Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: навізну навуковых адкрыццяў трэба прымаць у пакоры
Слова Папы
17.05.2017 09:03

Касцёл пакліканы не баяцца навуковых адкрыццяў — заявіў папа Францішак на аўдыенцыі ўдзельнікам навуковага форуму ў Ватыканскай абсерваторыі на тэму «Чорныя дзіркі, гравітацыйныя хвалі і сінгулярнасць прасторы-часу».

Канферэнцыя праходзіла ў гонар бельгійскага касмолага каталіцкага святара Жоржа Леметра. Ён лічыцца айцом тэорыіі «Вялікага выбуху». Ксёндз Леметр узначальваў Папскую акадэмію навук ад 1960 па 1966 год.

«У бязмежнасці прасторы-часу сусвету, — сказаў Святы Айцец, звяртаючыся да вучоных, — мы, людзі, можам зведаць пачуццё здзіўлення і адчуць нашую мізэрнасць». Папа працытаваў Альберта Эйнштэйна: «Вечная таямніца свету — у яго зразумеласці». Гэтае сцвярджэнне падкрэслівае, што «існаванне і пазнавальнасць сусвету — гэта не толькі плод хаосу або выпадку, але плод Боскай прамудрасці».

«Ніколі не трэба баяцца праўды або бараніцца, займаючы пазіцыю закрытасці. Трэба прымаць навізну навуковых адкрыццяў у поўнай пакоры. Накіроўваючыся на ўскраіны чалавечых ведаў, можна перажыць сапраўдны досвед Бога, які ў стане напоўніць нашае сэрца», — дадаў Пантыфік.

Тэмы пра сусвет маюць асноватворнае значэнне для навукі і для тэалогіі. Папа адзначыў унёсак кс. Леметра ў касцёльнае і навуковае жыццё: «Як каталіцкі святар і касмолаг у бесперапыннай творчай напружанасці паміж навукай і верай, кс. Леметр заўсёды выразна абараняў метадалагічнае размежаванне паміж навуковай і тэалагічнай сферай, якія ўспрымаюцца як розныя сферы кампетэнцыі і якія разам з тым гарманічна ядналіся ў яго жыцці. Гэтае размежаванне, ужо ўласцівае святому Тамашу Аквінскаму, захоўвае ад узнікнення “кароткіх замыканняў”, шкодных як для навукі, так і для веры».

Паводле Радио Ватикана
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.