Паведамленне Апостальскага адміністратара Віцебскай дыяцэзіі ксяндза прэлата Францішка Кісяля |
06.03.2013 16:16 |
Шаноўныя браты ў святарстве, сёстры законныя і вернікі Віцебскай дыяцэзіі. Як усім нам стала вядома, 25 лютага 2013 года Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў прашэнне нашага дыяцэзіяльнага біскупа Уладзіслава Бліна аб адстаўцы з выканання паслугі пастырскага кіравання Віцебскай дыяцэзіяй. Напэўна, усе мы прынялі гэтую навіну са смуткам, але і з належнай павагай, бо мэтай прашэння Яго Эксцэленцыі быў стан асабістага здароўя. Біскуп Уладзіслаў быў першым пастырам нашай дыяцэзіі і ад самага пачатку яе існавання рупліва і нястомна працаваў на карысць нашага Касцёла і дабра вернікаў. Думаю, што наша малітва ў інтэнцыі Яго Эксцэленцыі будзе добрым знакам хрысціянскай удзячнасці за ўсё дабро, якое Бог учыніў праз гэтага чалавека. Яго Эксцэленцыя біскуп Уладзіслаў доўгі час будзе знаходзіцца на лячэнні, але спадзяёмся, што яшчэ будзе ў нас магчымасць яго ўбачыць не аднойчы і выказаць яму асабіста нашую ўдзячнасць і глыбокую павагу. Адначасова Святы Айцец прызначыў мяне Апостальскім адміністратарам sede vacante et ad nutum Sanctae Sedis Віцебскай дыяцэзіі, даручаючы мне апеку над гэтай часткай Касцёла да таго часу, пакуль не будзе прызначаны новы біскуп. |
Адноўлена 06.03.2013 16:25 |