Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: у Фаціме я выпрошваў матчынай абароны Марыі для ўсяго свету
Слова Папы
15.05.2017 08:53
«У Фаціме я занурыўся ў малітву святога вернага Народа; у малітву, якая там ужо сто гадоў цячэ патокам, каб выпрошваць матчынай абароны Марыі для ўсяго свету», — адзначыў папа Францішак 14 мая падчас малітвы «Уладарка неба» на плошчы Святога Пятра, распавядаючы пра сваю пілігрымку ў Фаціму.

«У Фаціме я занурыўся ў малітву святога вернага Народа; у малітву, якая там ужо сто гадоў цячэ патокам, каб выпрошваць матчынай абароны Марыі для ўсяго свету. Я дзякую Пану Богу, які дазволіў мне скіравацца да ног Багародзіцы Дзевы ў якасці пілігрыма надзеі і міру», — сказаў Пантыфік.

«Ад самага пачатку, калі ў Капліцы аб’яўленняў я працяглы час правёў у цішыні, што суправаджалася малітоўным маўчаннем усіх пілігрымаў, узнікла атмасфера засяроджанасці і сузірання, у якой праходзілі розныя моманты малітвы. А ў цэнтры ўсяго быў і ёсць Уваскрослы Пан, прысутны сярод свайго Народа ў Слове і ў Эўхарыстыі. Прысутны сярод шматлікіх хворых, якія з’яўляюцца галоўнымі дзеючымі асобамі літургічнага і душпастырскага жыцця Фацімы, як і кожнага марыйнага санктуарыя», — сцвердзіў Святы Айцец.

«Кананізацыяй Францішка і Жасінты я хацеў прапанаваць усяму Касцёлу іх прыклад з’яднання з Хрыстом і евангельскага сведчання, а таксама хацеў нагадаць усяму Касцёлу аб клопаце пра дзяцей, — дадаў Папа. — Іх святасць узнікла не ў выніку аб’яўленняў, а дзякуючы вернасці і руплівасці, з якімі яны адказалі на атрыманую прывілею — магчымасць бачыць Панну Марыю. Пасля сустрэчы з «прыгожай Пані» — як яны Яе называлі — яны часта маліліся Ружанец, каяліся і прыносілі ахвяры дзеля заканчэння вайны і за душы, якім найбольш патрэбная Божая міласэрнасць».

Пантыфік нагадаў, што і сёння «існуе вялікая патрэба ў малітве і пакаянні, каб выпрошваць ласку навяртання, каб выпрошваць спынення шматлікіх войнаў, якія ідуць па ўсім свеце і ўсё больш пашыраюцца, а таксама заканчэння бессэнсоўных канфліктаў, вялікіх і малых, якія скажаюць аблічча чалавецтва».

Дк. Мікола Гракаў (VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.