Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне «Urbi et Orbi» Яго Святасці Бэнэдыкта XVI на Вялікдзень 2009 г.
15.07.2009 15:36

Дарагія браты і сёстры ў Рыме і ва ўсім свеце!

Сардэчна віншую вас з Вялікаднем словамі святога Аўгустына: «Resurrectio Domini, spes nostra» («Уваскрасенне Пана — наша надзея»). Гэтымі словамі вялікі біскуп тлумачыў сваім вернікам, што Хрыстус уваскрос дзеля таго, каб мы, хоць і асуджаныя на смерць, не трацілі надзеі і не хваляваліся, што пасля смерці жыццё цалкам cкончыцца. Хрыстус уваскрос, каб даць надзею.

Сапраўды, пытанне аб тым, што адбываецца пасля смерці, з’яўляецца адным з тых, якія найбольш цікавяць чалавека. Знайсці на яго адказ дапамагае сённяшняя ўрачыстасць: смерць не мае апошняга слова, таму што пераможцам у рэшце рэшт з’яўляецца Жыццё. І гэтая наша ўпэўненасць базуецца не на чалавечых меркаваннях, але на гістарычным факце веры: Езус Хрыстус, укрыжаваны і пахаваны, уваскрос у сваім праслаўленым целе. Езус уваскрос, каб таксама і мы, якія верым у Яго, маглі мець жыццё вечнае.

Гэтае прадказанне мы знаходзім у самым сэрцы евангельскага паслання. З моцай абвяшчае яго св. Павел: «А калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера ваша марная». І дадае: «І калі мы спадзяёмся на Хрыста толькі ў гэтым жыцці, то мы самыя няшчасныя сярод людзей» (пар. 1 Кар 15, 14.19). У велікодную раніцу ўвесь свет напаўняе новая вясна надзеі. З гэтага дня распачынаецца нашае ўваскрашэнне, бо Пасха не азначае пэўную гістарычную хвіліну, але пачатак новага стану: Езус уваскрос не для таго, каб жывая памяць засталася ў сэрцах Яго вучняў, але таму, што Ён сам жыве ў нас, і ў Ім мы ўжо можам смакаваць радасць вечнага жыцця.

Таму Уваскрасенне — гэта не проста тэорыя, але гістарычная рэальнасць, аб’яўленая Чалавекам Езусам Хрыстом праз Яго «Пасху», Яго «пераход», што і адчыніла «новы шлях» паміж небам і зямлёй. Гэта не міф і не сон, гэта не ўяўленне і не утопія, гэта не казка, але з’ява адзіная і непаўторная: Езус з Назарэта, Сын Марыі, які на захадзе сонца ў пятніцу быў зняты з крыжа і пахаваны, пакінуў грабніцу як Пераможца. Фактычна, раніцай першага дня пасля суботы Пётр і Ян знайшлі пустую грабніцу; уваскрослага Езуса сустрэлі таксама Магдалена і іншыя жанчыны; у Эмаусе пры ламанні хлеба Яго пазналі два вучні; Уваскрослы вечарам аб’явіўся Апосталам у Вячэрніку, а затым многім іншым вучням у Галілеі.

Вестка пра ўваскрасенне Пана асвятляе цёмныя часткі свету, у якім мы жывём. Асабліва звяртаю ўвагу на матэрыялізм і нігілізм, на тыя светапогляды, якія здольны выходзіць па-за межы таго, што не даказана навукова, і вядуць да пачуцця спустошанасці, якое прымаецца як нармальны стан чалавечага жыцця. Сапраўды, калі б Хрыстус не ўзвысіўся, «пустата» паглынула б усё. Без уваскрасення Хрыста няма ніякага збаўлення для чалавека, а кожная яго надзея — усяго толькі ілюзія.

Але менавіта сёння радаснае абвяшчэнне ўваскрасення Пана з’яўляецца адказам на пытанне скептыкаў, пра што чытаем у Кнізе Эклезіяста: «Ці бывае нешта, аб чым кажуць: „Глядзі, вось штосьці новае“?» (пар. Экл 1, 10). Так, Велікоднаю раніцай усё аднавілася. «Mors et vita, duello conflixere mirando:dux vitae mortuus, regnat vivus» («Смерць і жыццё сустрэліся на незвычайным паядынку: Пан жыцця памёр, але цяпер Ён жывы і трыумфуе»). Надзвычайная вестка! Адна гэтая вестка змяняе існаванне таго, хто яе прымае, як гэта адбываецца са святымі. Так, напрыклад, здарылася са св. Паўлам.

Шмат разоў на працягу гэтага года, прысвечанага св. Паўлу, мы мелі магчымасць разважаць над тым, што зведаў Вялікі Апостал. Саул з Тарса, заўзяты ганіцель хрысціянаў, па дарозе ў Дамаск сустрэў Уваскрослага і быў ім «заваяваны». Што было далей — вядома. З Паўлам здарыцца тое, пра што ён пазней напіша хрысціянам у Карынце: «Таму, калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; даўняе мінула, вось сталася новае» (пар. 2 Кар 5, 17). Угледзімся ў гэтага вялікага евангеліста, які з энтузіязмам праз сваю апостальскую дзейнасць данёс Евангелле многім народам.

Яго вучэнне і прыклад пабуджаюць шукаць Пана Езуса, заахвочваюць нас аддаваць сябе Яму, бо пачуццё пустаты, якое атручвае чалавецтва, было пераможана святлом і надзеяй, якія вынікаюць з уваскрасення. Сапраўднымі і рэальнымі з’яўляюцца словы псальма: «Нават змрок не будзе цёмным для Цябе, а ноч будзе яснай, як дзень» (пар. Пс 138, 12). Цяпер не пустата агортвае ўсё існае, але любячая прысутнасць Бога. Нават валадарства смерці стала свабодным, бо і ў «пекла» дайшло слова жыцця праз подых Духа (пар. Пс 138, 8).

Хоць праўдай з’яўляецца тое, што смерць больш не мае ўлады над чалавекам і светам, аднак яшчэ шмат застаецца знакаў старой улады. Хрысту, які вырваў карані злога праз сваё ўваскрасенне, неабходны мужчыны і жанчыны, якія б у кожны час і ў кожным месцы нагадвалі пра Яго перамогу той жа самай зброяй — зброяй справядлівасці і праўды, міласэрнасці, прабачэння і любові. Такім быў змест майго паслання, якое я перадаў усяму афрыканскаму кантыненту падчас свайго візіту ў Камерун і Анголу, дзе мяне прынялі з вялікім энтузіязмам і гатоўнасцю выслухаць.

Афрыка пакутуе ад цяжкіх і працяглых канфліктаў, пра якія часам забываюцца, якія нібы аслабелі, але ад якіх не перастаюць «крываточыць» яе народы, а колькасць дачок і сыноў, якія церпяць ад голаду, нястачы і хваробы, павялічваецца. Такое ж пасланне я прамоўлю ў Святой Зямлі, куды з вялікай радасцю накіруюся праз некалькі тыдняў. Складанае, але неабходнае паяднанне, якое ў будучым можа стаць гарантыяй усеагульнай упэўненасці у мірным суіснаванні, не зможа стаць рэальнасцю без аднаўлення намаганняў, накіраваных на вырашэнне ізраільска-палесцінскага канфлікту.

Затым са Святой Зямлі мой позірк накіруецца на краіны Блізкага Усходу і ўвесь свет. У час глабальнага недахопу ежы і фінансаў, у час старых і новых формаў беднасці, кліматычных зменаў, насілля і цярпення, якія змушаюць многіх пакідаць радзіму ў пошуках лепшага жыцця, терарызм усё больш прыгнятае, што выклікае страх перад навядомым «заўтра». Важна адкрыць перспектывы, каб даць надзею. Няхай ніхто не адступае ў гэтай мірнай барацьбе, распачатай з уваскрасення Хрыста, які — я паўтараю — шукае мужчын і жанчын, якія дапамагалі б нагадваць пра Яго перамогу той жа самай зброяй — зброяй справядлівасці і праўды, міласэрнасці, прабачэння і любові.

Resurrectio Domini, spes nostra! Уваскрасенне Хрыста — гэта наша надзея! Сёння Касцёл абвяшчае з радасцю — абвяшчае надзею, якую Бог зрабіў моцнаю і непераможнаю праз уваскрасенне Езуса Хрыста з мёртвых;  абвяшчае надзею, якую Касцёл носіць у сэрцы і хоча падзяліцца ёю з усімі, у кожным месцы, а асабліва там, дзе хрысціяне церпяць пераслед за веру і змагаюцца за справядлівасць і мір. Прасіце аб надзеі, якая можа дадаць адвагі, каб рабіць дабро, асабліва калі гэта патрабуе намаганняў.

Сёння Касцёл спявае — «Гэта ёсць дзень, які даў нам Пан», — і запрашае ўсіх далучыцца да вялікай радасці. Сёння Касцёл моліцца, просіць Марыю, Зорку Надзеі, каб вяла чалавецтва да надзейнага порта збаўлення, якім з’яўляецца Сэрца Хрыста, Велікодная Ахвяра, Ягнё, якое «збавіла свет», Нявінны, які «паяднаў нас, грэшных, з Айцом». Табе, Валадар і Пераможца, Табе, Укрыжаваны і Уваскрослы, мы з радасцю спяваем «Аллелюя»!
Адноўлена 15.07.2009 15:37
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.