Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак на Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях: усе хрысціяне з’яўляюцца місіянерамі
Слова Папы
05.05.2017 15:18

«Усе хрысціяне прызначаны быць місіянерамі Евангелля. Бо вучань атрымлівае дар Божай любові не для прыватнай радасці», — піша папа Францішак у пасланні на 54 Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях.

У пасланні, якое папярэднічае 54 Тыдню малітваў аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця, папа Францішак звяртае ўвагу на пакліканне кожнага хрысціяніна — быць вучнем-місіянерам.

«Місійная дзейнасць не з’яўляецца чымсьці, што можа быць дадаткам да хрысціянскага жыцця, нібы нейкая аздоба. Наадварот, яна знаходзіцца ў самым сэрцы веры: адносіны з Панам цягнуць за сабою пасланніцтва ў свет як прарокаў Яго слова і сведкаў Яго любові», — піша Святы Айцец. Пантыфік нагадвае, што праз моц сакрамэнту хросту кожны хрысціянін становіцца «Хрыстафорам» — тым, хто нясе Хрыста.

Папа заклікае брацца за гэтую місію, нягледзячы на страхі і слабасці. Пры гэтым ён не пазбягае пытанняў, якія нараджаюцца ў гэтым кантэксце. «Што гэта значыць быць місіянерам Евангелля? Хто дае нам сілу і адвагу для яго абвяшчэння? У чым заключаецца евангельская логіка, якая дае натхненне місійным справам? На гэтыя пытанні мы можам адказаць, разважаючы над трыма евангельскімі сцэнамі», — піша Папа і называе гэтыя сцэны: навучанне ў святыні, калі Езус кажа, што намашчаны і пасланы Духам Святым; дарога да Эмаўс; прыпавесць пра сяўбу.

На аснове гэтых вобразаў Пантыфік аналізуе, на чым базуецца хрысціянская місія.

«Гэта таксама наша місія: быць намашчанымі Духам і выходзіць да братоў, каб абвяшчаць Слова, становячыся для іх прыладай збаўлення», — тлумачыць Папа і падкрэслівае, што гэтая місія з’яўляецца шляхам, на якім кожнага з пасланых — як вучняў у дарозе да Эмаўс — суправаджае Езус. Пантыфік заахвочвае вучыцца з Евангелля стылю прапаведавання, падобнаму да сяўбы, і заклікае не пакланяцца поспеху і ўладзе.

Асновай місіі, як нагадвае Святы Айцец, з’яўляецца адкрыццё сябе на «маўклівае дзеянне Святога Духа», а таксама малітва: нястомная і кантэмпляцыйная. Пантыфік заахвочвае да сяброўства з Богам, якое можа прынесці плён новых пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця. Да малітвы ў інтэнцыі пакліканняў Папа заклікае і ўсе парафіяльныя і малітоўныя супольнасці.

КАІ (VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.