Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Намінацыйная була Святога Айца Францішка аб прызначэнні кс. Алега Буткевіча біскупам |
18.01.2014 18:55 |
Францішак Біскуп, Слуга Слугаў Божых Улюбёнаму Сыну Алегу Буткевічу, прэзбітэру дыяцэзіі Віцебскай, У якой трымае апеку над парафіяй Святога Антонія Падуанскага, Абранаму Біскупу гэтай жа Сталіцы Віцебскай, Вітанне і апостальскае благаслаўленне. Каб была адпаведна забяспечана катэдра віцебскага Касцёла, якая па прычыне адрачэння шаноўнага брата Уладзіслава Бліна знаходзіцца ў стане вакансу, ты, улюбёны Сыне, хвалебнымі здольнасцямі надзелены і ў святых рэчах дасведчаны, быў прызнаны адпаведным, каб ёю кіраваць. І таму Мы, знаходзячыся на благаслаўлёнай Пятровай Сталіцы, у клопаце пра духоўнае дабро ўсяго статку Пана, найвышэйшай Апостальскай уладай, мянуем цябе біскупам Віцебскім, надзяляючы ўсімі правамі і абавязкамі. Дазваляем прыняць пасвячэнні ад якогакольвечы каталіцкага біскупа па-за горадам Рымам, адпаведна з літургічнымі нормамі. Але перад гэтым належыць табе скласці вызнанне каталіцкай веры, а таксама здзейсніць прысягу на вернасць Мне і Маім Наступцам паводле святых канонаў. Да таго ж даручаем, каб з гэтым лістом ты пазнаёміў духавенства і люд твой: якім просім, каб прынялі цябе з ахвотаю, і з табою заўсёды трывалі ў еднасці. Для цябе ж, улюбёны Сыне, праз заступніцтва благаслаўлёнай Панны Марыі і пасрэдніцтва святога Язафата, шчодрых дароў Духа Святога просім, каб з Яго дапамогай табе давераных верных ты мог пасвіць старанна, з развагай і пабожна ды “больш чынам, чым словам” (Св. Бэнэдыкт, Рэгула 2.12) Супакой Хрыста няхай будзе заўсёды з табою і з дыяцэзіяльнай віцебскай супольнасцю на дарагой Нам Беларусі. Дадзена ў Рыме, у Св. Пятра, дня трыццаць першага месяца лістапада, года Пана дзве тысячы трынаццатага, у першым годзе нашага Пантыфікату. Францішак
|
Адноўлена 25.01.2014 15:21 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.