Rosarium Virginis Mariae - Апостальскі ліст Святога Айца Яна Паўла ІІ |
[Фрагменты] Уводзіны 1. Ружанец Панны Марыі (Rosarium Virginis Mariae), паступова развіўшыся пад натхненнем Духу Божага ў другім тысячагоддзі, стаў для многіх святых улюбёнаю малітваю, да яе таксама заахвочвае Інстытут Настаўніцтва Касцёла. У сваёй прастаце і глыбіні яна дайшла да пачатку новага, трэцяга, тысячагоддзя, застаючыся вельмі дзейснаю малітваю, якая прыносіць плады святасці. Яна моцна ўгрунтавана на духовасці хрысціянства, якое за дзве тысячы гадоў нічога не страціла са сваёй першапачатковай свежасці і адчувае, што Дух Божы натхняе яго «выплысці на глыбіню» (ducat in altum), каб расказваць свету і нават «крычаць» пра Хрыста як пра Пана і Збаўцу, як пра «дарогу, праўду і жыццё» (пар. Ян 14, 6), як «пра завяршэнне чалавечай гісторыі, як пра кропку, у якой супадаюць жаданні гісторыі і цывілізацыі»1. Ружанец, хоць і мае марыйны характар, з'яўляецца хрысталагічнаю малітваю. У строгасці сваіх элементаў Ружанец канцэнтруе ў сабе глыбіню ўсяго евангельскага паслання, з'яўляючыся як бы яго пераказам2. У ім рэхам адгукаецца малітва самой Марыі, Яе вечнае Magnificat за адкупленчую справу Уцелаўлення, распачатую ў Яе дзявічым улонні. Праз Ружанец хрысціянскі люд як бы ўваходзіць у школу Марыі, дазваляючы прывесці сябе да кантэмпляцыі хараства Хрыстовага аблічча і да перажывання глыбіні Ягонай любові. Праз пасрэдніцтва Ружанца вернік чэрпае шчодрасць ласкі, атрымліваючы яе як бы з рук самой Маці Адкупіцеля. Папы і Ружанец 2. Вялікае значэнне гэтай малітвы падкрэслівалі многія мае папярэднікі. Асаблівыя заслугі ў гэтых адносінах меў Леў XIII, які 1 верасня 1883 года абвясціў энцыкліку Supremi apostolatus officio3; гэтым урачыстым абвяшчэннем ён распачаў серыю многіх іншых, якія прысвяціў гэтай малітве, указваючы на яе як на дзейсную духовую прыладу супраць грамадскага зла. Сярод Папаў больш блізкага, саборнага часу, якія вызначыліся ў папулярызацыі Ружанца, хачу згадаць благаславёнага Яна XXIII4 і, перадусім, Паўла VI, які ў Апостальскай адгартацыі Marialis cultus падкрэсліў, згодна з натхненнем ІІ Ватыканскага Сабору, евангельскі характар Ружанца і яго хрысталагічную сутнасць. Я таксама не прамінаў магчымасці, каб заахвоціць да частай малітвы на ружанцы. З юнацкіх гадоў гэта малітва займала важнае месца ў маім духовым жыцці. Пра гэта мне нагадала маё нядаўняе падарожжа ў Польшчу, а перадусім наведзіны санктуарыя ў Кальварыі. Ружанец спадарожнічаў мне ў часіны радасці і смутку. Я даверыў яму шмат сваіх трывог, дзякуючы яму я заўсёды знаходзіў суцяшэнне. Дваццаць чатыры гады назад, 29 кастрычніка 1978 года, амаль праз два тыдні пасля абрання мяне на Пятрову Сталіцу, я так казаў, адкрываючы ў нейкай ступені сваё сэрца: «Ружанец - гэта мая любімая малітва. Дзівосная малітва! Дзівосная ў сваёй прастаце і глыбіні адначасова. [...] Можна сказаць, што Ружанец становіцца як бы малітоўным каментарам да апошняга раздзелу Канстытуцыі ІІ Ватыканскага Сабору Lumen gentium, у якім ідзе гаворка пра незвычайную прысутнасць Багародзіцы ў таямніцы Хрыста і Касцёла. Сапраўды на фоне слоў Анёльскага прывітання Ave Maria праходзяць перад вачыма нашай душы асноўныя моманты жыцця Езуса Хрыста. Яны складваюцца ў сукупнасць радасных, балесных і хвалебных таямніцаў і жыва злучаюць нас с самім Езусам праз - можна сказаць - Сэрца Яго Маці. Разам з тым у гэтыя самыя дзесяткі Ружанца нашае сэрца можа ўключыць усе справы, якія складаюць жыццё чалавека, сям'і, народу, Касцёла і ўсяго чалавецтва. Свае асабістыя справы, справы нашых блізкіх, асабліва тых, хто нам найбліжэйшы, тых, пра каго мы найбольш клапоцімся. Такім чынам гэтая простая ружанцовая малітва пульсуе як бы людскім жыццём»5. Гэтымі словамі, дарагія браты і сёстры, я ўводзіў першы год свайго пантыфікату ў штодзённы рытм Ружанца. Сёння, на пачатку дваццаць пятага года паслугі, як Наступнік Пятра, я хачу зрабіць тое самае. Колькі ж ласкаў я атрымаў за гэтыя гады ад Найсвяцейшай Панны праз Ружанец: Magnificat anima mea Dominum! Прагну ўзносіць падзяку Пану словамі Яго Найсвяцейшай Маці, у апеку якой я аддаў маю Пятрову паслугу: Totus Tuus! Кастрычнік 2002 - кастрычнік 2003: Год Ружанца 3. Таму пасля разважанняў, прапанаваных у Апостальскім лісце Novo millennio ineunte, у якім я заклікаў Люд Божы пасля юбілейнага досведу «нанова распачаць ад Хрыста»6, адчуваю патрэбу развіцця разважанняў пра Ружанец, даючы таму Апостальскаму лісту як бы марыйнае ўкаранаванне, каб заахвоціць да кантэмпляцыі аблічча Хрыста ў школе Ягонай Найсвяцейшай Маці і разам з Ёю. Бо адгаворваць Ружанец - гэта нішто іншае, як кантэмпляваць з Марыяй аблічча Хрыста. Каб больш падкрэсліць гэтае запрашэнне, карыcтаючыся тым, што набліжаецца сто дваццатая гадавіна абвяшчэння згаданай энцыклікі Льва XIII, хачу, каб на працягу ўсяго года гэтую малітву асаблівым чынам прапаноўвалі і паказвалі яе каштоўнасць у розных хрысціянскіх супольнасцях. Таму абвяшчаю перыяд ад сёлетняга кастрычніка да кастрычніка 2003 года Годам Ружанца. Давяраю гэтае душпастырскае ўказанне ініцыятыве паасобных касцёльных супольнасцяў. Не хачу, каб яно было перашкодаю для душпастырскіх планаў мясцовых Касцёлаў, але няхай служыць іх дапаўненню і ўмацаванню. Веру, што яно будзе прынята велікадушна і з гатоўнасцю. Калі адкрываецца поўнае значэнне Ружанца, то ён вядзе ў самае сэрца хрысціянскага жыцця і дае штодзённую плённую духовую і педагагічную магчымасць для асабістай кантэмпляцыі, для фармацыі Люду Божага і новай евангелізацыі. Ахвотна гэта рэкамендую, з радасцю згадваючы яшчэ адну гадавіну: 40 гадоў ад пачатку ІІ Ватыканскага Сабору (11 кастрычніка 1962), «вялікай ласкі», якую Касцёл нашага часу атрымаў ад Духа Божага7. Закіды супраць Ружанца 4. Мэтазгоднасць такой ініцыятывы вынікае з розных прычынаў. Першая датычыць пільнай патрэбы супрацьстаяць пэўнаму крызісу гэтай малітвы, якой у сённяшнім гістарычным і тэалагічным аспекце пагражае беспадстаўнае змяншэнне яе вартасці і таму яна рэдка прапануецца новаму пакаленню. Некаторыя мяркуюць, што першынство літургіі, якое слушна падкрэсліў ІІ Ватыканскі Сабор, непазбежна прыводзіць да змяншэння значэння Ружанца. На самай справе, як растлумачыў Павел VI, гэтая малітва не толькі не супярэчыць літургіі, але служыць ёй падмацункам, паколькі з'яўляецца ўводзінамі да яе і адначасова яе адгалоскам, дазваляючы перажываць яе ў паўнаце ўнутранага ўдзелу і збіраць яе плён у штодзённым жыцці. Магчыма, ёсць яшчэ і такія, хто баіцца, што Ружанец можа аказацца мала экуменічным з увагі на свой выразны марыйны характар. На самай справе ён належыць да найбольш празрыстай перспектывы культу Божай Маці, рэкамендаванай Саборам: культу, скіраванага да хрысталагічнага цэнтра хрысціянскай веры, так што «калі ўшаноўваецца Маці, то і Сына [...], належным чынам спазнаюць, любяць і праслаўляюць»8. Ружанец, адкрыты нанова і адпаведным чынам, з'яўляецца дапамогаю, а зусім не перашкодаю для экуменізму! Шлях кантэмпляцыі 5. Аднак найважнейшаю прычынаю для таго, каб моцна заахвоціць маліцца на ружанцы, ёсць факт, што Ружанец - гэта вельмі каштоўны сродак, які спрыяе з'яўленню ў супольнасці вернікаў таго абавязку кантэмпляцыі хрысціянскай таямніцы, якую я прапанаваў у Апостальскім лісце Novo millennio ineunte як сапраўдную «педагогіку святасці»: «Ёй патрэбна хрысціянства, якое вылучаецца перадусім мастацтвам малітвы»9. Калі ў сучаснай культуры, нягледзячы на шматлікія супярэчнасці, з'яўляецца новая патрэба ў духовасці, якая натхняецца таксама ўплывам іншых рэлігій, то больш чым калі-небудзь трэба заклікаць, каб нашыя хрысціянскія супольнасці сталі «сапраўднымі школамі малітвы»10. Ружанец належыць да найлепшай і да найбольш выпрабаванай традыцыі хрысціянскай кантэмпляцыі. Развіўшыся на Захадзе, ён з'яўляецца тыпова медытацыйнаю малітваю і ў пэўнай ступені адпавядае «малітве сэрца», ці «Езусавай малітве», якая ўзрасла на глебе хрысціянскага Усходу. Малітва за мір і за сям'ю 6. Пэўныя гістарычныя абставіны складваюцца так, што гэты напамін пра ружанцовую малітву набывае асаблівую актуальнасць. Першая з іх - гэта пільная патрэба малітвы да Бога аб дары спакою. На Ружанец як на малітву за мір не раз указвалі мае папярэднікі і я сам. На пачатку тысячагоддзя, якое распачалося жахлівымі тэрарыстычнымі злачынствамі 11 верасня 2001 г. і ў якім штодзённа з'яўляюцца новыя сцэны крыві і насілля ў гэтулькіх частках свету, паўторнае адкрыццё Ружанца азначае паглыбленне ў кантэмляцыю таямніцы Таго, хто «ёсць нашым спакоем», бо «абедзве часткі чалавецтва ўчыніў адзінствам, разбурыўшы мур, што стаіць пасярэдзіне, знішчыўшы варожасць» (Эф 2, 14). Таму, адгаворваючы Ружанец, нельга не адчуваць сябе выразна абавязаным служыць справе міру, асабліва памятаючы пра зямлю Езуса, якая і надалей церпіць выпрабаванні і якая вельмі дарагая сэрцу хрысціяніна. Такая ж пільная патрэба намаганняў і малітвы ўзнікае ў сувязі з іншай вострай праблемай нашага часу, якою з'яўляецца сям'я, ячэйка грамадства, якой усё больш і больш пагражаюць разбуральныя сілы ідэалагічнага і сацыяльнага характару, абуджаючы занепакоенасць будучыняю гэтага важнага і незаменнага інстытуту, а разам з ім лёсамі ўсяго грамадства. Вяртанне да Ружанца ў хрысціянскіх сем'ях павінна быць дзейснаю дапамогаю ў кантэксце больш шырокага душпастырскага служэння сям'і, каб супрацьстаяць згубным наступствам гэтага крызісу, вызначальнага для нашай эпохі. «Вось Маці твая» (Ян 19, 27) 7. Шмат знакаў паказвае, як моцна таксама сёння прагне Найсвяцейшая Панна выказаць менавіта праз гэту малітву свой мацярынскі клопат, бо паміраючы Адкупіцель даручыў Ёй у асобе ўмілаванага вучня ўсіх сыноў і дачок Касцёла: «Жанчына, вось сын Твой» (Ян 19, 26). У дзевятнаццатым і дваццатым стагоддзях Маці Хрыстова ў розных выпадках пэўным чынам давала адчуць сваю прысутнасць і пачуць Яе голас, каб заахвоціць люд Божы да гэтай формы кантэмпляцыйнай малітвы. Асабліва хачу прыгадаць аб'яўленні з Люрда і Фацімы11, дзякуючы іх глыбокаму ўплыву, які яны аказваюць на жыццё хрысціянаў, і аўтарытэтнаму прызнанню Касцёла, гэтыя санктуарыі з'яўляюцца мэтаю многіх пілігрымаў, што шукаюць суцяшэння і надзеі. Слядамі сведкаў 8. Немагчыма назваць пайменна тую незлічоную колькасць святых, якія знайшлі ў Ружанцы сапраўдны шлях да святасці. Дастаткова згадаць св. Людвіка Марыя Грыньёна дэ Манфора, аўтара каштоўнага твора пра Ружанец12, а бліжэй да нашага часу - айца Піо з Петральціны, якога я нядаўна меў радасць кананізаваць. Асаблівую ж ласку, як сапраўдны апостал Ружанца, меў благаславёны Барталамей Лонга. Ягоны шлях да святасці быў угрунтаваны на натхненні, якое ён адчуў у глыбіні сэрца: «Хто пашырае Ружанец, той збаўлёны!»13 З гэтай прычыны ён адчуваў сябе пакліканым збудаваць у Пампеі святыню Маці Божай Ружанцовай на фоне руінаў старажытнага горада, да якога толькі паспела дайсці хрысціянскае вучэнне, калі ў 79 годзе ён быў паглынуты вывяржэннем Везувія, а праз стагоддзі паўстаў са свайго попелу, даючы сведчанне святла і ценяў класічнай цывілізацыі. Праз усю сваю творчасць, асабліва праз «Пятнаццаць суботаў», благаславёны Барталамей развіў хрысталагічны і кантэмпляцыйы дух Ружанца, знаходзячы асаблівае адабрэнне і падтрымку ў Льва XIII, «Папы Ружанца». [...] ІІ раздзел Ружанец - «пераказ Евангелля» 18. У кантэмпляцыю аблічча Хрыста нельга ўвайсці інакш, чым слухаючы ў Духу Святым голасу Айца, бо «ніхто не ведае Сына, толькі Айцец» (Мц 11, 27). У ваколіцах Філіпавай Цэзарыі, паводле прызнання Пятра, Езус выразна акрэслівае, дзе крыніца гэтай, такой яснай, інтуіцыі, якая датычыць Яго тоеснасці: «Не цела і кроў адкрылі табе гэтае, але Айцец мой, які ў Нябёсах» (Мц 16, 17). Таму неабходна аб'яўленне, дадзенае звыш. Каб магчы яго прыняць, трэба ўважліва слухаць: «Толькі досвед маўчання і малітвы стварае адпаведную аснову, на якой можа ўзрасці і развіцца больш праўдзівае, адэкватнае і паслядоўнае пазнанне таямніцы»27. Ружанец - гэта адзін з традыцыйных шляхоў хрысціянскай малітвы, якая выкарыстоўваецца для кантэмпляцыі аблічча Хрыста. Папа Павел VI апісаў яго так: «Паколькі Ружанец абапіраецца на Евангелле і адносіцца як бы да цэнтра, да таямніцы Уцелаўлення і Адкуплення людзей, то яго трэба лічыць малітваю, якая ва ўсёй паўнаце нясе хрысталагічную адзнаку. Бо яго характэрны элемент, менавіта літанійны паўтор анёльскага прывітання «Вітай, Марыя», узносіць таксама няспынную хвалу Хрысту, да якога - як да канчатковай мэты - адносіцца аб'яўленне анёла і прывітанне маці Хрысціцеля: «Благаславёны плод улоння Твайго» (Лк 1, 42). Больш за тое, паўтарэнне словаў «Вітай, Марыя» - гэта як бы канва, у якой развіваецца кантэмпляцыя таямніцаў. Таму што Хрыстус, на якога ўказваецца ў кожным анёльскім прывітанні, ёсць тым самым Хрыстом, якога паслядоўнасць таямніцаў паказвае як Сына Божага і як Сына Панны»28. Слушнае дапаўненне 19. Ружанец, у той форме, якая прыжылася ў найбольш пашыранай практыцы, зацверджанай касцёльнымі ўладамі, паказвае толькі некаторыя са шматлікіх таямніцаў жыцця Хрыста. Такі выбар быў прадыктаваны першапачатковаю схемаю гэтай малітвы, звязанай з лічбаю 150, колькасцю псальмаў у Псалтыры. Аднак я лічу, што для таго, каб развіць хрысталагічнае вымярэнне Ружанца, слушным было б дапаўненне, якое (пакінутае свабоднаму выбару асобаў і супольнасцяў) дазволіла б ахапіць таксама таямніцы публічнага жыцця Хрыста паміж хростам у Ярдане і мукаю. Менавіта ў гэтых таямніцах мы кантэмплюем важныя аспекты Асобы Хрыста як Таго, хто канчаткова аб'явіў Бога. Ён ёсць Той, хто - абвешчаны пры хросце ў Ярдане ўмілаваным Сынам Айца - аб'яўляе надыход Валадарства, сведчыць пра яго сваімі ўчынкамі, абвяшчае яго патрабаванні. Гэта ў гады публічнага жыцця таямніца Хрыста аб'яўляецца па спецыяльным праве як таямніца святла: «Пакуль Я на свеце, Я - святло свету» (Ян 9, 5). Каб Ружанец больш паўнапраўна можна было назваць «пераказам Евангелля», слушна пасля разважання над Уцелаўленнем і ўкрытым жыццём Хрыста (радасныя таямніцы), перад засяроджаннем над цярпеннямі мукі (балесныя таямніцы) і над трыумфам змёртвыхпаўстання (хвалебныя таямніцы) паразважаць таксама над пэўнымі, асабліва важнымі момантамі публічнага жыцця (таямніцы святла). Гэтае дапаўненне новымі таямніцамі, нічым не шкодзячы ніводнаму з істотных аспектаў традыцыйнага ўкладу гэтай малітвы, павінна паспрыяць таму, што яна будзе перажывацца ў хрысціянскай духовасці з новаю зацікаўленасцю як сапраўдныя ўводзіны ў глыбіню Сэрца Езуса Хрыста, акіяну радасці і святла, болю і хвалы. Радасныя таямніцы 20. Першы цыкл - «радасных таямніцаў» - сапраўды выяўляе радасць, якая праменіць з падзеі Уцелаўлення. Гэта відавочна з хвіліны Звеставання, калі прывітанне Панны з Назарэту Габрыэлем злучаецца з заклікам да месіянскай радасці: «Радуйся, Марыя». У гэтым Звеставанні дасягае свае мэты ўся гісторыя Збаўлення і нават, у пэўнай ступені, гісторыя свету. Бо калі план Айца ў тым, каб паяднаць усё ў Хрысце (пар. Эф 1, 10), то пэўным чынам усяго сусвету дасягае Боская ласкавасць, з якою Айцец схіляецца над Марыяй, каб учыніць Яе Маці свайго Сына. Усё чалавецтва як бы ахоплена гэтым fiat - «няхай станецца», - якім Яна з гатоўнасцю адказвае на волю Бога. Пад знакам радасці праходзіць далей сцэна сустрэчы з Альжбетаю, у якой сам голас Марыі і прысутнасць Хрыста ў Яе ўлонні ўчыняюць, што Ян «узварухнуўся радасна» (пар. Лк 1, 44). Багатая весялосцю сцэна ў Бэтлееме, у якой анёлы апяваюць і абвяшчаюць пастушкам нараджэнне Божага Дзіцяці, Збаўцы свету, менавіта як «радасць вялікую» (Лк 2, 10). Але ўжо дзве апошнія таямніцы, хоць і захоўваюць адценне радасці, адначасова прадказваюць прыкметы драмы. Ахвяраванне ў святыні, будучы радасным з прычыны пасвячэння і прыводзячы ў захапленне старца Сімяона, ахоплівае таксама прароцтва аб «знаку супраціву», якім гэтае Дзіця будзе для Ізраэля, а таксама пра меч, які пранікне ў душу Маці (пар. Лк 2, 34-35). Радаснае і разам з тым таксама драматычнае апавяданне пра дванаццацігадовага Езуса ў святыні. Ён паказваецца тут у сваёй Боскай мудрасці і пераважна як Той, хто «навучае». Аб'яўленне ў Ім таямніцы Сына, цалкам адданага справам Айца, ёсць прадказаннем евангельскага радыкалізму, які перад суровымі патрабаваннямі Валадарства выходзіць па-за людскія повязі, нават самыя сардэчныя. Нават Юзаф і Марыя, устрывожаныя і занепакоеныя, «не зразумелі» сказаных ім словаў (Лк 2, 50). Такім чынам, разважаць «радасныя таямніцы» - гэта значыць увайсці ў канчатковыя прычыны і ў глыбокае значэнне хрысціянскай радасці. Гэта значыць углядвацца ў канкрэтыку таямніцы Уцелаўлення і ў няяснае прадказанне таямніцы збаўчага цярпення. Марыя вядзе нас да разумення таго, у чым заключаецца сакрэт хрысціянскай радасці, нагадваючы нам, што хрысціянства - гэта перадусім euhangelion, «добрая навіна», якая мае свой цэнтр і нават увесь свой сэнс у Асобе Хрыста, Слова, якое сталася целам, у Асобе адзінага Збаўцы свету. Таямніцы святла 21. Пераходзячы ад дзяцінства і жыцця ў Назарэце да публічнага жыцця Езуса, кантэмпляцыя вядзе нас да тых таямніцаў, якія па спецыяльным праве можна назваць «таямніцамі святла». На самай справе ўся таямніца Хрыста ёсць святлом. Ён - «святло свету» (Ян 8, 12). Аднак гэтае вымярэнне ўзнікае асабліва ў гады публічнага жыцця, калі Ён абвяшчае Евангелле Валадарства. Жадаючы ўказаць хрысціянскай супольнасці пяць вызначальных момантаў - таямніцаў, «поўных святла» - гэтай фазы жыцця Хрыста, лічу, што слушна можна было прызнаць імі наступныя: 1. Яго хрост у Ярдане; 2. Аб'яўленне сябе на вяселлі ў Кане; 3. Абвяшчэнне Валадарства Божага і заклік да навяртання; 4. Перамяненне на гары Табор; 5. Устанаўленне Эўхарыстыі, якая з'яўляецца сакрамэнтальным праяўленнем пасхальнай таямніцы. Кожная з гэтых таямніцаў - гэта аб'яўленне Валадарства, якое ўжо надышло ў самой Асобе Езуса. Таямніцаю святла ёсць перадусім хрост у Ярдане. Тут, калі Езус спускаецца да вады - як нявінны, які чыніць сябе «грахом» за нас (пар. 2 Кар 5, 21), - адкрываюцца нябёсы і голас Айца абвяшчае Яго ўмілаваным Сынам (пар. Мц 3, 17), а Дух Святы сыходзіць на Яго, каб паклікаць Яго да будучай місіі. Таямніцаю святла ёсць пачатак знакаў у Кане (пар. Ян 8, 1-12), калі Хрыстус, перамяняючы ваду ў віно, дзякуючы ўмяшальніцтву Марыі, першай з веруючых, адкрывае сэрцы вучняў на веру. Таямніцаю святла ёсць навучанне Езуса, у часе якога Ён абвяшчае надыход Божага Валадарства і заклікае да навяртання (пар. Мк 1, 15), адпускаючы грахі тым, хто падыходзіў да Яго з пакорным даверам (пар. Мк 2, 3-13; Лк 7, 47-48), даючы пачатак таямніцы міласэрнасці, якую Ён сам будзе рэалізоўваць ажно да сканчэння свету, асабліва праз давераны Касцёлу Сакрамэнт Паяднання (пар. Ян 20, 22-23). Таямніцаю святла ў поўным значэнні гэтага слова ёсць далей перамяненне, якое, паводле традыцыі, мела месца на гары Табор. Хвала Боства распраменьвае аблічча Хрыста, калі Айцец прызнае Яго перад поўнымі захаплення Апосталамі, заклікае іх, каб Яго слухалі (пар. Лк 9, 35) і рыхтуе да перажывання з ім балеснага моманту мукі, каб дайшлі з Ім да радасці змёртвыхпаўстання і да жыцця, перамененага Духам Святым. Таямніцаю святла ёсць урэшце ўстанаўленне Эўхарыстыі, у якой Хрыстус са сваім Целам і Крывёю пад постацямі хлеба і віна становіцца спажываю, даючы сведчанне сваёй любові да людзей «ажно да канца» (Ян 13, 1), дзеля збаўлення якіх складзе самога сябе ў ахвяры. У гэтых таямніцах, за выключэннем Каны, прысутнасць Марыі застаецца ў ценю. Евангеллі згадваюць усяго некалькі разоў пра Яе выпадковую прысутнасць у тым ці іншым моманце навучання Езуса (пар. Мк 3, 31-35; Ян 2, 12) і нічога не гавораць, ці была Яна ў Вячэрніку падчас устанаўлення Эўхарыстыі. Аднак роля, якую Яна выконвае ў Кане, відавочная пэўным чынам на ўсім шляху Хрыста. Аб'яўленне, якое ў часе хросту ў Ярдане даў аб Ім непасрэдна Айцец і якое адбілася рэхам у Яну Хрысціцелю, у Кане знаходзім на Яе вуснах, і яно становіцца вялікім мацярынскім наказам, скіраваным Ёю да Касцёла ўсіх часоў: «Рабіце ўсё, што толькі вам скажа» (Ян 2, 5). Гэты наказ, які адпаведна ўводзіць у словы і знакі Хрыста ў часе Яго публічнага жыцця, стварае марыйны фон для ўсіх «таямніцаў святла». Балесныя таямніцы 22. Таямніцам болю Хрыста Евангеллі надаюць вялікае значэнне. Хрысціянская пабожнасць заўсёды, асабліва ў Вялікім посце, праз адпраўленне Дарогі Крыжовай, звярталася да паасобных момантаў мукі, інтуіцыйна адчуваючы, што тут знаходзіцца кульмінацыйны пункт аб'яўлення любові і што тут - крыніца нашага збаўлення. Ружанец выбірае пэўныя моманты мукі, схіляючы таго, хто моліцца, засяродзіць на іх позірк сваёй душы і перажыць іх нанова. Дарога медытацыі пачынаецца Садам Гефсіманскім, дзе Хрыстус перажывае асабліва пакутлівыя хвіліны перад воляю Айца, адносна якой слабасць цела магла б паддацца спакусе бунту. Там Хрыстус становіцца перад усімі спакусамі чалавецтва і перад усімі яго грахамі, каб сказаць Айцу: «Не Мая воля, але Твая няхай станецца» (Лк 22, 42). Гэтае Яго «так» адмяняе «не» прабацькоў у Эдэмскім садзе. А колькі каштавала Яму гэтае прыняцце волі Айца, вынікае з далейшых таямніцаў, у якіх праз бічаванне, укаранаванне цернем, нясенне крыжа і смерць на крыжы Ён выданы на найбольшае прыніжэнне: Ecce homo! У гэтым прыніжэнні аб'яўляецца не толькі любоў Бога, але само значэнне чалавека. Ecce homo: хто хоча спазнаць чалавека, павінен умець распазнаць яго значэнне, крыніцу і спаўненне ў Хрысце - Богу, які прыніжаецца з любові «ажно да смерці і смерці крыжовай» (Флп 2, 8). Балесныя таямніцы дапамагаюць веруючаму яшчэ раз перажыць смерць Езуса, стаяць пад крыжам побач з Марыяй, каб разам з Ёю паглыбляцца ў акіян любові Бога да чалавека і адчуць усю яе жыватворную моц. Хвалебныя таямніцы 23. «Кантэмпляцыя аблічча Хрыста не можа спыніцца на выяве Укрыжаванага. Хрыстус - Уваскрослы!»29 Ружанец заўсёды адлюстроўваў гэты досвед веры, заклікаючы веруючага выйсці па-за цемру мукі, каб заглыбіць позірк у хвалу Хрыста ў Змёртвыхпаўстанні і Унебаўшэсці. Кантэмплюючы Уваскрослага, хрысціянін нанова адкрывае матывы сваёй веры (пар. Кар 15, 14) і нанова перажывае радасць не толькі тых, каму Хрыстус аб'явіўся - Апосталаў, Магдалены, вучняў з Эмаус - але таксама радасць Марыі, якая не менш інтэнсіўна павінна была зведаць новае жыццё свайго ўслаўленага Сына. Да тае хвалы, у якой з моманту Унебаўшэсця Хрыстус займае месца праваруч Айца, Яна таксама праз асаблівую прывілею будзе ўзнесена ва Унебаўзяцці, каб апярэджваць тое, да чаго прызначаныя ўсе справядлівыя праз змёртвыхпаўстанне целаў. Урэшце, укаранаваная ў хвале, - як гэта відаць у апошняй хвалебнай таямніцы - яснее Яна як Каралева анёлаў і святых, прадчуванне і вяршыня эсхаталагічнай рэчаіснасці Касцёла. У цэнтры гэтай дарогі хвалы Сына і Маці Ружанец ставіць у трэцяй хвалебнай таямніцы Пяцідзесятніцу, якая паказвае аблічча Касцёла як сям'і, сабранай разам з Марыяй, ажыўленай магутным сыходжаннем Духа Святога, гатовай да евангелізацыйнай місіі. Кантэмпляванне гэтай, як і іншых хвалебных таямніцаў, павінна весці веруючых да ўсё больш жывога ўсведамлення свайго новага жыцця ў Хрысце, унутры рэчаіснасці Касцёла - жыцця, для якога сцэна Пяцідзесятніцы з'яўляецца вялікаю «іконаю». Такім чынам, хвалебныя таямніцы ажыўляюць у верніках надзею эсхаталагічнай мэты, да якой яны накіроўваюцца як члены Люду Божага, што пілігрымуе праз гісторыю. Гэта павінна падштурхоўваць іх да адважнага сведчання пра тую «радасную навіну», якая надае сэнс усяму іх жыццю. Ад «таямніцаў» да «Таямніцы»: дарога Марыі 24. Медытацыйныя цыклы, прапанаваныя святым Ружанцам, зразумела, не вычэрпваюць усяе справы, але яны прыпамінаюць самае галоўнае, ведучы дух да ўпадабання пазнавання Хрыста, якое пастаянна чэрпае з чыстай крыніцы Евангелля. Кожная з паасобных рысаў Хрыста, апісаных евангелістамі, яснее ззяннем Таямніцы, якая пераўзыходзіць усялякія веды (пар. Эф 3, 19). Гэта Таямніца Уцелаўлёнага Слова, у якім «жыве ўся паўната Боства цялесна» (Клс 2, 9). Таму Катэхізіс Каталіцкага Касцёла надае такое вялікае значэнне таямніцы Хрыста, прыгадваючы, што «ўсё ў жыцці Езуса [...] - гэта знак Яго таямніцы»30. Гэтае «Duc in altum» Касцёла ў трэцім тысячагоддзі вымяраецца здольнасцю хрысціянаў да «больш дасканалага пазнання таямніцы Бога - гэта значыць Хрыста, у якім усе скарбы мудрасці і ведання схаваны» (Клс 2, 3). Да кожнага ахрышчанага скіравана гарачае пажаданне з Паслання Паўла да Эфесцаў: «Каб Хрыстус пасяліўся праз веру ў вашых сэрцах, каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, [...] здолелі пазнаць любоў Хрыстову, што вышэй за разуменне, каб вам напоўніцца ўсёю паўнатою Божаю» (3, 17-19). Ружанец становіцца на службу гэтаму ідэалу, выяўляючы «сакрэт», як можна лягчэй адкрыцца на глыбокае, захапляльнае пазнанне Хрыста. Мы маглі б назваць гэта дарогаю Марыі. Гэта дарога прыкладу Панны з Назарэту, Жанчыны веры, маўчання і слухання. Разам з тым - гэта дарога марыйнай пабожнасці, якую ажыўляе ўсведамленне непарыўнай сувязі, што яднае Хрыста і Яго Найсвяцейшую Маці: Таямніцы Хрыста з'яўляюцца ў пэўным сэнсе таямніцамі Марыі, нават тады, калі Яна не звязана з імі непасрэдна, праз сам факт, што Яна жыве Ім і для Яго. Паўтараючы ў «Вітай, Марыя» словы Анёла Габрыэля і св. Альжбеты, мы адчуваем натхненне, каб пастаянна нанова шукаць у Марыі, у Яе абдымках і ў Яе Сэрцы «благаславёнага плоду Яе ўлоння» (пар. Лк 1, 42). Таямніца Хрыста - таямніца чалавека 25. У згаданым ужо сведчанні з 1978 года пра Ружанец як пра малітву, якую я вельмі палюбіў, я выказаў думку, да якой хачу вярнуцца. Тады я сказаў, што «гэта простая ружанцовая малітва пульсуе як бы людскім жыццём»31. У святле папярэдніх разважанняў пра таямніцы Хрыста няцяжка паглыбіць гэты антрапалагічны падтэкст Ружанца. Гэты падтэкст больш глыбокі, чым здаецца на першы погляд. Хто кантэмплюе Хрыста, разважаючы над этапамі Яго жыцця, той павінен спасцігнуць у Ім таксама «праўду пра чалавека». Гэта вельмі важнае сцвярджэнне ІІ Ватыканскага Сабору, якое, пачынаючы ад энцыклікі Redemptor hominis, не раз станавілася прадметам майго навучання: «Таямніца чалавека па-сапраўднаму тлумачыцца толькі ў таямніцы Уцелаўлёнага Слова»32. Ружанец дапамагае адкрыцца на гэтае святло. Ідучы дарогаю Хрыста, у якім дарога чалавека «падсумавана»33, адкрыта і адкуплена, веруючы становіцца перад вобразам сапраўднага чалавека. Кантэмплюючы Яго нараджэнне, вучыцца святасці жыцця, гледзячы на дом у Назарэце, пазнае першапачатковую праўду пра сям'ю паводле Боскага плану, слухаючы Настаўніка ў таямніцах публічнага жыцця, чэрпае святло, каб увайсці ў Валадарства Божае, а ідучы дарогаю на Кальварыю, вучыцца спасцігаць значэнне збаўчага цярпення. Урэшце, кантэмплюючы Хрыста і Яго Маці ў хвале, бачыць мэту, да якой кожны з нас пакліканы, калі дазволіць Духу Святому аздаравіць і перамяніць сябе. Такім чынам, можна сказаць, што кожная таямніца Ружанца, становячыся прадметам добрай медытацыі, пралівае святло на таямніцу чалавека. Разам з тым з'яўляецца чымсьці натуральным прыносіць на гэтае спатканне са святою чалавечнасцю Адкупіцеля шматлікія праблемы, страхі, цяжкасці і планы, якія характарызуюць нашае жыццё. «Скінь свой клопат на Пана, а Ён цябе падтрымае» (пар. Пс 55 [54], 23). Медытаваць з Ружанцам - гэта значыць давяраць нашы трывогі міласэрнаму Сэрцу Хрыста і Сэрцу Яго Маці. Праз дваццаць чатыры гады, разважаючы над выпрабаваннямі, якіх хапіла мне таксама пры выкананні Пятровай паслугі, я адчуваю, што павінен паўтарыць упэўненне, якое ёсць у пэўным сэнсе гарачым заклікам, скіраваным да ўсіх, каб асабіста гэта зведалі: так, Ружанец сапраўды «пульсуе людскім жыццём» дзеля таго, каб згарманізаваць яго з рытмам Божага жыцця ў радаснай камуніі Найсвяцейшай Тройцы, што ёсць прызначэннем і глыбокаю прагаю ўсяе нашае існасці.
Пераклад Крыстыны ЛЯЛЬКО.
|
Адноўлена 13.07.2009 17:17 |