Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на дзень малітваў аб пакліканнях
11.05.2011 15:56
15 мая 2011 г., IV Велікодная нядзеля

Накарміць галодных і напаіць сасмаглых

Тэкст паслання на польскай мове >>>

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!

1. Чарговы раз Божы Провід у нядзелю Добрага Пастыра дазваляе нам задумацца над значэннем святарскага служэння і паклікання. Мінула ўжо 20 гадоў ад устанаўлення існуючых структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Мы радуемся свабодзе веравызнання. Гэта вялікі дар, які мы атрымалі дзякуючы Божай ласцы пасля трох пакаленняў ганенняў на Касцёл. У нас ёсць дзве духоўныя семінарыі — у Гродне і Пінску. Аднак усё яшчэ адчуваецца вялікі недахоп служыцеляў алтара. Таму нам неабходна падвоіць, а можа, нават патроіць нашы намаганні ў галіне душпастырства пакліканняў.


Перш за ўсё мы павінны нястомна маліцца, маліцца ў нашых парафіях, малітоўных групах, рухах і сем’ях. Малітва можа прабіць нябёсы. Нашы бацькі і дзяды доўгія дзесяцігоддзі маліліся аб свабодзе веравызнання, і стаўся цуд — мы яе атрымалі. Цяпер для нармальнай пастырскай дзейнасці неабходна маліцца аб новым цудзе — аб новых, добрых і святых пакліканнях да святарства і манаскага жыцця.

2. Сёлетнія разважанні распачнём наступным пытаннем. Ці мы — Божы народ, Хрыстовы статак — часам не галодныя і сасмаглыя? Мы добра ведаем, што там, дзе не хапае ежы, узнікае голад; дзе няма любові, раздаецца голас сэрца; дзе адсутнічае мір, існуе жаданне супакою і цішыні; дзе няма радасці, ёсць туга па весялосці; дзе не стае надзеі, існуе схільнасць да даверу.

Ці сучасны чалавек патрабуе ўсяго гэтага, ці галодны ён адносна гэтых ці падобных спраў? А можа, яны яму не патрэбны? Можа, ён лічыць сябе шчаслівым без Бога? Калі так, то і Касцёл яму не патрэбны.

Аднак нават калі мы ўсяго маем у дастатку і звонку здаецца, што мы шчаслівыя, ніхто з нас на самой справе не жыве без клопату. Каму ж не патрэбны хлеб, калі не штодзённы, то хлеб супакою сэрца, надзеі, веры і любові? Каму з нас не патрэбна дапамога?

3. У той жа час чалавек шчаслівы ў касцёльнай супольнасці, бо ў ёй Бог прапануе рэцэпт, як насыціць галодныя сэрцы, як суцешыць праблемнае жыццё, як супакоіць трагічны боль. Ён шчаслівы, бо праз сакрамэнт хросту ўключаны ў супольнасць вернікаў, якіх сённяшняе Евангелле ў нядзелю Добрага Пастыра называе авечым дваром ці статкам. Пастырам гэтага статку з’яўляецца сам Збаўца — Езус Хрыстус. Менавіта Ён у мітусні сучаснага свету з яго праблемамі і выклікамі дае адказ на кожнае пытанне і кожны сумніў. Таму сёння мы павінны прасіць Езуса, каб праз паслугу святароў — пастыраў Хрыстовага статку — Яго словы ўказалі нам шлях да сапраўднага хрысціянскага жыцця і далі адказ на яго цяжкасці.

4. Не трэба жыць у гарах і мець авечак, каб ведаць аб тым, што, калі іх не вывесці за агароджу, яны застануцца галоднымі. Езус, які жыў у Палестыне і добра ведаў мясцовыя звычаі, дзе тысячы людзей займаліся гадоўляй авечак, праз гэтую аналогію вучыць нас, як заспакоіць голад шчасця кожнага чалавека.

Мы не таму ходзім у касцёл і верым у Бога, каб зрабіць больш разнастайным наш час. Мэтай з’яўляецца сапраўднае жыццё і шчасце, якое ў Святым Пісанні параўноўваецца з зялёнай пашай і спакойнымі водамі (пар. Пс 23(22), 2). У сённяшнім Евангеллі Хрыстус невыпадкова нагадвае пра пастыраў, якія пасуць авечак. Таксама і ў духоўным жыцці павінен быць нехта, хто будзе выводзіць людзей за агароджу духоўнай цемры, з духоўнага голаду і весці на евангельскую зялёную пашу і да жыватворнай вады Божай ласкі.

Гэтым нехта з’яўляецца святар. Сапраўды, кожны пастыр павінен прайсці праз браму, як аб гэтым кажа Езус у Евангеллі. Гэтай брамай з’яўляецца сам Хрыстус, які прыходзіць да святара праз хрост, іншыя сакрамэнты, семінарыйную фармацыю, прэзбітэрскае пасвячэнне і жыццё, якое павінна быць укаранёным у Ім.

Хрыстус падкрэслівае, што пастыр таксама павінен ведаць сваіх авечак і павінен ісці наперадзе іх. Гэта азначае, што ён сам павінен ведаць дарогу да зялёных пашаў і вады і падбадзёрваць сваіх авечак. Таксама святар павінен ведаць шлях да Бога, каб прывесці да Яго вернікаў і ў жыццёвых цяжкасцях дапамагчы ім вярнуць надзею.

Аднак для дасягнення шчасця гэтага не дастаткова. Як паміж пастырам і авечкамі павінен быць дыялог, падобна павінна быць і паміж святаром і вернікамі. Яны павінны слухацца сваіх пастыраў. А як з сучасным чалавекам? Калі святар кажа: выконвай Божы закон — мы пачынаем абмяркоўваць, кажучы, што цяпер ужо не тыя часы, цяпер людзі жывуць інакш, іншыя звычаі і можна паслабіць маральныя патрабаванні або нават замяніць іх. І распачынаецца забава, гульня ў кошкі-мышкі, бо цяпер існуе мода на крытыку навучання Касцёла.

Ад таго, слухаюць авечкі голас пастыра ці не, залежыць жыццё не пастыра, а авечак. Святар пастаўлены Богам і Касцёлам, каб паказаць людзям жыццёвы шлях, каб прывесці іх да крыніцы жывой вады і накарміць хлебам жыцця вечнага. Ён ведае дарогу. А калі сучасны чалавек мае свае погляды на Божы закон і з ім не згаджаецца, то не павінен здзіўляцца, што застаўся галодным і пакінутым за агароджай свайго эгаізму і секулярных планаў.

Слухаюць пастыра тыя авечкі, якія ведаюць яго голас. А сучасны свет ведае, шануе сваіх святароў? Нярэдка, бачачы святара на вуліцы, людзі не вітаюцца з ім і робяць выгляд, што не ведаюць яго; не заўсёды жадаюць прыняць падчас пастырскага наведвання сем’яў; паасобныя выпадкі нягодных паводзін святара абагульняюць і робяць высновы, што ўсе так паступаюць.

Ці такой павінна быць сувязь паміж святаром і вернікамі? Калі б авечкі так слухаліся пастыраў, то многія з іх не змаглі б кіраваць статкам.

5. Справа не ў тым, што святары не ведаюць па імёнах і прозвішчах усіх сваіх вернікаў. Яны ведаюць іх паводле хрысціянскага імя, імя Езуса Хрыста. Гэта Ён аб’ядноўвае нас, а таму ўсе хрысціяне павінны адчуваць сябе братамі і сёстрамі. Тым больш гэта актуальна ў адносінах паміж святаром і вернікамі.

Авечкі павінны не толькі слухаць і ведаць пастыра, але і ісці за ім. Так павінна быць і ў рэлігійным жыцці. І менавіта тут знаходзіцца адна з крыніц недарэчнасцяў нашага жыцця. Мы часта не атрымліваем духоўнай ежы не таму, што Божы закон нядобры або несучасны, але таму, што мы яго не выконваем. Можа, мы яго ведаем і нават ведаем добра, бо ўсё ж у нас праводзіцца катэхізацыя і ёсць нямала рэлігійнай літаратуры. Але жыццё паводле Божага закону з’яўляецца праблемай.

Нават авечка добра ведае, што калі не пойдзе за пастырам, то загіне. Таму не трэба шукаць уласных дарог, каб дзесьці ў іншым месцы знайсці жыватворную пашу, па-за Богам і пастырамі Касцёла. Калі б так было, то Езус указаў бы нам яго, бо Ён прыйшоў не ўскладняць жыццё, а даць яго.

6. Каб Езус мог нас адарыць гэтым жыццём, мы павінны ісці за Яго пастырамі, а не за іншымі, мы павінны ісці за пастырамі, якія прайшлі праз браму — гэта азначае праз Хрыста. На жаль, у сучасным свеце ёсць і такія, якіх Хрыстус і Касцёл не цікавіць, але яны ўрываюцца ў авечы двор і прапануюць сваю пашу. Гаворка ідзе не толькі пра секты ці акультныя рухі, але пра кожны голас, які адцягвае нас ад Бога. Яны прыходзяць, каб нішчыць. А колькі антыдухоўнай рэкламы, колькі высмейвання! Таму перад абліччам такіх пагрозаў трэба даверыцца Касцёлу і Хрысту, бо няма іншага жыцця, як толькі з Ім, у Ім і праз Яго, толькі ідучы за Яго пастырамі і на Ягоныя зялёныя пашы.

7. Такім чынам, мы бачым, што пастыры Касцёла пакліканы да таго, каб весці людзей на зялёныя пашы і да крыніцы жывой вады. Для гэтага патрэбны святары і патрэбна еднасць паміж імі і вернікамі, а таксама патрэбна супольная еднасць з Хрыстом. Калі гэта будзе, то голад знікне перад раскошным сталом духоўнай ежы, плач — перад радасцю, страх — перад надзеяй, нявер’е — перад жыццём у свабодзе дзяцей Божых, якое і з’яўляецца сапраўдным шчасцем. Тады мы зможам заспяваць разам з псальмістам, што дзякуючы Богу мы ні ў чым не маем нястачы, што Ён ажыўляе нашыя душы, што Ён з намі нават у далінах смяротнага ценю, а Яго ласка і дабрыня вядзе нас да дому Пана (Пар. Пс 23(22), 1–3а. 3в–4.5.6). Тады інакш паглядзім на боль і цярпенні, і, як св. апостал Пётр у сённяшнім другім чытанні, будзем бачыць у Хрысце прыклад для церпячага і выказваць веру, што такім ёсць нашае пакліканне (пар. 1 Петр 2, 20).

Такой ёсць сапраўдная зялёная паша Хрыста, якая дае жыццё. Гэта не прыгожая байка, а жывая праўда, за якую тысячы і тысячы людзей аддалі сваё жыццё. Гэта праўда аб адной духоўнай ежы з адной зялёнай пашы, якою з’яўляецца Хрыстус і якога дае нам святар.

Хрыстус прысутны ў Божым слове, у сакрамэнтах, у паслузе Касцёла, у малітве, у хваробе, у розных праблемах, прысутны паўсюль, дзе галодныя авечкі шукаюць сапраўднай ежы. Ён праз святара дае самога сябе людзям, каб той, хто Яго прымае, не прагнуў больш нічога, але жыў шчасліва.

8. Сёння — у IV Велікодную нядзелю — увесь Каталіцкі Касцёл моліцца аб пакліканнях. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваім Пасланні з гэтай нагоды падкрэсліў асаблівую адказнасць сям’і, парафіі, дыяцэзіі і кожнай супольнасці за справу пакліканняў. У наш час, калі ў гомане сучаснага свету голас Бога прыглушаны іншымі галасамі, а прапанова ісці за Хрыстом, ахвяруючы Яму сваё жыццё, можа лічыцца вельмі складанай, кожная хрысціянская супольнасць і кожны вернік павінны садзейнічаць справе пакліканняў. Пры гэтым Папа навучае, што прыняцце волі Божай не знішчае чалавечай асобы, але дазваляе адкрыць праўду пра самога сябе і за ёй крочыць. Для гэтага патрэбна добрае сведчанне святароў, якое дапаможа маладым людзям адкрыць дар паклікання і прыгажосць святарскага служэння. Сем’і павінны дапамагчы сваім дзецям прыняць дар паклікання. Катэхеты і аніматары павінны прывіваць у маладых людзей дух адкрытасці на Божае пакліканне і следаванне яму. Здольнасць абуджаць пакліканні з’яўляецца знакам жыцця мясцовага Касцёла (пар. http://www.zenit.org/article-25530?l=italian).

9. Дарагія браты і сёстры!

Святары і кансэкраваныя асобы не падаюць з неба. Яны нараджаюцца і выхоўваюцца ў нашых сем’ях, парафіяльных супольнасцях, школах і ў нашым грамадстве. Яшчэ свежай у нашай памяці з’яўляецца цырымонія беатыфікацыі Яна Паўла II — Пантыфіка, які з’яўляецца прыкладам святарскага служэння і які так многа ўчыніў для развіцця душпастырства паклікання да святарства і яго значэння ў сучасным свеце.

Хрыстус клікаў да святарства і сёння кліча, аднак трэба пачуць Яго голас. Таму нашым супольным абавязкам з’яўляецца маліцца і дапамагчы маладым людзям пачуць голас паклікання, каб наша Бацькаўшчына мела дастаткова слуг алтара, якія накормяць галодных і напояць сасмаглых.

На гэты шлях, давяраючы ўсіх вас Марыі — Маці святароў — ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск — Рым, 1 мая 2011 г.
Успамін св. Юзафа рамесніка
Беатыфікацыя Яна Паўла II

Выкарыстаная літаратура:

1. http://www.zenit.org/article-25530?l=italian.

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам у нядзелю 15 мая 2011 г.

Адноўлена 11.05.2011 16:09
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Пастырскія лісты біскупаў

03.05 06:19Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Дзень малітваў аб пакліканнях
17.09 14:52Прывітальны ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча да арганізатараў і ўдзельнікаў ХІІ Нацыянальнага турніру па міні-футболе памяці св. Яна Паўла ІІ
02.07 00:27Прывітальнае слова Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа д-ра Габара Пінтэра, тытулярнага біскупа Вэлебусдо, Апостальскага Нунцыя ў Беларусі
04.04 18:05Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча аб зборы ахвяраванняў для жыхароў Украіны
25.03 12:39Велікоднае пасланне біскупа Алега Буткевіча
25.03 00:31 Пажаданні біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на Вялікдзень 2016 г.
25.03 00:00Пажаданні біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Пана 2016 г.
24.03 13:21Віншаванні біскупа Антонія Дзям’янкі на Вялікдзень 2016 г.
21.03 18:02Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2016 г.
02.02 11:00Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды святкавання 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі