«Просьба біскупа Уладзіслава Бліна аб адстаўцы выклікана хваробай іерарха. Сёння ён знаходзіцца ў шпіталі ў Злучаных Штатах Амерыкі», — адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам Catholic.by арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Арцыбіскуп адзначыў, што рашэнне біскупа Уладзіслава Бліна стала для яго нечаканасцю. Мітрапаліту яшчэ не ўдалося асабіста пагутарыць з біскупам, аднак арцыпастыр упэўнены, што такое рашэнне біскупу Віцебскаму далося няпроста:
«Гэта было мужнае рашэнне. Ён зрабіў вельмі шмат, быў першым біскупам у Віцебскай дыяцэзіі. Аднак для кіраўніцтва дыяцэзіяй патрэбна шмат сіл: як духоўных, так і фізічных. Таму яго ўчынак аб адстаўцы можна зразумець».
Як патлумачыў арцыбіскуп Кандрусевіч, біскуп Уладзіслаў Блін хоць і склаў з сябе пастырскія паўнамоцтвы дзеючага біскупа, тым не менш застаецца біскупам Віцебскай дыяцэзіі на пенсіі.
На пытанне Catholic.by пра далейшы ўдзел біскупа Уладзіслава Бліна ў пасяджэннях Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, дзе біскуп займаўся пытаннямі душпастырства, Мітрапаліт адзначыў, што ў працы Канферэнцыі біскуп Віцебскі на пенсіі можа ўдзельнічаць як кансультант і дарадца. Віцебскую ж дыяцэзію часова будзе прадстаўляць Апостальскі адміністратар кс. прэлат Францішак Кісель.
«Калі я наведваю часам Канферэнцыі Біскупаў у іншых краінах, то заўважаю, што біскупы на пенсіі там таксама ўдзельнічаюць у пасяджэннях, аднак яны не галасуюць. Што датычыць Беларусі, то ў нас гэта прэцэндэнт, але мяркую, што і ў нас можа быць нешта падобнае. Я думаю, што нават сышоўшы са сваёй пасады, біскуп Блін яшчэ многае можа зрабіць для Касцёла ў Беларусі».
Каментуючы сённяшнюю сітуацыю вакол адстаўкі Пантыфіка і ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі, Мітрапаліт адзначыў:
«Мы ведаем, што Касцёлам кіруе Святы Дух, таму трэба даверыцца Яму. Як казаў благаслаўлёны Ян Павел ІІ, у Сікстынскай капэле Святы Дух укажа на новага Біскупа Рыма. У сваю чаргу Біскуп Рыма ў патрэбны час прызначыць біскупа Віцебскага. Трэба маліцца і за Папу, і за біскупа Уладзіслава, бо і адзін, і другі працавалі ў часы няпростых выклікаў і чынілі ўсё, каб на гэтыя выклікі адказаць, ведучы Касцёл шляхам збаўлення».
(JLS)
|