарожнікам для людзей, вымушаных пакідаць свае землі з-за ўзброенных канфліктаў, тэрарыстычных нападаў, голаду, рэжымаў, якія прыгнятаюць. Гэтым вымушаным мігрантам Ён дазваляе сустрэць братоў пад кожным небам, каб дзяліліся хлебам і надзеяй на супольным шляху.

Няхай у складаных і часам драматычных гісторыях народаў уваскрослы Пан кіруе крокамі тых, хто шукае справядлівасці і міру; няхай адорыць кіраўнікоў дзяржаваў адвагай, каб пазбегнуць распаўсюджвання канфліктаў і спыніць гандаль зброяй.

У гэтыя часы няхай асабліва падтрымае намаганні людзей, якія актыўна працуюць, каб несці палёгку і суцяшэнне мірнаму насельніцтву Сірыі, умілаванай і спакутаванай Сірыі — ахвяры вайны, якая не перастае сеяць жах і смерць. Учора адбыўся падступны напад на бежанцаў, якія ўцякалі, у выніку якога многія людзі загінулі і атрымалі раненні. Няхай падорыць мір усяму Блізкаму Усходу, пачынаючы ад Святой Зямлі, а таксама Іраку і Емену.

Няхай не будзе недахопу ў блізкасці Добрага Пастыра для насельніцтва Паўднёвага Судана, Судана, Самалі і Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, якія пакутуюць ад працяглых канфліктаў, абцяжараных вялікім голадам, што ўдарае па некаторых рэгіёнах Афрыкі.

Няхай уваскрослы Езус падтрымае высілкі тых, асабліва ў Лацінскай Амерыцы, хто працуе, каб гарантаваць супольнае дабро грамадствам, часам пазначаным палітычнымі і сацыяльнымі напружанасцямі, якія ў некаторых выпадках нават выліліся ў насілле. Няхай будзе магчымым будаўніцтва мастоў дыялогу, трываючы ў барацьбе супраць язвы карупцыі і пошуку адмысловых мірных вырашэнняў супрацьстаянняў, дзеля прагрэсу і ўмацавання дэмакратычных інстытутаў, у поўнай павазе да прававой дзяржавы.

Няхай Добры Пастыр дапаможа ўкраінскай зямлі, яшчэ пакутуючай ад крывавага канфлікту, у адшуканні згоды і суправаджае ініцыятывы, накіраваныя на аблягчэнне драмы людзей, што церпяць ад яго наступстваў.

Няхай Уваскрослы Пан, які нястомна напаўняе еўрапейскі кантынент сваім благаслаўленнем, адорыць надзеяй людзей, якія перажываюць хвіліны крызісу і цяжкасцяў, асабліва ад адсутнасці працы, перш за ўсё для моладзі.

Дарагія браты і сёстры, сёлета, як хрысціяне розных канфесій мы святкуем Пасху разам. Таму няхай у адзін голас загучыць у кожнай частцы зямлі самае цудоўнае абвяшчэнне: “Пан сапраўды ўваскрос, як сказаў!” Няхай Ён, які перамог цемру граху і смерці, дасць мір у нашыя дні. Шчаслівага Вялікадня!»

Пасля благаслаўлення Пантыфік прывітаў прысутныя на плошчы Св. Пятра групы пілігрымаў з розных краін свету і тых, хто сачыў за трансляцыяй з дапамогай сродкаў масавай камунікацыі.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.