«З вялікім разуменнем мы сустрэлі звестку аб рашэнні Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI прыняць просьбу біскупа Уладзіслава Бліна аб адстаўцы з пасады біскупа Віцебскага», — адзначыў у размове з Сatholic.by біскуп Аляксандр Кашкевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Кажучы пра просьбу біскупа аб адстаўцы, іерарх назваў яе «выразам клопату пра дабро Касцёла ў Віцебску».
Старшыня ККББ узгадаў аб чынным удзеле біскупа Уладзіслава Бліна ў дзейнасці беларускага епіскапату, дзе біскуп з’яўляўся намеснікам старшыні і старшынёй Камісіі па справах агульнага душпастырства і Рады па справах апостальства свецкіх.
Адказваючы на пытанне аб далейшым удзеле іерарха ў працах епіскапату, біскуп Кашкевіч на аснове Статутаў ККББ патлумачыў: «Да Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі належаць дыяцэзіяльныя біскупы і тыя, хто роўны ім у правах, біскупы каад’ютары, дапаможныя біскупы і тытулярныя біскупы, якія выконваюць на дадзенай тэрыторыі асаблівыя заданні, даручаныя ім Апостальскай Сталіцай або ККББ». Біскупы на пенсіі «могуць быць запрошаны як на пленарныя, так і на спецыяльныя пасяджэнні, але маюць толькі голас дарадчыкаў».
Старшыня епіскапату выказаў надзею, што зараз, будучы біскупам на пенсіі Віцебскай дыяцэзіі, у стварэнні якой удзельнічаў з самага яе пачатку, біскуп Уладзіслаў Блін надалей будзе ўдзельнічаць у пасяджэннях ККББ у якасці дарадчыка.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч нагадаў, што біскуп Уладзіслаў Блін быў першым ардынарыем Віцебскай дыяцэзіі, створанай 13 кастрычніка 1999 года, і аддаў шмат старанняў і здароўя для заснавання яе структур. Выразам клопату біскупа «пра дабро Касцёла і чалавека з’яўляецца сённяшні стан дыяцэзіі: больш за 100 святароў, новыя святарскія і законныя пакліканні, адрамантаваныя капліцы і касцёлы, новыя святыні, віцебская катэдра — упрыгажэнне горада, дыяцэзіяльны „Карытас“, навуковыя сімпозіумы і медыцынскія канферэнцыі, пілігрымкі, тэле- і радыётрансляцыі, дыяцэзіяльная газета». Неаднаразовыя дасягненні Віцебскай дыяцэзіі былі заўважаны і ўладамі нашай дзяржавы, пра што сведчыць у тым ліку прэмія Прэзідэнта Беларусі за духоўнае адраджэнне дырэктару віцебскага «Карытас».
Старшыня епіскапату запэўніў у сталай малітоўнай памяці пра біскупа Уладзіслава Бліна з верай, што іерарх «яшчэ доўгія гады будзе служыць апостальскім справам Касцёла ў Беларусі». Кс. Юрый Марціновіч (AG)
|