Папа Францішак заклікаў вайсковых капеланаў быць сведкамі праўды |
Слова Папы |
16.05.2017 11:51 |
З 19 па 21 мая ў французскім марыйным санктуарыі ў Люрдзе будзе праходзіць 59-я Міжнародная пілігрымка каталіцкіх вайсковых капеланаў. 12 тысяч удзельнікаў з 40 краін свету правядуць некалькі дзён на малітве, разважаючы на тэму «Адары нас супакоем». З гэтай нагоды папа Францішак скіраваў спецыяльнае пасланне за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна. У ім Пантыфік падзякаваў усім тым, хто працуе дзеля «аднаўлення або падтрымкі міру ва ўсім свеце». «У гэтыя цяжкія часы, — напісана ў пасланні, — важна памятаць, што мір з’яўляецца дарам, аб якім людзі ніколі не павінны спыняцца маліць Айца», таму што «Бог заўсёды адказвае на гэтую малітву сваіх дзяцей» і «адказвае канкрэтна, знаходзячы творцаў міру, братэрства і салідарнасці». Пантыфік заклікаў вайсковых капеланаў наследаваць Хрыста, каб такім чынам перамагаць «зло і нянавісць», быць «сапраўднымі сведкамі праўды». Святы Айцец выказаў сваю блізкасць і падтрымку ўсім, хто служыць у арміі, «асабліва ў небяспечных умовах», і даверыў іх абароне Маці Божай з Люрда. Ініцыятыва Міжнародных пілігрымак каталіцкіх вайсковых капеланаў нарадзілася ў 1958 г., калі адзначалася 100-годдзе аб’яўленняў Маці Божай у Люрдзе. З ёй выступілі французскія і нямецкія вайсковыя душпастыры, з думкай аб неабходнасці прымірэння і паяднання пасля Другой сусветнай вайны. Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё |