Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
ЭНЦЫКЛІКА
CARITAS IN VERITATE
СВЯТОГА АЙЦА БЭНЭДЫКТА ХVІ

ДА БІСКУПАЎ, ПРЭЗБІТЭРАЎ І ДЫЯКАНАЎ
КАНСЭКРАВАНЫХ АСОБАЎ І ДА ЎСІХ СВЕЦКІХ ВЕРНІКАЎ

АБ ІНТЭГРАЛЬНЫМ ЧАЛАВЕЧЫМ РАЗВІЦЦІ
Ў ЛЮБОВІ І ПРАЎДЗЕ

(пераклад Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў
і афіцыйных дакументаў Касцёла
Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі)

 

 Уводзіны

1. ЛЮБОЎ У ПРАЎДЗЕ, якую засведчыў Езус Хрыстус сваім зямным жыццём і перадусім сваёй смерцю і ўваскрасеннем, з’яўляецца асноўнай вядучай сілай сапраўднага развіцця кожнай асобы i ўсяго чалавецтва. Любоў – «caritas» – гэта надзвычайная сіла, якая заахвочвае людзей адважна i ахвярна ўдзельнічаць у справе справядлівасці i спакою. Гэтая сіла бярэ свой пачатак у Богу – спрадвечнай Любові i абсалютнай Праўдзе. Кожны знаходзіць сваё дабро, калі той план, які Бог мае адносна яго, прымае, каб яго цалкам рэалізаваць, бо ў гэтым плане знаходзіць уласную праўду і, прымаючы яе, становіцца свабодным (пар. Ян 8, 22). Таму абарона праўды, прадстаўленне яе з пакорай i перакананнем, а таксама сведчанне аб ёй у жыцці з’яўляюцца патрабавальнымі i неад’емнымі формамі любові, бо яна «радуецца разам з праўдай» (1 Кар 13, 6). Усе людзі адчуваюць унутраны імпульс да праўдзівай любові: любоў і праўда ніколі цалкам не пакідаюць іх, бо з’яўляюцца пакліканнем, якое Бог запісаў у сэрца i розум кожнага чалавека. Езус Хрыстус ачышчае i вызваляе пошукі любові і праўды ад нашай людской абмежаванасці i адкрывае нам ва ўсёй паўнаце ініцыятыву любові i праект сапраўднага жыцця, падрыхтаваны для нас Богам. У Хрысце любоў у праўдзе становіцца Абліччам Яго Асобы, a для нас – пакліканнем любіць нашых братоў у праўдзе Ягонага плану, бо Ён сам ёсць Праўдай (пар. Ян 14, 6).

2. Любоў (caritas) – гэта галоўны шлях сацыяльнага вучэння Касцёла. Усялякая адказнасць i ўдзел, акрэсленыя гэтым вучэннем, жывяцца любоўю, якая згодна з навучаннем Езуса з’яўляецца сінтэзам усяго Закону (пар. Мц 22, 36-40). Яна змяшчае праўдзівы змест асабістых адносінаў з Богам i бліжнім; з’яўляецца не толькі прынцыпам мікраадносінаў: сяброўскіх сувязяў, сямейных, малой групы, але таксама макраадносінаў: грамадскіх, эканамічных i палітычных. Для Касцёла, сфарміраванага Евангеллем, любоў з’яўляецца ўсім, таму што, як кажа св. Ян (пар. 1 Ян 4, 8. 16) i як я нагадаў у маёй першай энцыкліцы «Бог ёсць любоў» (Deus caritas est): усё вынікае з Божай любові, праз яе ўсё набывае форму, да яе ўсё скіравана. Любоў – гэта найбольшы дар, які Бог перадаў людзям, гэта Яго абяцанне i наша надзея.

Я ведаю, што існуюць памылковыя шляхі, і любоў – як гэта бывала i надалей здараецца – пазбаўляецца сэнсу, а з гэтым звязана небяспека скажонага разумення любові, выключэння з яе этычнага зместу i, у кожным выпадку, складанасць у яе праўдзівай ацэнцы. У сацыяльных, юрыдычных, культурных, палітычных i эканамічных колах, г.зн. у кантэкстах, найбольш падуладных такому віду небяспекі, з лёгкасцю сцвярджаецца яе невялікае значэнне ў інтэрпрэтацыі i кіраванні маральнай адказнасцю. Таму неабходна спалучаць любоў з праўдай не толькі ў напрамку, указаным св. Паўлам, «праўда ў любові» (Эф 4, 15), але таксама ў адваротным i камплементарным напрамку – «любоў у праўдзе». Праўду неабходна шукаць, знаходзіць яе i выражаць у «эканоміі» любові, а любоў у сваю чаргу трэба разумець, цаніць i жыць ёй у святле праўды. Такім чынам не толькі паслужым любові, асветленай праўдай, але прычынімся да ажыццяўлення праўды, паказваючы яе моц сведчання i пераканання ў канкрэтным грамадскім жыцці. Гэта мае значэнне і сёння, у грамадскім i культурным кантэксце, рэлятывісцкім адносна праўды, неахвотным да яе і пакідаючым яе без ўвагі.

3. Дзякуючы гэтай цеснай сувязі з праўдай любоў можна прызнаць сапраўдным праяўленнем чалавечнасці, а таксама галоўным элементам чалавечых адносінаў, таксама публічнага характару. Толькі ў праўдзе любоў яснее бляскам i можа праўдзіва перажывацца. Праўда з’яўляецца святлом, якое надае сэнс і вартасць любові. Гэтае святло ёсць святлом розуму і веры, дзякуючы якому розум прыходзіць да прыроднай і звышпрыроднай праўды любові: адкрывае сэнс яе дару, прыняцця і еднасці. Без праўды любоў заканчваецца сентыментальнасцю, становіцца пустой абалонкай, якую можна адвольна напоўніць. У культуры без праўды існуе небяспека скажэння любові. Яна становіцца ахвярай эмоцый і выпадковых меркаванняў адзінак, словам злоўжываным і перакручаным да таго, што набывае супрацьлеглае значэнне. Праўда вызваляе любоў ад вузкіх эмацыйных шляхоў, якія пазбаўляюць яе камунікатыўнага і грамадскага зместу, i ад фідэізму, які пазбаўляе яе чалавечага і універсальнага погляду. Любоў адлюстроўвае ў праўдзе асабісты і адначасова публічны характар веры ў біблійнага Бога, які адначасова ёсць «Agápe» i «Lógos»: Любоўю i Праўдай, Любоўю i Словам.

4. Паколькі любоў (caritas) напоўнена праўдай, чалавек можа зразумець багацце яе каштоўнасці, можа дзяліцца ёй i перадаваць яе. Бо праўда – гэта lógos, што стварае diálogos, a значыць камунікацыю i еднасць. Праўда, дазваляючы людзям выйсці з кола суб’ектыўных меркаванняў i адчуванняў, дае ім магчымасць пераадолець культурныя і гістарычныя абумоўленасці, а таксама сустрэцца ў ацэнцы каштоўнасцяў i сутнасці рэчаў. Праўда адкрывае i яднае розумы ў lógos любові: гэта хрысціянскае абвяшчэнне i сведчанне любові. У дадзеным грамадскім і культурным кантэксце, у якім распаўсюджана тэндэнцыя да рэлятывізацыі праўды, перажыванне любові ў праўдзе вядзе да разумення, што выбар хрысціянскіх каштоўнасцяў з’яўляецца справай не толькі карыснай, але неабходнай для будавання добрага грамадства, а таксама для сапраўднага і інтэгральнага чалавечага развіцця. Хрысціянства любові без праўды можна лёгка ператварыць у сховішча добрых пачуццяў, карысных у грамадскім суіснаванні, але другасных. Такім чынам не было б ужо праўдзівага і адпаведнага месца для Бога ў свеце.  Любоў, пазбаўленая праўды, зводзіцца да вузкага асяроддзя, пазбаўленага зносінаў з іншым чалавекам. Яна выключана з праектаў i працэсаў будавання, у дыялогу ведаў i чынаў, універсальнага чалавечага развіцця.

5. Caritas – гэта любоў прынятая i падараваная. Гэта «ласка» (cháris). Яе крыніцай з’яўляецца крыштальная любоў Айца да Сына, у Духу Святым. Гэта любоў, якая з Сына сплывае на нас. Гэта любоў творчая, дзякуючы якой мы існуём; гэта любоў адкупленчая, дзякуючы якой мы з’яўляемся новым стварэннем. Гэта любоў аб’яўленая i рэалізаваная Хрыстом (пар. Ян 13, 1), якая «вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога» (Рым 5, 5). Людзі, як адрасаты Божай любові, сталі суб’ектамі любові i пакліканы стаць прыладамі ласкі дзеля пашырэння Божай любові i стварэння повязяў любові.

На гэтую дынаміку любові, прынятай і падараванай, адказвае сацыяльнае вучэнне Касцёла. Яно з’яўляецца «caritas in veritate in re sociali»: абвяшчэннем праўды любові Хрыста ў грамадстве. Гэтае вучэнне ёсць паслугай любові, але ў праўдзе. Праўда захоўвае i выражае вызваленчую моц любові ў штораз новых падзеях гісторыі. З’яўляецца адначасова, у адрозненні i еднасці дзвюх сфер пазнання, праўдай веры i розуму. Гэтай праўды патрабуюць развіццё, грамадскі дабрабыт i адпаведнае вырашэнне сур’ёзных грамадска-эканамічных праблем, якія непакояць чалавецтва. Яшчэ больш яны патрабуюць, каб гэтую праўду любілі i аб ёй сведчылі. Без праўды, даверу і любові да праўды няма грамадскай свядомасці i адказнасці, а грамадская дзейнасць становіцца залежнай ад прыватных інтарэсаў i логікі ўлады, што вядзе да падзелу грамадства, і тым больш грамадства, якое імкнецца да глабалізацыі ў такія цяжкія моманты, як сёння.

6. «Caritas in veritate» – гэта прынцып, вакол якога канцэнтруецца сацыяльнае вучэнне Касцёла. Гэты прынцып знаходзіць форму дзеяння ў арыентацыйных крытэрыях маральнага чыну. Асабліва хачу звярнуць увагу на два з іх, якія адмыслова звязаны з удзелам на карысць развіцця ў грамадстве, якое імкнецца да глабалізацыі: на справядлівасць i агульнае дабро.

Найперш справядлівасць. Ubi societas, ibi ius: кожнае грамадства выпрацоўвае ўласную сістэму вымярэння справядлівасці. Любоў пераўзыходзіць справядлівасць, бо любіць – гэта значыць дарыць, ахвяроўваць штосьці маё іншаму; але ніколі няма любові без справядлівасці, якая схіляе даць іншаму тое, што з’яўляецца ягоным, што яму належыць з той прычыны, што ён існуе і дзейнічае. Не магу іншаму «падараваць» штосьці з сябе, калі не дам яму ў першую чаргу тое, што яму належыць па справядлівасці. Хто любіць іншых, той перадусім справядлівы ў адносінах да іх. Справядлівасць не толькі не з’яўляецца чужой для любові, гэта не толькі не альтэрнатыўная ці паралельная любові дарога: справядлівасць непадзельна звязана з любоўю1, яна спадарожнічае ёй. Справядлівасць – гэта першы шлях любові, як сказаў Павел VI, гэта яе «найменшая мера»2, яна з’яўляецца інтэгральнай часткай любові «ўчынкам і праўдаю» (1 Ян 3, 18), да якой заахвочвае апостал Ян. З аднаго боку, любоў патрабуе справядлівасці: прызнання i шанавання слушных правоў кожнай асобы i кожнага народу. Яна распачынае будаванне горада чалавека згодна з законам i справядлівасцю. З другога боку, любоў пераўзыходзіць справядлівасць i дапаўняе яе згодна з логікай дару i прабачэння3. Горад чалавека не вырастае дзякуючы толькі суаднясенню з правамі і абавязкамі, але яшчэ больш i ў першую чаргу дзякуючы адносінам бескарыслівасці, міласэрнасці i еднасці. Любоў заўсёды паказвае ў чалавечых адносінах Божую любоў, надаючы тэалагальную і збаўчую каштоўнасць усялякім справам справядлівасці ў свеце.

7. Трэба таксама асабліва мець на ўвазе агульнае дабро. Любіць кагосьці – значыць жадаць для яго дабра i плённа дзейнічаць з гэтай мэтай. Побач з індывідуальным дабром існуе дабро, звязанае з грамадскім суіснаваннем асобаў: агульнае дабро. Гэта дабро такога «мы-усе», што складаецца з канкрэтных асобаў, сем’яў і прамежкавых груп, якія яднаюцца ў грамадскую супольнасць4. Гэта не дабро, якое шукаецца дзеля яго самога, але з увагі на асобы, якія належаць да грамадскай супольнасці i якія толькі ў ёй могуць па-сапраўднаму i плённа атрымаць сваё дабро. Імкненне да агульнага дабра i спрыянне яму з’яўляецца патрабаваннем справядлівасці i любові. Дзейнасць на карысць агульнага дабра азначае, з аднаго боку, клопат, a з другога – карыстанне сукупнасцю інстытуцый, якія з юрыдычнага, грамадзянскага, палітычнага і культурнага пункту бачання ствараюць структуру грамадскага жыцця, якое такім чынам набывае форму pólis, горада. Чым больш плённа любім бліжняга, тым больш клапоцімся пра агульнае дабро, якое адпавядае таксама яго сапраўдным патрэбам. Кожны хрысціянін пакліканы да такой любові паводле свайго паклікання і магчымасцяў уздзеяння ў pólis. Вось інстытуцыйны – можам таксама сказаць палітычны – шлях любові, не менш прыдатны i выразны за любоў, якая непасрэдна датычыць бліжняга, па-за інстытуцыйнымі пасярэдніцтвамі ў межах pólis. Калі любоў ажыўляе дзейнасць на карысць агульнага дабра, то такая дзейнасць мае большую каштоўнасць, чым толькі свецкую ці палітычную. Як кожная дзейнасць на карысць справядлівасці, яна ўліваецца ў сведчанне Божай любові, якое дзеяннем у часе рыхтуе вечнасць. Калі дзейнасць чалавека на зямлі чэрпае натхненне i падтрымку ў любові, яна прычыняецца да будавання паўсюднага Божага горада, да якога ідзе гісторыя чалавечай сям’і. У грамадстве, якое знаходзіцца на шляху глабалізацыі, агульнае дабро i дзеянне на яго карысць павінны мець агульначалавечы характар, гэта значыць, датычыць супольнасці плямёнаў i народаў5, каб надаць кшталт еднасці i спакою гораду чалавека, робячы яго ў пэўнай ступені прадвесцем Божага горада без межаў.

8. Выдаючы ў 1967 г. энцыкліку Populorum progressio, мой шаноўны папярэднік Павел VI растлумачыў у бляску праўды i ў святле Хрыстовай любові вялікую тэму развіцця народаў. Ён сцвердзіў, што абвяшчэнне Хрыста – гэта першы і асноўны элемент развіцця6, i пакінуў нам заданне ісці шляхам развіцця ўсім нашым сэрцам i розумам7, гэта значыць з запалам любові i з мудрасцю праўды. Гэтая першасная праўда Божай любові, дадзеная нам ласка, адкрывае нашае жыццё на дар i дае надзею на «развіццё ўсяго чалавека i ўсіх людзей»8, на пераход «з менш чалавечых умоў жыцця да ўмоў больш годных чалавека»9, рэалізаваных пасля пераадолення цяжкасцяў, якія неад’емна сустракаем на шляху.

Больш за сорак гадоў з моманту выдання энцыклікі хачу ўшанаваць памяць вялікага папы Паўла VI, працягваючы яго навучанне пра інтэгральнае чалавечае развіццё i ідучы шляхам, які вызначаны гэтым навучаннем, каб цяпер зрабіць яго актуальным. Гэты працэс актуалізацыі распачаўся з энцыклікі Sollicitudo rei socialis, якой Слуга Божы Ян Павел II хацеў увекавечыць выданне Populorum progressio з нагоды яе дваццацігоддзя. Да таго часу такі ўспамін мела толькі Rerum novarum. Пасля больш дваццаці гадоў выказваю сваё перакананне, што Populorum progressio заслугоўвае на тое, каб лічыць яе «Rerum novarum сучаснай эпохі», якая асвятляе шлях чалавецтва да з’яднання.

9. Любоў у праўдзе – caritas in veritate – гэта вялікае заданне для Касцёла ў свеце глабалізацыі, якая развіваецца і пашыраецца. Небяспека для нашага часу заключаецца ў тым, што фактычнай узаемазалежнасці паміж людзьмі і народамі не адпавядае этычнае садзеянне сумленняў i розумаў, вынікам якога магло б быць сапраўднае чалавечае развіццё. Толькі дзякуючы любові, асветленай святлом розуму i веры, можна дасягнуць больш чалавечых і гуманістычных мэтаў развіцця. Падзел дабротаў i рэсурсаў, якія з’яўляюцца крыніцаю сапраўднага развіцця, не забяспечваецца толькі тэхнічным прагрэсам i выключна карыслівымі адносінамі, але патэнцыялам любові, які перамагае зло дабром (пар. Рым 12, 21) i адкрывае на ўзаемнасць сумленняў i свабоды.

Касцёл не прапаноўвае тэхнічных вырашэнняў10 i «далёкі ад умяшальніцтва ў кіраванне дзяржавамі»11. Аднак, у кожным часе i ў розных акалічнасцях павінен выконваць місію праўды дзеля грамадства паводле меры чалавека, яго годнасці і паклікання. Без праўды чалавек асуджае сябе на эмпірычнае i скептычнае бачанне жыцця, няздольнае ўзняцца па-над praxis, бо яно не зацікаўлена тым, каб заўважаць каштоўнасці – а часам нават значэнні – дзякуючы якім магло б ацэньваць і накіроўваць яе. Вернасць чалавеку патрабуе вернасці праўдзе, бо толькі яна гарантуе свабоду (пар. Ян 8, 32) i магчымасць інтэгральнага чалавечага развіцця. Таму Касцёл яе шукае, нястомна абвяшчае i прызнае, дзе б яна не з’яўлялася. Ад гэтай місіі праўды Касцёл не можа адмовіцца. Яго сацыяльнае вучэнне – адмысловы элемент гэтага абвяшчэння: яно з’яўляецца служэннем праўдзе, якая вызваляе. Сацыяльнае вучэнне Касцёла, якое адкрыта на праўду і паходзіць з розных крыніц ведаў, прымае яе, аб’ядноўвае ў адно фрагменты, у якіх часта яе знаходзіць, i становіцца яе пасрэднікам у заўсёды новым грамадскім жыцці людзей і народаў12.

 

 
РАЗДЗЕЛ I

ПАСЛАННЕ POPULORUM PROGRESSIO

10. Паўторнае прачытанне Populorum progressio, пасля больш сарака гадоў з моманту яе выдання, заахвочвае да захавання вернасці яе пасланню любові i праўды, разважаючы пра іх у кантэксце адмысловага навучання Паўла VI, a больш шырока ў межах традыцыі сацыяльнага вучэння Касцёла. Трэба затым ацаніць розныя паняцці, у якіх – у адрозненні ад таго перыяду – паўстае праблема развіцця. Такім чынам, правільным пунктам погляду ёсць Традыцыя апостальскай веры13, якая з’яўляецца старажытнай і новай спадчынай, без якой Populorum progressio была б дакументам, пазбаўленым каранёў, a пытанні развіцця зводзіліся б толькі да сацыялагічных дадзеных.

11. Выданне Populorum progressio адбылося непасрэдна пасля заканчэння Другога Ватыканскага Сабору. Сама энцыкліка ў першых параграфах адзначае сваю цесную сувязь з Саборам14. Са свайго боку, праз дваццаць гадоў Ян Павел II падкрэсліваў у Sollicitudo rei socialis15 плённую сувязь той энцыклікі з Саборам, a асабліва з Пастырскай канстытуцыяй Gaudium et spes. Я таксама хачу нагадаць тут важную ролю Другога Ватыканскага Сабору для энцыклікі Яна Паўла II і для наступнага сацыяльнага навучання Найвышэйшых Пантыфікаў. Сабор паглыбіў тое, што спрадвеку належыць праўдзе веры, г.зн. што Касцёл, служачы Богу, трывае ў служэнні свету ў катэгорыях любові i праўды. З гэтага меркавання зыходзіў Павел VI, перадаючы нам дзве вялікія праўды. Першая з іх – гэта тое, што Касцёл ва ўсёй сваёй сутнасці і дзеянні, калі абвяшчае, цэлебруе i дзейнічае ў любові, мае на мэце прамоцыю інтэгральнага развіцця чалавека. Касцёл, калі можа карыстацца свабодай, выконвае публічную ролю, якая не абмяжоўваецца яго апякунчай або адукацыйнай дзейнасцю, але выяўляе сваю энэргію ў служэнні прамоцыі чалавека i паўсюднага братэрства. У многіх выпадках гэтай свабодзе перашкаджаюць забароны i пераслед, а таксама яе абмежаванне, калі публічная прысутнасць Касцёла зводзіцца толькі да яго дабрачыннай дзейнасці. Другой праўдай з’яўляецца тое, што сапраўднае развіццё чалавека датычыць усёй яго асобы ва ўсіх яе вымярэннях16. Без перспектывы вечнага жыцця чалавечы прагрэс у гэтым свеце пазбаўлены дыхання. Замкнёны ў межах гісторыі ён падвержаны небяспецы, што будзе зведзены толькі да таго, каб штораз больш мець. Так чалавецтва губляе адвагу з гатоўнасцю прыняць найвышэйшыя даброты, вялікія i бескарыслівыя ініцыятывы, што вынікаюць з паўсюднай любові. Чалавек не развіваецца дзякуючы сваім сілам, нельга таксама яму проста звонку перадаць развіццё. На працягу гісторыі часта лічылі, што дастаткова стварыць інстытуцыі, якія б гарантавалі чалавецтву захаванне права на развіццё. На жаль, дарэмна спадзяваліся на гэтыя інстытуцыі, якія быццам бы маглі аўтаматычна дасягнуць доўгачаканай мэты. На самай справе інстытуцый недастаткова, бо інтэгральнае чалавечае развіццё з’яўляецца перадусім пакліканнем, a таму звязана са свабодным і салідарным прыняццем усімі адказнасці. Больш за тое, такое развіццё патрабуе трансцэндэнтнага бачання сям’і, патрабуе Бога: без Яго развіццё або аспрэчваецца, або даручаецца толькі ў рукі чалавека, які ганарліва думае пра самазбаўленне i, нарэшце, прапагандуе развіццё, пазбаўленае чалавечнасці. З другога боку, толькі сустрэча з Богам дазваляе не «бачыць у іншым чалавеку толькі іншага»17, але дазваляе распазнаць у ім Божы вобраз і так дайсці да праўдзівага адкрыцця іншага чалавека i да сталай любові, якая «ператвараецца ў клопат і служэнне іншаму чалавеку»18.

12. Сувязь Populorum progressio з Другім Ватыканскім Саборам не з’яўляецца цэзурай паміж сацыяльным вучэннем Паўла VI і навучаннем папярэдніх Пантыфікаў, бо Сабор паглыбляе гэтае навучанне на працягу жыцця Касцёла19. У гэтым сэнсе не дапамагаюць у выясненні пэўныя абстрактныя падзелы ў межах сацыяльнага вучэння Касцёла, якія прыпісваюць папскаму сацыяльнаму навучанню чужыя яму катэгорыі. Няма дзвюх адрозных паміж сабою тыпалогій сацыяльнага вучэння, дасаборнага i паслясаборнага, але ёсць адно вучэнне, цэласнае i адначасова заўсёды новае20. Таму слушна падкрэсліваецца асаблівы характар адной і другой энцыклікі, навучання таго ці іншага Пантыфіка, аднак нельга забываць пра адзінства ўсяго дактрынальнага корпуса21. Адзінства не азначае замкнёнасці ў нейкай сістэме, але пераважна дынамічную вернасць атрыманаму святлу. Новыя праблемы, якія няспынна ўзнікаюць, сацыяльнае вучэнне Касцёла разглядае ў нязменным святле22. Гэта ахоўвае як пастаянны, так i гістарычны характар гэтай дактрынальнай «спадчыны»23, якая са сваімі адмысловымі рысамі ўтварае частку заўсёды жывой Традыцыі Касцёла24. Сацыяльнае вучэнне пабудавана на фундаменце, пераказаным Апосталамі Айцам Касцёла, a затым прынятым i паглыбленым вялікімі хрысціянскімі Доктарамі. Канчаткова гэтае вучэнне скіравана да новага Чалавека, да апошняга Адама, жыватворнага духа (пар. 1 Кар 15, 45), які з’яўляецца падставай любові, што «ніколі не мінае» (1 Кар 13, 8). Сведчаць аб ёй святыя i ўсе, хто аддаў жыццё за Хрыста Збаўцу дзеля справядлівасці i спакою. У ёй выяўляецца прароцкае заданне Пантыфікаў па-апостальску кіраваць Хрыстовым Касцёлам i распазнаваць новыя патрабаванні евангелізацыі. З гэтых прычын энцыкліка Populorum progressio уліваецца ў вялікую плынь Традыцыі, здольнай прамовіць сёння таксама да нас.

13. Акрамя сваёй важнай сувязі з усім сацыяльным вучэннем Касцёла энцыкліка Populorum progressio цесна з’яднана з усім навучаннем Паўла VI, асабліва сацыяльным. Канешне, яго навучанне мела вялікае значэнне: ён пацвердзіў неад’емную ролю Евангелля ў будаванні грамадства на прынцыпах свабоды i справядлівасці, у ідэальнай i гістарычнай перспектыве цывілізацыі, ажыўленай любоўю. Павел VI выразна зразумеў, што сацыяльнае пытанне стала сусветным пытаннем25, i ўхапіў узаемную сувязь паміж імкненнем да з’яднання чалавецтва i хрысціянскім ідэалам адзінай сям’і народаў, салідарнай у супольным братэрстве. У зразуметым па-чалавечы i па-хрысціянску развіцці ён акрэсліў сэрца хрысціянскага сацыяльнага паслання i прапанаваў хрысціянскую любоў як асноўную сілу развіцця. Павел VI, кіруючыся жаданнем паказаць сучаснаму чалавеку ва ўсёй паўнаце любоў Хрыста, адважна выходзіў насустрач сацыяльным пытанням, не паддаючыся культурным абмежаванням свайго часу.

14. Затым у апостальскім лісце Octogesima adveniens 1971 г. Павел VI узняў тэму сэнсу палітыкі, а таксама небяспечнасць утапічных i ідэалагічных поглядаў, якія прадвырашаюць яе этычную і чалавечую каштоўнасць. Маюцца на ўвазе аргументы, непасрэдна звязаныя з развіццём. На жаль, негатыўныя ідэалогіі надалей памнажаюцца. Павел VI ужо асцерагаў перад тэхнакратычнай ідэалогіяй26, асабліва моцнай сёння, усведамляючы вялікую небяспеку даручэння ўсяго працэсу развіцця толькі тэхніцы, бо ў выніку гэтага ён застаўся б без арыентацыі. Тэхніка, зразуметая сама ў сабе, двузначная. Калі, з аднаго боку, сёння ёсць людзі, якія выказваюцца за поўнае даручэнне ёй згаданага працэсу, з другога боку, мы з’яўляемся сведкамі паўстання ідэалогій, якія адмаўляюць in toto карысць развіцця, якое радыкальна лічыцца нечалавечым i вядзе толькі да дэградацыі. Такім чынам прыходзім да асуджэння не толькі памылковага i несправядлівага спосабу, якім людзі часам надаюць кірунак развіццю, але таксама саміх навуковых адкрыццяў, якія – пры добрым выкарыстанні – ствараюць для ўсіх магчымасць росту. Ідэя свету без развіцця выражае недавер да чалавека і да Бога. Таму сур’ёзнай памылкай з’яўляецца пагарда чалавечымі здольнасцямі ў кантраляванні няправільнага развіцця або нават ігнараванне той праўды, што чалавек па сваёй сутнасці скіраваны да таго, каб «быць больш». Ідэалагічная абсалютызацыя тэхнічнага развіцця або распаўсюджванне з прыхільнасцю утопіі чалавецтва, якое вяртаецца да першаснага стану прыроды, – гэта два супрацьлеглыя спосабы аддзялення развіцця ад яго маральнай ацэнкі, a значыць ад нашай адказнасці.

15. Два іншыя дакументы Паўла VI, не звязаныя цесна з сацыяльным вучэннем – энцыкліка Humanae vitae ад 25 ліпеня 1968 года, а таксама апостальская адгартацыя Evangelii nuntiandi ад 8 снежня 1975 года – вельмі важныя для поўнага прадстаўлення чалавечага сэнсу развіцця, прапанаванага Касцёлам. Таму пажаданым з’яўляецца вывучэнне таксама гэтых тэкстаў у суаднясенні з Populorum progressio.

Энцыкліка Humanae vitae падкрэслівае адначасова яднальнае і пракрэацыйнае значэнне сэксуальнасці, ставячы такім чынам за аснову грамадства сужэнскую пару, мужчыну і жанчыну, якія ўзаемна прымаюць сябе ў сваёй непаўторнасці i камплементарнасці; a значыць пару, адкрытую на жыццё27. Не маецца на ўвазе выключна індывідуальная маральнасць: Humanae vitae указвае на моцную сувязь паміж этыкай жыцця i грамадскай этыкай, распачынаючы тэму настаўніцтва, якая паступова замацавалася ў форме розных дакументаў, а ў апошні час – у энцыкліцы Evangelium vitae Яна Паўла II28. Касцёл настойліва паказвае гэтую сувязь этыкі жыцця i сацыяльнай этыкі, усведамляючы, што «не можа мець важкіх асноў тое грамадства, якое (хоць і выступае за такія каштоўнасці як годнасць асобы, справядлівасць і мір) радыкальна супярэчыць самому сабе, прымаючы і дапускаючы разнастайныя формы прыніжэння і парушэння людскога жыцця, асабліва людзей слабых і адрынутых на абочыну гэтага жыцця»29.

Са свайго боку апостальская адгартацыя Evangelii nuntiandi глыбока датычыць развіцця, бо – як пісаў Павел VI – «евангелізацыя не будзе поўнай без уліку суаднясення, якое пастаянна ўзнікае паміж Евангеллем і канкрэтным, асабістым i грамадскім, жыццём чалавека»30. «Паміж евангелізацыяй i чалавечай прамоцыяй, г.зн. развіццём i вызваленнем, існуе глыбокая сувязь»31: кіруючыся такім разуменнем, Павел VI выразна паказаў сувязь паміж абвяшчэннем Хрыста i прамоцыяй асобы ў грамадстве. Сведчанне аб Хрыстовай любові справамі справядлівасці, спакою i развіцця належыць евангелізацыі, бо Езус Хрыстус, які нас любіць, клапоціцца пра ўсяго чалавека. На гэтым важным навучанні абапіраецца місійны аспект32 сацыяльнага вучэння Касцёла як істотны элемент евангелізацыі33. Сацыяльнае вучэнне Касцёла – гэта абвяшчэнне i сведчанне веры. Гэта прылада i неад’емнае месца выхавання да яе.

16. У Populorum progressio Павел VI хацеў найперш сказаць нам, што развіццё ў сваіх вытоках i ў сваёй сутнасці з’яўляецца пакліканнем: «Паводле Божага плану кожны чалавек пакліканы да развіцця, бо жыццё кожнага чалавека – гэта пакліканне»34. Менавіта гэта дае Касцёлу паўнамоцтвы выступаць у сферы праблематыкі развіцця. Калі б яно датычыла толькі аспектаў тэхнічнага жыцця чалавека, a не сэнсу яго вандравання праз гісторыю разам са сваімі братамі i вызначэння мэты гэтай вандроўкі, Касцёл не меў бы права гаварыць пра гэта. Падобна як раней Леў XIII у Rerum novarum35, Павел VI разумеў, што выконвае абавязак, звязаны са сваёй паслугай, разглядаючы ў святле Евангелля грамадскія пытанні свайго часу36.

Сказаць, што развіццё з’яўляецца пакліканнем, азначае прызнаць, з аднаго боку, што крыніцай яго ёсць трансцэндэнтны заклік, а з другога, што сам па сабе ён не здольны вызначаць для сябе канчатковы сэнс. Не беспадстаўна слова «пакліканне» з’яўляецца ў іншым фрагменце энцыклікі, дзе знаходзім сцвярджэнне: «Сапраўдны гуманізм толькі той, які скіраваны да Абсалюту, прызнаючы пакліканне, якое дае сапраўдную ідэю чалавечага жыцця»37. Такі погляд на развіццё ёсць сэрцам populorum progressio i матывуе ўсе разважанні Паўла VI на тэму свабоды, праўды i любові (caritas) у сферы развіцця. Ён з’яўляецца таксама падставаю, дзякуючы якой энцыкліка надалей застаецца актуальнай у наш час.

17. Пакліканне – гэта заклік, які патрабуе свабоднага i адказнага адказу. Інтэгральнае чалавечае развіццё прадугледжвае адказную свабоду асобы i народаў: ніводная структура не можа гарантаваць такога развіцця незалежна ад чалавечай адказнасці i па-над ёй. «Месіянізмы, поўныя абяцанняў, але фабрыкуючыя ілюзіі»38, заўсёды будуюць свае прапановы на адмаўленні трансцэндэнтнага характару развіцця, будучы ўпэўненымі, што цалкам ім распараджаюцца. Гэтая фальшывая ўпэўненасць змяняецца ў слабасць, бо вядзе да падпарадкавання сабе чалавека, зведзенага да сродка, што вядзе да развіцця, а пакора таго, хто прымае пакліканне, набывае паставу сапраўднай незалежнасці, бо чыніць асобу свабоднай. Павел VI упэўнены, што перашкоды i абумоўленасці стрымліваюць развіццё, а таксама перакананы, што «кожны, незалежна ад сілаў, якія ўплываюць на яго, застаецца галоўнай прычынай свайго поспеху або няўдачы»39. Гэтая свабода датычыць нашага развіцця і адначасова розных сітуацый адставання, якія не з’яўляюцца выпадковымі або гістарычна непазбежнымі, але залежаць ад чалавечай адказнасці. Таму «народы, якія галадаюць, узносяць сёння трагічны голас у бок народаў, якія тонуць у багацці»40. Гэта таксама пакліканне, заклік да супольнай адказнасці, скіраваны свабоднымі людзьмі да людзей свабодных. Павел VI жыва ўсведамляў важную ролю эканамічных структур і інстытуцый, але таксама выразна разумеў іх сутнасць як прылады чалавечай свабоды. Толькі свабоднае развіццё можа быць інтэгральна чалавечым; толькі ў асяроддзі адказнай свабоды ён можа належна ўзрастаць.

18. Акрамя свабоды, інтэгральнае чалавечае развіццё як пакліканне патрабуе таксама шанавання яго праўды. Пакліканне да развіцця схіляе людзей да «большай дзейнасці, умення i валодання, каб праз гэта больш быць»41. Але вось праблема: што азначае «больш быць»? Павел VI адказвае на гэта пытанне, указваючы на істотную рысу «сапраўднага развіцця»: «яно павінна быць інтэгральным, г.зн. павінна прычыняцца да развіцця кожнага чалавека i ўсяго чалавека»42. У спаборніцтве розных поглядаў на чалавека, прапанаваных сучаснаму грамадству, яшчэ больш, чым у часы Паўла VI, адметнасцю хрысціянскага погляду з’яўляецца пацвярджэнне i абгрунтаванне безумоўнай каштоўнасці чалавечай асобы і сэнсу яе ўзрастання. Хрысціянскае пакліканне да развіцця дапамагае ў імкненні прапагандаваць усіх людзей i ўсяго чалавека. Павел VI піша: «Для нас важны чалавек, кожны чалавек, кожная група людзей i, нарэшце, усё чалавецтва»43. Хрысціянская вера займаецца развіццём, не разлічваючы на прывілею або пазіцыю ўлады, а нават на заслугі хрысціянаў, якія жылі i жывуць сёння побач з натуральнымі абмежаваннямі44, але разлічваючы толькі на Хрыста, з якім суадносіцца кожнае сапраўднае пакліканне да інтэгральнага чалавечага развіцця. Евангелле – фундаментальны элемент развіцця, бо ў ім Хрыстус, «у самім аб’яўленні таямніцы Айца і Яго любові поўнасцю паказвае чалавека самому чалавеку»45. Касцёл, навучаны сваім Панам, даследуе знакі часу, інтэрпрэтуе іх i ахвяруе свету «тое, што яму аднаму ўласціва, a менавіта: універсальны погляд на чалавека i на ўсё чалавецтва»46. Менавіта таму, што Бог кажа чалавеку найбольшае «так»47, чалавек павінен адкрыцца на Божае пакліканне, каб рэалізаваць сваё развіццё. Праўда развіцця трывае ў яго інтэгральнасці: калі не ахоплівае ўсяго чалавека i кожнага чалавека, развіццё не з’яўляецца сапраўдным. Гэтае цэнтральнае пасланне Populorum progressio актуальнае сёння i заўсёды. Інтэгральнае чалавечае развіццё ў натуральнай сферы, адказ на пакліканне Бога Стварыцеля48 патрабуе ўласнай рэалізацыі ў «трансцэндэнтным гуманізме, які дае [чалавеку] найбольшую паўнату жыцця; гэта найвышэйшая мэта асабістага развіцця»49. Таму хрысціянскае пакліканне да такога развіцця датычыць як прыроднага, так i звышпрыроднага характару; «калі Бог ставіцца на дальні план, нашая здольнасць разпазнаваць натуральны парадак, мэту i „дабро” пачынае змяншацца»50.

19. І, нарэшце, погляд на развіццё як на пакліканне прадугледжвае ў ім галоўную ролю любові. Павел VI у энцыкліцы Populorum progressio заўважае, што прычыны адставання ў развіцці не з’яўляюцца ў першую чаргу матэрыяльнымі. Ён заахвочваў шукаць іх у іншых вымярэннях чалавека. Найперш у волі, якая часта занядбоўвае абавязкі салідарнасці. Па другое, у мысленні, якое не заўсёды можа добра кіраваць жаданнямі. Таму ў імкненні да развіцця неабходны «людзі, здольныя да глыбокіх разважанняў, якія шукаюць новага гуманізму, дзякуючы якому сучасны чалавек мог бы адшукаць самога сябе»51. Але гэта не ўсё. Адставанне ў развіцці мае яшчэ больш важную прычыну, чым недахопы ў мысленні: гэта «недахоп братэрства паміж людзьмі i паміж народамі»52. Ці людзі ўласнымі сіламі могуць дасягнуць гэтага братэрства? Грамадства, якое штораз больш глабалізуецца, збліжае нас, аднак не робіць братамі. Розум сам па сабе можа ўсвядоміць роўнасць паміж людзьмі i наладзіць грамадзянскае суіснаванне паміж імі, аднак не здольны ўстанавіць братэрства. Яно мае пачатак у трансцэндэнтным пакліканні Бога Айца, які першым палюбіў нас, навучаючы нас праз свайго Сына таму, чым з’яўляецца братняя любоў. Павел VI, прадстаўляючы розныя ўзроўні працэсу развіцця чалавека і падкрэсліваючы веру, ставіў на вяршыні «еднасць усіх у любові Хрыста, які нас заклікае, каб мы як сыны ўдзельнічалі ў жыцці жывога Бога, Айца ўсіх людзей»53.

20. Вышэйзгаданыя перспектывы, указаныя Populorum progressio, застаюцца асноўнымі для больш шырокага погляду i накіравання нашага ўдзелу на карысць развіцця народаў. Акрамя гэтага Populorum progressio шматразова падкрэслівае пільную патрэбу рэформ54 i заклікае, каб перад абліччам сур’ёзных праблем несправядлівасці ў развіцці народаў дзейнічаць мужна i безадкладна. Гэтая руплівасць вынікае таксама з любові ў праўдзе. Гэта любоў Хрыста ахоплівае нас: «Сaritas Christi urget nos» (2 Кар 5, 14). Ахопліванне ўпісана не толькі ў рэчы, не вынікае толькі з прыспешвання падзей i праблем, але таксама з самой мэты: ажыццяўлення сапраўднага братэрства. Значэнне гэтай мэты патрабуе ад нас адкрытасці, каб зразумець яе дарэшты, i канкрэтнай мабілізацыі «сэрца», каб пакіраваць актуальнымі эканамічнымі і грамадскімі працэсамі для атрымання цалкам чалавечых вынікаў.

 

 
РАЗДЗЕЛ II

ЧАЛАВЕЧАЕ РАЗВІЦЦЁ Ў НАШ ЧАС

21. Павел VI меў выразны погляд на развіццё. Праз паняцце «развіццё» хацеў указаць у якасці мэты вызваленне народаў найперш ад голаду, галечы, эндэмічных хвароб i непісьменнасці. З эканамічнага пункту гледжання гэта азначае іх актыўны ўдзел на аднолькавых умовах у міжнародным эканамічным працэсе; з грамадскага пункту гледжання гэта азначае іх эвалюцыю ў напрамку адукаваных і салідарных грамадстваў; з палітычнага пункту гледжання гэта азначае ўмацаванне дэмакратычнай улады, здольнай гарантаваць свабоду i спакой. Пасля столькіх гадоў, калі з трывогай назіраем за развіццём i перспектывамі крызісаў, якія памнажаюцца у гэты час, задаем сабе пытанне, у якой ступені чаканні Паўла VI спраўджвае мадэль развіцця, прынятая ў апошнія дзесяцігоддзі. Таму прызнаем, што абгрунтаваным быў непакой Касцёла ў тым, ці здольны выключна «тэхналагічны» чалавек паставіць перад сабой аб’ектыўныя мэты i адпаведна карыстацца прыладамі, якія знаходзяцца ў яго распараджэнні. Прыбытак з’яўляецца карысным, калі як сродак скіраваны да мэты, што надае яму сэнс у тым, як яго атрымаць і як выкарыстаць. Выключнасць прыбытку, калі быў неналежна атрыманы i калі яго канчатковай мэтай не з’яўляецца агульнае дабро, нараджае небяспеку знішчэння багацця i вядзе да беднасці. Эканамічнае развіццё, якога жадаў Павел VI, павінна было б прыносіць рэальны рост, які ахопліваў бы ўсіх i быў бы канкрэтна збалансаваны. Гэта праўда, што развіццё было i надалей застаецца станоўчым фактарам, які вызваліў з галечы міліярды асобаў i, нарэшце, прынёс многім краінам магчымасць стаць дзейснымі пратаганістамі міжнароднай палітыкі. Аднак трэба прызнаць, што тое самае эканамічнае развіццё было i надалей адзначаецца дэфармацыяй i драматычнымі праблемамі, яшчэ больш бачнымі ў сучаснай крызіснай сітуацыі. Яна ставіць нас непазбежна перад выбарам, што датычыць усё больш прызначэння чалавека, які зрэшты не можа пазбыцца сваёй прыроды. Тэхнічныя сілы, бачныя сёння, планетарныя ўзаемаадносіны, згубныя для рэальнай эканомікі вынікі дрэнна арганізаванай, а нават спекулятыўнай фінансавай дзейнасці, вялізныя міграцыйныя рухі, часта толькі правакацыйныя, a затым неўласцівае размеркаванне, празмернае выкарыстанне прыродных рэсурсаў схіляюць нас сёння да роздуму аб прымяненні неабходных сродкаў для вырашэння не толькі новых праблем у параўнанні з тымі, якім супрацьстаяў Павел VI, але таксама i найперш тых, якія маюць вырашальны ўплыў на дабро чалавецтва сёння i ў будучыні. Аспекты крызісу i яго пераадолення, a таксама будучага магчымага развіцця штораз больш звязаны паміж сабою, маюць узаемны ўплыў, патрабуюць новых высілкаў гарманічнага зразумення і новага гуманістычнага сінтэзу. Слушна непакоіць нас сённяшняя складаная i сур’ёзная эканамічная сітуацыя, але мы павінны рэальна, з даверам і надзеяй прыняць новую адказнасць, да якой нас заклікае сітуацыя свету, патрабуючы глыбокага культурнага абнаўлення i адкрыцця прынцыповых каштоўнасцяў, на якіх можна будаваць лепшае будучае. Крызіс абавязвае нас нанова паразважаць над нашым шляхам, прыняць новыя правілы i знайсці новыя формы ўдзелу, выкарыстоўваць станоўчы вопыт i адкідваць негатыўны. Такім чынам, крызіс дае магчымасць распазнаваць i рабіць новыя праекты. У гэтай перспектыве, больш поўнай надзеі чым адмовы, трэба супрацьстаяць сучасным цяжкасцям.

22. Сёння вобраз развіцця поліцэнтрычны. Ёсць шматлікія ўдзельнікі i прычыны як адставання ў развіцці, так і развіцця, а таксама розныя правіны i заслугі. Гэты факт павінен схіліць да вызвалення ад ідэалогій, якія часта штучна спрошчваюць рэчаіснасць, i да аб’ектыўнай ацэнкі чалавечага характару праблем. Мяжа падзелу паміж багатымі i беднымі краінамі не такая выразная, як у часы Populorum progressio, што ўжо падкрэсліваў Ян Павел II55. Павялічваецца сусветнае багацце, зразуметае глабальна, але ўзрастае няроўнасць. У багатых краінах бяднеюць новыя сацыяльныя катэгорыі, i нараджаюцца новыя формы беднасці. У найбольш бедных сферах некаторыя групы цешацца ў пэўнай ступені раскошным i спажывецкім звышразвіццём, якое непрымальна кантрастуе з працяглымі сітуацыямі нечалавечай галечы. Надалей трывае «скандал неверагодных няроўнасцяў»56. Карупцыя i беззаконне прысутнічаюць, на жаль, як у паводзінах эканамічных і палітычных суб’ектаў багатых краін, старых і новых, так і ў краінах бедных. Бывае, што чалавечыя правы працаўнікоў не захоўваюцца вялікімі міжнароднымі прадпрыемствамі, а таксама мясцовымі вытворчымі групамі ў розных краінах. Міжнародная дапамога часта ўдзялялася неадпаведна з прызначэннем з прычыны безадказнасці і сярод суб’ектаў-донараў, і сярод адрасатаў. Тую самую ступень адказнасці можам сустрэць сярод нематэрыяльных або культурных прычын развіцця i адставання ў развіцці. Маем справу з празмернымі формамі аховы ведаў з боку багатых краін праз празмерна жорсткае карыстанне правам інтэлектуальнай уласнасці, асабліва ў сферы здароўя. Адначасова ў некаторых бедных краінах надалей трываюць культурныя стандарты i нормы грамадскіх паводзінаў, якія запавольваюць працэс развіцця.

23. Сёння развіліся, хоць праблематычным i неаднародным чынам, многія абшары планеты, уваходзячы ў шэраг вялікіх моцаў, прызначаных адыграць важную ролю ў будучыні. Трэба аднак падкрэсліць, што толькі эканамічнага і тэхнічнага развіцця недастаткова. Неабходна, каб развіццё было перадусім сапраўдным і інтэгральным. Выйсце з эканамічнай адсталасці, само па сабе станоўчае, не вырашае складанай праблематыкі прамоцыі чалавека ні для краін-удзельніц гэтага працэсу, ні для краін ужо эканамічна развітых, ні для краін, якія застаюцца беднымі і акрамя даўнейшых форм эксплуатацыі могуць мець негатыўныя наступствы, крыніцай якіх з’яўляецца рост, што адзначаецца дэфармацыямі i адсутнасцю раўнавагі.

Пасля распаду эканамічных і палітычных сістэм у камуністычных краінах Усходняй Еўропы i гэтак званых супрацьлеглых блокаў, было б неабходным цалкам перагледзець развіццё. Аб гэтым прасіў Ян Павел II, які ў 1987 годзе ўказаў на існаванне гэтых блокаў як на адну з галоўных прычын спазнення ў развіцці57, паколькі палітыка прысвойвала рэсурсы эканомікі i культуры, а ідэалогія абмяжоўвала свабоду. У 1991 годзе, пасля падзей 1989 года, ён прасіў, каб распаду блокаў спадарожнічала таксама новае глабальнае праектаванне развіцця не толькі ў гэтых краінах, але таксама на захадзе і ў развіццёвых частках свету58. Гэта было здзейснена толькі часткова i надалей застаеца сапраўдным абавязкам, які трэба споўніць, магчыма, зрабіўшы неабходны выбар для пераадолення актуальных эканамічных праблем.

24. Свет, які Павел VI меў перад вачыма, – хоць працэс абагульнення значна ўжо пайшоў наперад, таму папа мог гаварыць пра сацыяльную праблему ў сусветным маштабе, – быў намнога менш інтэграваным за сённяшні. Эканамічная дзейнасць i палітычная функцыя ў значнай ступені мелі месца ў той самай сферы, а таму маглі быць узаемазалежнымі. Вытворчая дзейнасць у большасці вялася ў дзяржаўных межах, a фінансавыя інвестыцыі мелі пераважна абмежаванае поле дзеяння за мяжой, паколькі палітыка многіх краін магла яшчэ ўстанаўліваць прыярытэты эканомікі i пэўным чынам кіраваць працэсам дзякуючы прыладам, якімі яшчэ распараджалася. З гэтай прычыны Populorum progressio вызначала «публічнай уладзе»59 цэнтральнае, хоць і не выключнае заданне.

У нашую эпоху дзяржава знаходзіцца ў такой сітуацыі, што павінна супрацьстаяць абмежаванням, якія дыктуе яе незалежнасці новы міжнародны эканамічна-гандлёвы і фінансавы кантэкст, што адзначаецца таксама ўзрастаючай мабільнасцю фінансавых капіталаў, а таксама матэрыяльных i нематэрыяльных сродкаў вытворчасці. Гэты новы кантэкст змадыфікаваў палітычную ўладу дзяржаў.

Сёння, памятаючы таксама пра ўрок, які нам дае трываючы эканамічны крызіс, у якім публічныя ўлады дзяржаў непасрэдна ўдзельнічаюць дзеля выпраўлення памылак i дысфункцый, больш рэальнай здаецца паўторная ацэнка іх ролі i паўнамоцтваў, якія трэба мудра нанова перагледзець i ацаніць, каб таксама дзякуючы новым спосабам функцыянавання яны былі ў стане адказаць на заклікі сучаснага свету. Можна прадбачыць, што дзякуючы лепшай канкрэтызацыі ролі публічных улад будуць узмоцнены новыя формы ўдзелу ў нацыянальнай і міжнароднай палітыцы, якія зрэалізуюцца праз дзейнасць арганізацый, што функцыянуюць у грамадзянскай супольнасці; у гэтай сферы належала б жадаць сабе большай увагі i ўдзелу ў res publica з боку грамадзянаў.

25. З грамадскага пункту гледжання сістэмы абароны i апекі, існуючыя ўжо ў часы Паўла VI у многіх краінах, з цяжкасцю дасягаюць i могуць з яшчэ большай цяжкасцю дасягнуць у будучыні сапраўднай грамадскай справядлівасці ў значна змененым вобразе сілаў. Рынак, які стаў глабальным, з боку багатых дзяржаў спрыяў перадусім пошуку рэгіёнаў для перанясення таннай вытворчасці з мэтаю зніжэння кошту многіх дабротаў, большай стымуляцыі попыту i такім чынам паскарэння ступені росту, сканцэнтраванай на большым спажыванні для ўласнага ўнутранага рынку. У выніку рынак абудзіў новыя формы спаборніцтва паміж дзяржавамі з мэтаю прыцягвання вытворчых цэнтраў замежных фірм дзякуючы розным інструментам, сярод якіх льготныя падаткі i паслабленне юрыдычных норм у свеце працы. Гэтыя працэсы прывялі да рэдукцыі сферы сацыяльнага забеспячэння ўзамен за пошук большай канкурэнцыйнай карысці на глабальным рынку, ствараючы вялікую небяспеку для правоў працаўнікоў, для фундаментальных правоў чалавека, а таксама для салідарнасці, рэалізаванай у традыцыйных формах сацыяльнай дзяржавы. Сістэмы сацыяльнага страхавання могуць страціць здольнасць выконваць сваё заданне як у развіццёвых краінах, так і ў краінах даўно развітых, а таксама ў бедных краінах. Тут балансавая палітыка з памяншэннем выдаткаў на сацыяльныя патрэбы, якую часта таксама падтрымліваюць міжнародныя фінансавыя інстытуцыі, можа зрабіць грамадзянаў безабароннымі перад абліччам даўнейшых i новых пагрозаў; такога тыпу безабароннасць узрасла з прычыны адсутнасці эфектыўнай абароны з боку працоўных таварыстваў. Сукупнасць грамадскіх і эканамічных зменаў вядзе да таго, што прафсаюзам становіцца больш складана выконваць сваё заданне ў прадстаўленні інтарэсаў працаўнікоў таксама і таму, што ў выніку эканамічных выгадаў улады часта абмяжоўваюць свабоду прафсаюзаў або іх здольнасць да перамоў. Такім чынам традыцыйныя сеткі салідарнасці сустракаюцца з пераадоленнем узрастаючых перашкод. Таму сёння яшчэ больш чым раней трэба трымацца закліку сацыяльнага вучэння Касцёла, пачынаючы ад Rerum novarum60, каб узніклі таварыствы працаўнікоў для абароны ўласных правоў, даючы перадусім хуткі i празорлівы адказ на пільныя патрэбы з’яднання новых энэргій на міжнародным і мясцовым узроўні.

Працоўная мабільнасць разам з агульным аслабленнем юрыдычных норм была важнай падзеяй, не пазбаўленай станоўчых аспектаў, бо была здольнай абудзіць да стварэння новага багацця i абмену паміж рознымі культурамі. Аднак, калі няўпэненасць ва ўмовах працы як вынік працэсаў мабільнасці і аслаблення норм становіцца эндэмічнай, нараджаюцца формы псіхалагічнай няўпэненасці, цяжкасці ў будаванні ўласнай i сумеснай экзістэнцыі, уключна з сужэнствам. Вынікам гэтага сталі сітуацыі дэградацыі чалавека і, больш за тое, марнатраўства грамадскай энэргіі. У параўнанні з тым, што мела месца ў мінулым у прамысловым грамадстве, сёння беспрацоўе выклікае новыя аспекты пачуцця нязначнасці для эканомікі, а сённяшні крызіс можа толькі пагоршыць сітуацыю. Звальненне з працы на доўгі час або працяглая залежнасць ад публічнай ці прыватнай апекі парушаюць свабоду i крэатыўнасць асобы, а таксама яе сямейныя і грамадскія адносіны, выклікаючы вялікія пакуты псіхалагічнага і духоўнага характару. Хацеў бы ўсім нагадаць, асабліва кіраўнікам, якія ўдзельнічаюць у стварэнні новай формы эканамічнага і грамадскага ладу ў свеце, што першым капіталам, які трэба ўратаваць i ацаніць з’яўляецца чалавек, асоба, ва ўсёй сваёй паўнаце: «Чалавек — гэта творца, цэнтр і мэта ўсяго грамадска-эканамічнага жыцця»61.

26. У культурным вымярэнні, у параўнанні з эпохай Паўла VI, адрозненне становіцца яшчэ больш выразным. Тады культура была больш ясна акрэсленай i мела большыя магчымасці абараніцца ад спробаў культурнай гомагенізацыі. Сёння значна ўзраслі магчымасці ўзаемаўплыву культур, ствараючы новыя перспектывы інтэркультурнага дыялогу, які, каб быць плённым, павінен мець за пункт выйсця глыбокае разуменне адмысловай тоеснасці розных суразмоўцаў. Нельга забываць пра тое, што ўзрастаючая меркантылізацыя культурнага абмену сёння спрыяе падвойнай небяспецы. У першую чаргу заўважаецца прымаемы часта безкрытычна культурны эклектызм: культуры набліжаюцца проста да сябе i лічацца прынцыпова раўназначнымі i ўзаемазамяняльнымі. Гэта спрыяе паслухмянасці рэлятывізму, які не садзейнічае праўдзіваму міжкультурнаму дыялогу. У грамадскім сэнсе культурны рэлятывізм вядзе да таго, што культурныя групы набліжаюцца да сябе або суіснуюць, але асобна, без праўдзівага дылогу, a значыць без сапраўднай інтэграцыі. На другім месцы – супрацьлеглая небяспека, якая заключаецца ў нівеліраванні культур i уніфікацыі паводзінаў i стыляў жыцця. Такім чынам губляецца глыбокае значэнне культуры розных народаў, традыцыі розных плямёнаў, у межах якіх асоба становіцца перад асноўнымі пытаннямі экзістэнцыі62. І эклектызм, i культурнае нівеліраванне адзяляюць культуру ад чалавечай прыроды. Такім чынам культуры не могуць ужо знайсці сваёй меры ў прыродзе, якая іх пераўзыходзіць63, i, урэшце, зводзяць чалавека толькі да культурнага факту. Калі гэта мае месца, чалавецтва спазнае новыя небяспекі зняволення і маніпуляцыі.

27. У многіх бедных краінах трымаецца i пагражае паглыбленнем скрайная жыццёвая няўпэўненасць, як наступства нястачы ежы: голад паглынае яшчэ шмат ахвяраў сярод столькіх «лазараў», якім не дазваляецца, чаго патрабаваў Павел VI, каб яны селі пры стале багача64. Даць хлеб галодным (пар. Мц 25, 35. 37. 42) – гэта этычны імператыў для паўсюднага Касцёла, які адказвае на навучанне яго Заснавальніка, Пана Езуса, аб салідарнасці i ўменні дзяліцца. Больш за тое, ліквідацыя ў свеце голаду ў эпоху глабалізацыі з’яўляецца мэтаю, да якой трэба імкнуцца, каб уратаваць спакой і стабільнасць планеты. Голад вынікае не столькі з нястачы матэрыяльных рэсурсаў, колькі з недахопу грамадскіх рэсурсаў, сярод якіх найважнейшым з’яўляецца той, які мае інстытуцыйную прыроду. Гэта значыць, што не хапае структуры эканамічных інстытуцый, якія ў стане гарантаваць рэгулярны i адпаведны з пункту гледжання харчавання доступ да ежы i вады, і вырашаць пільныя сітуацыі, звязаныя з першымі патрэбамі і сапраўднымі прадуктовымі крызісамі, выкліканымі натуральнымі прычынамі або безадказнай унутранай і міжнароднай палітыкай. Праблемай няўпэўненасці, калі маецца на ўвазе забеспячэнне прадуктамі, трэба заняцца ў перспектыве доўгага перыяду, выключаючы яе структурныя прычыны i стымулюючы развіццё земляробства ў бедных краінах пры дапамозе інвестыцый у інфраструктуру вясковых абшараў, у сістэму арашэння, у транспарт, у арганізацыю рынкаў, у фармацыю i распаўсюджванне адпаведных тэхнік земляробства, г. зн. здольных лепш выкарыстаць чалавечыя, прыродныя і грамадска-эканамічныя рэсурсы, даступныя ў большасці на мясцовым узроўні, каб гарантаваць іх утрыманне на працягу доўгага перыяду. Усё гэта трэба рэалізаваць, уключаючы мясцовыя супольнасці ў выбар i рашэнні, якія датычаць выкарыстання зямлі, прыдатнай для апрацоўкі. Дзеля гэтага было б карысным улічваць новыя перспектывы правільнага выкарыстання традыцыйных і новых земляробчых тэхнік, зважаючы на тое, што пасля належнага спраўджвання яны былі прызнаныя адпаведнымі нормам аховы асяроддзя i інтарэсам найменш абароненага насельніцтва. Адначасова нельга занядбоўваць пытання справядлівай аграрнай рэформы ў краінах, якія знаходзяцца на шляху развіцця. Права на харчаванне i на ваду мае важную ролю ў здабыванні іншых правоў, пачынаючы ў першую чаргу з фундаментальнага права на жыццё. Таму неабходна, каб сталела салідарная свядомасць, якая лічыць харчаванне i доступ да вады паўсюдным правам усіх людскіх істот, якое не дапускае адрозненняў ці дыскрымінацыі65. Акрамя таго важна паказаць, якім чынам салідарны шлях развіцця бедных краін можа быць праектам пераадолення дадзенага глабальнага крызісу, у чым пераканаліся ў апошні час палітыкі i адказныя за міжнародныя інстытуцыі. Дапамога эканамічна бедным краінам планамі фінансавання, якія кіруюцца салідарнасцю, каб яны самі стараліся задаволіць патрэбы спажывецкіх дабротаў i развіцця сваіх грамадзянаў, не толькі можа прывесці да сапраўднага эканамічнага росту, але таксама можа спрыяць падтрымцы вытворчых здольнасцяў багатых краін, якія рызыкуюць тым, што іх закране крызіс.

28. Адным з найбольш відавочных аспектаў сённяшняга развіцця з’яўляецца важная роля тэмы шанавання жыцця, якую ніякім чынам нельга аддзяліць ад спраў, што датычаць развіцця народаў. Маецца на ўвазе аспект, які ў апошні час набывае штораз большае значэнне, абавязваючы нас пашыраць паняцці беднасці66 i адставання ў развіцці пытаннямі, звязанымі з прыняццем жыцця, асабліва там, дзе яно сустракаецца з рознымі перашкодамі.

Галеча не толькі выклікае яшчэ ў многіх рэгіёнах высокую ступень смяротнасці дзяцей, але таксама прычыняецца да таго, што ў розных частках свету практыкуецца дэмаграфічны кантроль з боку ўлады, якая часта прапагандуе кантрацэпцыю, a нават змушае да абортаў. У эканамічна больш развітых краінах заканадаўства, якое супярэчыць жыццю, вельмі распаўсюджана i ўжо абумовіла звычаі і практыкі, спрыяючы пашырэнню антынараджальнага менталітэту, які часта імкнецца пераказаць таксама іншым дзяржавам, быццам бы маецца на ўвазе культурнае развіццё.

Апроч гэтага некаторыя пазаўрадавыя арганізацыі актыўна ўдзельнічаюць у прапагандзе абортаў, часам рэкламуючы ва ўбогіх краінах практыку стэрылізацыі, таксама ў дачыненні жанчын, якія гэтага не разумеюць. Больш за тое, існуе абгрунтаванае падазрэнне, што часам дапамога на карысць развіцця звязана з пэўнай санітарнай палітыкай, якая імкнецца фактычна ўстанавіць моцны кантроль нараджальнасці. Абуджаюць непакой таксама заканадаўствы, якія дапускаюць эўтаназію, а таксама націск нацыянальных і міжнародных груп, якія патрабуюць яе юрыдычнага прызнання.

Прыняцце жыцця знаходзіцца ў цэнтры сапраўднага развіцця. Калі нейкае грамадства імкнецца да адмаўлення i знішчэння жыцця, яно не знаходзіць больш матываў i патрэбнай энэргіі да ўдзелу ў служэнні сапраўднаму дабру чалавека. Калі губляецца асабістая і грамадская ўражлівасць да прыняцця новага жыцця, іншыя формы прыняцця, карысныя для грамадскага жыцця, таксама становяцца бясплоднымі67. Прыняцце жыцця ўмацоўвае маральныя сілы i дае здольнасць да ўзаемадапамогі. Паглыбляючы паставу адкрытасці на жыццё, багатыя народы могуць лепш зразумець патрэбы бедных народаў, пазбегнуць выкарыстання вялізных эканамічных і інтэлектуальных рэсурсаў для заспакаення эгаістычных жаданняў сваіх грамадзянаў, і ў сваю чаргу падтрымліваць высакародныя чыны ў перспектыве маральна здаровай і салідарнай вытворчасці, у шанаванні фундаментальнага права кожнага народу i кожнай асобы на жыццё.

29. Ёсць яшчэ іншы аспект сённяшняга жыцця, вельмі цесна звязаны з развіццём: адмаўленне права на рэлігійную свабоду. Не маю на ўвазе толькі барацьбу i канфлікты, якія яшчэ прысутнічаюць у свеце з рэлігійных матываў, нават калі часам рэлігійная матывацыя толькі маскіруе іншую праўду, як прагу ўлады i багацця. Насамрэч, сёння часта забіваюць дзеля святога Божага імя, што шматразова падкрэсліваў i над чым смуткаваў мой папярэднік Ян Павел II і я таксама68. Насілле стрымлівае сапраўднае развіццё i перашкаджае ў імкненні народаў да большага грамадска-эканамічнага і духоўнага дабрабыту. Гэта асабліва датычыць фундаменталістычнага тэрарызму69, які прыносіць цярпенне, знішчэнне i смерць, блакіруе дыялог паміж народамі i робіць немагчымым мірнае i грамадзянскае выкарыстанне рэсурсаў. Аднак трэба дадаць, што акрамя рэлігійнага фанатызму, які ў некаторых сітуацыях ускладняе карыстанне правам рэлігійнай свабоды, таксама пашырэнне запраграмаванай рэлігійнай абыякавасці або практычнага атэізму з боку многіх краін супярэчыць развіццю народаў, забіраючы ў іх духоўную і чалавечую энэргію. Бог – гэта гарант сапраўднага развіцця чалавека, бо ствараючы яго паводле свайго вобраза, Ён адарыў яго таксама трансцэндэнтнай годнасцю i падтрымлівае ў ім асноўнае жаданне «быць больш». Чалавек – гэта не загублены атам у выпадковым сусвеце70, але Божае стварэнне, якое Ён захацеў адарыць несмяротнай душой i якое палюбіў ад пачатку. Калі б чалавек быў толькі пладом выпадку або неабходнасці, ці калі б павінен быў абмежаваць свае імкненні вузкім гарызонтам сітуацый, у якіх жыве, калі б усё было толькі гісторыяй i культурай, a чалавек не меў прыроды, прызначанай перавышаць саму сябе ў звышпрыродным жыцці, можна было б казаць пра рост ці эвалюцыю, але не пра развіццё. Калі дзяржава прапагандуе, навучае або проста дыктуе пэўныя формы практычнага атэізму, яна пазбаўляе сваіх грамадзянаў маральнай і духоўнай моцы, неабходнай для ўдзелу ў інтэгральным чалавечым развіцці, i перашкаджае ім ісці наперад з новым дынамізмам у сваім больш велікадушным адказе на Божую любоў71. Здараецца, што эканамічна развітыя краіны або тыя, што знаходзяцца на шляху развіцця, экспартуюць у бедныя краіны, у кантэксце іх культурных, гандлёвых і палітычных адносінаў, гэтае звужанае бачанне асобы i яе прызначэння. Гэта крыўда, якую прычыняе сапраўднаму развіццю «звышразвіццё»72, калі спадарожнічае яму «маральнае недаразвіццё»73.

30. У гэтай перспектыве тэма інтэгральнага чалавечага развіцця мае яшчэ больш складаны характар: суадносіны паміж яго шматлікімі элементамі патрабуюць ўзаемнага уплыву розных узроўняў чалавечых ведаў для прапаганды сапраўднага развіцця народаў. Часта лічыцца, што развіццё або адпаведныя грамадска-эканамічныя пастановы павінны выконвацца толькі сумесна. Аднак гэтае сумеснае дзеянне патрабуе скаардынаванасці, бо «кожная грамадская дзейнасць звязана з пэўнай дактрынай»74. Зважаючы на складаны характар праблем, верагодным з’яўляецца тое, што розныя дысцыпліны павінны супрацоўнічаць дзякуючы ўпарадкаванай інтэрдысцыплінарнасці. Любоў не выключае ведаў, больш за тое, патрабуе іх, развівае іх i ажыўляе знутры. Веды ніколі не з’яўляюцца толькі справай розуму. Зразумела, можна іх звесці да калькуляцыі або вопыту, але калі павінны быць ведамі, здольнымі накіроўваць чалавека ў святле першых прынцыпаў i яго канчатковай мэты, павінны быць «запраўленыя соллю» любові. Дзеянне без ведаў – сляпое, a веды без любові – бясплодныя. Сапраўды, «той, хто кіруецца сапраўднай любоўю, старанна напружвае свой розум, каб адкрыць прычыны беднасці i знайсці спосабы яе знішчэння i рашучага пераадольвання»75. У святле падзей, якія назіраем, любоў у праўдзе патрабуе перадусім пазнання i зразумення, усведамлення i шанавання спецыфічнай кампетэнцыі кожнага ўзроўню ведаў. Любоў не з’яўляецца пазнейшым дадаткам да закончанай ужо працы розных дысцыплін, але вядзе з імі дыялог з самага пачатку. Патрабаванні любові не супярэчаць патрабаванням розуму. Чалавечыя веды недастатковыя, a заключэнні, якія вынікаюць з ведаў, ніколі не змогуць самастойна ўказваць шлях, які вядзе да інтэгральнага развіцця чалавека. Трэба заўсёды ісці далей: гэтага патрабуе любоў у праўдзе76. Аднак крочанне наперад ніколі не азначае абстрагавання ад заключэнняў розуму і аспрэчвання яго вынікаў. Няма розуму, a затым любові: існуе любоў, узбагачаная розумам, а таксама розум, поўны любові.

31. Гэта азначае, што маральныя ацэнкі i навуковыя даследаванні павінны ўзрастаць разам, а любоў павінна ажыўляць іх, каб яны стваралі адну гарманічную, інтэрдысцыплінарную цэласнасць, якая складаецца з еднасці i адрознення. Сацыяльнае вучэнне Касцёла, якое мае «важны інтэрдысцыплінарны характар»77, у гэтай перспектыве можа выконваць надзвычай плённую ролю. Яно дазваляе веры, тэалогіі, метафізіцы i навукам знайсці сваё месца ў рамках супрацоўніцтва дзеля служэння чалавеку. Асабліва ў гэтай сферы сацыяльнае вучэнне Касцёла рэалізуе сваю меру мудрасці. Павел VI ясна заўважаў, што сярод прычын недаразвіцця ёсць недахоп мудрасці, разважлівасці i мыслення, здольнага да сінтэзу, які ўказвае напрамак78 і які патрабуе «яснага бачання ўсялякіх эканамічных, грамадскіх, культурных і духоўных аспектаў»79. Празмерная фрагментарнасць ведаў80, замкнёнасць гуманітарных навук у метафізіцы81, супраціўленне навук у дыялогу з тэалогіяй перашкаджаюць не толькі развіццю ведаў, але таксама развіццю народаў, бо калі гэта мае месца, цяжэй заўважыць усё дабро чалавека ў розных вымярэннях, якія яго характарызуюць. «Пашырэнне нашай канцэпцыі розуму i карыстанне ім»82 з’яўляецца неад’емным, каб адпаведна ўзважыць усе паняцці, звязаныя з пытаннем развіцця i вырашэння грамадска-эканамічных праблем.

32. Вялікая навізна, якую сёння прадстаўляе развіццё народаў, у многіх выпадках патрабуе новых вырашэнняў. Трэба шукаць іх разам у шанаванні ўласных правоў кожнай рэчаіснасці, а таксама ў святле інтэгральнага бачання чалавека, якое адлюстроўвае розныя аспекты чалавечай асобы, сузіраемай ачышчаным любоўю позіркам. Тады будуць адкрытыя асаблівыя тоесныя пункты i канкрэтныя магчымасці вырашэнняў без адмаўлення ад якога-небудзь фундаментальнага вымярэння чалавечага жыцця.

Годнасць асобы i патрабаванні справядлівасці дамагаюцца, каб асабліва сёння эканамічныя рашэнні не павялічвалі празмерна i маральна недапушчальным чынам адрозненняў у валоданні багаццямі83 i каб надалей было імкненне дасягнуць – як прыярытэту – мэты, якой з’яўляецца доступ усіх да працы i яе захаванне. Калі глядзець разважліва, патрабуе гэтага таксама «эканамічная слушнасць». Няспыннае павелічэнне няроўнасці паміж грамадскімі групамі ў адной краіне i сярод насельніцтва розных краін, г.зн. масавы рост беднасці ў рэлятыўным сэнсе не толькі знішчае грамадскія сувязі, што пагражае дэмакратыі, але мае таксама негатыўны ўплыў у эканамічнай сферы з-за ўзрастаючай эрозіі «грамадскага капіталу», г.зн. усёй сукупнасці адносінаў даверу, верагоднасці i шанавання норм, неад’емных для кожнага грамадзянскага суіснавання.

Акрамя гэтага, эканамічныя веды кажуць нам, што структурная сітуацыя няўпэўненасці нараджае антывытворчыя паставы i паставы стварэння чалавечых рэсурсаў, бо працаўнік схіляецца да пасіўнага прыстасавання да аўтаматычных механізмаў замест таго, каб рэалізаваць сваю крэатыўнасць. Таксама ў гэтым выяўляецца супадзенне эканамічных ведаў i маральнай ацэнкі. Чалавечыя кошты заўсёды з’яўляюцца таксама эканамічнымі коштамі, a дрэннае функцыянаванне эканомікі цягне за сабой таксама чалавечыя кошты.

Трэба затым нагадаць, што нівеліраванне культур у тэхналагічнай сферы за кароткі перыяд можа спрыяць атрыманню прыбытку, але на працягу доўгага часу перашкаджае ва ўзаемным абагачэнні i дынаміцы супрацоўніцтва. Важным з’яўляецца адрозненне паміж эканамічнымі або сацыялагічнымі разважаннямі на бліжэйшую і далейшую перспектыву. Зніжэнне ўзроўню абароны правоў працаўнікоў або вырачэнне механізмаў падзелу даходаў дзеля забеспячэння краіне большай міжнароднай канкурэнцыйнасці перашкаджае ў дасягненні доўгатрывалага развіцця. Трэба таксама ўважліва ацэньваць наступствы, якія маюць для асобаў актуальныя тэндэнцыі да часовай эканомікі, a часам вельмі кароткачасовай. Гэта патрабуе новага i паглыбленага разважання над сэнсам эканомікі i яе мэтамі84, a таксама сур’ёзнай i далёкабачнай рэвізіі мадэляў развіцця, каб зрабіць карэкту іх неадпаведнага функцыянавання i дэфармацыі. На самой справе гэтага патрабуе стан экалагічнага здароўя планеты; асабліва патрабуе гэтага культурны i маральны крызіс чалавека, рысы якога ўжо даўно бачныя ў кожнай частцы свету.

33. Больш за сорак гадоў пасля Populorum progressio галоўная тэма, а менавіта развіццё, застаецца адкрытай праблемай, якая стала больш вострай i пільнай з прычыны сённяшняга эканамічна-фінансавага крызісу. У той час, як некаторыя раёны планеты, якія ўжо доўгі час церпяць беднасць, адчулі значныя змены ў выглядзе эканамічнага росту i ўдзелу ў сусветнай вытворчасці, іншыя абшары знаходзяцца яшчэ ў сітуацыі галечы, параўнальнай з той, што існавала ў часы Паўла VI, a нават у некаторых выпадках можна казаць пра пагаршэнне. Важна тое, што некаторыя прычыны гэтай сітуацыі ідэнтыфікаваліся ўжо ў Populorum progressio, як, напрыклад, высокія мытныя квоты, устаноўленыя эканамічна развітымі краінамі, якія надалей ускладняюць таварам з бедных краін выйсці на рынкі багатых краін. У сваю чаргу іншыя прычыны, якія энцыкліка толькі закранула, выявіліся больш выразна. Напрыклад, ацэнка працэсу дэкаланізацыі, які шырока тады адбываўся. Павел VI прапаноўваў аўтаномны шлях, у свабодзе i спакоі. Пасля больш сарака гадоў мы павінны прызнаць, што гэты шлях быў вельмі цяжкі як з прычыны новых форм каланізацыі i залежнасці ад старых i новых краін-лідэраў, так і з сур’ёзных прычын унутранай безадказнасці саміх краін, якія атрымалі незалежнасць.

Прынцыповай навізной стаў выбух узаемнай планетарнай залежнасці, якая паўсюдна вядома як глабалізацыя. Павел VI часткова яе прадбачыў, але час i раптоўнасць, з якой яна развілася, уражвае. Гэты працэс, нарадзіўшыся ў эканамічна развітых краінах, па сваёй натуры ахапіў усе эканомікі. Ён стаў галоўным рухавіком выйсця з недаразвіцця цэлых рэгіёнаў i дае вялікія магчымасці. Аднак, без кіраўніцтва любові ў праўдзе гэты планетарны імпульс можа прычыніцца да паўстання невядомых дагэтуль шкодаў i новых падзелаў у чалавечай сям’і. З гэтай прычыны любоў i праўда ставяць перад намі невядомае дагэтуль i творчае заданне, безумоўна вельмі шырокае i складанае. Маецца на ўвазе адкрытасць розуму, каб ён стаў здольным пазнаваць i кіраваць тымі імпазантнымі новымі дынамічнымі сіламі, ажыўляючы іх у перспектыве «цывілізацыі любові», зерне якой Бог прышчапіў кожнаму народу, кожнай культуры.

 

 
РАЗДЗЕЛ III

БРАТЭРСТВА, ЭКАНАМІЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ I ГРАМАДЗЯНСКАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ

34. Любоў у праўдзе ставіць чалавека перад цудоўным адчуваннем дару. Бескарыслівасць прысутнічае ў яго жыцці ў розных формах, якія часта не прызнаюцца з выключна вытворчага i ўтылітарнага бачання жыцця. Чалавечая істота была створана для дару, які яе выражае i выяўляе яе трансцэндэнтны характар. Часам сучасны чалавек памылкова думае, што з’яўляецца адзінай прычынай самога сябе, свайго жыцця i грамадства. Гэтае меркаванне з’яўляецца наступствам эгаістычнай замкнёнасці ў сабе, якая выводзіцца – кажучы моваю веры – з першароднага граху. Мудрасць Касцёла заўсёды прапаноўвала падтрымліваць усведамленне першароднага граху таксама ў інтэрпрэтацыі грамадскіх з’яў i ў будаванні грамадства: «Забыццё таго, што чалавек мае параненую натуру, схільную да зла, з’яўляецца прычынай вялікіх памылак у выхаванні, палітыцы, грамадскай дзейнасці i ў звычаях»85. Да сфер, у якіх выяўляюцца згубныя вынікі граху, далучылася ўжо з даўняга часу эканоміка. Маем бачны доказ гэтага таксама ў наш час. Перакананасць чалавека ў тым, што ён самадастатковы i можа ліквідаваць зло, якое існуе ў гісторыі, толькі дзякуючы сваім дзеянням, прывяло яго да атаясамлівання шчасця і збаўлення з неад’емнымі формамі матэрыяльнага дабрабыту i грамадскага дзеяння. Нарэшце, перакананасць у неабходнасці аўтаноміі эканомікі, якая не павінна зведваць «уплываў» маральнага характару, прывяла чалавека да злоўжывання эканамічнымі інструментамі нават знішчальным чынам. У больш доўгай перспектыве гэтая перакананасць прывяла да эканамічных, грамадскіх i палітычных сістэм, якія патапталі свабоду асобы i грамадскіх груп i якія менавіта з гэтай прычыны не былі ў стане гарантаваць абяцаную справядлівасць. Гэтак, як я сцвердзіў у сваёй энцыкліцы Spe salvi, гісторыя пазбаўляецца хрысціянскай надзеі86, якая з’яўляецца магутным рэсурсам грамадскіх магчымасцяў у служэнні інтэгральнаму чалавечаму развіццю, якога трэба шукаць у свабодзе i справядлівасці. Надзея дадае адвагу розуму i адорвае яго сілай у кіраванні воляй87. Надзея ўжо прысутнічае ў веры, больш за тое, вера абуджае яе. Любоў у праўдзе жывіцца ёй і адначасова яе паказвае. Будучы абсалютна бескарыслівым Божым дарам, надзея ўваходзіць у нашае жыцё як штосьці, што нам не належыць, пераўзыходзячы ўсялякі закон справядлівасці. Дар па сваёй сутнасці выходзіць па-за заслугу; яго правілам з’яўляецца празмернасць. Ён нас апярэджвае ў нашай душы як знак прысутнасці Бога ў нас i Яго чаканняў адносна нас. Як навучае св. Аўгустын88, праўда, якая ў аднолькавай ступені з любоўю з’яўляецца дарам, большая за нас. Таксама нашая ўласная праўда, праўда нашага асабістага сумлення ў першую чаргу нам дадзена. Канешне, у кожным пазнаўчым працэсе праўда не з’яўляецца нашым творам, але мы заўсёды яе шукаем ці, дакладней, прымаем яе. Яна, падобна як любоў, «нараджаецца не ў думках і волі чалавека, але (…) пэўным чынам навязваецца яму»89.

Як дар, які мы ўсе атрымалі, любоў у праўдзе з’яўляецца сілай, якая стварае супольнасць, яднае людзей такім чынам, што знікаюць бар’еры і межы. Супольнасць людзей можа быць устаноўлена намі, але ніколі выключна нашымі сіламі яна не стане ў поўні братэрскай супольнасцю i не пераўзыдзе ўсялякія межы, каб стаць супольнасцю сапраўды універсальнай: еднасць чалавечага роду, братняя еднасць па-над усялякімі падзеламі нараджаецца дзякуючы закліку праз слова Бога-Любові. Займаючыся гэтай важнай справай мы павінны, з аднаго боку, ясна сказаць, што логіка дару не выключае справядлівасці i не ставіцца поруч з ёй у наступным моманце або знутры, a з другога боку, што эканамічнае, грамадскае і палітычнае развіццё, калі хоча быць сапраўды чалавечым, павінна ўлічваць прынцып бескарыслівасці як выраз братэрства.

35. Калі існуе ўзаемны i паўсюдны давер, рынак з’яўляецца эканамічнай інстытуцыяй, якая дазваляе сустрэцца асобам як эканамічным суб’ектам, якія карыстаюцца кантрактам як нормаю іх адносінаў i якія здзяйсняюць абмен дабротамі i паслугамі паміж сабою, каб задаволіць свае патрэбы і жаданні. Рынак падпарадкоўваецца прынцыпам гэтак званай камутатыўнай справядлівасці, якая рэгулюе менавіта адносіны давання і атрымлівання паміж парытэтнымі суб’ектамі. Аднак сацыяльнае вучэнне Касцёла заўсёды падкрэслівала важную ролю справядлівасці размеркавання, а таксама грамадскай справядлівасці для самой рынкавай эканомікі, не толькі з увагі на ўключэнне ў больш шырокі грамадскі і палітычны кантэкст, але таксама з увагі на спляценне адносінаў, у якіх рэалізуецца. Рынак, кіруючыся толькі прынцыпам эквівалентнасці замяняемых дабротаў, не можа прывесці да грамадскай еднасці, якой зрэшты патрабуе для добрага функцыянавання. Без унутраных форм салідарнасці i ўзаемнага даверу рынак не можа выканаць сваёй эканамічнай функцыі. Сёння не хапае гэтага даверу, a страта даверу з’яўляецца сур’ёзнай стратай.

Павел VI слушна падкрэсліваў у Populorum progressio тое, што сама эканамічная сістэма мела б карысць з паўсюднага выкарыстання справядлівасьці, бо першымі, хто скарыстаў бы з развіцця бедных краін, былі б багатыя краіны90. На думку Папы не маецца на ўвазе толькі выпраўленне парушэнняў праз дапамогу. Бедныя не павінны лічыцца «цяжарам»91, але таксама багаццем са сцісла эканамічнага пункуту гледжання. Аднак, трэба лічыць памылковым погляд тых, хто лічыць, што эканоміка рынку структурна патрабуе пэўнай ступені беднасці i недаразвіцця дзеля лепшага функцыянавання. Рынак зацікаўлены ў распаўсюджванні эмансіпацыі, але каб сапраўды гэтага дасягнуць, ён не можа разлічваць толькі на сябе, бо не ў стане стварыць таго, што пераўзыходзіць яго магчымасці. Павінен чэрпаць маральную энэргію ад іншых суб’ектаў, здольных яе нарадзіць.

36. Эканамічная дзейнасць не можа вырашыць усіх грамадскіх праблем звычайным пашырэннем рынкавай логікі. Яе мэта – дасягнуць агульнага дабра, аб якім павінна клапаціцца таксама і перадусім палітычная супольнасць. Таму трэба мець на ўвазе, што прычынай сур’ёзнага недахопу раўнавагі з’яўляецца аддзяленне эканамічнай дзейнасці, якая павінна была б толькі ствараць багацці, ад палітычнай дзейнасці, якая павінна была б імкнуцца да справядлівасці праз пераразмеркаванне дабротаў.

Касцёл заўсёды лічыў, што эканамічная дзейнасць не можа лічыцца антыграмадскай. Рынак сам па сабе не павінен быць месцам насілля мацнейшага над слабым. Грамадства не павінна бараніцца ад рынку, быццам бы яго развіццё вядзе ipso facto да знішчэння сапраўдных чалавечых адносінаў. Гэта, безумоўна, праўда, што рынак можа мець негатыўную скіраванасць, але не таму, што такая яго прырода, а таму, што нейкая ідэалогія можа надаць яму іншы напрамак. Нельга забываць, што рынак не існуе у чыстым выглядзе. Ён набывае форму ад культурных канфігурацый, якія вызначаюць яго спецыфіку i скіраванасць. Канешне, эканоміка і фінансы як прылады могуць дрэнна выкарыстоўвацца, калі той, хто імі карыстаецца, мае толькі эгаістычныя намеры. Такім чынам, можна перамяніць добрыя самі па сабе прылады ў шкодныя. І выклікае гэтыя наступствы зацемнены чалавечы розум, a не сама прылада. Таму не прылада павінна быць паклікана да адказнасці, але чалавек, яго маральнае сумленне, а таксама яго асабістая і грамадская адказнасць.

Сацыяльнае вучэнне Касцёла лічыць, што сапраўды чалавечыя адносіны, сяброўства i сацыяльны інстынкт, салідарнасць i ўзаемнасць могуць існаваць таксама ў межах эканамічнай дзейнасці, a не толькі па-за ёй або «пасля» яе. Эканамічная сфера не з’яўляецца ні этычна нейтральнай, ні па сваёй сутнасці нечалавечай i антыграмадскай. Яна належыць да дзейнасці чалавека, i менавіта таму, што з’яўляецца чалавечай, павінна быць этычна структурызаванай i інстытуалізаванай.

Нашым вялікім заданнем, якое з’явілася адносна праблематыкі развіцця ў час глабалізацыі i стала яшчэ больш пільным з прычыны эканамічна-фінансавага крызісу, стала сведчанне, як у сферы думкі, так і паводзінаў, што не толькі нельга занядбоўваць або аслабляць традыцыйныя прынцыпы грамадскай этыкі, такія як яснасць, сумленнасць i адказнасць, але і тое, што ў рынкавых адносінах прынцып бескарыслівасьці і логіка дару як выраз братэрства могуць і павінны знайсці месца ў рамках звычайнай эканамічнай дзейнасці. Гэта патрабаванні чалавека ў дадзены час, a таксама патрабаванні самой эканамічнай слушнасці. Маюцца на ўвазе патрабаванні любові i праўды.

37. Сацыяльнае вучэнне Касцёла заўсёды падтрымлівала тое, што справядлівасць датычыць усіх этапаў эканамічнай дзейнасці, бо заўсёды датычыць чалавека і яго патрэбаў. Здабыча рэсурсаў, фінансаванне, вытворчасць, спажыванне i ўсе астатнія фазы эканамічнага цыкла непазбежна маюць маральныя наступствы. Таму кожнае эканамічнае рашэнне мае вынік маральнага характару. Гэта знаходзіць пацвярджэнне ў грамадскіх навуках, а таксама ў тэндэнцыях сучаснай эканомікі. Магчыма калісьці можна было ўявіць, што багацці створыць спачатку эканоміка, каб затым палітыка занялася іх размеркаваннем. Сёння ўсё гэта становіцца больш складаным, улічваючы тое, што эканамічная дзейнасць не абмяжоўваецца тэрытарыяльнымі межамі, у той час як улада ўрадаў надалей застаецца пераважна мясцовай. Таму каноны справядлівасці павінны захоўвацца з самага пачатку эканамічнага працэсу, а не пасля ўсяго або ўскосна. Трэба таксама, каб на рынку адкрыліся перспектывы для эканамічнай дзейнасці суб’ектаў, якія свабодна арганізоўваюць сваю дзейнасць у святле прынцыпаў, адрозных ад чыстага прыбытку, не адмаўляючыся з гэтай прычыны ад стварэння эканамічнай вартасці. Шматлікія формы эканомікі, якія маюць пачатак у рэлігійных і свецкіх ініцыятывах, паказваюць, што гэта канкрэтна магчыма.

У эпоху глабалізацыі эканоміка падлягае ўплывам канкурэнтных мадэляў, звязаных з вельмі рознымі паміж сабою культурамі. Эканамічна-прадпрымальніцкія паводзіны, якія з гэтага вынікаюць, пераважна супадаюць са справядлівасцю размеркавання. Эканамічнае жыццё несумненна патрабуе кантракту, каб рэгуляваць адносіны абмену паміж раўназначнымі каштоўнасцямі. Але патрабуе і справядлівых законаў, а таксама форм падзелу даходаў, якім кіруе палітыка, і спраў, якія адзначаюцца духам дару. Глабалізаваная эканоміка, здаецца, аддае перавагу першай логіцы – логіцы кантрактнага абмену, але непасрэдна або апасродкавана паказвае, што патрабуе таксама дзвюх іншых логік – палітычнай логікі, а таксама логікі дару без кампенсацыі.

38. Мой папярэднік Ян Павел II зазначаў гэтую праблему, калі ў Centesimus annus падкрэсліваў неабходнасць сістэмы, якая ахоплівае тры суб’екты: рынак, дзяржаву і грамадзянскую супольнасць92. Грамадзянскую супольнасць ён ідэнтыфікаваў як найбольш адпаведнае асяроддзе эканомікі бескарыслівасці і братэрства, але не меў намеру адмаўляць у гэтым іншым двум асяроддзям. Сёння можам сказаць, што эканамічнае жыццё трэба разумець як рэчаіснасць у шматлікіх вымярэннях: ва ўсіх у рознай ступені i адмысловым чынам павінен прысутнічаць аспект узаемнага братэрства. У эпоху глабалізацыі эканамічная дзейнасць не можа абмінаць бескарыслівасць, якая пашырае i ажыўляе салідарнасць, а таксама адказнасць за справядлівасць i агульнае дабро ў сваіх розных суб’ектах i актыўных удзельніках. Канчаткова маецца на ўвазе пэўная канкрэтная i глыбокая форма эканамічнай дэмакратыі. Салідарнасць – гэта найперш тое, што ўсе адказваюць за ўсіх93, таму нельга суадносіць яе толькі з дзяржавай. Калі ўчора можна было казаць, што спачатку трэба імкнуцца да справядлівасці i што бескарыслівасць з’явіцца пазней як дапаўненне, сёння трэба сказаць, што без яе нельга рэалізаваць справядлівасці. Таму неабходны рынак, на якім свабодным чынам пры аднолькавых магчымасцях могуць весці дзейнасць прадпрыемствы, якія рэалізуюць розныя інстытуцыйныя мэты. Побач з прыватным прадпрыемствам, скіраваным на прыбытак, а таксама побач з рознымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі павінны мець магчымасць паўстаць i рэалізавацца вытворчыя арганізацыі, якія ставяць перад сабой грамадскія мэты i ўзаемную дапамогу. З іх узаемнай канфрантацыі на рынку можна чакаць пэўнага перакрыжавання прадпрымальніцкіх паводзінаў, a значыць чуйнасці да цывілізацыі эканомікі. У гэтым выпадку любоў у праўдзе азначае, што трэба надаць форму i парадак тым эканамічным ініцыятывам, якія, не адмаўляючы прыбытку, маюць намер выходзіць па-за логіку раўназначнага абмену, а таксама прыбытку як адзінай мэты.

39. Павел VI прасіў у Populorum progessio стварыць мадэль рынкавай эканомікі, здольнай ахапіць, прынамсі ў намерах, усіх людзей, a не толькі належна забяспечаных. Ён прасіў удзельнічаць у прамоцыі свету, больш гуманнага для ўсіх, свету, «дзе ўсе змогуць даваць i атрымліваць, a развіццё адных не будзе перашкаджаць развіццю іншых»94. Такім чынам ён надаваў універсальны характар просьбам i імкненням, змешчаным у Rerum novarum, напісанай тады, калі ўпершыню, у выніку прамысловай рэвалюцыі, нарадзілася ідэя – безумоўна прагрэсіўная ў тыя часы – што грамадзянскі парадак для свайго ўтрымання патрабуе таксама пераразмеркавальнай інтэрвенцыі дзяржавы. Сёння вышэйзгаданая ідэя, акрамя таго, што закранута крызісам у выніку працэсаў адкрыцця рынкаў i грамадстваў, аказваецца недастатковай для заспакаення патрабаванняў у поўні чалавечай эканомікі. Тое, чаго сацыяльнае вучэнне Касцёла заўсёды прытрымлівалася, кіруючыся сваім бачаннем чалавека i грамадства, сёння патрабуе адмысловая дынаміка глабалізацыі.

Калі логіка рынку і логіка дзяржавы разам імкнуцца захаваць манаполію сваіх уласных абшараў кампетэнцыі, то ў далейшым у адносінах паміж грамадзянамі не хапае садідарнасці, удзелу i падтрымкі, бескарыслівага дзеяння, што з’яўляецца чымсьці іншым адносна даць, каб мець, уласцівага для логікі абмену, i даць з абавязку, уласцівага для логікі грамадскіх паводзінаў, прадыктаваных дзяржаўным законам. Пераадоленне недаразвіцця патрабуе працы не толькі над паляпшэннем трансакцый, якія абапіраюцца на абмене, не толькі над перамяшчэннем апякунчых структур грамадскага характару, але перадусім над паступовым прыняццем, у сусветным кантэксце, форм эканамічнай дзейнасці, якая адзначаецца бескарыслівасцю і еднасцю. Выключны біномен рынак-дзяржава знішчае сацыяльны інстынкт, а салідарныя эканамічныя формы, якія знаходзяць сваё найлепшае месца ў грамадзянскай супольнасці і не зводзяцца да яе, ствараюць сацыяльны інстынкт. Бескарыслівы рынак не існуе i не можа кіраваць законам бескарыслівых паводзінаў. Аднак і рынак, і палітыка патрабуюць асобаў, адкрытых на ўзаемны дар.

40. Сённяшнія міжнародныя эканамічныя плыні, якія адзначаюцца сур’ёзнымі дэфармацыямі i парушэннямі, патрабуюць глыбокіх зменаў таксама ў спосабе разумення прадпрыемства. Няма ўжо даўнейшых прыкладаў прадпрымальніцтва, але на гарызонце з’яўляюцца іншыя шматабяцальныя. Адной з найбольшых небяспек з’яўляецца несумненна тое, што прадпрыемства прыносіць прыбытак амаль выключна інвестару, i такім чынам траціць свой грамадскі характар. З прычыны павелічэння памеру i патрэбы штораз большых капіталаў, штораз менш ёсць прадпрыемстваў, якімі пастаянна кіруе адзін дырэктар, які адчувае сябе адказным на больш доўгі, a не на короткі час за жыццё і вынікі прадпрыемства, i штораз менш з гэтых прадпрыемстваў залежыць толькі ад адной тэрыторыі. Больш за тое, г. зв. дэлакалізацыя вытворчасці можа аслабіць у прадпрымальніка пачуццё адказнасці за людзей, якія прыносяць даходы (за працаўнікоў, пастаўшчыкоў, спажыўцоў), а таксама за прыроднае асяроддзе i больш шырокую суседнюю супольнасць дзеля карысці акцыянераў, не звязаных са спецыфічнай прасторай, a таму маючых надзвычайную мабільнасць. Сёння міжнародны рынак капіталаў прапануе вялікую свабоду дзеяння. Аднак праўдай ёсць і тое, што пашыраецца разуменне неабходнасці большай грамадскай адказнасці прадпрыемства. Нават калі этычныя падставы, якія кіруюць сёння спрэчкай наконт грамадскай адказнасці прадпрыемства, не ўсе можна прыняць з перспектывы сацыяльнага вучэння Касцёла, штораз больш распаўсюджваецца перакананне, што кіраванне прадпрыемствам не можа ўлічваць толькі інтарэсы яго ўладальнікаў, але павінна таксама клапаціцца пра ўсе іншыя катэгорыі суб’ектаў, якія робяць уклад у жыццё прадпрыемства: працаўнікоў, кліентаў, пастаўшчыкоў розных элементаў вытворчасці i супольнасць, з якой яно звязана. У апошнія гады заўважаецца рост касмапалітычнага класу мэнэджэраў, якія часта задавольваюць толькі патрабаванні акцыянераў, якімі ў асноўным з’яўляюцца ананімныя фундацыі, якія фактычна ўстанаўліваюць іх заробак. Шмат, аднак, сёння таксама мэнэджэраў, якія дзякуючы дальнабачнаму аналізаванню штораз больш разумеюць глыбокую сувязь свайго прадпрыемства з тэрыторыяй або з тэрыторыямі, на якіх яно дзейнічае. Павел VI заахвочваў да сур’ёзнай ацэнкі шкодаў, якія можа прычыніць свайму народу трансферт за мяжу капіталаў для выключна ўласнай выгады95. Ян Павел II перасцерагаў, што інвестыцыі заўсёды маюць маральнае значэнне, a не толькі эканамічнае96. Трэба сцвердзіць, што ўсё гэта сёння таксама мае важнасць, нягледзячы на тое, што рынак капітала стаў вельмі ліберальным, a сучасны тэхналагічны менталітэт можа схіляць да думкі, што інвестыцыі з’яўляюцца выключна тэхнічным фактам, a не чалавечым і этычнам. Нельга аспрэчыць тое, што пэўны капітал можа прынесці дабро, калі інвестуецца больш за мяжой, чым на радзіме. Аднак трэба ўратаваць сувязі справядлівасці, улічваючы шлях узнікнення гэтага капіталу, а таксама шкоду для асобаў, якую прынясе недахоп яго інвестыцый у месцы, дзё ён быў створаны97. Трэба пазбягаць сітуацыі, у якой матыў змяшчэння фінансавых рэсурсаў быў бы спекулятыўным i падлягаў спакусе здабыць прыбытак за кароткі час, a не быў бы скіраваны таксама на падтрыманне прадпрыемства на даўжэйшую перспектыву, на яго служэнне рэальнай эканоміцы, a ўвага не была б скіравана на належную і адпаведную прамоцыю эканамічных ініцыятыў таксама ў краінах, якія патрабуюць развіцця. Няма нават падстаў аспрэчваць, што дэлакалізацыя, звязаная з інвестыцыямі i фармацыяй, можа прынесці карысць для насельніцтва краіны, якая яе прымае. Праца і тэхнічныя веды паўсюдна неабходны. Аднак не з’яўляецца годнай дэлакалізацыя толькі для таго, каб цешыцца адмысловымі карыснымі ўмовамі, або – што найгорш – каб мець прыбытак без сапраўднага укладу ў мясцовую супольнасць дзеля ўзнікнення моцнай вытворчай і грамадскай сістэмы, якая з’яўляецца неад’емным элементам трывалага развіцця.

41. У кантэксце сказанага, карысна заўважыць, што прадпрымальніцтва мае i заўсёды павіна мець шматбаковае значэнне. Трываючая перавага біномена рынак-дзяржава прызвычаіў нас, з аднаго боку, думаць выключна пра прыватнага прадпрымальніка капіталістычнага тыпу, a з другога – пра дзяржаўнага дырэктара. На самой справе трэба выразна разумець прадпрымальніцтва. Гэта вынікае з серыі метаэканамічных матывацый. Прадпрымальніцтва, перш чым набудзе прафесійнае значэнне, мае чалавечае значэнне98. Яно заключана ў кожнай працы, зразуметай як «actus personae»99, таму слушна даваць кожнаму працаўніку магчымасць зрабіць свой уклад, каб ён «меў пачуццё, што працуе „на сваім”»100. Не выпадкова Павел VI навучаў, што «кожны працаўнік пэўным чынам стварае»101. Менавіта для таго, каб адказаць на патрэбы i на годнасць таго, хто працуе, а таксама на патрэбы грамадства, існуюць розныя віды прадпрыемстваў, якія пераўзыходзяць звычайнае адрозненне паміж «прыватным» і «дзяржаўным». Кожнае з іх патрабуе i выражае адмысловую прадпрымальніцкую здольнасць. Каб ажыццявіць эканоміку, якая ў бліжэйшым будучым зможа служыць агульнаму нацыянальнаму і сусветнаму дабру, трэба ўлічваць гэта пашыранае значэнне прадпрымальніцтва. Такое шырэйшае паняцце спрыяе абмену i ўзаемнай фармацыі паміж рознымі тыпамі прадпрымальніцтва з пераказваннем кампетэнцыі ад свету non profit свету profit i наадварот, ад свету грамадскага свету, уласціваму грамадзянскай супольнасці, ад свету развітай эканомікі свету краін, якія знаходзяцца на шляху развіцця.

«Палітычная ўлада» таксама мае разнастайнае значэнне, пра што нельга забываць, імкнучыся да рэалізацыі новага эканамічна-вытворчага, грамадска-адказнага ладу паводле меры чалавека. Як плануецца весці дыферэнцыраванае прадпрымальніцтва на сусветным узроўні, так павінна прапагандавацца палітычная ўлада, размеркаваная i актыўная на розных узроўнях. Інтэграваная эканоміка нашых дзён не выключае ролі дзяржаў, а наадварот заахвочвае ўлады да больш глыбокага ўзаемнага супрацоўніцтва. Слушнасць, што вынікае з мудрасці i разважлівасці, падказвае не абвяшчаць занадта рана канец ролі дзяржавы. Адносна вырашэння сённяшняга крызісу роля дзяржавы, здаецца, ўзрастае, вяртаючы многія свае кампетэнцыі. Існуюць таксама народы, у якіх будаванне або адбудоўванне дзяржавы надалей з’яўляецца ключавым элементам іх развіцця. Міжнародная дапамога ў межах плану салідарнасці, які мае на мэце вырашэнне сучасных эканамічных праблем, павінна больш падтрымліваць кансалідацыю канстытуцыйных, юрыдычных  i адміністрацыйных сістэм у краінах, якія не маюць яшчэ гэтых дабротаў. Побач з эканамічнай дапамогай павінна быць ахвяраваная дапамога дзеля ўмацавання гарантыі дзяржаўнай законнасці, эфектыўнай сістэмы грамадскага парадку i пэнітэнцыярнай сістэмы пры захаванні чалавечых правоў і сапраўды дэмакратычных інстытуцый. Не абавязкова, каб дзяржава ўсюды мела тыя самыя характэрныя рысы: падтрымцы слабых канстытуцыйных сістэм з мэтаю іх умацавання можа вельмі добра спадарожнічаць развіццё – разам з дзяржавай – іншых суб’ектаў палітычнага, культурнага, грамадскага, тэрытарыяльнага або рэлігійнага характару. Выразна акрэсленая палітычная ўлада на мясцовым, нацыяльным i міжнародным узроўні з’яўляецца між іншым галоўным шляхам, які вядзе да таго, каб надаць кірунак эканамічнай глабалізацыі. Гэта таксама спосаб пазбегнуць таго, каб яна фактычна падрывала падставы дэмакратыі.

42. Часам заўважаецца фаталістычнае стаўленне да глабалізацыі, як бы актуальныя працэсы былі вынікам дзеяння ананімных безасабовых сілаў і незалежных ад чалавечай волі структур102. У сувязі з гэтым варта нагадаць, што глабалізацыю трэба разумець як грамадска-эканамічны працэс, але гэта не адзінае яе вымярэнне. У глыбіні ўсё больш выразна заўважальнага працэсу маем чалавечую рэчаіснасць, якая штораз больш яднаецца праз ўзаемадзеянне. Ствараюць яе асобы і народы, для якіх гэты працэс павінен быць карысным i весці да развіцця103 дзякуючы адказнасці, прынятай кожнай асобай і асяродкамі. Пераходжанне межаў – гэта не толькі матэрыяльны факт, але таксама культурны паводле прычын і вынікаў. Калі разумеем глабалізацыю дэтэрмінавана, губляем крытэрыі яе ацэнкі i надання ёй кірунку. Гэта чалавечая рэчаіснасць, таму яна можа мець шмат розных культурных арыентацый, якія трэба распазнаваць. Праўда глабалізацыі як працэсу i яе фундаментальныя этычныя крытэрыі выводзяцца з еднасці чалавечай сям’і i яе развіцця ў сферы дабра. Таму трэба няспынна садзейнічаць таму, каб падтрымліваць персаналістычны i супольнасны культурны накірунак працэсу планетарнай інтэграцыі, адкрытага на трансцэндэнтнасць.

Акрамя некаторых сваіх структурных рысаў, якія не трэба аспрэчваць, але таксама і абсалютызаваць, «глабалізацыя, a priori, не з’яўляецца ні добрай, ні дрэннай. Яна будзе тым, што зробяць з яе асобы»104. Мы не павінны стаць яе ахвярамі, але яе пратаганістамі, паступаючы разумна, кіруючыся любоўю i праўдай. Яе сляпое аспрэчванне азначала б памылковае стаўленне, прадузятасць, ігнараванне працэсу, які мае таксама станоўчыя аспекты, што прынесла б небяспеку страты вялікай нагоды карыстацца многімі прапанаванымі ёй магчымасцямі развіцця. Працэсы глабалізацыі, адпаведна зразуметыя i кіраваныя, даюць магчымасць вялікага пераразмеркавання багаццяў на планетарным узроўні, чаго раней ніколі не здаралася; калі, аднак, імі будуць дрэнна распараджацца, яны могуць прычыніцца да ўзрастання беднасці i няроўнасці, a таксама стаць прычынай крызісу ва ўсім свеце. Трэба выправіць іх часам сур’ёзныя парушэнні, якія ствараюць новыя падзелы паміж народамі i ў саміх народах, а таксама зрабіць, каб пераразмеркаванне багаццяў не адбывалася адначасова з пераразмеркаваннем беднасці ці нават з яе паглыбленнем, чаго мы маглі б баяцца з-за неадпаведнага кіравання дадзенай сітуацыяй. На працягу доўгага часу думалі, што бедныя народы павінны застацца на ўзроўні дасягнутай стадыі развіцця і задавольвацца філантропіяй развітых народаў. Супраць гэтага менталітэту выступіў Павел VI у Populorum progressio. Матэрыяльныя магчымасці, якія сёння можна выкарыстаць, каб дазволіць гэтым народам выйсці з галечы, патэнцыяльна большыя чым калі-небудзь, але ў большасці скарысталі з іх самі народы развітых краін, якія маглі выкарыстаць працэс лібералізацыі перамяшчэння капіталу i працы. Таму пашырэнне сферы дабрабыту на міжнародным узроўні не павінна стрымлівацца эгаістычнымі, пратэкцыйнымі або прадыктаванымі асабістымі інтарэсамі праектамі. Сапраўды, удзел новых краін або тых, якія знаходзяцца на шляху развіцця, дазваляе сёння лепш кіраваць у сітуацыі крызісу. Змены, уласцівыя працэсу глабалізацыі, ствараюць вялікія цяжкасці i небяспекі, якія можна перамагчы толькі, калі зразумеем гэтую антрапалагічную i этычную душу, якая з глыбіні кіруе глабалізацыяй у бок салідарнай гуманізацыі. На жаль, гэтая душа часта абумоўлена і падаўлена этычна-культурнымі перспектывамі індывідуалістычнага і ўтылітарнага характару. Глабалізацыя – гэта шматгранная і полівалентная з’ява, i трэба разумець яе ў разнастайнасці i адзінстве ўсіх яе вымярэнняў, уключна з тэалагічным. Гэта дазволіць перажываць i накіроўваць глабалізацыю чалавецтва ў духу рэляцыі, еднасці i ўзаемнага дзялення.

 

 
РАЗДЗЕЛ IV

РАЗВІЦЦЁ НАРОДАЎ, ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ,
НАВАКОЛЬНАЕ АСЯРОДДЗЕ

43. «Паўсюдная салідарнасць, якая ёсць фактам i дабрадзейнасцю для нас, з’яўляецца таксама абавязкам»105. Сёння многія асобы схільныя думаць, што яны нікому нічога не павінны, толькі самім сабе. Лічаць, што маюць толькі правы i часта сутыкаюцца з вялікімі цяжкасцямі ў сталенні да адказнасці за інтэгральнае развіццё сваё i іншага чалавека. З гэтай прычыны важным ёсць імкненне да новага роздуму над тым, якім чынам правы прадугледжваюць абавязкі, без якіх яны ператвараюцца ў самаволю106. Сёння мы з’яўляемся сведкамі сур’ёзнага непаразумення. У той час, калі, з аднаго боку, мы заўважаем патрабаванне дэклараваных правоў арбітральнага і другаснага характару, іх прызнання i прамоцыі грамадскімі структурамі, то, з іншага боку, ёсць элементарныя і фундаментальныя правы, якія не прызнаюцца i парушаюцца ў вельмі вялікай частцы чалавецтва107. Часта заўважаецца сувязь паміж патрабаваннем празмерных правоў ці наогул права на парушэнне i грэх у багатых грамадствах і недахопам ежы, пітной вады, базавай адукацыі і неабходнай медыцынскай апекі ў некаторых маларазвітых рэгіёнах свету, a таксама на перыферыях вялікіх мітраполій. Згаданая сувязь грунтуецца на тым, што індывідуальныя правы, адарваныя ад кантэксту абавязкаў, які надае ім поўны сэнс, становяцца неразумнымі i накручваюць практычна неабмежаваную i пазбаўленую крытэрыяў спіраль жаданняў. Празмерная акцэнтацыя правоў заканчваецца забыццём пра абавязкі. Абавязкі акрэсліваюць правы, бо адсылаюць да антрапалагічнага і этычнага кантэксту. Калі правы ўпісаныя ў аб’ектыўную праўду, яны не становяцца самаволяй.  З гэтай прычыны абавязкі ўмацоўваюць правы i прапануюць іх абарону, а таксама прамоцыю як заданне, якое трэба выканаць у служэнні дабру. Калі ж правы чалавека знаходзяць сваю падставу толькі ў рашэннях нейкага сходу грамадзянаў, яны могуць быць заменены ў кожную хвіліну, і таму абавязак іх захавання і клопат пра іх аслабляецца ў паўсюднай свядомасці. У выніку ўлада і міжнародныя структуры могуць забыць пра аб’ектыўнасць і «недзеяздольнасць» правоў. Калі гэта адбываецца, сапраўднае развіццё народаў знаходзіцца ў небяспецы108. Падобныя паводзіны падрываюць аўтарытэт міжнародных структур, асабліва ў вачах краін, якім больш неабходна развіццё. Яны патрабуюць, каб міжнародная супольнасць прыняла на сябе абавязак дапамагаць ім стаць «творцамі свайго лёсу»109, г.зн., каб яны таксама прынялі свае абавязкі. Дзяленне ўзаемнымі абавязкамі мабілізуе намнога больш, чым толькі патрабаванне правоў.

44. Паняцце правоў і абавязкаў у развіцці павінна таксама ўлічваць праблематыку, звязаную з дэмаграфічным ростам. Маецца на ўвазе вельмі важны аспект сапраўднага развіцця, бо датычыць ён неад’емных каштоўнасцяў жыцця i сям’і110. Лічыць рост насельніцтва першапрычынай недаразвіцця з’яўляецца памылкай таксама з эканамічнага пункту гледжання: дастаткова ўзгадаць, з аднаго боку, значнае змяншэнне смяротнасці дзяцей i  павелічэнне працягласці жыцця ў краінах з развітай гаспадаркай; з другога боку, адзнакі крызісу бачны ў грамадствах, у якіх назіраецца трывожны спад нараджальнасці. Безумоўна, трэба падкрэсліваць вагу адказнай пракрэацыі, якая з’яўляецца фактычным укладам у інтэгральнае чалавечае развіццё. Касцёл, заклапочаны сапраўдным развіццём чалавека, рэкамендуе яму поўнае шанаванне чалавечых каштоўнасцяў, таксама ў карыстанні сэксуальнасцю. Нельга звесці яе да звычайнага геданістычнага факту ці забавы, падобна як нельга звесці сэксуальнага выхавання да тэхнічнай інструкцыі, клапоцячыся толькі пра абарону зацікаўленых ад магчымай хваробы ці «непажаданай» пракрэацыі. Гэта было б раўназначна збядненню i занядбанню глыбокага значэння сэксуальнасці, якое павінна адказна прызнавацца i прымацца як асобай, так і супольнасцю. Адказнасць аднолькава забараняе лічыць сэксуальнасць звычайнай крыніцай прыемнасці і рэгуляваць яе праз палітыку прымусовага планавання нараджальнасці. У абодвух выпадках маем дачыненне з палітыкамі i матэрыялістычнымі дзеяннямі, у якіх асобы зазнаюць розныя формы насілля. Гэтаму ўсяму трэба супрацьпаставіць першачарговую кампетэнцыю сем’яў у гэтай сферы111 адносна дзяржавы i яе рэстрыкцыйнай палітыкі, a таксама адказную адукацыю бацькоў.

Маральна-адказнае прыняцце жыцця з’яўляецца грамадскім і эканамічным багаццем. Вялікія народы маглі выйсці з галечы дзякуючы вялікай колькасці i здольнасцям сваіх жыхароў. I наадварот, народы, якія калісьці квітнелі, сёння перажываюць фазу няўпэўненасці, a ў некаторых выпадках і заняпад менавіта з прычыны зніжэння нараджальнасці, што з’яўляецца ключавой праблемай грамадстваў з высокім узроўнем дабрабыту. Зніжэнне нараджальнасці, часам ніжэй гэтак званага «паказчыка зменаў», выклікае таксама крызіс сістэм сацыяльнай апекі, павялічвае яе кошты, змяншае назапашаныя зберажэнні i ў выніку фінансавыя сродкі, неабходныя для інвестыцый, змяншае лічбу кваліфікаваных працаўнікоў, звужае рэсурсы «мозгу», якія можна выкарыстоўваць для патрэб народу. Больш за тое, малыя, а часам вельмі малыя сем’і стаяць перад небяспекай збяднення грамадскіх повязяў i немагчымасці гарантаваць эфектыўныя формы салідарнасці. Гэтыя сітуацыі паказваюць сімптом абмежаванага даверу адносна будучыні, а таксама маральнай стомленасці. Таму становіцца грамадскай, a нават эканамічнай неабходнасцю паўторнае паказванне новым пакаленням прыгажосці сям’і i сужэнства як інстытутаў, якія адказваюць на самыя глыбокія патрэбы сэрца i годнасці асобы. У гэтай перспектыве заданне дзяржаў – весці палітыку, якая падтрымлівае цэнтральны характар i інтэгральнасць сям’і, што грунтуецца на сужэнстве мужчыны і жанчыны, сям’і, якая з’яўляецца першаснай i жыццядайнай грамадскай ячэйкай112, клапоцячыся таксама пра яе эканамічныя і фіскальныя праблемы з захаваннем яе рэляцыйнай прыроды.

45. Адказ на найбольш глыбокія маральныя патрэбы асобы мае таксама важныя i дабрачынныя наступствы эканамічнага характару. Эканоміка патрабуе этыкі для свайго правільнага функцыянавання; не якой-небудзь этыкі, але этыкі прыязнай асобе. Сёння шмат гаворыцца пра этыку ў сферы эканомікі, фінансаў, прадпрымальніцтва. Узнікаюць цэнтры навучання i фармацыйныя праграмы ў сферы этыкі бізнэсу; у развітым свеце пашыраецца сістэма этычных сертыфікатаў, якая рэалізуе дух ідэй, якія датычаць сацыяльна-этычнага прадпрымальніцтва. Банкі прапануюць гэтак званыя «этычныя» рахункі i інвестыцыйныя фундацыі. Развіваецца «этычнае фінансаванне», асабліва праз пасрэдніцтва мікракрэдыту, a больш агульна – мікрафінансавання. Гэтыя працэсы расцэньваюцца з прыхільнасцю i заслугоўваюць на шырокую падтрымку. Іх станоўчыя вынікі можна таксама прасачыць у менш развітых рэгіёнах зямлі. Аднак трэба выпрацаваць добрыя крытэрыі разпазнавання, бо заўважаецца пэўнае злоўжыванне прыметнікам «этычны», які пры мала канкрэтызаваным выкарыстанні можа мець вельмі розныя значэнні, да той ступені, што пад ім могуць змяшчацца рашэнні i выбар, супрацьлеглыя справядлівасці i сапраўданаму дабру чалавека.

Многае залежыць ад маральнай сістэмы, паводле якой ідзе ацэнка. У гэтай сферы сацыяльнае вучэнне Касцёла робіць свой адмысловы ўклад, падставай якога з’яўляецца стварэнне чалавека паводле «Божага вобраза» (Быц 1, 27). З гэтага вынікае непарушная годнасць чалавечай асобы, а таксама трансцэндэнтная каштоўнасць натуральных маральных норм. Гаспадарчая этыка, якая не ўлічвала б гэтых двух асноў, непазбежна сутыкнулася б з небяспекай страты сваёй адметнасці i з падпарадкаваннем інструменталізацыі; сцісла кажучы, ёй пагражала б падпарадкаванне існуючым эканамічна-фінансавым сістэмам, і яна не змагла б выпраўляць іх парушэнні. Між іншым яна магла б апраўдваць фінансаванне неэтычных праектаў. Акрамя гэтага, нельга спасылацца на слова «этыка» ідэалагічна дыскрымінуючы яго, даючы зразумець, што ініцыятывы, фармальна незабяспечаныя гэтым азначэннем, не з’яўляюцца этычнымі. Трэба клапаціцца, і гэта істотна, каб паўсталі не толькі «этычныя» сектары або аддзелы эканомікі ці фінансаў, але каб уся гаспадарка i фінансы былі этычнымі, i не толькі з увагі на знешнюю этыкетку, але з увагі на захаванне ўнутраных патрабаванняў адносна іх сутнасці. У сувязі з гэтым выразна выказваецца сацыяльнае вучэнне Касцёла, нагадваючы, што эканоміка з усімі сваімі сферамі з’яўляецца сектарам чалавечай дзейнасці113.

46. Разважаючы над пытаннямі ўзаемаадносінаў прадпрымальніцтва і этыкі, а таксама эвалюцыі сістэмы вытворчасці, здаецца, што прынятыя да гэтага часу адрозненні паміж прадпрыемствамі, якія маюць на мэце прыбытак (profit), і арганізацыямі, нескіраванымі на прыбытак (non profit), ужо не ў стане ўлічваць рэчаіснасць, а таксама плённа кіраваць будучыняй. У апошнія дзесяцігоддзі з’явіўся шырокі прамежкавы абшар паміж дзвюма тыпамі прадпрыемстваў. Ствараюць яго традыцыйныя прадпрыемствы, якія, аднак, падпісваюць пакты дапамогі для адсталых краін; фундацыі, якія з’яўляюцца ініцыятывамі асобных прадпрыемстваў; групы прадпрыемстваў, якія ставяць на мэце грамадскую карысць; шматстайны свет суб’ектаў гэтак званай грамадзянскай і супольнаснай эканомікі. Не маецца на ўвазе толькі «трэці сектар», але новая, шырокая i складаная рэчаіснасць, якая ахоплівае прыватную і грамадскую ўласнасць і не выключае прыбытку, але лічыць яго прыладаю для рэалізацыі гуманістычных і грамадскіх мэтаў. Тое, што гэтыя прадпрыемствы раздзяляюць або не раздзяляюць прыбытак, або прымаюць тую ці іншую форму, прадугледжаную юрыдычнымі нормамі, становіцца другасным адносна іх гатоўнасці разумець прыбытак як прыладу для дасягнення мэты, якой ёсць гуманізацыя рынку i грамадства. Трэба выказаць пажаданне, каб гэтыя новыя формы прадпрыемстваў знайшлі ва ўсіх краінах адпаведную юрыдычную і фіскальную канфігурацыю. Гэта яны, не змяншаючы значэння, а таксама гаспадарчай і грамадскай карысці традыцыйных форм прадпрымальніцтва, змяняюць сістэму ў кірунку больш празрыстага i фактычнага прыняцця абавязкаў з боку эканамічных суб’ектаў. І не толькі. Сама разнастайнасць інстытуцыйных форм прадпрымальніцтва стварае больш цывілізаваны i адначасова больш канкурэнтны рынак.

47. Развіццё розных форм прадпрымальніцтва, асабліва здольных лічыць прыбытак прыладай дасягнення мэтаў гуманізацыі рынку i грамадства, павінна адбывацца таксама ў краінах, асуджаных на выключэнне або маргіналізацыю ў святле глабальнай эканомікі. Вельмі важна працягваць адпаведна зразуметыя i кіраваныя праекты субсідый, якія імкнуцца да ўмацавання правоў, прадбачачы, аднак, заўсёды прапарцыянальную адказнасць. У дзеяннях на карысць развіцця трэба захаваць прынцып цэнтральнага месца чалавечай асобы – суб’екта, які ў першую чаргу павінен прыняць абавязак развіцця. Галоўным дабром з’яўляецца належная жыццёвая сітуацыя канкрэтных асобаў дадзенага рэгіёну, каб яны маглі выканаць гэтыя абавязкі, бо без гэтага яны не могуць іх прыняць. Клопат ніколі не можа быць абстракцыйным. Каб праграмы развіцця маглі дастасоўвацца да канкрэтных сітуацый, яны павінны адзначацца эластычнасцю. Але асобы, якія імі карыстаюцца, павінны непасрэдна ўдзельнічаць у іх планаванні i быць пратаганістамі іх рэалізацыі. Трэба таксама выкарыстоўваць крытэрыі росту i асіставання – уключна з кантролем вынікаў – бо няма паўсюдна абавязковых рэцэптаў. Многае залежыць ад канкрэтнай рэалізацыі намераў. «Паколькі народы з’яўляюцца творцамі ўласнага развіцця, яны першымі адказваюць за яго. Аднак не змогуць яго рэалізаваць без іншых»114. Сёння ў святле ўмацавання працэсу паступовай інтэграцыі планеты гэтая перасцярога Паўла VI становіцца яшчэ больш актуальнай. Дынаміка інтэгравання не з’яўляецца механічнай. Вырашэнні трэба дастасоўваць да жыцця народаў i канкрэтных асобаў, разважліва ацэньваючы кожную сітуацыю. Побач з макрапраектамі патрэбны мікрапраекты, a перадусім фактычная мабілізацыя ўсіх суб’ектаў грамадзянскай супольнасці, асобаў юрыдычных i фізічных.

Міжнароднае супрацоўніцтва патрабуе асобаў, якія ўдзельнічаюць у працэсе гаспадарчага і цывілізацыйнага развіцця праз салідарную прысутнасць, асіставанне, фармацыю i павагу. З гэтага пункту гледжання міжнародныя структуры павінны задумацца над рэальнай плённасцю сваіх бюракратычных і адміністрацыйных апаратаў, часта вельмі дарагіх. Часам здараецца, што адрасат дапамогі становіцца карысным для таго, хто яму дапамагае, i што бедныя служаць для ўтрымання дарагіх бюракратычных арганізацый, якія патрабуюць для свайго існавання вельмі вялікага працэнту рэсурсаў, па сутнасці прызначаных для развіцця. У гэтай перспектыве належала б выказаць пажаданне, каб усе міжнародныя структуры, а таксама недзяржаўныя арганізацыі клапаціліся пра абсалютную яснасць у інфармаванні спонсараў i грамадскай думкі пра працэнт атрыманых фундацый, прызначаных для праграм супрацоўніцтва, пра праўдзівы змест гэтых праграм i, нарэшце, пра структуру выдаткаў самой інстытуцыі.

48. Тэма развіцця сёння таксама моцна звязана з абавязкамі чалавека адносна прыроднага асяроддзя. Бог даў яго ўсім, a карыстанне ім з’яўляецца для нас адказнасцю перад беднымі, будучымі пакаленнямі i ўсім чалавецтвам. Калі прырода, a перадусім чалавечая істота, будуць лічыцца вынікам выпадку або эвалюцыйнага дэтэрмінізму, усведамленне адказнасці слабне ў сумленнях. Веруючы ўспрымае прыроду як цудоўны плён творчай дзейнасці Бога, якім чалавек можа адказна карыстацца, каб задаволіць свае слушныя патрэбы – матэрыяльныя i нематэрыяльныя – з захаваннем унутранай раўнавагі самога стварэння. Калі гэтае бачанне знікае, чалавек пачынае лічыць прыроду недатыкальным табу, або наадварот злоўжывае ёй. Абодва гэтыя стаўленні супярэчаць хрысціянскаму бачанню прыроды, якая з’яўляецца плёнам Божага стварэння.

Прырода з’яўляецца выразам плану любові і праўды. Яна апярэджвае нас i была дадзена нам Богам як асяроддзе жыцця. Яна кажа нам пра Стварыцеля (пар. Рым 1, 20) i пра Яго любоў да чалавецтва і прызначана быць «з’яднанай» у Хрысце напрыканцы часоў (пар. Эф 1, 9-10; Клс 1, 19-20). А значыць, i яна з’яўляецца «пакліканнем»115. Прырода, якая знаходзіцца ў нашым распараджэнні, не з’яўляецца «нагрувашчваннем выпадкова раскіданых адходаў»116, але дарам Стварыцеля, які вызначыў яе ўнутраныя законы, каб чалавек чэрпаў з іх адпаведныя арыентацыі, каб працаваў на ёй i даглядаў яе (пар. Быц 2, 15). Трэба таксама падкрэсліць, што праўдзіваму развіццю супярэчыць тое, што прырода лічыцца найважнейшай за чалавечую асобу. Такая пазіцыя вядзе да неаплатанізму або да новага пантэізму: з самой толькі прыроды, зразуметай выключна ў натуралістычным сэнсе, не можа паходзіць збаўленне чалавека. У сваю чаргу трэба таксама адкінуць супрацьлеглую пазіцыю, скіраваную да яе цалкавітай тэхнізацыі, бо прыроднае асяроддзе гэта не толькі матэрыя, якой можам распараджацца паводле ўласных жаданняў, але цудоўная справа Стварыцеля, якая змяшчае ў сабе «граматыку», што ўказвае на мэтазгоднасць i крытэрыі мудрага, a не інструментальнага ці самавольнага карыстання ёй. Абсалютнае звядзенне прыроды да сукупнасці звычайных, фактычных дадзеных урэшце становіцца крыніцай насілля над асяроддзем, a нават абгрунтаваннем дзейнасці, якая не шануе самой прыроды чалавека. Прырода, складаючыся не толькі з матэрыі, але таксама з духу, i таму багатая на змест i трансцэндэнтныя мэты для дасягнення, мае таксама нарматыўны характар для культуры. Чалавек інтэрпрэтуе i фарміруе прыроднае асяроддзе дзякуючы культуры, якая са свайго боку кіруецца адказнай свабодай, чуйнай на прадпісанні маральнага закону. Таму праекты інтэгральнага чалавечага развіцця не могуць забываць пра наступныя пакаленні, але павінны адзначацца салідарнасцю i справядлівасцю між пакаленнямі, улічваючы многія сферы: экалагічную, юрыдычную, эканамічную, палітычную i культурную117.

49. Пытанні, звязаныя з клопатам пра асяроддзе і з яго аховай, сёння павінны сур’ёзна ўлічваць энэргетычныя праблемы. Рабаўніцкая здабыча неўзнаўляльных крыніц энэргіі з боку некаторых дзяржаў, груп улады i прадпрыемстваў з’яўляецца сур’ёзнай перашкодай для развіцця бедных краін. Яны не маюць эканамічных сродкаў ні на тое, каб мець доступ да наяўных неўзнаўляльных крыніц энергіі, ні на фінансаванне пошукаў новых і альтэрнатыўных крыніц. Захоп прыродных рэсурсаў, якія ў многіх выпадках знаходзяцца менавіта ў бедных краінах, нараджае эксплуатацыю i частыя ўнутраныя і міжнародныя канфлікты. Гэтыя канфлікты ўзнікаюць часта на тэрыторыі гэтых краін, выклікаючы такія сур’ёзныя страты як смерць, знішчэнні i далейшую дэградацыю. Міжнародная супольнасць мае неад’емнае заданне знайсці інстытуцыйныя шляхі рэгулявання спраў, звязаных з эксплуатацыяй неўзнаўляльных рэсурсаў, пры ўдзеле таксама бедных краін, каб супольна планаваць будучыню.

Таксама існуе пільная маральная неабходнасць аднаўлення салідарнасці, асабліва ў адносінах паміж развіццёвымі краінамі і краінамі з высокай ступенню індустрыялізацыі118. Тэхналагічна развітыя грамадствы могуць і павінны зменшыць свой энэргетычны попыт таму, што развіваецца мануфактурная дзейнасць, і таму, што сярод іх грамадзянаў распаўсюджваецца большая ўвага да экалогіі. Акрамя гэтага трэба дадаць, што сёння можна паляпшаць энэргетычную эфектыўнасць, i адначасова з’яўляецца магчымым прагрэс у пошуку альтэрнатыўных энэргій. Аднак неабходна таксама планетарнае пераразмеркаванне энергетычных рэсурсаў, каб да іх мелі доступ таксама краіны, якія іх пазбаўлены. Іх выкарыстанне не можа застацца ў руках першага здабыўцы ці падпарадкоўвацца логіцы мацнейшага. Маюцца на ўвазе праблемы, якія – каб іх належна пераадолець – патрабуюць ад усіх адказнага разумення наступстваў, якія пяройдуць на будучыя пакаленні, асабліва на шматлікую моладзь бедных краін, якая «патрабуе свайго ўдзелу ў будаванні лепшага свету»119.

50. Гэтая адказнасць мае глабальны характар, бо датычыць не толькі энергіі, але ўсяго стварэння, якое мы не павінны пакінуць новым пакаленням пазбаўленым яго багаццяў. Чалавеку можна здзяйсняць адказную ўладу над прыродай дзеля яе захавання, атрымання ад яе карысці i дзеля яе дагляду пры дапамозе новых форм i дзякуючы новым прагрэсіўным тэхналогіям, каб яна магла належна прыняць i выкарміць чалавецтва, якое яе насяляе. Для ўсіх ёсць месца на нашай зямлі: на ёй уся чалавечая сям’я павінна знайсці неабходныя для годнага жыцця багацці пры дапамозе самой прыроды, якая з’яўляецца дарам Бога для Яго дзяцей, робячы ўласны ўклад працы i вынаходніцтва. Аднак мы павінны прыняць як сур’ёзны абавязак перадачу новым пакаленням зямлі ў такім стане, каб таксама i яны маглі годна яе насяляць i далей працаваць на ёй. Гэта прадбачыць неабходнасць сумеснага «вырашэння, пасля адказнага распазнання шляху, якім трэба ісці, з мэтаю ўмацавання пагаднення паміж чалавекам i асяроддзем, якое павінна быць адлюстраваннем творчай любові Бога, ад якога мы вышлі i да якога ідзём»120. Хочацца пажадаць, каб міжнародная супольнасць i паасобныя ўлады змаглі плённа супрацьстаяць знішчальным спосабам выкарыстання навакольнага асяроддзя. Неабходна таксама, каб кампетэнтныя ўлады прыклалі неабходныя намаганні, каб эканамічныя і грамадскія кошты, якія вынікаюць з выкарыстання агульных прыродных рэсурсаў, былі яўна прызнаныя i прынятыя тымі, хто імі карыстаецца, a не іншымі людзьмі ці будучымі пакаленнямі: ахова прыроды, рэсурсаў, а таксама клімату патрабуе, каб усе адказныя на міжнародным узроўні дзейнічалі разам i былі гатовыя дзейнічаць у добрай веры, з захаваннем правоў i салідарнасці адносна слабейшых рэгіёнаў планеты121. Адным з самых галоўных заданняў эканомікі з’яўляецца менавіта больш плённае выкарыстанне, a не злоўжыванне рэсурсамі, маючы заўсёды на ўвазе, што паняцце эфектыўнасці не з’яўляецецца аксіялагічна нейтральным.

51. Спосабы ўспрыняцця чалавекам прыроднага асяроддзя уплываюць на тое, як ён успрымае самога сябе, і наадварот. Гэта – выклік для сучаснага грамадства, каб яно сур’ёзна перагледзела свой стыль жыцця, які ў многіх частках свету мае геданістычны і спажывальніцкі характар без увагі на вынікаючыя з гэтага шкоды122. Неабходна плённая змена менталітэту, які нас схіліць да прыняцця новых стыляў жыцця, «у якіх шуканне праўды, прыгажосці і дабра, а таксама супольнасць людзей, якія імкнуцца да сумеснага развіцця, былі б вырашальнымі элементамі у выбары якасці спажывання, ашчаднасці і інвестыцый»123. Кожнае парушэнне салідарнасці і грамадзянскага сяброўства нясе экалагічную шкоду, падобна як дэградацыя асяроддзя выклікае незадавальненне ў грамадскіх адносінах. Прырода, асабліва ў наш час, настолькі інтэграваная ў грамадскую і культурную дынаміку, што ўжо амаль не з’яўляецца незалежна зменлівай. Спусташэнне зямлі i вытворчае збядненне некаторых земляробчых абшараў з’яўляюцца таксама вынікам абяднення яе насельніцтва i яго адсталасці. Праз актывізацыю эканамічнага і культурнага развіцця гэтага насельніцтва ахоўваецца таксама прырода. Але ж колькі прыродных рэсурсаў знішчылі войны! Спакой народаў i паміж народамі таксама спрыяў бы большай ахове прыроды. Захоп рэсурсаў, асабліва вады, можа выклікаць сур’ёзныя канфлікты паміж уцягнутымі ў яго грамадствамі. Мірная дамова, якая датычыць выкарыстання рэсурсаў, можа зберагчы прыроду i адначасова дабрабыт зацікаўленых грамадстваў.

Касцёл адказны за стварэнне і павінен таксама падкрэсліваць гэтую адказнасць на публічным форуме. Робячы гэта, павінен абараняць не толькі зямлю, ваду і паветра як дары стварэння, якія належаць усім. Павінен перадусім аберагаць чалавека ад самазнішчэння. Трэба, каб было штосьці накшталт адпаведна зразуметай чалавечай экалогіі. Дэградацыя натуры сцісла звязана з культурай, якая фарміруе чалавечае суіснаванне: калі ў грамадстве захоўваецца «чалавечая экалогія»124, экалогія навакольнага асяроддзя таксама мае з гэтага карысць. Як чалавечыя цноты з’яднаныя паміж сабою так, што аслабленне адной пагражае таксама іншым, так і экалагічная сістэма абапіраецца на шанаванні праекта, які датычыць здаровага суіснавання ў грамадстве і добрага стаўлення да прыроды.

Для аховы прыроды недастаткова дзеянняў, якія абуджаюць або стрымліваюць гаспадарку, недастаткова нават адпаведнага настаўлення. Гэта важныя прылады, але галоўнай праблемай з’яўляецца цэласная маральная пастава грамадства. Калі не захоўваюцца правы на жыццё і на натуральную смерць, калі робіцца штучным зачацце, цяжарнасць, нараджэнне чалавека, калі чалавечыя эмбрыёны аддаюцца для даследаванняў, паўсюдная свядомасць губляе паняцце чалавечай экалогіі, a разам з ім паняцце экалогіі навакольнага асяроддзя. Недарэчна заклікаць новыя пакаленні да шанавання прыроднага асяроддзя, калі ў той жа час выхаванне i заканадаўства не дапамагаюць ім шанаваць саміх сябе. Кніга прыроды – адна і непадзельная у тым, што датычыць асяроддзя, а таксама сферы жыцця, сэксуальнасці, сужэнства, сям’і і грамадскіх адносінаў, адным словам у сферы інтэгральнага чалавечага развіцця. Нашыя абавязкі адносна асяроддзя лучацца з абавязкамі, якія маем адносна самой асобы, а таксама адносна іншых. Нельга змушаць да адных абавязкаў, парушаючы другія. Гэта сур’ёзная супярэчнасць сённяшняга менталітэту і практыкі, якая прыніжае асобу, разбурае навакольнае асяроддзе і прычыняе шкоду грамадству.

52. Праўду і выяўленую праз яе любоў нельга стварыць; іх можна толькі прыняць. Чалавек не можа быць іх канчатковай адзінай крыніцай, але толькі Бог, які з’яўляецца Праўдай i Любоўю. Гэты прынцып вельмі важны для грамадства i для развіцця, бо ні адна, ні другая не можа быць выключна чалавечым прадуктам; само пакліканне да развіцця асобаў і народаў не абапіраецца на звычайныя чалавечыя разважанні, але закладзена ў папярэдні план адносна нас i з’яўляецца для нас усіх абавязкам, які павінен быць свабодна прынятым. Тое, што нас апярэджвае i вызначае – суіснуючыя Любоў i Праўда – указваюць нам, што з’яўляецца дабром i ў чым заключаецца нашае шчасце. А значыць указваюць нам шлях да сапраўднага развіцця.

 

 
РАЗДЗЕЛ V

СУПРАЦОЎНІЦТВА ЧАЛАВЕЧАЙ СЯМ’І

53. Адной з найглыбейшых форм убоства, якую можа зазнаць чалавек, з’яўляецца самотнасць. Па сутнасці іншыя формы ўбоства, таксама і матэрыяльныя, нараджаюцца з ізаляцыі, ад таго, што чалавек не з’яўляецца каханым ці з цяжкасцяў у каханні. Розныя віды ўбоства часта нараджаюцца з адкідвання Божай любові, з першаснай трагічнай замкнёнасці ў сабе чалавека, які лічыць, што з’яўляецца самадастатковым або толькі нязначным і часовым фактам, «чужым» у сусвеце, які ўзнік выпадкова. Чалавек становіцца адчужаным, калі застаецца самотным ці адарваны ад рэчаіснасці, калі адмаўляецца ад мыслення i веры ў пэўны Фундамент125. Усё чалавецтва становіцца адчужаным тады, калі давяраецца толькі чалавечым планам, фальшывым ідэалогіям i утопіям126. Сёння чалавецтва здаецца намнога больш інтэрактыўным, чым учора: гэтая большая блізкасць павінна перамяніцца ў сапраўдную еднасць. Развіццё народаў залежыць перадусім ад прызнання, што яны з’яўляюцца адной сям’ёй, якая супрацоўнічае ў сапраўднай еднасці i складаецца з суб’ектаў, якія жывуць не проста адзін побач з другім127.

Павел VI заўважыў, што «свет церпіць з прычыны недахопу мыслення»128. Гэтыя словы змяшчаюць сцвярджэнне, але найперш пажаданне: патрэбны новы размах мыслення, каб лепш зразумець вынікі таго, што мы з’яўляемся адной сям’ёй; узаемаўплыў паміж людзьмі на планеце заахвочвае нас да таго, каб інтэграцыя адбывалася больш пад знакам салідарнасці129, чым маргіналізацыі. Падобная праўда абавязвае крытычна i з улікам каштоўнасцяў паглыбляць катэгорыі адносінаў. Маецца на ўвазе заданне, якое нельга выканаць толькі пры дапамозе грамадскіх навук, бо яно патрабуе ўкладу такіх дысцыплін, як метафізіка i тэалогія, каб выразна зразумець трансцэндэнтную годнасць чалавека.

Чалавечае стварэнне, маючы духоўную прыроду, рэалізуецца ў міжасабовых адносінах. Чым больш праўдзіва перажывае іх, тым больш сталее яго асабістая тоеснасць. Чалавек ацэньвае сябе не ў ізаляцыі, але праз наладжаванне адносінаў з іншымі, а таксама з Богам. Таму важнасць гэтых адносінаў набывае фундаментальны характар. Гэта датычыць таксама народаў. Таму вельмі карысным для іх развіцця з’яўляецца метафізічнае бачанне адносінаў паміж асобамі. У гэтай сферы розум знаходзіць натхненне i накіраванасць у хрысцінскім аб’яўленні, згодна з якім супольнасць людзей не ўцягвае ў сябе асобы, знішчаючы іх аўтаномію, як гэта здараецца ў розных формах таталітарызму, але ўзвышае яе каштоўнасць, бо адносіны паміж асобамі і супольнасцямі – гэта адносіны асабовай паўнаты, якія вядуць да іншага віду паўнаты130. Як сямейная супольнасць не касуе ў сабе асобаў, якія яе ствараюць, i як сам Касцёл шануе ў поўні «новае стварэнне» (Гал 6, 15; 2 Кар 5, 17), якое праз хрост далучаецца да яго жывога цела, так і еднасць чалавечай сям’і не касуе ў сабе асобаў, народаў i культур, але робіць іх больш ўзаемна празрыстымі, больш злучанымі ў іх законнай разнастайнасці.

54. Тэма развіцця супадае з тэмай уключэння па прынцыпу рэляцыі ўсіх асобаў i ўсіх народаў да адной супольнасьці чалавечай сям’і, якая будуецца ў салідарнасці на асноўных каштоўнасцях справядлівасці і спакою. Гэтая перспектыва знаходзіць галоўнае святло ў адносінах паміж Асобамі Тройцы ў адной Божай Субстанцыі. Найсвяцейшая Тройца – гэта абсалютная еднасць, бо тры Божыя Асобы ствараюць чыстую рэляцыйнасць. Узаемная празрыстасць паміж трыма Божымі Асобамі з’яўляецца поўнай, а сувязь адной з другой цалкавітай, бо з’яўляюцца абсалютнай еднасцю i непаўторнасцю. Бог хоча таксама нас далучыць да гэтай рэчаіснасці камуніі: «Каб былі адно, як і Мы адно» (Ян 17, 22). Касцёл з’яўляецца знакам і прыладаю гэтай еднасці131. Таксама адносіны паміж людзьмі ў гісторыі павінны толькі мець карысць з аднясення да гэтага боскага прыкладу. Асабліва ў святле аб’яўленай таямніцы Найсвяцейшай Тройцы можна зразумець, што сапраўднае адкрыццё азначае не цэнтрабежнае рассейванне, але глыбокае ўзаемнае пранікненне. Гэта выводзіцца таксама з паўсюдных чалавечых адчуванняў любові і праўды. Як сакрамэнтальная любоў паміж сужэнцамі духоўна яднае іх у «адно цела» (Быц 2, 24; Мц 19, 5; Эф 5, 31) i з дваіх, якімі былі, робіць рэляцыйную i сапраўдную еднасць, так аналагічна і праўда яднае паміж сабою чалавечыя душы так, што яны аднолькава думаюць, прыцягвае іх і яднае ў сабе.

55. Хрысціянскае аб’яўленне наконт еднасці чалавечага роду прадугледжвае метафізічную інтэрпрэтацыю humanum, у якой рэляцыйнасць з’яўляецца істотным элементам. Таксама іншыя культуры і рэлігіі вучаць братэрству і спакою, а значыць, з’яўляюцца вельмі важнымі для інтэгральнага чалавечага развіцця. Аднак ёсць шмат рэлігійных і культурных пазіцый, якія не прымаюць у поўні прынцыпу любові і праўды, і ў выніку стрымліваюць сапраўднае чалавечае развіццё ці проста перашкаджаюць яму. Сучасны свет прасякнуты пэўнымі культурамі рэлігійнага характару, якія не накіроўваюць чалавека да еднасці, але ізалююць яго ў пошуку індывідуальнага дабрабыту, абмяжоўваючыся заспакаеннем яго псіхалагічных чаканняў. Таксама пэўнае памнажэнне рэлігійных шляхоў, распачатых малымі групамі, ці нават некаторымі асобамі, а таксама рэлігійны сінкрэтызм могуць стаць прычынай рассеяння i недахопу ўдзелу. Магчымым негатыўным вынікам працэсу глабалізацыі з’яўляецца тэндэнцыя, якая спрыяе такому сінкрэтызму132 і ажыўляе формы «рэлігіі», якія вядуць людзей да адасаблення замест таго, каб весці іх да сустрэчы, і аддаляюць іх ад рэчаіснасці. Адначасова захоўваецца часам культурная і рэлігійная спадчына, якая замыкае грамадства ў статычных грамадскіх кастах, у магічных вераваннях, абыякавых да годнасці чалавечай асобы, у паставах падпарадкавання таямнічым сілам. У такіх сітуацыях паўстаюць шкодныя для сапраўднага развіцця цяжкасці ў прыняцці любові i праўды.

Таму, калі, з аднаго боку, з’яўляецца праўдай, што развіццё патрабуе рэлігіі і культуры розных народаў, то, з другога боку, таксама застаецца праўдай, што неабходным з’яўляецца адпаведнае распазнаванне. Рэлігійная свабода не азначае рэлігійнай абыякавасці i не робіць усе рэлігіі роўнымі133. Асабліва тым, хто мае палітычную уладу, неабходна распазнаваць уклад культур i рэлігій у будаванне грамадскай супольнасці з захаваннем агульнага дабра. Гэтае распазнаванне павінна кіравацца крытэрыем любові i праўды. Паколькі бярэцца пад увагу развіццё асобаў і народаў, гэтае распазнаванне будзе ўлічваць магчымасць эмансіпацыі i ўключэння ў перспектыве сапраўды чалавечай універсальнай супольнасці. «Увесь чалавек i ўсе людзі» – гэта крытэрый ацэнкі таксама культур i рэлігій. Хрысціянства як рэлігія Бога, «які мае чалавечае аблічча»134, змяшчае ў сабе падобныя крытэрыі.

56. Хрысціянская рэлігія, а таксама іншыя рэлігіі могуць зрабіць свой уклад у развіццё з умоваю, што Бог знойдзе месца таксама ў грамадскай сферы, з асаблівым суаднясеннем да культурнага, грамадскага, эканамічнага, a асабліва палітычнага вымярэння. Сацыяльнае вучэнне Касцёла ўзнікла, каб патрабаваць гэтага «грамадзянскага паўнамоцтва»135 для хрысціянскай рэлігіі. Адмаўленне права на публічнае вызнанне сваёй веры і на дзеянне, каб праўды веры фарміравалі таксама грамадскае жыццё, выклікае негатыўныя наступствы для сапраўданага развіцця. Выключэнне рэлігіі з грамадскай сферы, падобна як рэлігійны фундаменталізм з другога боку, перашкаджаюць сустрэчы асобаў, а таксама іх супрацоўніцтву дзеля развіцця чалавецтва. У выніку грамадскае развіццё пазбаўляецца матывацый, а палітыка набывае рысы ўціску і агрэсіі. Існуе небяспека, што правы чалавека не будуць прызнавацца, бо будуць пазбаўлены свайго трансцэндэнтнага фундаменту або не будзе прызнана асабістая свабода. У секулярызме i фундаменталізме губляецца магчымасць плённага дыялогу i карыснага супрацоўніцтва паміж розумам і рэлігійнай верай. Розум заўсёды патрабуе ачышчэння праз веру, i гэта датычыць таксама палітычнага розуму, які не павінен лічыць сябе ўсемагутным. Са свайго боку рэлігія заўсёды патрабуе ачышчэння праз розум, каб паказаць сваё праўдзівае чалавечае аблічча. Перарыванне гэтага дыялогу нясе сур’ёзную небяспеку для развіцця чалавецтва.

57. Плённы дыялог паміж верай і розумам робіць больш плённай справу міласэрнасці ў грамадскай сферы i стварае найбольш адпаведныя рамкі для развіцця братняга супрацоўніцтва паміж веруючымі і няверуючымі ў супольнай перспектыве дзеянняў на карысць справядлівасці i спакою чалавецтва. У Пастырскай канстытуцыі Gaudium et spes айцы Сабору сцвердзілі: «Як веруючыя, так і няверуючыя згодныя ў тым, што ўсе рэчы, якія ёсць на зямлі, падпарадкаваны чалавеку як іх цэнтру і вяршыні»136. Для веруючых людзей свет з’яляецца плёнам не выпадку ці неабходнасці, але Божага плану. З гэтага нараджаецца для веруючых абавязак з’яднання сваіх намаганняў з намаганнямі ўсіх людзей добрай волі, іншых рэлігій або з няверуючымі, каб гэты наш свет сапраўды адказваў на Божы план: жыць як адна сям’я перад вачыма Стварыцеля. Асаблівым праяўленнем любові i галоўным крытэрыем братняга супрацоўніцтва веруючых і няверуючых з’яўляецца несумненна прынцып субсідыярнасці137 як выраз неад’емнай чалавечай свабоды. Субсідыярнасць з’яўляецца перадусім дапамогай асобе праз незалежнасць прамежкавых груп. Такога тыпу дапамога аказваецца, калі асоба і грамадскія суб’екты не могуць дзейнічаць самастойна, i заўсёды прадугледжвае эмансіпіраваную мэтазгоднасць, бо спрыяе свабодзе i ўдзелу ў прыняцці адказнасці. Субсідыярнасць шануе годнасць асобы, у якой бачыць суб’ект, заўсёды гатовы пераказаць штосьці іншым. Прызнаючы ва ўзаемнасці ўнутраную сутнасць чалавечай істоты, субсідыярнасць з’яўляецца самым плённым сродкам супраць пэўных форм патэрналістычнага асістэнцыялізму. Яна можа выяўляцца ў разнастайным спалучэнні планаў, a значыць колькасці суб’ектаў, і таксама ў іх каардынацыі. Маецца на ўвазе прынцып, які асабліва адпавядае для кіравання глабалізацыяй i скіравання яе на сапраўднае чалавечае развіццё. Каб не стварыць небяспечнай універсальнай улады манакратычнага характару, кіраванне глабалізацыяй павінна адзначацца субсідыярнасцю, якая выражаецца на многіх узроўнях i ў розных сферах, якія ўзаемасупрацоўнічаюць. Глабалізацыя безумоўна патрабуе ўлады, бо ўзнімае праблему дасягнення глабальнага агульнага дабра; аднак такая ўлада павінна быць арганізавана ў духу субсідыярнасці i размеркавання кампетэнцый138, каб не парушаць свабоды i прыносіць канкрэтны плён.

58. Прынцып субсідыярнасці павінен быць сцісла звязаным з прынцыпам салідарнасці, і наадварот, бо субсідыярнасць без салідарнасці заканчваецца грамадскім партыкулярызмам, як і салідарнасць без субсідыярнасці становіцца асістэнцыялізмам, які прыніжае чалавека, што знаходзіцца ў патрэбе. Гэтае правіла агульнага характару трэба мець таксама на ўвазе, разглядаючы справы, што датычаць міжнароднай дапамогі і развіцця. Гэтая дапамога, незалежна ад інтэнцыі ахвярадаўцаў, можа часам утрымліваць нейкі народ у стане залежнасці, а нават спрыяць сітуацыям мясцовага дамінавання і эксплуатацыі ў краіне, якая атрымлівае дапамогу. Сапраўданая гаспадарчая дапамога дзеля таго, каб заставацца такой, не павінна імкнуцца да іншых мэтаў. Яна павінна аказвацца не толькі праз заахвочванне ўраду зацікаўленых краін, але таксама мясцовых гаспадарчых дзеячаў і суб’ектаў грамадзянскай супольнасці, якія ўдзельнічаюць у культуры, уключна з мясцовымі Касцёламі. Праграмы дапамогі павінны штораз больш мець рысы праграм, спалучаных з нізавым удзелам. Безумоўна, найбольшым багаццем, якое трэба цаніць у краінах, якія атрымліваюць дапамогу, з’яўляецца чалавечае багацце: гэта сапраўдны капітал, які трэба павялічваць, каб запэўніць самым бедным краінам сапраўды самастойную будучыню. Трэба таксама нагадаць, што ў эканамічнай сферы асноўнай дапамогай, якой патрабуюць развіццёвыя краіны, з’яўляецца дазвол i спрыянне паступоваму ўваходжанню іх прадукцыі на міжнародныя рынкі, даючы такім чынам магчымасць поўнага ўдзелу ў міжнародным гаспадарчым жыцці. У мінулым вельмі часта дапамога прычынялася да стварэння толькі другаснага рынку для вырабаў дадзеных краін. Гэта часта звязана з недахопам сапраўднага попыту на гэтыя вырабы. Таму неабходна дапамагаць гэтым краінам павысіць якасць іх вырабаў і лепш дастасаваць іх да попыту. Больш за тое, некаторыя часта баяліся канкурэнцыі імпарту тавараў, зазвычай земляробства, што паходзяць з эканамічна бедных краін. Аднак трэба нагадаць, што для гэтых краін магчымасць камерцыялізацыі такіх вырабаў азначае вельмі часта заруку іх пражыцця на кароткі і больш доўгі перыяд. Справядлівы i ўраўнаважаны міжнародны гандаль у земляробчай сферы можа ўсім прынесці карысць, як з боку продажу, так і з боку попыту. Таму не толькі неабходна надаць гэтай вытворчасці камерцыйны напрамак, але таксама ўстанавіць міжнародныя гандлёвыя правілы, якія б яе падтрымлівалі, і ўмацаваць фінансаванне развіцця, каб зрабіць гэтыя гаспадаркі больш прадуктыўнымі.

59. Супрацоўніцтва ў развіцці не павінна мець выключна эканамічны характар; яно павінна стаць вялікай нагодай для культурнай і чалавечай сустрэчы. Калі суб’екты супрацоўніцтва гаспадарча развітых краін, як гэта часам здараецца, не ўлічваюць культурнай самабытнасці сваёй і іншых, якая складаецца з людскіх каштоўнасцяў, яны не могуць устанаўліваць ніякага сур’ёзнага дыялогу з грамадзянамі бедных краін. Калі яны прымаюць абыякава i безразважна кожную культурную прапанову, то не ў стане адказваць за сваё сапраўднае развіццё139. Тэхналагічна развітыя грамадствы не павінны блытаць сваё тэхналагічнае развіццё з уяўнай культурнай перавагай, але павінны адкрыць у сабе часам забытыя цноты, якія дазволілі ім расквітнець на працягу гісторыі. Развіццёвыя грамадствы павінны застацца вернымі ўсяму таму, што з’яўляецца сапраўды чалавечым у іх традыцыях, пазбягаючы аўтаматычнага дыктавання сабе механізмаў глабальнай тэхналагічнай цывілізацыі. Ва ўсіх культурах выступаюць асаблівыя i разнастайныя этычныя супадзенні, якія з’яўляюцца выразам той самай чалавечай натуры, жаданай Стварыцелем, i якія этычную мудрасць чалавецтва называюць натуральным законам140. Такі паўсюдны маральны закон з’яўляецца салідным фундаментам усялякага культурнага, рэлігійнага і палітычнага дыялогу, не дазваляючы шматграннаму плюралізму розных культур адыходзіць ад сумеснага пошуку праўды, дабра і Бога. Таму згода на прыняцце гэтага закону, запісанага ў сэрцах людзей, з’яўляецца перадумовай усялякага канструктыўнага грамадскага супрацоўніцтва. Ва ўсіх культурах ёсць цяжары, ад якіх трэба вызваліцца, а таксама цемры, з якіх трэба выйсці. Хрысціянская вера, якая ўцелаўляецца ў культуры, перарастаючы яе, можа дапамагчы ім узрастаць у паўсюднай узаемнай блізкасці і салідарнасці з карысцю для супольнаснага і планетарнага развіцця.

60. У пошуку выйсця з сучаснага эканамічнага крызісу дапамога на карысць развіцця бедных краін павінна лічыцца праўдзівай прыладаю стварэння багаццяў для ўсіх. Які праект дапамогі можа накрэсліць такі значны рост вартасці, у тым ліку і міжнароднай гаспадаркі, калі не падтрымка народаў, якія яшчэ знаходзяцца ў пачатковай або не вельмі развітай фазе свайго эканамічнага развіцця? У гэтай перспектыве гаспадарча больш развітыя дзяржавы зробяць усё магчымае, каб прызначыць большыя квоты свайго нацыянальнага валавага даходу на дапамогу ў развіцці, захоўваючы прынятыя на міжнародным узроўні абавязацельствы ў гэтай справе. Яны могуць гэта зрабіць, пераглядаючы свае прынцыпы апекі i грамадскай салідарнасці, выкарыстоўваючы ў гэтай сферы прынцып субсідыярнасці i ствараючы больш інтэгральныя сістэмы сацыяльнай апекі з актыўным удзелам прыватных асобаў, а таксама грамадзянскай супольнасці. Так можна нават палепшыць дапамогу і сацыяльную апеку і адначасова зберагчы рэсурсы, ліквідуючы марнатраўства i нелегальныя даходы, i прызначыць іх на карысць міжнароднай салідарнасці. Сістэма сацыяльнай салідарнасці, якая адзначаецца большым удзелам і з’яўляецца больш арганічнай і менш бюракратычнай, але не менш каардынаванай, дазволіла б ацаніць тыя спячыя сёння энэргіі з карысцю таксама для салідарнасці паміж народамі.

Карысным для развіцця магло б стаць таксама эфектыўнае прымяненне гэтак званай фіскальнай дапамогі, якая дазволіла б грамадзянам вырашаць аб прызначэнні квот з іх падаткаў, перададзеных дзяржаве. Калі не будзе партыкулярных скажэнняў, гэта можа дапамагчы абудзіць нізавую форму грамадскай салідарнасці з верагоднай карысцю таксама ў сферы салідарнасці дзеля развіцця.

61. Больш шырокая салідарнасць на міжнародным узроўні выражаецца перадусім у працягванні, таксама ва ўмовах эканамічнага крызісу, пашырэння большага доступу да адукацыі, якая, з другога боку, з’яўляецца істотнай умовай эфектыўнасці міжнароднага супрацоўніцтва. Пад паняццем «адукацыя» маем на ўвазе не толькі асвету або прафесіянальную падрыхтоўку, хоць абедзве з’яўляюцца важнымі элементамі развіцця, але поўную фармацыю асобы. У сувязі з гэтым трэба падкрэсліць пэўны праблематычны аспект: каб выхаваць, трэба ведаць, кім з’яўляецца чалавечая асоба, i ведаць яе прыроду. Умацаванне рэлятывісцкага погляду на гэтую прыроду нараджае сур’ёзныя праблемы ў выхаванні, асабліва ў маральным, прадвызначаючы яго пашырэнне ва універсальным маштабе. Падпарадкоўваючыся такога тыпу рэлятывізму, усе становяцца больш беднымі, што негатыўна сказваецца на плённасці дапамогі найбяднейшаму насельніцтву, якое не толькі патрабуе эканамічных ці тэхнічных сродкаў, але таксама педагагічных метадаў i сродкаў, якія падтрымліваюць асобы ў поўнай рэалізацыі іх чалавечнасці.

Прыкладам значнасці гэтай праблемы з’яўляецца міжнародны турызм141, які можа быць істотным элементам эканамічнага развіцця і культурнага росту, але можа таксама стаць нагодай для эксплуатацыі i маральнай дэградацыі. Дадзеная сітуацыя стварае асаблівыя магчымасці, каб аспекты эканамічнага развіцця, г. зн. прыцягвання капіталу i ўзнікненне мясцова важных ініцыятыў бізнэсу, лучыліся з культурнымі аспектамі, і больш за ўсё з выхаваўчым. Гэта мае месца ў многіх выпадках, аднак вельмі часта міжнародны турызм з’яўляецца антывыхаваўчай падзеяй як для турыста, так і для мясцовага насельніцтва, што звязана часта з амаральнымі паводзінамі, a нават ненармальнымі, як у выпадку гэтак званага сэксуальнага турызму, ахвярай якога становяцца многія людскія жыцці, нават маладога ўзросту. Прыкра сцвярджаць, што адбываецца гэта часта пры падтрымцы мясцовых улад, з маўклівай згоды ўлады краін, адкуль паходзяць турысты, i пры саўдзеле многіх арганізатараў гэтай галіны.  Нават, калі не даходзіць аж да такіх скажэнняў, міжнародны турызм часта перажываецца спажывецкім i геданістычным чынам, як уцёкі, арганізаваныя тыповым для краін паходжання спосабам, і таму яны не спрыяюць праўдзівай сустрэчы асобаў i культур. Пагэтаму трэба думаць пра іншую мадэль турызму, здольную прапагандаваць праўдзівае ўзаемнае пазнанне, не змяншаючы прасторы для адпачынку i здаровай забавы: гэтага тыпу турызм развіваецца таксама дзякуючы цеснай сувязі вопыту міжнароднага супрацоўніцтва i прадпрымальніцтва ў сферы развіцця.

62. Калі кажам пра інтэгральнае чалавечае развіццё, варта звярнуць увагу на з’яву міграцыі. Гэтая з’ява ўражвае колькасцю ахопленых ёй асоб, прынесенымі ёй сацыяльнымі, эканамічнымі, палітычнымі, культурнымі i рэлігійнымі праблемамі і з прычыны драматычных выклікаў, якія яна ставіць перад грамадствамі паасобных краін i перад міжнароднай супольнасцю. Можам сказаць, што мы знаходзімся перад сацыяльнай з’явай эпахальнага характару, якая патрабуе моцнай i дальнабачнай палітыкі міжнароднага супрацоўніцтва, каб можна было адпаведна ёй супрацьстаяць. Такую палітыку трэба развіваць, пачынаючы ад сціслага супрацоўніцтва паміж краінамі паходжання эмігрантаў, і краінамі, да якіх яны прыбываюць. Гэтай палітыцы павінны спадарожнічаць адпаведныя міжнародныя пагадненні, здольныя гарманізаваць розныя заканадаўчыя парадкі, забяспечыць у перспектыве патрэбы i правы асобаў, а таксама сем’яў эмігрантаў і адначасова грамадства, у якім яны жывуць. Ніводная краіна не можа лічыць, што сама зможа супрацьстаяць міграцыйным праблемам нашага часу. Мы ўсе заўважаем цяжар цярпення, непрыемнасцяў i імкненняў, якія спадарожнічаюць міграцыйным рухам. Як вядома, гэтая з’ява мае складаны характар; аднак застаецца праўдай, што замежныя працаўнікі, нягледзячы на цяжкасці, звязаныя са сваёй інтэграцыяй і працай робяць значны ўклад у гаспадарчае развіццё краіны, якая іх прымае, а таксама ў развіццё родных краін, дзякуючы фінансавым пераводам. Зразумела, гэтых працаўнікоў нельга лічыць таварам або звычайнай працоўнай сілай. Нельга лічыць іх якім-небудзь іншым элементам вытворчасці. Кожны эмігрант з’яўляецца чалавечай асобай, якая, сама па сабе, мае неад’емнае фундаментальнае права, якое павінны шанаваць усе i ў кожнай сітуацыі142.

63. Разважаючы над праблемай развіцця, трэба падкрэсліць непасрэдную сувязь паміж беднасцю i беспрацоўем. У многіх выпадках убогія з’яўляюцца вынікам парушэння годнасці чалавечай працы, таму што абмяжоўваюцца яе магчымасці (беспрацоўе, частковае беспрацоўе), а таксама таму, што дэвальвуюцца «правы, якія з яе вынікаюць, асабліва права на справядлівую заработную плату, на забеспячэнне асобы працаўніка і сям’і»143. Таму ўжо 1 мая 2000 года мой святой памяці папярэднік Ян Павел II з нагоды Юбілею працоўных звярнуўся з заклікам стварыць «глабальную кааліцыю на карысць годнай працы»144, заахвочваючы да прымянення стратэгіі Міжнароднай Арганізацыі Працы. Такім чынам выказаў рашучую маральную падтрымку гэтай мэты, як імкнення сем’яў ва ўсіх краінах свету. Што азначае выкарыстанае адносна працы слова «годнасць»? Азначае працу, якая ў кожным грамадстве выражае істотную годнасць кожнага мужчыны i кожнай жанчыны: азначае працу, выбраную свабодна, якая плённа злучыць працаўнікоў, мужчын і жанчын, з развіццём іх супольнасці; азначае працу, якая ў сваю чаргу дазваляе, каб працаўнікі мелі пашану i былі свабодныя ад усялякай дыскрымінацыі; азначае працу, якая дазваляе задаволіць патрэбы сям’і i даць адукацыю дзецям, каб яны не былі вымушаныя працаваць; азначае працу, якая дазваляе працаўнікам свабодна ствараць арганізацыі, каб іхні голас быў пачуты; азначае працу, якая пакідае дастатковую магчымасць для адшукання ўласных каранёў на асабістым, сямейным i духоўным узроўнях; азначае працу, якая забяспечвае годныя ўмовы жыцця працаўнікам, якія дачакаліся пенсіі.

64. Разважаючы над тэмай працы, неабходна таксама  нагадаць пра пільную патрэбу таго, каб прафесійныя саюзы працоўных, пры заахвочванні і падтрымцы Касцёла, былі адкрытыя на новыя перспектывы, якія з’яўляюцца ў працоўных асяроддзях. Нягледзячы на абмежаванні, уласцівыя галіновым прафесійным саюзам, прафсаюзы пакліканы заняцца новымі праблемамі нашых грамадстваў: маю на ўвазе, напрыклад, сукупнасць пытанняў, якія вучоныя, што займаюцца грамадскімі навукамі, ідэнтыфікуюць як канфлікт паміж асобай-працаўніком і асобай-спажыўцом. Неабавязкова падзяляць тэзу пра пераход, які адбыўся ад цэнтральнага характару працаўніка да цэнтральнага характару спажыўца, аднак падаецца, што і гэта таксама з’яўляецца полем для новага прафсаюзнага досведу. Глабальны кантэкст, у якім рэалізуецца праца, патрабуе таксама, каб нацыянальныя прафесійныя саюзы, пераважна сканцэнтраваныя на аброне інтарэсаў сваіх членаў, паглядзелі таксама на тых, хто да іх не належыць, асабліва на працаўнікоў развіццёвых краін, дзе часта парушаюцца грамадскія правы. Абарона гэтых працаўнікоў пры дапамозе адпаведных ініцыятыў адносна краін іх паходжання дазволіць прафесійным саюзам ясна паказаць праўдзівыя этычныя і культурныя рацыі, што дазволілі б ім стаць вырашальным элементам развіцця ў розных грамадскіх і працоўных кантэкстах. Заўсёды застаецца актуальным традыцыйнае навучанне Касцёла, якое прапануе адрозніваць ролю i функцыі прафсаюзаў i палітыкі. Гэтае адрозненне дазволіць прафсаюзам распазнаць у грамадзянскай супольнасці найбольш спрыяльнае асяроддзе для неабходнага дзеяння ў абароне i прамоцыі свету працы, асабліва дзеля карысці працаўнікоў, якія выкарыстоўваюцца i не рэпрэзэнтуюцца, і цяжкая сітуацыя якіх часта не заўважаецца грамадствам.

65. Таксама неабходна, каб фінансы самі па сабе, у адноўленых па неабходнасці структурах i спосабах функцыянавання, пасля іх дрэннага выкарыстання, якое шкодзіла рэальнай гаспадарцы, сталі зноў прыладай, якая мае на мэце найлепшае стварэнне багаццяў і развіццё. Уся эканоміка i ўсе фінансы, а не толькі іх некаторыя сектары, як прылады павінны выкарыстоўвацца этычна, каб стварыць адпаведныя ўмовы для развіцця чалавека і народаў. Канешне, карысным, а ў некаторых акалічнасцях неад’емным, з’яўляецца абуджэнне фінансавых ініцыятыў, у якіх дамінуе гуманістычны характар. Аднак гэта не павінна весці да забывання, што ўся фінансавая сістэма павінна мець на мэце падтрымку сапраўднага развіцця. Перадусім трэба, каб намеру чыніць дабро не супрацьпастаўлялі намер плённай здольнасці стварэння дабротаў. Асобы, якія кіруюць фінансавай палітыкай, павінны зразумець этычны фундамент сваёй дзейнасці, каб не злоўжываць тымі вытанчанымі прыладамі, якія могуць здрадзіць укладчыка. Справядлівы намер, яснасць i пошук добрых вынікаў спалучаны паміж сабой i іх ніколі нельга раздзяляць. Калі любоў разумная, яна зможа таксама знайсці спосаб дзеяння паводле прадбачлівай i слушнай прыдатнасці, што значна паказвае шматлікі вопыт супрацоўніцтва ў сферы крэдытавання.

Як юрыдычнае рэгуляванне сектара з мэтай абароны слабейшых суб’ектаў і перашкоды скандальным спекуляцыям, так i выпрабаванне новых форм фінансавання, прызначаных для падтрымкі праектаў развіцця, з’яўляюцца станоўчым вопытам, які трэба паглыбляць i падтрымліваць, падкрэсліваючы адказнасць укладчыка. Таксама вопыт мікрафінансавання, які мае свае карані ў разважаннях i творах грамадскіх гуманістаў – перадусім маю на ўвазе ўзнікненне адмысловых інстытуцый дапамогі – трэба умацаваць i прывесці ў рух, асабліва там, дзе фінансавыя праблемы могуць стаць драматычнымі для многіх найслабейшых слаёў насельніцтва, каб абараняць іх ад ліхвярства ці роспачы. Найслабейшых суб’ектаў трэба выхоўваць для абароны перад ліхвярствам, падобна як бедныя народы трэба вучыць чэрпаць рэальную карысць з мікракрэдытавання, настрайваючы іх супраць выкарыстання форм эксплуатацыі, магчымых ў гэтых дзвюх сферах. Паколькі ў багатых краінах існуюць таксама новыя формы беднасці, мікрафінансаванне можа быць канкрэтнай дапамогай для ўзнікнення новых ініцыятыў i сектараў на карысць слабых грамадскіх колаў, таксама ў фазе магчымага збяднення.

66. Узаемныя міжнародныя сувязі прывялі да ўзнікнення новай палітычнай улады – улады спажыўцоў, а таксама іх таварыстваў. Маецца на ўвазе з’ява, якую трэба вывучаць і якая мае станоўчыя элементы, якія трэба актывізаваць, а таксама злоўжыванні, якіх трэба пазбягаць. Слушным ёсць тое, каб асобы разумелі, што купля заўсёды з’яўляецца маральным чынам, а не толькі эканамічным. Таму існуе сціслая грамадская адказнасць спажыўца, якая спалучаецца з грамадскай адказнасцю свету бізнэса. Спажыўцоў трэба пастаянна выхоўваць145 да ролі, якую яны штодня выконваюць i якую могуць выконваць, захоўваючы маральныя прынцыпы, без змяншэння маральнай рацыянальнасці, закладзенай у акце куплі. Таксама ў сферы пакупак, менавіта ў моманты, калі пакупніцкая здольнасць можа зменшыцца, i існуе патрэба больш умеркаванага спажывання, трэба выбраць іншыя шляхі, напрыклад, формы супрацоўніцтва пры закупцы, такія як кааперацыі спажыўцоў, якія дзейнічаюць з XIX ст. таксама дзякуючы ініцыятыве католікаў. Карысна таксама падтрымліваць новыя формы камерцыялізацыі тавараў, якія паходзяць з бедных рэгіёнаў планеты. Маецца на ўвазе тое, каб гарантаваць вытворцам годны заробак, даючы магчымасць транспартнага рынку, каб вытворцы атрымалі не толькі большы заробак, але таксама больш поўную фармацыю, прафесійныя навыкі i тэхналогіі. Нельга таксама падобны эканамічны вопыт на карысць развіцця спалучаць з ідэалагічнымі поглядамі пэўных партый. Як элемент эканамічнай дэмакратыі жаданай з’яўляецца аднак больш выразная роля спажыўцоў з умовай, што імі не маніпулююць таварыствы, якія рэальна не прадстаўлены.

67. Адносна нястрыманага росту міжнароднай ўзаемазалежнасці моцна адчуваецца, у святле рэгрэсу, які таксама мае міжнародны характар, пільная патрэба рэформы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый i міжнароднай эканамічнай i фінансавай структуры. Трэба, каб канкрэтную форму набыло паняцце сям’і народаў. Адчуваецца таксама пільная неабходнасць у наватарскіх формах для ажыццяўлення прынцыпу адказнасці за ахову146, a таксама прадстаўленне больш бедным народам рэальнага голасу ў супольных рашэннях. Гэта здаецца неабходным менавіта ў святле палітычнага, юрыдычнага і эканамічнага ладу, які павялічыць і скіруе міжнароднае супрацоўніцтва да салідарнага развіцця ўсіх народаў. Існуе пільная патрэба праўдзівай палітычнай міжнароднай улады – акрэсленай ужо маім папярэднікам, благаслаўлёным Янам XXIII – для кіравання сусветнай эканомікай; для аздараўлення гаспадарак, закранутых крызісам; для прадухілення паглыблення крызісу i вынікаючых адсюль парушэнняў раўнавагі; для правядзення адпаведнага поўнага раззбраення, а таксама для гарантыі харчовай бяспекі i спакою, для гарантыі аховы навакольнага асяроддзя і рэгулявання міграцыйных рухаў. Такога тыпу ўлада павінна акрэслівацца правам, супольна захоўваць прынцыпы субсідыярнасці i салідарнасці, павінна быць накіравана на рэалізацыю агульнага дабра147, удзельнічаць у рэалізацыі сапраўднага інтэгральнага чалавечага развіцця, натхнёнага каштоўнасцямі любові ў праўдзе. Больш за тое, такая ўлада павінна прызнавацца ўсімі, павінна быць плённай, каб кожнаму гарантаваць бяспеку, захаванне справядлівасці i выкананне закону148. Канешне, яна павінна мець правы, каб бакі выконвалі яе рашэнні, a таксама прынятыя i ўзгодненыя на розных міжнародных форумах сродкі. Калі б гэтага не было, міжнароднаму праву, нягледзячы на многія дасягненні ў розных сферах, пагражала б залежнасць ад раўнавагі сілаў паміж наймацнейшымі. Інтэгральнае развіццё народаў i міжнароднае супрацоўніцтва патрабуюць устанаўлення вышэйшай ступені міжнароднага парадку субсідыярнага характару для кіравання глабалізацыяй149 і, нарэшце, устанаўленння сацыяльнага парадку, згоднага з маральным парадкам i ў суаднясенні, якое існуе паміж маральнай і грамадскай сферай, паміж палітыкай і эканамічнай і грамадзянскай сферамі; парадку, які ўжо прадстаўлены ў Статутах Аб’яднаных Нацый.

 

 
РАЗДЗЕЛ VI

РАЗВІЦЦЁ НАРОДАЎ І ТЭХНІКА

68. Тэма развіцця народаў цесна звязана з тэмаю развіцця кожнага асобнага чалавека. Чалавечая асоба па сваёй натуры дынамічна накіравана на ўласнае развіццё. Не маецца на ўвазе развіццё, гарантаванае прыроднымі механізмамі, бо кожны з нас ведае, што можа рабіць свабодны і адказны выбар. Тым больш не маецца на ўвазе развіццё, залежнае ад нашага капрызу, бо мы ўсе ведаем, што з’яўляемся дарам, a не вынікам стварэння саміх сябе. Нашая свабода першапачаткова характарызуецца нашым існаваннем і яго абмежаваннямі. Ніхто не фарміруе адвольна свайго сумлення, але ўсе будуюць уласнае я на падставе канкрэтнага сябе, якое было нам дадзена. Не толькі іншыя асобы не з’яўляюцца ў распараджэнні кагосьці, але таксама мы не з’яўляемся такімі самі для сябе. Развіццё асобы дэградуе, калі яна імкнецца быць адзіным творцам самой сябе. Аналагічна развіццё народаў падлягае дэградацыі, калі чалавецтва лічыць, што можа стварыцца нанова, карыстаючыся «цудамі» тэхнікі. Таксама і эканамічнае развіццё аказваецца фіктыўным і шкодным, калі давяраецца «цудам» фінансаў, каб падтрымліваць ненатуральны і спажывецкі рост. Перад абліччам гэтага праметэевага дамагання мы павінны ўмацаваць любоў да свабоды не арбітральнай, але сапраўды чалавечай, дзякуючы прызнанню дабра, якое ёй папярэднічае. Для гэтага трэба, каб чалавек увайшоў у самога сябе, каб прызнаў фундаментальныя нормы натуральнага маральнага закону, запісаныя Богам у яго сэрцы.

69. Праблема развіцця сёння цесна звязана з тэхналагічным прагрэсам, з яго цудоўнымі прымяненнямі ў біялогіі. Тэхніка – варта гэта падкрэсліць – з’яўляецца глыбока чалавечым фактам, звязаным з аўтаноміяй i свабодай чалавека. У тэхніцы выражаецца i пацвярджаецца панаванне духу над матэрыяй. Дух, «вызвалены „у большай ступені ад зняволення рэчамі, можа хутчэй узняцца для праслаўлення і сузірання самога Стварыцеля”»150. Тэхніка дазваляе панаваць над матэрыяй, змяншае пагрозы, зберагае сілы, паляпшае ўмовы жыцця. Яна адказвае на тую самую мэтазгоднасць чалавечай працы: у тэхніцы, зразуметай як справа ўласнага генія, чалавек прызнае самога сябе i рэалізуе сваю чалавечнасць. Тэхніка з’яўляецца аб’ектыўным аспектам чалавечага дзеяння151, крыніца якога i рацыя існавання змяшчаецца ў суб’ектыўным элеменце: у чалавеку, які дзейнічае. Таму тэхніка ніколі не з’яўлецца толькі тэхнікай. Яна паказвае чалавека i яго імкненні да развіцця, выражае схільнасць чалавека да паступовага пераадолення пэўных матэрыяльных абумоўленасцяў. Таму тэхніка ўпісваецца ў наказ апрацоўкі i дагляду зямлі (пар. Быц 2, 15), якую Бог даручыў чалавеку. Таму тэхніку трэба так накіраваць, каб яна ўмацоўвала гэты запавет паміж чалавекам i асяроддзем, які павінен адлюстроўваць стваральную любоў Бога.

70. Тэхналагічнае развіццё можа нарадзіць ідэю самадастатковасці тэхнікі, калі чалавек, ставячы перад сабою толькі пытанне як, не задумваецца над многімі навошта, якія схіляюць яго да дзеяння. З гэтай прычыны тэхніка набывае двузначнае аблічча. Народжаная з чалавечай творчасці як прылада свабоды чалавека, яна можа быць зразумета як элемент абсалютнай свабоды, той свабоды, якая хоча пазбавіцца абмежаванняў, якія рэчы маюць у сабе. Працэс глабалізацыі мог бы замяніць ідэалогію тэхнікай152, якая сама стала б ідэалагічнай уладай, што прывяла б чалавецтва да нябяспечнай замкнёнасці ўнутры нейкага a priori, з якога не магла б выйсці, каб сустрэць існаванне i праўду. У такім выпадку мы ўсе пазнавалі б, ацэньвалі б i вырашалі б наконт сітуацый нашага жыцця ў межах тэхнакартычнага культурнага гарызонту, да якога мы структурна належалі б, і ніколі не змаглі б адшукаць сэнс, які не быў бы намі створаны. Сёння, у выніку гэтага бачання, тэхнічны менталітэт становіцца настолькі моцным, што вядзе да атаясамлівання праўды з рэччу, магчымай для рэалізацыі. Але, калі адзіным крытэрыем праўды з’яўляецца плённасць i карыснасць, развіццё аўтаматычна аспрэчваецца. Бо сапраўднае развіццё не заключаецца ў першую чаргу ў выкананні чагосьці. Ключом для развіцця з’яўляецца розум, здольны думаць пра тэхніку і разумець у поўні чалавечы сэнс дзеяння чалавека, а ў перспектыве, сэнс асобы ў цэласнасці яе быцця. Нават, калі яна дзейнічае праз сатэлітную антэну ці праз электронны імпульс на адлегласці, яе дзеянне застаецца заўсёды чалавечым, выразам адказнай свабоды. Тэхніка моцна прыцягвае чалавека, бо вызваляе яго ад фізічных абмежаванняў i пашырае яго гарызонты. Але чалавечая свабода застаецца сабой толькі тады, калі на захапленне тэхнікай адказвае рашэннямі, якія з’яўляюцца вынікам маральнай адказнасці. Таму вельмі неабходна фармацыя да этычнай адказнасці ў карыстанні тэхнікай. Зыходзячы з захаплення чалавека тэхнікай, трэба адшукаць сапраўдны сэнс свабоды, якая заключаецца не ў задавальненні абсалютнай аўтаноміяй, але ў адказе на заклік існавання, пачынаючы ад існавання, якім самі з’яўляемся.

71. Гэты магчымы адыход тэхнічнага менталітэту ад яго першаснай гуманістычнай дарогі сёння бачны ў з’явах тэхнізацыі як развіцця, так і спакою. Часта развіццё народаў лічыцца праблемай фінансавай інжынерыі, адкрыцця рынкаў, скасавання мытных збораў, вытворчых інвестыцый, інстытуцыйных рэформ, адным словам толькі тэхнічнай праблемай. Усе гэтыя сферы вельмі важныя, але павінны задаць пытанне, чаму выбары тэхнічнага тыпу да гэтага часу функцыянавалі толькі ўяўна. Праўду трэба шукаць у глыбіні. Развіцця ніколі не запэўняць цалкам сілы ў нейкай ступені аўтаматычныя i безасабовыя, а таксама сілы рынку ці міжнароднай палітыкі. Развіццё немагчыма без сумленных людзей, без спецыялістаў у эканоміцы, а таксама палітыкаў, якія ў сваім сумленні глыбока перажываюць заклік да агульнага дабра. Патрэбна як прафесійная падрыхтоўка, так i маральная еднасць. Калі пераважае абсалютызацыя тэхнікі, атрымліваецца блытаніна паміж сродкамі i мэтамі; прадпрымальнік будзе лічыць адзіным крытэрыем дзейнасці найбольшы прыбытак ад прадукцыі; палітыкі – умацаванне ўлады; a навуковец – вынік сваіх адкрыццяў. Здараецца, што часта побач з сеткай эканамічных, фінансавых і палітычных адносінаў існуюць непаразуменні, клопаты i несправядлівасць; памнажаецца абарот тэхнічнай інфармацыі, але толькі на карысць іх уладальнікаў, а рэальная сітуацыя народаў, якія жывуць пад уплывам i амаль заўсёды ў няведанні гэтых працэсаў, застаецца нязменнай, без рэальных магчымасцяў атрымаць незалежнасць.

72. Спакою таксама часам пагражае ўспрыняцце яго як тэхнічнага прадукту, толькі як плёну дамоўленасці паміж урадамі або як плёну ініцыятыў, якія маюць на ўвазе гарантаванне эфектыўнай эканамічнай дапамогі. Канешне, будаванне спакою патрабуе пастаяннага ўтрымлівання дыпламатычных кантактаў, эканамічнага і тэхналагічнага абмену, культурных спатканняў, узгаднення супольных праектаў, а таксама прыняцця сумесных абавязацельстваў для прадухілення пагроз тыпу ваенных канфліктаў i выкаранення частых тэрарыстычных нападаў. Аднак для таго, каб гэтыя намаганні прынеслі трывалы плён, неабходна, каб яны абапіраліся на каштоўнасці, што грунтуюцца на праўдзе жыцця. Гэта азначае, што трэба ўслухоўвацца ў голас i сачыць за сітуацыяй зацікаўленых народаў, каб адпаведна інтэрпрэтаваць іх чаканні. Інакш кажучы, трэба, каб надалей многія асобы, якія ўдзельнічаюць у прамоцыі сустрэчы паміж народамі i ў спрыянні развіццю, рабілі гэты высілак, беручы за пункт адліку ўзаемную любоў i зразуменне. Сярод гэтых асобаў ёсць таксама хрысціяне, якія ўдзельнічаюць у вялікім заданні – надаць развіццю i спакою ў поўні чалавечы сэнс.

73. З тэхналагічным развіццём звязаны ўзрастаючы ўплыў сродкаў масавай камунікацыі. Ужо нельга ўявіць без іх жыццё чалавечай сям’і. Служачы дабру і злу, яны так упісаны ў жыццё свету, што здаецца недарэчнай пазіцыя тых, хто лічыць іх нейтральнымі, і ў выніку патрабуе іх аўтаноміі адносна іх маральнасці, што датычыць асобаў. Часта падобныя перспектывы, якія выдатна падкрэсліваюць тэхнічную прыроду медыяў, фактычна спрыяюць іх падпарадкаванню эканамічнай калькуляцыі, намерам панавання на рынках, а таксама – не ў апошнюю чаргу – жаданню навязаць культурныя мадэлі, якія адпавядаюць планам ідэалагічнай і палітычнай улады. Улічваючы іх асноўную ролю ў вызначэнні змен у спосабе разумення i пазнавання рэчаіснасці, а таксама самой чалавечай асобы, неабходным становіцца ўважлівае разважанне над іх уплывам, асабліва ў дачыненні да этычна-культурнага характару глабалізацыі i салідарнага развіцця народаў. Падобна да таго, што чакаецца ад правільнага кіравання глабалізацыяй i развіццём, трэба шукаць сэнс i мэтазгоднасць медыяў у антрапалагічных фундаментах. Гэта азначае, што яны могуць стаць нагодай для гуманізацыі не толькі тады, калі дзякуючы тэхналагічнаму развіццю ствараюць большыя магчымасці камунікацыі i інфармацыі, але перадусім тады, калі створаны i скіраваны на раз’ясненне вобразу асобы i агульнага дабра, якое адлюстроўвае яе універсальную каштоўнасць. Сродкі масавай камунікацыі не спрыяюць свабодзе і не глабалізуюць развіцця і дэмакратыі для ўсіх толькі таму, што памнажаюць магчымасці ўзаемнай еднасці i абароту ідэі. Каб дасягнуць такіх мэт, яны павінны сканцэнтравацца на распаўсюджванні годнасці асобаў i народаў, павінны быць выразна кіраваныя любоўю i служыць праўдзе, дабру, а таксама прыроднаму і звышпрыроднаму братэрству. Сапраўды, свабода чалавецтва ўнутрана звязана з гэтымі вышэйшымі каштоўнасцямі. Медыі могуць быць важнай дапамогай у паглыбленні еднасці чалавечай сям’і, а таксама etosu грамадстваў, калі становяцца прыладамі прамоцыі паўсюднага ўдзелу ў сумесным пошуку таго, што з’яўляецца справядлівым.

74. Першым i ключавым полем культурнай барацьбы паміж абсалютызацыяй тэхнікі і маральнай адказнасцю чалавека з’яўляецца сёння біяэтыка, у межах якой разглядаецца пытанне інтэгральнага чалавечага развіцця. Маецца на ўвазе далікатная i важная сфера, у якой з драматычнай моцаю гучыць фундаментальнае пытанне: ці чалавек з’яўляецца прадуктам самога сябе, ці таксама ён залежыць ад Бога. Навуковыя адкрыцці ў гэтай сферы, а таксама магчымасць тэхнічнай інтэрвенцыі здаюцца настолькі развітымі, што схіляюць да выбару паміж дзвюма катэгорыямі рацыянальнасці: розуму, адкрытага на трансцэндэнтнасць, або рацыянальнасці розуму, замкнутага ў іманэнцыі. Стаім перад вырашальным або-або. Аднак рацыянальнасць тэхнічнага дзеяння, сканцэнтраванага на сабе, аказваецца ірацыянальнай, бо вядзе да адмаўлення сэнсу i каштоўнасці. Не выпадкова замкнёнасць на трансцэндэнтнасць сустракаецца з цяжкасцю мыслення: як з нічога паўстала быццё і як нарадзіўся розум153. Перад гэтымі драматычнымі праблемамі розум i вера ўзаемна сябе падтрымліваюць. Толькі разам яны вызваляць чалавека. Заахвочаны выключна тэхнічным дзеяннем, розум без веры асуджаны блукаць у ілюзіі ўласнай усемагутнасці. А веры без розуму пагражае адчужанасць ад канкрэтнага жыцця асобаў154.

75. Ужо Павел VI прызнаў i ўказаў сусветны маштаб сацыяльнага пытання155. Сёння, ідучы ўслед за ім гэтым шляхам, трэба сцвердзіць, што сацыяльнае пытанне радыкальна стала антрапалагічным у тым сэнсе, што прадугледжвае не толькі спосаб зачацця, але таксама маніпуляцыю жыццём, якое біятэхналогія штораз больш аддае ў рукі чалавека. Апладненне in vitro, даследаванні на эмбрыёнах, магчымасць кланіравання i гібрыдызацыі чалавечай істоты нараджаюць і пашыраюць поўную адсутнасць захаплення жыццём у сённяшняй культуры, якая верыць, што адкрыла ўсялякія таямніцы, бо дасягнула ўжо каранёў жыцця. У гэтым найбольш выяўляецца абсалютызацыя тэхнікі. У такога тыпу культуры сумленне заклікаецца толькі да знаёмства з выключна тэхнічнай магчымасцю. Аднак нельга мінімалізаваць трывожных сцэнарыяў будучыні чалавека, а таксама новых магутных прыладаў, якія выкарыстоўвае «культура смерці». Да трагічнага бедства абортаў, якое пашыраецца, можна яшчэ дадаць у будучыні – але гэта ўжо ёсць схавана in nuce – сістэматычнае эўгенічнае планаванне нараджальнасці. З іншага боку забірае голас mens eutanasica, што з’яўляецца праяўленнем не меншага злоўжывання ў пытанні панавання над жыццём, якое ў пэўных умовах прызнаецца нявартым працягвання. За ўсім гэтым хаваюцца культурныя паставы, якія адмаўляюць чалавечую годнасць. Са свайго боку гэтыя практыкі ўмацоўваюць матэрыялістычную i механічную канцэпцыю чалавечага жыцця. Хто зможа змерыць негатыўныя вынікі гэтага менталітэту для развіцця? Як жа можна здзіўляцца абыякавасці адносна сітуацый чалавечай дэградацыі, калі абыякавасцю адзначаецца нават нашая пастава адносна таго, што з’яўляецца чалавечым і што не? Здзіўляе арбітральная селектыўнасць адносна таго, што сёння прапануецца як годнае павагі.  Многія, гатовыя горшыцца другаснымі рэчамі, талеруюць нечуваную несправядлівасць. У той час, калі бедныя яшчэ стукаюць у дзверы багатых, багаты свет ужо не чуе гэтага стуку з прычыны сумлення, няздольнага распазнаць тое, што з’яўляецца чалавечым. Бог адкрывае чалавека чалавеку; розум і вера супрацоўнічаюць у паказванні яму дабра, каб толькі ён захацеў яго заўважыць; натуральны закон, у якім яснее бляск стваральнага Розуму, указвае на веліч чалавека, але таксама на яго галечу, калі ён не заўважае закліку маральнай праўды.

76. Адзін з аспектаў сучаснага тэхнізаванага духу знаходзім у схільнасці разглядаць праблемы i напружанні, звязаныя з духоўным жыццём, толькі з псіхалагічнага пункту гледжання, аж да неўралагічнага рэдукцыянізму. Такім чынам духоўнасць чалавека пазбаўляецца значэння i паступова губляецца ўсведамленне анталагічнай лучнасці чалавечай душы з яе глыбінямі, якіх змаглі дасягнуць святыя. Праблема развіцця цесна звязана таксама з нашым разуменнем чалавечай душы, бо нашае «я» часта зводзіцца да псіхікі, a здароўе душы блытаецца з добрым эмацыянальным самаадчуваннем. У падстаў гэтых рэдукцый ляжыць глыбокае незразуменне духоўнага жыцця, a вядуць яны да ігнаравання таго, што развіццё чалавека i народаў залежыць таксама ад вырашэння праблем духоўнага характару. Акрамя матэрыяльнага росту развіццё павінна таксама ахопліваць духоўны рост, бо чалавек, «адзіны целам і душой»156, народжаны стваральнай любоўю Бога i прызначаны для вечнага жыцця. Чалавек развіваецца, калі духоўна ўзрастае; калі яго душа ведае сябе, а таксама праўду, зародак якой Бог змясціў у ім; калі вядзе дыялог з самім сабою і са сваім Стварыцелем. Застаючыся здалёк ад Бога, чалавек неспакойны і хворы. Сацыяльная і псіхалагічная адчужанасць, а таксама шматлікія неўрозы, якімі адзначаецца багатае грамадства, маюць таксама прычыны духоўнай прыроды. Грамадства дабрабыту, матэрыяльна развітае, але прыгнятаючае душу, само па сабе не скіравана на праўдзівае развіццё. Новыя формы наркатычнай залежнасці i роспач, у якую трапляе столькі асобаў, знаходзяць не толькі сацыялагічнае i псіхалагічнае тлумачэнне, але галоўным чынам духоўнае. Пустата, у якой душа адчувае сябе пакінутай, нягледзячы на многія тэрапіі для цела і псіхікі, прыносіць пакуты. Няма поўнага развіцця i паўсюднага агульнага дабра без духоўнага i маральнага дабра асобаў, зразуметых у іх поўні душы i цела.

77. Абсалютызацыя тэхнікі імкнецца да стварэння няздольнасці заўважаць тое, чаго нельга растлумачыць звычайнай матэрыяй. Аднак усе людзі адчуваюць вельмі шмат нематэрыяльных і духоўных аспектаў свайго жыцця. Пазнанне не з’яўляецца толькі матэрыяльным актам, бо тое, што пазнаецца, хавае заўсёды штосьці, што выходзіць па-за эмпірычныя дадзеныя. Кожнае нашае пазнанне, нават самае простае, заўсёды з’яўляецца малым цудам, бо нельга яго растлумачыць цалкам пры дапамозе матэрыяльных прыладаў, якімі мы карыстаемся. У кожнай праўдзе ёсць штосьці большае за тое, чаго мы маглі б чакаць; у спазнанай любові заўсёды ёсць штосьці, што нас здзіўляе. Мы ніколі не павінны спыняцца ў захапленні гэтымі цудамі. У кожным пазнанні i ў кожным акце любові душа чалавека адчувае штосьці «большае», што вельмі падобна да атрыманага дару, да вышыняў, да якіх мы адчуваем сябе ўзнятымі. Таксама развіццё чалавека i народаў дасягае гэтых вышыняў, калі ўлічваецца духоўны характар, якім абавязкова павінна адзначацца праўдзівае развіццё. Бо яно патрабуе новых вачэй i новага сэрца, здольных узняцца па-над матэрыялістычным бачаннем чалавечых падзей i заўважыць у развіцці штосьці «па-над», чаго тэхніка не можа даць. На гэтым шляху можна атрымаць чалавечае развіццё, якое мае свой арыентацыйны крытэрый у вядучай моцы любові ў праўдзе.

 

ЗАКАНЧЭННЕ
78. Без Бога чалавек не ведае, куды ідзе, i не можа нават зразумець, кім з’яўляецца. Адносна вялізных праблем развіцця народаў, якія амаль заганяюць нас у роспач i адрачэнне, прыходзіць нам на дапамогу слова Пана Езуса Хрыста, які ўсведамляе нам: «Без Мяне нічога не можаце зрабіць» (Ян 15, 5) i дадае адвагі: «Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). У дачыненні да памераў працы, якую трэба выканаць, падтрымлівае нас вера ў прысутнасць Бога сярод тых, хто збіраецца ў Яго імя і працуе для справядлівасці. Павел VI нагадаў нам у Populorum progressio, што чалавек не можа сам кіраваць уласным развіццём, бо не можа сам устанавіць сапраўднага гуманізму. Толькі калі думаем, што кожны з нас як асоба i як супольнасць пакліканы да ўдзелу ў сям’і Бога як Яго дзеці, будзем здольныя таксама нарадзіць новую думку i выказаць новую энэргію ў служэнні сапраўднаму інтэгральнаму гуманізму. Таму найбольшай сілай у служэнні развіццю з’яўляецца хрысціянскі гуманізм157, які ажыўляе любоў i дазваляе нам ісці праз праўду, прымаючы адну і другую як няспынны Божы дар. Гатоўнасць адносна Бога адкрывае нa гатоўнасць адносна братоў, а таксама адносна жыцця, зразуметага як салідарнае і радаснае заданне. I, наадварот, ідэалагічная замкнёнасць на Бога і атэізм абыякавасці, якія забываюць пра Стварыцеля i рызыкуюць забыць таксама пра чалавечыя каштоўнасці, знаходзяцца сёння сярод найбольшых перашкодаў у развіцці. Гуманізм, які выключае Бога, – гэта нечалавечы гуманізм. Толькі гуманізм, адкрыты на Абсалют, можа кіраваць намі ў распаўсюджванні i рэалізацыі форм грамадскага і грамадзянскага жыцця – у межах структур, інстытуцый, культуры i этасу – ратуючы нас ад небяспекі стаць нявольнікамі часовай моды. Гэтае ўсведамленне незнішчальнай Божай Любові падтрымлівае нас у цяжкім i ўзнёслым удзеле на карысць справядлівасці i развіцця народаў сярод поспехаў i няўдач, у няспынным вызначэнні адпаведных напрамкаў чалавечай дзейнасці. Божая Любоў заклікае нас выйсці з таго, што з’яўляецца абмежаваным i не канчатковым, дадае нам адвагі для дзеяння i далейшага пошуку дабра для ўсіх, нават калі яно не рэалізуецца адразу, нават калі тое, што можам учыніць мы і палітычныя ўлады, а таксама ўдзельнікі эканамічнай сферы, заўсёды меншае ад таго, чаго горача жадаем158. Бог адорвае нас сілай змагацца і цярпець за любоў да агульнага дабра, бо Ён з’яўляецца для нас Усім, нашай найбольшай надзеяй.

79. Развіццё патрабуе хрысціянаў з рукамі, узнятымі да Бога ў малітоўнай паставе, хрысціянаў, якія кіруюцца свядомасцю, што любоў поўная праўды (caritas in veritate), з якой паходзіць праўдзівае развіццё, не з’яўляецца нашым творам, але перададзена нам як дар. Таму таксама ў цяжкія і складаныя хвіліны, акрамя свядомага рэагавання, мы павінны перадусім звяртацца да Яго любові. Развіццё прадугледжвае ўражлівасць на духоўнае жыццё, сур’ёзнае ўлічванне адчування надзеі на Бога, духоўнага братэрства ў Хрысце, даверу Провіду i Божай Міласэрнасці, любові і прабачэння, вырачэння самога сябе, прыняцця бліжняга, справядлівасці і спакою. Усё гэта з’яўляецца неад’емным для перамянення каменных сэрцаў у сэрцы з плоці (пар. Эзх 36, 26), каб жыццё на зямлі зрабіць «Божым» i таму годным чалавека. Усё гэта чалавечае, бо чалавек з’яўляецца суб’ектам уласнай экзістэнцыі, i адначасова Божае, бо Бог – пачатак і канец усяго, што мае значэнне i што вызваляе: «Ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае – усё вашае, вы ж – Хрыста, а Хрыстус – Бога» (1 Кар 3, 22-23). Гарачым жаданнем хрысціяніна з’яўляецца тое, каб уся чалавечая сям’я магла заклікаць Бога як «нашага Айца». Каб разам з Адзінародным Сынам усе людзі маглі навучыцца маліцца да Айца i прасіць Яго словамі, якім навучыў нас сам Езус, каб умелі свяціць Яго, жывучы згодна з Яго воляй, каб затым мелі патрэбны штодзённы хлеб, памяркоўнасць i велікадушнасць адносна вінаватых, каб не паддаваліся празмерна спакусам i былі вызваленыя ад зла (пар. Мц 6, 9-13).

На заканчэнне году св. Паўла ахвотна выражаю гэтае зычэнне словамі Апостала з яго Паслання да Рымлянаў: «Любоў – некрывадушная. Майце нянавісць да зла, гарніцеся да дабра; любіце адзін аднаго братняю любоўю, апярэджвайце адзін аднаго ў ветлівасці» (12, 9-10). Няхай Панна Марыя, абвешчаная Паўлам VI Mater Ecclesiae i шанаваная хрысціянскім людам як Speculum iustitiae i Regina pacis, абараняе нас i выпрасіць нам сваім нябесным заступніцтвам патрэбную моц, надзею i радасць, каб мы надалей ахвярна выконвалі заданне рэалізацыі «развіцця ўсяго чалавека i ўсіх людзей»159.

У Рыме, 29 чэрвеня 2009 г., ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, у пяты год Нашага Пантыфікату.

 

БЭНЭДЫКТ XVI

 


  1. Павел VI, Энц. Populorum progressio (26 сакавіка 1967), 22; пар. II Ватыканскі Сабор, Пастырская канст. Gaudium et spes, 69.
  2. Павел VI, Прамова з нагоды дня развіцця (Багата, 23 жніўня 1968): AAS 60 (1968), 626-627.
  3. Пар. Ян Павел II, Пасланне на Сусветны дзень міру 2002: AAS 94 (2002), 132-140.
  4. Пар. II Ватыканскі Сабор, Пастырская канст. Gaudium et spes, 26.
  5. Пар. Ян XXIII, Энц. Pacem in terris (11 красавіка 1963): AAS 55 (1963), 257-304.
  6. Пар. тамсама, 16.
  7. Пар. тамсама, 82.
  8. Тамсама, 42.
  9. Тамсама, 20.
  10. II Ватыканскі Сабор, Пастырская канст. Gaudium et spes, 36; Павел VI, Апост. ліст Octogesima adveniens (14 мая 1971), 4; Ян Павел II, Энц. Centesimus annus (1 мая 1991), 43.
  11. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 13.
  12. Пар. Папская Рада «IUSTITIA ET PAX», Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла (2 красавіка 2004), 76.
  13. Пар. Бэнэдыкт XVI, Прамова падчас інаўгурацыі V Агульнай Канферэнцыі Епіскапату Лацінскай Амерыкі i Карыбскіх астравоў (Апарэсіда, 13 мая 2007): Insegnamenti III, 1 (2007), 854-870.
  14. Пар. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 3-5.
  15. Пар. Ян Павел II, Энц. Sollicitudo rei socialis (30 снежня 1987), 6-7.
  16. Пар. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 14.
  17. Бэнэдыкт XVI, Энц. Deus caritas est (25 снежня 2005), 18.
  18. Пар. тамсама, 6.
  19. Пар. Бэнэдыкт XVI, Прамова да Рымскай Курыі з нагоды зычэнняў на Нараджэнне Пана (22 снежня 2005): Insegnamenti, I (2005), 1023-1032.
  20. Пар. Ян Павел II, Энц. Sollicitudo rei socialis, 3.
  21. Пар. тамсама, 1.
  22. Пар. тамсама, 3.
  23. Пар. Ян Павел II, Энц. Laborem exercens (14 верасня 1981), 3.
  24. Пар. Ян Павел II, Энц. Centesimus annus, 3.
  25. Пар. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 3.
  26. Пар. тамсама, 34.
  27. Пар. тамсама, 8-9; Бэнэдыкт XVI, Прамова да ўдзельнікаў Міжнароднага кангрэсу на Папскім Латэранскім універсітэце з нагоды 40-годдзя энцыклікі Паўла VI «Humanae vitae»  (10 мая 2008): Insegnamenti, IV, 1 (2008), 753-756.
  28. Пар. Ян Павел II, Энц. Evangelium vitae (25 сакавіка 1995), 93.
  29. Тамсама, 101.
  30. Тамсама, 29.
  31. Тамсама, 31.
  32. Пар. Ян Павел II, Энц. Sollicitudo rei socialis, 41.
  33. Пар. ён жа, Энц. Centesimus annus, 5. 54.
  34. Тамсама, 15.
  35. Пар. тамсама, 2; Леў XIII, Энц. Rerum novarum (15 мая 1891), 1; Ян Павел II, Энц. Sollicitudo rei socialis, 8; ён жа, Энц. Centesimus annus, 5.
  36. Пар. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 2. 13.
  37. Тамсама, 42.
  38. Тамсама, 11; пар. Леў XIII, Энц. Rerum novarum, 14; Ян Павел II, Энц. Centesimus annus, 25.
  39. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 15.
  40. Тамсама, 3.
  41. Тамсама, 6.
  42. Тамсама, 14.
  43. Пар. Ян Павел II, Энц. Centesimus annus, 53-62; ён жа, Энц. Redemptor hominis (4 сакавіка 1979), 13-14.
  44. Пар. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 12.
  45. II Ватыканскі Сабор, Пастырская канст. Gaudium et spes, 22.
  46. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 13.
  47. Пар. Бэнэдыкт XVI, Прамова да ўдзельнікаў IV Нацыянальнага кангрэсу Касцёла ў Італіі (Верона, 19 кастрычніка 2006): Insegnamenti II, 2 (2006), 465-477.
  48. Пар. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 16.
  49. Тамсама.
  50. Бэнэдыкт XVI, Прамова да моладзі (Сіднэй, 17 ліпеня 2008): L’Ossevatore Romano, 18 ліпеня 2008, с. 8.
  51. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 20.
  52. Тамсама, 66.
  53. Тамсама, 21.
  54. Пар. тамсама, 3. 29. 32.
  55. Пар. Ян Павел II, Энц. Sollicitudo rei socialis, 28.
  56. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 9.
  57. Пар. Ян Павел II, Энц. Sollicitudo rei socialis, 20.
  58. Пар. ён жа, Энц. Centesimus annus, passim.
  59. Пар. тамсама, 23. 33.
  60. Пар. тамсама, 40.
  61. II Ватыканскі Сабор, Пастырская канст. Gaudium et spes, 63.
  62. Пар. Ян Павел II, Энц. Centesimus annus, 24.
  63. Пар. ён жа, Энц. Veritatis splendor (6 жніўня 1993), 33. 46. 51; ён жа, Пасланне да Сходу Арганізацыі Аб’яднаных Нацый з нагоды 50-й гадавіны стварэння (5 кастрычніка 1995), 3: Insegnamenti XVIII 2 (1995), 732-733.
  64. Пар. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 47; Ян Павел II, Энц. Sollicitudo rei socialis, 42.
  65. Пар. Бэнэдыкт XVI, Пасланне з нагоды Міжнароднага дня харчавання 2007: AAS 99 (2007), 933-935.
  66. Пар. Ян Павел II, Энц. Evangelium vitae, 18. 59. 63- 64.
  67. Пар. Бэнэдыкт XVI, Пасланне на Сусветны дзень міру 2007, 5: Insegnamenti, III 2 (2007), 796.
  68. Пар. Ян Павел II, Пасланне на Сусветны дзень міру 2002, 4-7. 12-15: AAS 94 (2002), 134-136. 138-140; ён жа, Пасланне на Сусветны дзень міру 2004, 8: AAS 96 (2004), 119; ён жа, Пасланне на Сусветны дзень міру 2005, 4: AAS 97 (2005), 177-178; Бэнэдыкт XVI, Пасланне на Сусветны дзень міру 2006, 9-10: AAS 98 (2006), 60-61; ён жа, Пасланне на Сусветны дзень міру 2007, 5. 14: Insegnamenti, III 2 (2007), 796. 801.
  69. Пар. Ян Павел II, Пасланне на Сусветны дзень міру 2002, 6: AAS 94 (2002), 135; Бэнэдыкт XVI, Пасланне на Сусветны дзень міру 2006, 9-10: AAS 98 (2006), 60-61.
  70. Пар. Бэнэдыкт XVI, Гамілія падчас св. Імшы ў Рацісбоне (12 верасня 2006): Insegnamenti II, 2 (2006), 252-256.
  71. Пар. ён жа, Энц. Deus caritas est, 1.
  72. Ян Павел II, Энц. Sollicitudo rei socialis, 28.
  73. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 19.
  74. Тамсама, 39.
  75. Тамсама, 75.
  76. Пар. Леў XIII, Энц. Rerum novarum, 21; Бэнэдыкт XVI, Энц. Deus caritas est, 28.
  77. Ян Павел II, Энц. Centesimus annus, 59.
  78. Пар. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 40. 85.
  79. Тамсама, 13.
  80. Пар. Ян Павел II, Энц. Fides et ratio (14 верасня 1998), 85.
  81. Тамсама, 83.
  82. Бэнэдыкт XVI, Лекцыя ва універсітэце ў Рацісбоне (12 верасня 2006): Insegnamenti II, 2 (2006), 259.
  83. Пар. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 33.
  84. Пар. Ян Павел II, Пасланне на Сусветны дзень міру 2000, 15: AAS 92 (2000), 366.
  85. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 407; пар.: Ян Павел II, Энц. Centesimus annus, 25.
  86. Пар. тамсама, 17.
  87. Пар. тамсама, 23.
  88. Св. Аўгустын падрабязна растлумачвае гэтае вучэнне ў дыялогу на тэму вольнай волі (De libero arbitrio II 3, 8 nn.). Ён указвае на існаванне ў душы «унутранага пачуцця». Гэтае пачуццё заключаецца ў пэўным акце, які адбываецца па-за звычайнымі функцыямі розуму, безрэфлексійным акце i амаль інстынктыўным, у выніку чаго розум, усведамляючы сваю часовасць i памылковасць, прымае існаванне па-над сабою чагосьці спрадвечнага, абсалютна праўдзівага i верагоднага. Часам св. Аўгустын надае гэтай унутранай праўдзе імя Бог (Confessioni X, 24, 35; XII, 25, 35; De libero arbitrio II 3, 8 nn.), а часцей Хрыстус (De magistro 11, 38; Confessioni VII 18, 24; XI 2, 4).
  89. Бэнэдыкт XVI, Энц. Deus caritas est, 3.
  90. Пар. тамсама, 49.
  91. Ян Павел II, Энц. Centesimus annus, 28.
  92. Пар. тамсама, 35.
  93. Пар. Ян Павел II, Энц. Sollicitudo rei socialis, 38.
  94. Тамсама, 44.
  95. Пар. тамсама, 24.
  96. Пар. Ян Павел II, Энц. Centesimus annus, 36.
  97. Пар. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 24.
  98. Пар. Ян Павел II, Энц. Centesimus annus, 32; Павел VI, Энц. Populorum progressio, 25.
  99. Ян Павел II, Энц. Laborem exercens, 24.
  100. Тамсама, 15.
  101. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 27.
  102. Пар. Кангрэгацыя Веравучэння, Інстр. Libertatis conscientia (22 сакавіка 1987), 74: AAS 79 (1987), 587.
  103. Пар. Ян Павел II, Інтэрв’ю для газеты «La Croix» ад 20 жніўня 1997.
  104. Ян Павел II, Прамова да Папскай Акадэміі грамадскіх навук (27 красавіка 2001): Insegnamenti XXIV, 1 (2001), 800.
  105. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 17.
  106. Пар. Ян Павел II, Пасланне на Сусветны дзень міру 2003, 5: AAS 95 (2003) 343.
  107. Пар. тамсама.
  108. Пар. Бэнэдыкт XVI, Пасланне на Сусветны дзень міру 2007, 13: Insegnamenti, III 2 (2007), 781-782.
  109. Пар. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 65.
  110. Пар. тамсама, 36-37.
  111. Пар. тамсама, 37.
  112. Пар. II Ватыканскі Сабор, Дэкр. Apostolicam actuositatem, 11.
  113. Пар. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 14; Ян Павел II, Энц. Centesimus annus, 32.
  114. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 77.
  115. Ян Павел II, Пасланне на Сусветны дзень міру 1990, 6: AAS 82 (1990), 150.
  116. Геракл Эфескі, фрагмент 22 B124, у: H. DIELS i W. KRANZ, Die Fragmente der Vorsokratiker, Berlin 1952.
  117. Пар. Папская Рада «IUSTITIA ET PAX», Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла, 451-487.
  118. Ян Павел II, Пасланне на Сусветны дзень міру 1990, 10: AAS 82 (1990), 152-153.
  119. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 65.
  120. Пар. Бэнэдыкт XVI, Пасланне на Сусветны дзень міру 2008, 7: AAS 100 (2008) 41.
  121. Пар. ён жа, Прамова да членаў Агульнага Сходу Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (18 красавіка 2008): Insegnamenti IV, 1 (2008), 618-626.
  122. Пар. Ян Павел II, Пасланне на Сусветны дзень міру 1990, 13: AAS 82 (1990), 154-155.
  123. Пар. ён жа, Энц. Centesimus annus, 36.
  124. Тамсама, 38; Бэнэдыкт XVI, Пасланне на Сусветны дзень міру 2007, 8: Insegnamenti, III 2 (2007), 779.
  125. Пар. Ян Павел II, Энц. Centesimus annus, 41.
  126. Пар. тамсама.
  127. Пар. ён жа, Энц. Evangelium vitae, 20.
  128. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 85.
  129. Пар. Ян Павел II, Пасланне на Сусветны дзень міру 1998, 3: AAS 90 (1998), 150; ён жа, Прамова да членаў Фундацыі «Centesimus annus pro Pontifice» (9 мая 1998), 2: Insegnamenti XXI, 1 (1998), 873-874; ён жа; Прамова падчас сустрэчы з уладамі i дыпламатычным корпусам (Вена, 20 чэрвеня 1998), 8: Insegnamenti XXI, 1 (1998), 1435-1436; ён жа, Пасланне з нагоды Дня Каталіцкага універсітэта Найсвяцейшага Сэрца (5 мая 2000), 3: Insegnamenti XXIII, 1 (2000), 758.
  130. Паводле св. Тамаша, «ratio partis contrariatur rationi personae» у: III Sent. d. 5, 3, 2; таксама «Homo non ordinatur ad communitatem politicam secundum se totum et secundum omnia sua» у: Summa Theologiae I-II, q. 21, a. 4, ad 3um.
  131. Пар. II Ватыканскі Сабор, Дагматычная канст. Lumen gentium, 1.
  132. Пар. Ян Павел II, Прамова падчас публічнай сесіі Папскіх Тэалагічных Акадэмій (8 лістапада 2001), 2: Insegnamenti XXIV, 2 (2001), 676.
  133. Пар. Кангрэгацыя Веравучэння, Дэклар. Dominus Jesus (6 жніўня 2000), 22: AAS 92 (2000), 763-764; пар. таксама: Дактрынальная нота, якая датычыць пытанняў, звязаных з удзелам і пазіцыяй католікаў у палітычным жыцці (24 лістапада 2002), 8.
  134. Бэнэдыкт XVI, Энц. Spe salvi (30 лістапада 2007), 31; ён жа, Прамова да ўдзельнікаў IV Нацыянальнага кангрэсу Касцёла ў Італіі (Верона, 19 кастрычніка 2006): Insegnamenti II, 2 (2006), 465-477.
  135. Ян Павел II, Энц. Centesimus annus, 5; Бэнэдыкт XVI, Прамова да ўдзельнікаў IV Нацыянальнага кангрэсу Касцёла ў Італіі (Верона, 19 кастрычніка 2006), Insegnamenti II, 2 (2006), 471.
  136. Тамсама, 12.
  137. Пар. Пій XI, Энц. Quadragesimo anno (15 мая 1931): AAS 23 (1931), 203; Ян Павел II, Энц. Centesimus annus, 48; пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1883.
  138. Пар. Ян XXIII, Энц. Pacem in terris: AAS 55 (1963), 274.
  139. Пар. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 10. 41.
  140. Пар. Бэнэдыкт XVI, Прамова да членаў Міжнароднай тэалагічнай камісіі (5 кастрычніка 2007): Insegnamenti III, 2 (2007), 418-421; ён жа, Прамова да ўдзельнікаў Міжнароднага кангрэсу, арганізаванага Папскім Латэранскім універсітэтам (12 лютага 2007): Insegnamenti III, 1 (2007), 209-212.
  141. Пар. Бэнэдыкт XVI, Прамова да біскупаў Тайланда з нагоды візіту ad limina (16 мая 2008): Insegnamenti IV, 1 (2008), 798-801.
  142. Пар. Папская Рада пастырства эмігрантаў і падарожнікаў, Інстр. Erga migrantes caritas Christi (3 мая 2004): AAS 96 (2004), 762-822.
  143. Ян Павел II, Энц. Laborem exercens, 8.
  144. Ён жа, Прамова пасля св. Імшы з нагоды Юбілею працоўных (1 мая 2000), 2: Insegnamenti XXIII, 1 (2000), 720.
  145. Пар. Ян Павел II, Энц. Centesimus annus, 36.
  146. Пар. Бэнэдыкт XVI, Прамова да членаў Агульнага Сходу Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (18 красавіка 2008): Insegnamenti IV, 1 (2008), 618-626.
  147. Пар. Ян XXIII, Энц. Pacem in terris: AAS 55 (1963), 293; Папская Рада «IUSTITIA ET PAX», Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла, 441.
  148. Пар. II Ватыканскі Сабор, Пастырская канст. Gaudium et spes, 82.
  149. Пар. Ян Павел II, Энцыкл. Sollicitudo rei socialis, 43.
  150. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 41; пар. II Ватыканскі Сабор, Пастырская канст. Gaudium et spes, 57.
  151. Пар. Ян Павел II, Энц. Laborem exercens, 5.
  152. Пар. Павел VI, Апост. ліст Octogesima adveniens, 29.
  153. Пар. Бэнэдыкт XVI, Прамова да ўдзельнікаў IV Нацыянальнага кангрэсу Касцёла ў Італіі (Верона, 19 кастрычніка 2006): Insegnamenti II, 2 (2006), 465-477; Бэнэдыкт XVI, Гамілія падчас св. Імшы ў Рацісбоне (12 верасня 2006): Insegnamenti II, 2 (2006), 252-256.
  154. Пар. Кангрэгацыя Веравучэння, Інстр. Dignitas personae (8 верасня 2008).
  155. Пар. Энц. Populorum prgoressio, 3.
  156. II Ватыканскі Сабор, Пастырская канст. Gaudium et spes, 14.
  157. Пар. тамсама, 42.
  158. Пар. Бэнэдыкт XVI, Энц. Spe salvi, 35.
  159. Павел VI, Энц. Populorum progressio, 42.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.